ЧАС НАДЗЕЙ І СТРАТ

Закончылася грамадзянская вайна. Аднаўленне народнай гаспадаркі Чэрыкаўшчыны, як і ўсёй Беларусі, было цяжкай і складанай справай. Зменшыліся ў параўнанні з даваеннымі пасяўныя плошчы, валавыя зборы зерня, знасіўся сельскагаспадарчы інвентар, не хапала цяглавай сілы, многія сяляне засталіся без жылля. Запусцелыя палі, разбураныя прадпрыемствы, нястача - вось якая спадчына засталася працоўным.

Х з'езд РКП(б) (сакавік 1921) прыняў рашэнне аб пераходзе ад харчовай развёрсткі да харчовага падатку. Новая эканамічная палітыка атрымлівала падтрымку сялянскіх мас на Чэрыкаўшчыне. На Х павятовым з'ездзе Саветаў (красавік 1921) "дэлегаты горача віталі Савецкую ўладу і Кампартыю, адобрылі ўвядзенне харчпадатку". У рэзалюцыі Студзянецкага валаснога з'езда Саветаў ад 19 лістапада 1921 г. гаворыцца: "Прымаючы да ўвагі тое, што новая эканамічная палітыка Савецкай улады дае магчымасць развіццю буйной прамысловасці і ўздыму сельскай гаспадаркі, таксама дае магчымасць развіццю незалежнага тавараабароту паміж горадам и вёскай, прызнаць яе правільнай і аказаць усялякае садзейнічанне правядзенню яе ў жыццё".

Замена харчразвёрстки харчпадаткам падахвоціла сялян вырабляць больш прадукцыі. З'явілася магчымасць прадаваць рэшткі ўраджаю пасля выплаты харчпадатку. Пашыраліся пасяўныя плошчы, патрэбна было насенне. Сяляне атрымлівалі пазыку ад дзяржавы.

У 1921 - 1922 гг. голад ахапіў Паволжа. Сяляне Чэрыкаўскага павета адгукнуліся на бяду. Яны пасылалі прадукты харчавання, бралі дзяцей на сваё ўтрыманне. Газета "Новая деревня" 22 лістапада 1921 г. паведамляла: "Сяляне вёскі Тур'е Краснапольскай воласці Чэрыкаўскага павета сабраліся ў дзень чацвёртай гадавіны Кастрычніка і вынеслі наступную пастанову: разумеючы цяжкі момант для дзяржавы, аказаць дапамогу галадаючым Паволжа і павесці барацьбу з гаспадарчай разрухай. У той жа дзень было сабрана 25 пудоў прадуктаў у дапамогу галадаючым і ўся вёска прыступіла да падрыхтоўкі дроў для дзяржавы".

У звароце Чэрыкаўскага павяткама РКП(б) і выканкама да сялян павета ў снежні 1921 г. гаварылася: "...Небывалым у гісторыі голадам ахоплены больш 10 губерній Паволжа, якія заўсёды з'яўляліся жытніцай Расіі, асновай нашага харчовага дабрабыту. Там зараз да 30 мільёнаў пабочых і сялян паміраюць галоднай смерцю. Вы, сяляне, з гонарам выканалі патрабаванне рабоча - сялянскага ўрада. Вы хутка здалі насенную пазыку і жыта па харчпадатку і гэтым далі магчымасць засеяць азімыя палеткі галоднага Паволжа. Стогны галодных нашлі гарачы водгук у Вашых сэрцах, і Вы добраахвотным ахвяраваннем аказваеце ім брацкую дапамогу і падтрымку".

3 снежня 1921 г. газета "Новая деревня" пісала: "У вёс. Піцэнка Палужскай вол. Чэрыкаўскага павета выбралі новы сельсавет. Грамадзяне, якія ўвайшлі ў Савет, аб'явілі сябе на агульным сходзе сялян абаронцамі Савецкай улады. Праз тыдзень, зноў на вясковым сходзе, гэтыя ж грамадзяне прапанавалі сялянам не здаваць зерня ў лік харчпадатку і павялі агітацыю супраць дапамогі галадаючым. Сяляне не прынялі прапанову сельсавета і здалі харчпадатак цалкам. Аб усіх дзеяннях сельсавета было перададзена ў валвыканком, і новы кулацкі сельсавет быў распушчаны".

Архіўныя даныя сведчаць аб тым, што ў 1921 г. у Чэрыкаўскім павеце рабіліся захады, каб паспяхова правесці веснавую сяўбу. З 1 да 15 красавіка быў аб'яўлены "Двухтыднёвік чырвонага арагата". Паўсюдна арганізоўваўся збор жалеза. Газета "Новая деревня" (1 мая 1921 г.) паведамляла, што ў Чэрыкаўскім павеце было сабрана да 1000 пудоў абломкаў жалеза і сталі. Працоўныя горада дапамагалі сялянам, праводзілі рамонт сельскагаспадарчага інвентару. У зоне ўвагі ў першую чаргу былі беднякі, сем'і чырвонаармейцаў. Ім дапамагалі насеннем, фуражом, жывёлай, цяглавай сілай, сельскагаспадарчымі прыладамі працы. Арганізоўваліся пракатныя пункты сельскагаспадарчых машын. Сельгасінвентару не хапала, таму сяляне ахвотна бралі яго на пракат. У Лабанаўскім пракатным пункце агранамічным старастай быў Фішар, пры Палужскай воласці - Рыгор Нятылька, пры Крычаўскай - Кузьма Старадымаў.

Паступова аднаўлялася гаспадарка і горада Чэрыкава. Вясной 1921 г. Чэрыкаўскі павятовы пасяўкам адпусціў у якасці пазыкі насельніцтву горада насенне: канюшыны 300 пудоў, проса 8, ячменю 30, гречкі 25, ільну 49 пудоў. Па магчымасці праводзіліся работы па ўпарадкаванню горада. У 1922 г. было выкапана больш за 400 сажняў вадасцёкавых канаў, праведзена зрэзка, падсыпка і планіроўка двух вуліц горада, рамантаваліся і насцілаліся тратуары, аднаўляліся старыя і капаліся новыя калодзежы, рамантаваліся будынкі. Да 1923 г. у Чэрыкаве было 875 жылых і 971 нежылая пабудовы, 129 заставаліся яшчэ разбуранымі і 69 недабудаванымі. Да 1927 г. на вуліцах былі ўстаноўлены ліхтары, адрамантаваны масты і шляхі мясцовага значэня, упарадкаваны вуліцы на ўскраіне горада і пад'езд да Сожа.

У 1923 г. насельніцтва горада налічвала 5613 чал.: 12,6% рабочых, 26,68% служачых, 3,3 прыслугі, 25,86 гаспадароў з наёмнымі рабочымі, 1,22 людзей свабодных прафесій, 29,78% іншых.

Паводле сельскагаспадарчага перапісу 1920 г., у Чэрыкаўскім павеце было 6 саўгасаў, 11 камун, 241 арцель. Калгасы не былі папулярныя. Характэрнай рысай калектыўных гаспадарак з'яўлялася абагульненне маёмасці. Ступень абагульнення была даволі высокая. Яна прадвызначалася статутам сельгасарцелі, зацверджаным у 1922 г. Наркамзезам БССР. Згодна з гэтым статутам, уступаючы павінен быў "усю сваю аднаасобную гаспадарку, увесь свой жывы і мёртвы інвентар, запасы насення і пабудовы, тэхнічныя прадпрыемствы і майстэрні" перадаць у распараджэнне арцелі. Забаранялася мець "асобныя лапікі зямлі". Больш заможныя сяляне не рашаліся аддаць "апошнюю карову і кавалак агарода, не ведаючы загадзя вынікаў арцелі". Нават беднякам і былым чырвонаармейцам цяжка было прыняць адразу статут, які рабіў "усё агульным і нічога маім". Такім чынам, сялянства не было падрыхтавана да такой ступені абагульнення. Не выпадкова гэты перыяд называлі "мёртвым сезонам" у развіцці сельскай гаспадаркі.

Тым часам у вёсцы ўсё больш расло нездавальненне дзяржаўнай палітыкай ("ваенны камунізм", харчразвёрстка і іншыя меры). Сяляне імкнуліся ліквідаваць органы непажаданай улады, "весці неспынную партызанскую вайну з бальшавікамі".

Восенню 1922 г. у Чэрыкаўскім павеце становішча абвастрылася. Тут, паводле даных ДПУ, налічвалася да 150 эсэраў і меншавікоў, якія садзейнічалі ўзброеным выступленням. Дарэчы, 16 жніўня 1922 г. больш 300 чалавек паднялі паўстанне ў Маляціцкай воласці. Супраць іх выступіў атрад чырвонаармейцаў і чэкістаў у складзе 100 чалавек. Бой быў цяжкі, і колькасць атрада давялося павялічыць на 30 чалавек. Гэтака аказалася дастаткова.

Па ўспамінах П. Хадыкі (былы супрацоўнік органаў АДПУ - НКУС БССР), для затрымання банды на чале з Піліпам Котавым стварылы зводны атрад з войск АДПУ і міліцыі пад камандаваннем С.П. Партнова. Намеснікам яго прызначылі работніка міліцыі Сцяпана Гуміна.

Першая схватка адбылася на Мядведаўскіх хутарах. Завязаўся бой, у якім загінулі камандзір узвода Хранкоў і шаснаццаць байцоў. З другога боку загінулі 30 чалавек. Пазней Котаў даведаўся, што вайсковая часць, якая была раскватаравана ў Краснаполлі, часова адазвана ў Чэрыкаў. Выкарыстаўшы гэты момант, Котаў і яго людзі з'явіліся ў Краснаполлі, расстралялі старшыню валаснога камітэта выканкама Уладзіміра Калеснікава, акружылі памяшканне мясцовай міліцыі, дзе знаходзіліся начальнік міліцыі А.І. Савекін і дзяжурны І.Т. Карасёў. Міліцыянеры ўступілі ў бой і загінулі.

Зводны атрад Партнова дагнаў Котава каля вёскі Калодзецкая, акружылі яго ў раёне Касцюковічаў. Расстраляўшы ўсе патроны, Котаў выскачыў з хатыз сякерай у руках. Яны сышліся ў рукапашным баі а Сцяпанам Гуміным. Злаўчыўшыся, Гумін вырваў у яго з рук сякеру і нанёс смярцельны ўдар.


У снежні 1917 г. у Чэрыкаўскі павет Магілёўскай губерні ўваходзіла 16 валасцей. З 2 лютага 1919 г. павет у складзе РСФСР, з 26 красавіка 1919 г. - Гомельскай губерні. У 1923 г. воласці былі ўзбуйнены, іх стала восем: Брацькавіцкая, Краснапольская, Крычаўская, Маляціцкая, Наваельнінская, Прапойская, Самацеевіцкая, Чэрыкаўская. З сакавіка 1924 г. павет па межах адміністрацыйна - тэрытарыяльнага дзялення 1920 г. перададзены БССР. 2 чэрвеня 1924 г. павет аб'яднаны з Клімавіцкім і атрымаў назву Калінінскага з цэнтрам у м. Клімавічы. А'яднаны павет налічваў 1062 сельскіх населеных пунктаў і 10 населеных пунктаў гарадскога тыпу, 339 579 чалавек насельніцтва.

17 ліпеня 1924 г. другая сесія ЦВК БССР прыняла пастанову "Аб адміністрацыйна - гаспадарчым дзяленні БССР", згодна з якой быў утвораны Чэрыкаўскі раён у складзе Калінінскай акругі. 20 жніўня гэтага ж года раён быў падзелены на 15 сельсаветаў: Вепрынскі, Верамейскі (Верамееўскі), Глінскі, Горацкі (Горкаўскі), Язёрскі, Зябенскі, Камянкоўскі (Каменскі), Лабанаўскі, Мірагошчанскі (Мірагашчанскі), Рэчыцкі, Рынкоўскі, Ушакоўскі, Халмоўскі (Халмянскі), Чэрыкаўскі, Шароеўскі. 24 верасня 1926 г. Чэрыкаўскі сельсавет ліквідаваны ў сувязі з утварэннем Чэрыкаўскага гарсавета. З 9 чэрвеня 1927 г. да 26 ліпеня 1930 г. раён ўваходзіў у склад Магілёўскай акругі. 5 снежня 1931 г. Верамейскі (Верамееўскі) сельсавет быў перададзены Чавускаму раёну, але 20 студзеня 1932 г. вернуты ў склад Чэрыкаўскага раёна. З 20 лютага 1938 г. раён у складзе Магілёўскай вобласці.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 16 верасня 1959 г. і рашэннем Магілёўскага аблвыканкама ад 17 лістапада 1959 г. Чэрыкаўскі раён быў ліквідаваны, тэрыторыя яго была перададзена Крычаўскаму раёну. Улічваючы прапановы аб неабходнасці разузбуйнення раду раёнаў рэспублікі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 ліпеня 1966 г. быў утвораны Чэрыкаўскі раён у межах 1959 г.

У 1924/25 гаспадарчым годзе на Беларусі ўпершыню быў уведзены раённы бюджэт. З'явілася магчымасць больш шырока весці гаспадарчае і культурнае будаўніцтва. Сельская гаспадарка таго часу ўяўляла наступную карціну. Агульная выкарыстоўваемая ў раёне плошча зямлі складала 105 111 дзес. У асабістым карыстанні сялян знаходзілася 84 725 дзес. зямлі (7762 гаспадаркі), з якіх 8114 і 7127 дзес. былі заняты адпаведна сенажацямі і лясамі ды кустамі. Астатняя колькасцьсялянскай зямлі (прыкладна 57 892 дзес.) лічылася ворнай. У валоданні калектыўных гаспадарак і арцелей, а іх у той час налічвалася 4, знаходзілася 337 дзес. зямлі. Усе землі, якія раней належалі ўладальнікам маёнткаў (19 826 дзес.) былі размеркаваны паміж сялянамі.

Назіраліся выпадкі арэнды зямлі. Зямлю здавалі ў асноўным перасяленцы і ўдовы. У якасці арандатараў выступалі сераднякі і заможныя сяляне. Сенажаці, як правіла, здаваліся ў арэнду на год, ворная зямля і лясныя вырубкі - на тры. Ворная зямля арандавалася найчасцей за грошы. З боку райвыканкама ажыццяўляўся кантроль за арэнднымі здзелкамі. Арэнда мела станоўчае значэнне для юяднейшых і аслабленых серадняцкіх гаспадарак, якія дзякуючы здачы зямлі атрымлівалі неабходныя сродкі для аднаўлення сваіх гаспадарак.

Ураджайнасць асноўных відаў культур у 1925 г. складала: жыта - 35 пудоў з дзес., аўса - 45, грэчкі - 40, бульбы - 600, пшаніцы - 45, ячменю - 45. У параўнанні з даваенным ураджай быў даволі малы. Галоўная прычына - нізкі ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама спустошанасць глебы.

У 1925 г. у раёне налічвалася 229 беззямельных гаспадарак, 374 двары мелі па ½ дзес., 2272 - да 3 дзес., 2675 - па 6 дзес., 2200 - да 12 і больш дзес.

Развівалася і жывёлагадоўля. Усяго мелася 12 610 коней, 15960 кароў, 22 387 свіней, 34 674 авечкі. Але разам з тым 8,5 і 5,5 % гаспадарак раёна не мелі адпаведна коней і кароў, па карове і каню мелі адпаведна коней і кароў, па карове і каню мелі адпаведна 47,8 і 61,7 % гаспадарак. А вось па тры і больш коней і кароў мелі таксама адпаведна 2,9 і 8,3 % двароў. У Чэрыкаве знаходзіўся адзіны на ўвесь раён ветэрынарны пункт з адным фельчарам.

Як сведчыць статыстыка, стан лугоў у раёне вельмі пагоршыўся ў гэтыя гады з-за таго, што водаадводныя каналы не ачышчаліся. Збор сена з дзесяціны заліўнога лугу складаў 135 пудоў, сухадольнага - 80. Усяго ў раёне мелася 750 дзес. забалочаных лугоў. Нагляд за імі вялі чатыры меліяратыўныя таварыствы, якія аб'ядноўвалі 224 члены.

Што датычыць садоў, то плошча іх была невялікая. Пладовых гадавальнікаў у раёне не было, але асобныя сяляне пачыналі ўжо іх закладваць. Кожная сялянская гаспадарка мела агарод, які здавальняў не толькі ўласныя патрэбы. На продаж селялнін вёз у асноўным капусту і цыбулю.

У раёне налічвалася 179 пасек з 2678 сям'ямі пчол. Існавала пчалярскае таварыства, якое аб'ядноўвала 46 пасек. Працавалі два сельскагаспадарчыя крэдытна - кааператыўныя таварыствы і адно сельскагаспадарчае, якое налічвала 1603 пайшчыкі. Пры адным таварыстве дзейнічала цагельня, пры другім - пракатны пункт і збожжаачышчальная станцыя. Было ачышчана рознага насення 7438 пудоў. Больш за ўсё патрабаваліся крэдыты на развіццё жывёлагадоўлі, закупку мышын і насення, будаўніцтва. Сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства крэдыт давала на шасцімесячны тэрмін.

Лясы ў раёне займалі 18 105 дзес. Асноўныя лясныя масівы знаходзіліся ў паўднёвай частцы раёна, паўночная частка была бязлеснай.

Ёсць звесткі адносна прамысловасці, якая была прадстаўлена 24 прадпрыемствамі: 1 вінаачышчальны склад, 1 вінакурны завод, 1 мукамольна - лесапільны завод, 2 паравыя млыны, 14 вадзяных млыноў, 3 смалакурні і 2 цагельныя заводы. На гэтых прадпрыемствах працавала 58 чал. На карысць мясцовага бюджэту арэнда млыноў давала 103 000 р.

Што ж выраблялася ў гэты час? Спірт, цэгла, мука, крупы, дзёгаць, смала, шкіпінар, дошкі. Спірт адпраўлялі ў Дзяржспірт, мука і іншыя вырабы заставаліся на месцах для задавальнення патрэб насельніцтва.

У раёне былі распаўсюджаны наступныя промыслы: кравецкія (78 прадпрыемстваў, 88 працуючых), шавецкія (33; 52), кавальскія (37; 52), аўчынныя (6; 7), скураныя (7; 9), сталярныя (12; 17), слясарныя (7; 7), смалакурныя (3; 7), цагельныя (2; 5), ваўначоскі (8; 9), вяровачныя (2; 4). Існавала сталярная арцель, шавецкая і працкалектыў швейнікаў, а таксама 6 спажывецкіх кааператываў з 8 крамамі, з якіх 2 знаходзіліся ў раённым цэнтры. Спажывецкая кааперацыя налічвала 1481 чал. У асноўным гэта былі сераднякі. Паявы капітал кааператываў складаў 7078 р. 99 к.

Адзіны рынак спажывецкага характару размяшчаўся ў раённым цэнтры. Сувязь з ім падтрымлівалася кааперацыяй праз Акрсаюз і Акрсельсаюз. Кірмашовыя дні ў раённым цэнтры былі два раза на тыдні. Гандлявалі сельгаспрадуктамі, драўляным і гліняным посудам. На год прыходзілася прыкладна сем вялікіх кірмашоў, з якіх тры праводзіліся на вёсцы.

Што датычыць камунальнай гаспадаркі, то па гарадскому добраўпарадкаванню ў 1925 г. амаль нічога не рабілася з-за адсутнасці сродкаў. Толькі часткова былі адбудаваны тратуары даўжынёй 300 пагонных метраў, пасаджаны дрэвы. На вёсцы добраўпарадкаваннем займаліся гаспадары дамоў.

Хутчэйшаму аднаўленню сельскай гаспадаркі спрыяла крэдытная сістэма. Побач з дзяржаўнай крэдытнай сістэмай існавала сетка кааператыўнага крэдыту. Сялянскія гаспадарскі атрымлівалі грошовыя крэдыты. Гэта давала магчымасць скараціць колькасць бясконных, бескароўных, безынвентарных сялянскіх гаспадарак, пашырыць пасевы бульбы і іншых культур. У сістэме размеркавання крэдытаў, аказання дапамогі беднаце значную ролю адыгралі камітэты сялянскай грамадскай узаемадапамогі, якіх налічвалася 15. Раённы камітэт аб'ядноўваў і накіроўваў іх дзейнасць. У аснову работы камітэта быў пакладзены прынцып дабрачыннасці. Матэрыяльны фонд раённага камітэта на 1 студзеня 1925 г. складаў 934 р., а сельскіх - 1272 р. За год было выдадзена дапамогі з фонду раённага камітэта 853 р. З фонду сельскіх камітэтаў малазабяспечаныя сем'і атрымалі грашыма 269 р. і 2220 пудоў хлеба. Акрамя гэтага, раённы камітэт унёс уклад і ў забеспячэнне дзейнасці культасветустаноў. Дастаткова сказаць, што на яго сродкі была дкрыта хата - чытальня, выдзяляліся грошы і на камплектаванне школ - сямігодак.

Каму ў першую чаргу дапамагалі камітэты? Галоўным чынам дзейнасць камітэтаў накіроўвалася на падтрымку сем'яў чырвонаармейцаў (у 1925 г. іх было зарэгістравана камітэтамі 98), інвалідаў (104), бясконных (138), пагарэльцаў (46), беднякоў (681). За 1924 - 1925 гг. дапамогу атрымалі: 87 сем'яў чырвонаармейцаў, 92 інваліды, 48 сем'яўінвалідаў, 74 пагарэльцы і 235 беднякоў, 115 бясконных гаспадарак.

XV з'езд ВКП(б) (1927) прыняў праграму калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Работа па стварэнню калгасаў і саўгасаў была разгорнута і на Чэрыкаўшчыне. Першай на шлях калектыўнай працы станавілася бедната. Таму спачатку калгасы аб'ядноўвалі пераважна бяднейшыя слаі вёскі і былі невялікімі гаспадаркамі. Так, у 1928 г. у Горкаўскім сельсавеце арганізавалі калгасы імя Крупскай і "Шлях сацыялізму", у Язёрскім - імя Леніна. Праз год у Горкаўскім сельсавеце - "Белвёска" імя Сталіна, "Янава", у Мірагашчанскім - "Светлы шлях", у Глінскім "Чырвоная зорка".

Сяляне разлічвалі на лепшае жыццё пры калектыўным гаспадаранні. Прыязджалі ўпаўнаважаныя з Чэрыкава, угаворвалі ўступаць у калгасы, будучае малявалі чароўнымі фарбамі. Так, у 1929 г. у в. Лобча прыехаў ўпаўнаважаны, начальнік міліцыі Войтаў. Ён гаварыў аб тым, што за лепшую долю трэба змагацца разам. Беднякі, якія не мелі нават каня, падалі заявы ў калгас. Фядос Зайцаў, Раман Чумакоў, Іван Гатоўцаў, Цімох Клюйкоў, Сяргей Качаеў. Яўмен Елістратаў, Павел Прахарэнка, Канстанцін Аўчыннікаў, Пётр Качаеў у ліку першых сталі калгаснікамі калгаса "Чырвоны ўсход". У гэты час яшчэ скарыстоўвалі метады пераканання, агітацыі, уплыву станоўчага прыкладу. Вёску Глінь, напрыклад, акружалі 27 хутароў. У 1929 г. тут арганізаваўся калгас "Іскра". 90 сялянскіх сем'яў сталі яго членамі, з хутароў - не спяшаліся. Актыў беднаты праводзіў тлумачальную работу сярод заможных сялян.

Калгасы больш - менш забяспечваліся насеннем, угнаеннямі, сельскагаспадарчай тэхнікай, крэдытамі. У гэтым была іх перавага перад аднаасобнымі гаспадаркамі. Калгасы дзе - нідзе станавіліся прыкладам вядзення гаспадаркі, асабліва для беднаты. Узяць, напрыклад, калгас "Чырвоны Кастырчнік" Вепрынскага сельсавета. Неўраджайнай лічылася зямля гэтай гаспадаркі. Але калгаснікі пачалі ўносіць угнаенні, увялі севазварот, палепшылі апрацоўку глебы і дабіліся павелічэння ўраджайнасці палёў. За прададзены дзяржаве хлеб набывалі аўтамашыны, жняяркі, трактарныя малатарні, бульбакапалкі, конныя граблі і інш. Машыны, як вядома, аблягчалі цяжкую сялянскую працу. Людзі бачылі ў гэтым перавагу калгаснага ладу.

У перабудове сельскай гаспадаркі прымаў удзел рабочы клас. У перыяд калектывізацыі было накіравана ў вёску 25 тыс. перадавых рабочых. Над Магілёўскай акругай шэфстваваў машынабудаўнічы завод "Чырвонае Сормава". Дванаццаць сармаўчан - дваццаціпяцітысячнікаў прыехалі ў Чэрыкаўскі раён, у іх ліку А.П. Юрлоў, А.П. Малафееў, І.В. Паўлаў, М.Ф. Бакулаў. Яны пасяліліся ў слабодцы Сталыпіна на ўскраіне Чэрыкава, якую пазней перайменавалі ў Сормава.

У канцы 1929 г. уся Магілёўская акруга і 15 раёнаў іншых акруг Беларусі былі аб'яўлены раёнамі суцэльнай калектывізацыі. Магілёўскі акруговы выканаўчы камітэт у лютым 1930 г. вырашыў закончыць калектывізацыю да вяснавой сяўбы.

Найбольш актыўна сталі стварацца калгасы на Чэрыкаўшчыне ў 1930 - 1931 гг. Па ўліку на 5 ч эрвеня 1931 г. у Чэрыкаўскім раёне было 87 калгасаў. З прыняццем курсу на суцэльную калектывізацыю фарсіраванне тэмпаў арганізацыі калгасаў становіцца больш сілавым. Ігнараваўся настрой сялян, іх нежаданне адмовіцца ад уласнай гаспадаркі. У пагоні за высокімі тэмпамі калектывізацыі ўжывалі метады прымусу ў адносінах да сялян. Магілёўскі акруговы камітэт партыі даў указанне аб 25-працэнтным зніжэнні нормаў землекарыстання для ўсіх сялян, што не ўступілі ў калгасы. Аднаасобнікам жылося цяжка. Яны не мелі магчымасці атрымліваць крэдыты, былі цяжкасці з набыццём насення, тэхнічнага інвентару. Іх гаспадаркі абкладваліся падаткам. Такім чынам, палітыка ў развіцці сельскай гаспадаркі вымушала селяніна ў пераважнай большасці рабіць выбар на карысць калгаса. Супраціўленне не мела сэнсу, бо ва ўмовах таталітарнай сістэмы, з яе развітой рэпрэсіўнай машынай, любое яўнае ці ўскоснае супраціўленне існуючаму ладу і генеральнай лініі партыі было асуджана на паражэнне.


Ц. І. Касценіч жыў на хутары Гатчына, працаваў на ўласнай гаспадарцы і не жадаў нічога іншага. І вось за гэта чалавек працы быў высланы ў Паўночны край. Толькі ў 1989 г. з яго было знята кляймо "ворага народа". Такі ж лёс напаткаў В.Д. Клюйкова, А.С. Крычко і многіх іншых людзей Чэрыкаўшчыны. Вядома, у ходзе калектывізацыі паўсюдна назіраліся перагібы адносна серадняцкіх і нават бядняцкіх гаспадарак. "Камбеды" з наганамі раскулачвалі тых, хто карміў сябе і мог пракарміць іншых. Пры гэтым патрашылі куфары, склепы, здымалі абутак і адзежу, гналі з двара каня, кароў, авечак, гусей.

Вось як раскулачвалі Хведара Мацвеевіча Асмалоўскага. "Як хацелі, так і варацілі ў яго хаце, на падворку. Няшчасныя дзве каровы ды парка коней было ў Хведара, крыху хлеба ў гумне. Але, відаць, дужа даймалі 20 дзесяцін зямлі, кожны камяк якой расцерлі гаспадар з сям'ёй сваімі рукамі.

Старога Антона Асмалоўскага, як памятаю, з печы цягнулі, а ён усё выў і прасіў не чапаць. У пабеленых даматканых штанах, у світцы, лапцікі на нагах. І старую следам на вуліцу ў адной паддзёўцы выгналі. А ўсяе кулацкай гаспадаркі - трое коней, ды 25 дзесяцін зямлі, падзеленай на траіх хлопцаў з долей на трох дачок. Старых на голенькія сані пасадзілі, маленькі вузельчык з адзежай на калені кінулі і звезлі некуды. Ні слыху, ні дыху, хоць бы якія страшэнныя абдзіралы былі, а то ж мазалём усё нажывалі", - успамінае Г. Касценіч.


Да кулакоў залічвалі сераднякоў і раскулачвалі іх, адлучалі ад зямлі людзей, якія хацелі і ўмелі працаваць. З.Д. Дуброўскі быў зняты з работы па сацыяльнаму становішчу. Ён добрасумленна працаваў інспектарам райфа у Чэрыкаве. Але жыў заможна, і яго залічылі ў кулакі, таму і з работы знялі. Потым яго гаспадарку прызналі серадняцкай і спрабавалі аднавіць на рабоце. Менавіта ў тыя гады, калі народ пазбавілі ўласнасці і сродкаў да існавання, ён пачаў губляць цікавасць да працы. З цягам часу аказалася, што моцны гаспадар на вёсцы проста неабходны.

Архіўныя матэрыялы сведчаць аб тым, што пасяўныя і ўборачныя кампаніі ў некаторых калгасах праходзілі неарганізавана. Зацягваліся тэрміны ўборкі бульбы. Частка збожжа заставалася ў стагах, якія былі складзены абы - як, таму меліся страты. Неналежным быў і догляд абагуленай жывёлы, частымі былі яе захворванні і падзёж.

У другой палове кастрычніка 1930 г. у 16 калгасах раёна бульба была не ўбрана з 206 гектараў. Назіраліся нядбайныя адносіны калгаснікаў да агульнай справы і нават да дапамогі, якую аказваюць ім рабочыя брыгады і інш. ("Чырвоны сормавец"). У некаторых калгасах гніло і псавалася збожжа, каноплі, пшаніца і інш. ("Іскра" Глінскага сельсавета, "Чырвоны сормавец", "Белвёска" Халмянскага, "Шлях сацыялізму" Горкаўскага сельсавета і г.д.). Не ладзілася праца ў названых калгасах. Не было зацікаўленасці ў калгаснікаў, часта яны не выходзілі на работу. Зусім слаба скарыстоўвалі тэхніку. У калгасе "Белвёска", напрыклад. Не на належным узроўні ў калгасах было і будаўніцтва свінарнікаў і кароўніказаў.

У пачатку 30-х гадоў слабай заставалася матэрыяльна - тэхнічная база сельскай гаспадаркі. На 1 студзеня 1933 г. у раёне налічвалася 98 калгасаў. Было калектывізавана 4660 гаспадарак, што складала 65,2 %. Дарэчы, ўсяго ў раёне было 7150 гаспадарак. А вось якая тэхніка была ў распараджэнні калгасаў: 25 сенакасілак, 53 конныя граблі, 85 жняярак - самаскідак, 2 снопавязалкі, 20 бульбакапалак, 57 радковых сеялак, 8 трактароў, 8 складаных малатарняў. Нават з арганізацыяй МТС асноўным транспартным сродкам заставаліся калёсы, а цяглавай сілай - коні. Чэрыкаўская МТС мела 20 трактароў, абслугоўвала ў 1935 г. 26 калгасаў, у 1936 г. - 52. У 1936 г. Чэрыкаўскім райвыканкамам была прынята пастанова аб арганізацыі новай МТС у раёне. "Лічыць неабходным арганізаваць новую МТС з цэнтрам на ст. Верамейкі..., у новай МТС будзе налічвацца ворыўнай плошчы 19 727 га, а ў Чэрыкаўскай МТС 22 896 га". У 1939 г. у двух МТС налічвалася 84 трактары. У гэты час у 94 калгасы было аб'яднана 6946 сялянскіх гаспадарак (96,3 %). Паводле тытульнага спіса 1931 г., у раёне налічвалася 21 прадпрыемства з колькасцю працуючых 200 чал. Асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі былі: у Чэрыкаве арцель "Экспарт", рабочых у сярэднім за паўгоддзе 1932 г. налічвалася 32 чал., арцель "Цагельбуд", рабочых - 36, вінзавод у в. Вусце, рабочых - 33. Сельская гаспадарка спецыялізавалася ў жывёлагадоўча - бульбяным напрамку. Пасяўная плошча раёна ў 1932 г. складала 43 774 га, у тым ліку збожжавых культур 70,3 %, пад бульбай 16,0, пад тэхнічнымі культурамі 5,6, пад травамі 5,1 і пад іншымі культурамі 3 %. Тэрыторыя раёна складала 107 766 га, насельніцтва 44 943 чал.

Гісторыя сведчыць аб тым, што быў адток калгаснікаў з калгасаў. Гэта стала магчымым тады, калі былі крыху адпушчаны адміністрацыйныя ціскі. Паспешліва створаныя калгасы хутка распадаліся.


Так, у Нарках упершыню стварыўся калгас у 1929 г. Ён меў назву "Чырвоны сормавец". Апрача вяскоўцаў, у яго ўвайшлі асобныя бядняцкія сем'і з пасёлкаў Карма, Чырвоны і інш. Гаспадарка была малалікая па колькасці людзей і бедная па матэрыяльна - тэхнічных сродках. Большасць сем'яў сераднякоў насцярожана аднеслася да новай формы гаспадарання. Старшынёй калгаса быў Ціхан Авяр'янавіч Дудараў, членам праўлення - Дзямід Апанасавіч Вапручкоў - тутэйшыя сяляне. Аднак калгас хутка распаўся. Потым ён зноў быў арганізаваны пад назвай "Чырвоны сцяг". Яго ўзначаліў Васіль Іванавіч Шчаўлікаў. Дарэчы, у 1933 г. старыя і малыя выйшлі за ваколіцу сяла, каб убачыць першы трактар. Гэта быў старэнькі "фардзон". Праз год паступіла ў Наркі аўтамашына - палутарка. Першым шафёрам быў Яўмен Белахонаў, першым трактарыстам - Пётр Кандратаў, першая жанчына - трактарыстка Марыя Белахонава.


Стаханаўцы. У 30-я гады так называлі перадавікоў вытворчасці, якія ў некалькі разоў перавыконвалі зменныя заданні, з'яўляліся ініцыятарамі сацыялістычнага спаборніцтва за датэрміновае выкананне абавязацельстваў. Працоўны шлях народа быў сапраўды гераічным. Была вера ў правільнасці жыццёвага ўкладу, хоць і даводзілася працаваць у даволі цяжкіх і складаных эканамічных і сацыяльных умовах.

Восенню 1935 г. стаханаўскія метады працы ўпершыню былі выкарыстаны калгаснікамі - льнаводамі. У кастрычніку 1935 г. адбыўся Усебеларускі злёт ударніц - ільнотрапальшчыц. Праходзіў ён у Мінску. З усёй рэспублікі з'ехаліся сюды калгасніцы - ударніцы, ільнотрапальшчыцы, адказныя за лён. Яны рассказалі аб метадах сваёй работы, аб тым, як трэба апрацоўваць лён, каб дабіцца найлепшай якасці льновалакна. Удзел у рабоце гэтага злёту прымала Анюта Казначэева - адказная за лён у 4-й брыгадзе калгаса імя Калініна Глінскага сельсавета.


Пазней яна ўспамінала: "Пасля таго, як я пабывала на злёце, работа ў нас пайшла куды лепш. Азнаямленне з правільнымі метадамі апрацоўкі лёну дало значны штуршок уперад. Павысілася сама выпрацоўка. Вось Наста Секушэнка. Яна апрацавала адна больш 5 пудоў лёну, і калі раней лён здавалі 8 - 10 нумароў, дык зараз здаём 10 - 12".


У снежні 1935 г. сабраліся на першы злёт стаханаўцы Чэрыкаўскага раёна. У адозве злёту гаварылася аб неабходнасці разгарнуць стаханаўскі рух у раёне. Рады стаханаўцаў множыліся.

На лесанарыхтоўках першымі ініцыятарамі новых метадаў работа сталі калгаснікі калгаса "Чырвоны Кастрычнік" Вепрынскага сельсавета Сямён Марчанка і Дзяніс Шаўцоў. 20 снежня 1935 г. яны далі 56,18 кубаметраў запалкавай асновы. Прыклад з іх узялі іншыя калгаснікі гэтага калгаса і калгаса "Экспарт". 23 снежня перамаглі ў спаборніцтве Я. Барсукоў і П. Мазікаў. Яны нарыхтавалі за дзень 57,5 кубаметраў сасны. Асаблівым днём стаў дзень 26 снежня для Васіля Міхава і Сямёна Марчанкі. Яны ўстанавілі ўсебеларускі рэкорд, нарыхтавалі 94,71 кубаметраў сасны. У калгасе "3-ці рашаючы" Вепрынскага сельсавета брыгадзір Цацоха вывозіў за дзень па 5 кубаметраў пры норме 1 кубаметр на конедзень.

2-гі Усесаюзны з'езд калгаснікаў - ударнікаў (люты 1935) прыняў прыкладны Статут сельскагаспадарчай арцелі, які абагульніў вопыт вядзення калектыўнай гаспадаркі. Калгасы пачалі атрымліваць зямлю на вечнае карыстанне.


У кастрычніку 1935 г. калгас "Бальшавік" адным з першых атрымаў акт № 032976 на вечнае карыстанне зямлёй у колькасці 898,18 га. Гэты калгас быў арганізаваны ў 1931 г. у в. Бакунавічы з васьмі бядняцкіх двароў. Сход, на якім абмяркоўвалася пытанне аб арганізацыі калгаса, праходзіў бурна. Выступленне актывіста Кузьмы Сіўцова неаднаразова перарывалася выкрыкамі з залы тых, хто быў супраць калгаса. Піліп Гуркоў, Савелій Фралоў, Марк Фралоў і іншыя сталі першымі калгаснікамі. Старшынёй калгаса выбралі Кузьму Сіўцова. Цяжкімі былі першыя крокі сельгасарцелі. Але ў 1935 г. калгас датэрмінова выканаў хлебапастаўкі, прадаў дзяржаве 10 т. хлебных лішкаў. Меў поўнасцю ўкамплектаваныя малочнатаварную і свінатаварную фермы, тут гадавалася таксама 40 цялят. Брыгадзіры і радавыя калгаснікі, конюхі і даглядчыкі - усе добрасумленна працавалі на калгаснай вытворасці. Вось прозвішчы некаторых: К.Фралова, М.Кандрусёва, В.Базылёў, А.Радзькоў, Л.Разумкоў.

Для развіцця спаборніцтва, ударніцтва арганізоўваліся сельскагаспадарчыя выстаўкі. У лістападзе 1935 г. у Чэрыкаве адбылася раённая сельскагагаспадарчая выстаўка. Тут былі прадстаўлены аддзелы жывёлагадоўлі, паляводства, ільнаводства, садоўніцтва, механізацыі сельскай гаспадаркі і аддзел кустарных вырабаў.

Усесаюзная сельскагаспадарчая выстаўка ў Маскве ў 1939 г. падвяла вынікі сацыялістычнага спаборніцтва на вёсцы. Чэрыкаўскі раён быў прадстаўлены пяццю калгасамі: імя Варашылава, "Сцяг працы", "Ленінскі шлях", "Чырвоная зорка", "VI з'езд Саветаў". Рашэннем выставачнага камітэта гэтыя гаспадаркі былі занесены на дошку гонару выстаўкі.

У наступным годзе ў выстаўцы ўдзельнічала 19 гаспадарак раёна: "Бальшавік", імя Будзённага Мірагашчанскага сельсавета, імя Будзённага Рэчыцкага сельсавета, імя Калініна Глінскага сельсавета, "Камінтэрн", імя Калініна Горкаўскага сельсавета, "Чырвоны Кастрычнік", "Чырвоны сормавец", "Ленінскі шлях", "Краіна Саветаў", "Чырвоная зорка", "Чырвоны будаўнік", "Чырвоны ўсход", "VI з'езд Саветаў", "Шлях сацыялізму", "Чырвоны араты", імя Варашылава, "Чырвоны пераможнік". Дарэчы, Магілёўскую вобласць прадстаўлялі 449 гаспадарак.

На Чэрыкаўшчыне былі майстры высокіх надояў і прываг жывёлы. У калгасе "Чырвоны сормавец" у сярэднім за 1937 - 1939 гг. вырошчвалі 34 цяляці. Прычым сярэднесутачная прывага да шасцімесячнага ўзросту складала 650 г на галаву. У той жа час у гаспадарцы на адну свінаматку атрымлівалі 15,2 парасяці. Звяно калгаса "Чырвоны сормавец", якое ўзначальваў О.Е. Сіманаў, у 1938 - 1939 гг. здымала па два ўраджаі льновалакна з адной плошчы. Дасягненне кіраўніка звяна было адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Звяно А.А. Цацохі з гэтага ж калгаса атрымлівала па 18,4 ц ільновалакна з гектара.


На Усебеларускай нарадзе перадавікоў сельскай гаспадаркі (студзень 1940) О.Е. Сіманаў гаварыў: "У нашым Чэрыкаўскім раёне 94 калгасы. Раней з гэтай колькасці 30 калгасаў зусім не сеялі тэхнічных культур. Чаму? У гэтых калгасах гаварылі, што добры лён на нашых землях не расце, і таму тэхнічныя культуры тут былі не ў пачоце. Там жа, дзе сеялі лён, ураджай яго не перавышаў 1,5 цэнтнера з гектара. Пры гэтым валакно было як пакля - 3-га і 4-га нумароў.

У 1936 г., азнаёміўшыся з дасягненнямі перадавікоў - ільнаводаў, параіўшыся з аграномамі, я рашыў вырасціць добры лён у сваім калгасе. Першы мой вопыт увянчаўся поспехам, і ўжо ў 1938 г. я паставіў перад сабой задачу атрымаць не толькі адзін добры ўраджай ільну, але зняць два ўраджаі з адной плошчы. Некаторыя гаварылі, што гэтага не можа быць, што Сіманаў хоча на вярбе грушы вырасціць. Але я смела пайшоў да мэты і дабіўся свайго.

У 1939 г. у калгасе было арганізавана 4 ільнаводчых звяны. Засеялі льну 25 гектараў. Выдзелілі рэкордны ўчастак у 2 гектары і атрымалі з яго адзін год першы ўраджай ільновалакна па 15,8 цэнтнера. Чатыры калгасы нашага раёна паследвалі майму прыкладу і таксама знялі ў адзін год з адной і той жа плошчы па два ўраджаі льну".


У в. Горкі ў 1936 г. ад адной каровы атрымлівалі па 3038 кг малака. Загадчыца фермы Соф'я Дзямідава была дэлегатам нарады калгаснікаў - ударнікаў у Маскве. Адной з першых трактарыстак у Чэрыкаўскай МТС была Аляксандра Фёдараўна Дзімітрыева. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР за ўзорнае выкананне ўрадавага задання па ўвядзенню правільных сеназваротаў у калгасах БССР у 1939 г. былі ўзнагароджаны лепшыя аграномы. Сярод узнагароджаных Граматай Вярхоўнага Савета БССР быў старшы аграном Чэрыкаўскага райземаддзела Іосіф Саламонавіч Аўрусін. Ён асабіста распрацаваў і забяспечыў увядзенне сеназваротаў у 20 калгасах.

У даволі цяжкім стане знаходзілася народная адукацыя. За гады імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў многія школы былі разбураны, абсталяванне зрабілася непрыгодным. Падручнікаў амаль не было. Востры недахоп адчуваўся ў сшытках і пісьмовых прыладах. Школы дрэнна забяспечваліся палівам.

Перш за ўсё неабходна было здзейсніць усеагульную адукацыю для дзяцей, а таксама паскорыць ліквідацыю непісьменнасці і малапісьменнасці сярод дарослага насельніцтва. Аднак мала было настаўнікаў наогул, з вышэйшай адукацыяй асабліва. Даводзілася выкладаць па некалькі прадметаў.

У 1920 г. пачала працаваць Леменская вопытна - паказальная школа - камуна. (ссылка на раздел)

Па ўспамінах А.В. Бруевіча заработная плата настаўнікаў выплачвалася натурай: 5-6 кілаграмаў мукі, некалькі пачак запалак, 300 - 400 грамаў солі, 200 - 300 грамаў цукру, паўлітра альбо літр газы - вось амаль і ўсё.

Настаўнікі мэтанакіравана працавалі над перабудовай школы, актыўна ўдзельнічалі ў культурным жыцці горада. Так, святочнае афармленне горада цалкам ускладвалася на таленавітага мастака Леменскай школы - камуны І.В. Грушэўскага. Настаўнік музыкі і спеваў К.В. Гатальскі арганізаваў хор і прыцягваў да спеваў дарослых, стварыў струнны квартэт, у склад якога ўваходзілі А.А.Дашэўскі, Л.І.Валюжэніч, К.В.Гатальскі, А.Н.Руткоўская. Ніводнае гарадское свята не абыходзілася без выступлення квартэта.

У 1924/25 навучальным годзе пачала працаваць 2-я сямігадовая школа. У сувязі з адкрыццём новых школ у вёсках і ад'ездам настаўнікаў, якія не жадалі вывучаць беларускую мову, патрабаваліся новыя кадры. На базе 2-й сямігадовай школы былі створаны курсы на перападрыхтоўцы настаўнікаў гарадскіх школ. У летні перыяд арганізоўвалася перападрыхтоўка настаўнікаў сельскіх школ. Пры гэтай жа школе было вырашана адкрыць педагагічныя курсы з адным годам навучання. Выпускам гэтых курсаў (20 чалавек) папоўніўся выкладчыцкі састаў.

У 1924/25 навучальным годзе працавала 45 школ. У наступным годзе вучні селі за парты ў 51 школе. Дзейнічала дзве сямігодкі, з 8126 дзяцей школьнага ўзросту вучылася 3813 чалавек, або 46,9 %. Нагадаем, што ў папярэднім навучальным годзе школай было ахоплена 40,6 % дзяцей. Асабліва мала вучылася дзяўчат. Выкладанне ўсіх дысцыплін у школах было на беларускай мове. У гэты час вялася мэтанакіраваная работа па адраджэнню мовы, нацыянальнай культуры, дзяржаўнасці.

Але пазней пачаліся адваротныя працэсы, у выніку чаго адбылося вынішчэнне духоўнасці, мовы і культуры беларускага народа. На Беларусі ў гарадах не стала беларускамоўных школ, а ў хуткім часе і ў вёсках.

Значная частка школ размяшчалася ў наёмных памяшканнях, многія з іх не адпавядалі ўмовам творчай працы. У 1925/26 навучальным годзе на рамонт і абсталяванне школ з раённага бюджэту было выдзелена 4,9 тыс. рублёў.

Каб далучыць працоўных да актыўнага ўдзелу ў жыцці, неабходна было не толькі навучыць іх грамаце, але і правесці работу па іх палітычнай асвеце. Цэнтрамі культурна-асветнай работы павінны былі стаць хаты - чытальні, клубы. У раёне дзейнічала 3 дзяржаўныя і 22 грамадскія хаты - чытальні, 4 дзяржаўныя і 32 грамадскія пункты па ліквідацыі непісьменнасці, бібліятэка, прафсаюзны клуб, палітшкола. Пры хатах - чытальнях працавалі сельскагаспадарчыя, палітычныя, драматычныя, харавыя і іншыя гурткі. Жыхары раёна выпісвалі 1137 экземпляраў газет і 94 часопісы.

У 1939 г. у раёне налічвалася 46 пачатковых школ (110 настаўнікаў, 3,5 вучняў), 13 няпоўных сярэдніх школ (118 настаўнікаў, 3,7 вучняў), 4 сярэднія (68 настаўнікаў, 1,9 вучняў), 1 ветэрынарны тэхнікум (14 выкладчыкаў, 459 навучэнцаў). Дарэчы, першы выпуск у Чэрыкаўскім ветэрынарным тэхнікуме адбыўся 27 студзеня 1935 г. 39 выпускнікоў (у пераважнай большасці калгаснікі) сталі працаваць у жывёлагадоўлі.

Сетка культурных устаноў у гэты час была прадстаўлена клубамі і дамамі культуры (6), хатамі - чытальнямі (14), бібліятэкамі (20) з кніжным фондам 20,6 тыс. кніг. На 1 студзеня 1940 г. колькасць распаўсюджаных газет па раёну дасягнула 7000 экземпляраў. Было выпісана таксама 600 экземпляраў часопісаў.

Паводле архіўных даных, работу культасветных устаноў нельга назваць добрай. Існавалі хаты - чытальні, пры іх бібліятэкі. Але недастаткова праводзілася культурна - асветнай работы сярод працоўных, асабліва ў Лабанаўскай, Зябенскай, Шароеўскай хатах - чытальнях. У тых складаных умовах эканамічнага і палітычнага жыцця работнікі культасветустаноў аказаліся заложнікамііснуючага ладу. Яны праводзілі ў жыццё палітыку гэтага ладу, абумоўленую сталінскім рэжымам.

"Моднай" была ў той час атэістычная прапаганда. У газеце "Сацыялістычная перамога" рэгулярна друкаваліся артыкулы, у якіх высмейваліся рэлігійныя забабоны. З цягам часу антырэлігійная прапаганда набыла сапраўды "ваяўнічыя" формы. І ў рэшце рэшт гэта вылілася ў закрыццё, разбурэнне храмаў, рэпрэсіі супраць святароў. У лепшым выпадку ў царкве размяшчалася школа, як, напрыклад, у Язёрах. У асноўным жа храмы пуставалі ці служылі складам для зерня. Быў зняты з пасады загадчык радыёвузла г. Чэрыкава за трансляцыю радыёперадач рэлігійнага вучэння польскага касцёла.

Безумоўна, прыходы ў цэрквах скарачаліся. У Верамейках, напрыклад, святар Выбарны адмовіўся служыць у царкве і здаў ключы ў сельсавет. Пазней здарылася і больш трагічнае. Сёння мы ведаем імёны святароў, якія былі пазбаўлены волі і нават жыцця толькі за прыналежнасць да рэлігійнага культу. П.І.Вульковіч, Ф.А.Галубенка, Я.А.Кастрыцкі, П.Ц.Чэрныш, М.М.Старадомскі пазналі пакуты канцлагераў. З нямым пытаннем "Завошта?" адбывалі яны пакаранне.

Асаблівы інтарэс да гэтых трагічных старонак гісторыі тлумачыцца перш за ўсё імкненнем выкрыць сталінізм у мінулым і не дапусціць яго паўтарэння. Не дапусціць тых часоў, калі даваліся распараджэнні наконт тэрмінаў зняцця царкоўных званоў, каб райзагі выканалі план па збору бронзы. У 1936 г. Чэрыкаўскі райвыканкам даручыў старшыні райзага Варончанку і старшыні Зябенскага сельсавета Гатоўцаву зняць званы з Галаўчанскай царквы на працягу трох дзён.

Сёння цяжка "вярнуцца" на шмат гадоў назад і яшчэ цяжэй усвядоміць і зразумець тое, што адбывалася. Гартаючы старонкі газет 1937 г., можна прачытаць, што год пачаўся ў дзелавым, спакойным рытме. Газеты заклікаюць змагацца "за стаханаўскую сустрэчу веснавой сяўбы". Але паступова пачынаюць з'яўляцца паведамленні аб "наймітах фашыстаў, тэрарыстах і шкодніках з трацкісцка - зіноўеўскай шайкі, якія разам з кулакамі шкодзяць нашай Савецкай краіне". І мы маем магчымасць гаварыць аб вельмі горкай старонцы нашага жыцця. Называюць розныя лічбы рэпрэсіраваных у Беларусі. Гэтыя лічбы ўдакладняюцца. Зразумела адно: знішчэнне людзей было масавым. За памылку на рабоце, па ананімнаму даносу і пад такім мудрагелістым ярлыком, як "заклятыя ворагі народа - япона - германа - польскія, трацкісцка - бухарынскія і нацыянал - фашысцкія шпіёны і бандыты".


Адным з такіх "шпіёнаў" быў ураджэнец Чэрыкаўскага павета Канстанцін Іванавіч Кернажыцкі (1902), гісторык, кандыдат гістарычных навук, даследчык гісторыі распаду феадалізму і фарміравання капіталізму на Беларусі. Адзін са складальнікаў зборніка дакументаў "Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах" (т. 1, 1936). У 1926 г. ён скончыў БДУ, працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР і БДУ дацэнтам да 1937 г. Чаму толькі да 1937 г.? А таму, што 11 снежня 1937 г. яго арыштавалі. У выніку фізічнага ўздзеяння ён паказаў, што з 1921 г. быццам бы з'яўляўся ўдзельнікам нацыянальна - фашысцкай нацдэмаўскай арганізацыі, быў вымушаны прызнаць сваё дачыненне да шпіёнскай дзейнасці на карысць спецслужбаў Польшчы.

Чалавека прымусілі нагамарыць на самога сябе. К.І.Кернажыцкі заяўляў следчаму, што дзейнічаючы ва ўрон інтарэсам СССР, ён як агент польскай разведкі з 1934 г. збіраў звесткі аб размяшчэнні фабрык, заводаў, выпускаемай імі прадукцыі, месцазнаходжанні калгасаў, саўгасаў, пагалоўі жывёлы, настроі сялянства, даваў інфармацыю аб рэльефе мясцовасці, аэрадромах, дарогах, мастах.

Але, нягледзячы на націск, Канстанцін Іванавіч спрабаваў сказаць праўду. 21 лістапада 1938 г. у прысутнасці пракурора адмовіўся ад сваіх ранейшых паказанняў аб шпіёнскай дзейнасці і аб дачыненні да трацкізму. Заявіў пракурору, што даваў ілжывыя паказанні пад маральна - фізічным уздзеяннем. Заявіў, што абгавораны сведкамі. Напрыклад, абвінавачвалі Канстанціна Іванавіча ў тым, што ён адмаўляў магчымасць перарастання буржуазна - дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную, адмаўляў вучэнне Маркса і Леніна аб класавай барацьбе, "працягваў нацыянал - фашысцкую тэорыю аб бяскласавасці Беларусі" і быў звязаны з "ворагамі народа" і інш.

Пасля таго, як абвінавачванне К.І.Кернажыцкага ў асабліва небяспечных злачынствах супраць дзяржавы адпала, яго фактычна судзілі за змест навуковых прац. 30 студзеня 1939 г. следства па крымінальнай справе на К.І.Кернажыцкага № 31620 было завершана, а вынесеная па ёй пастанова накіравана на разгляд у пазасудовым парадку на Асобую нараду НКУС СССР. Пратакол пастановы Асобай нарады ад 14 мая 1939 г. сведчыць, што арыштаваны быў асуджаны да папраўча - працоўных работ у лашерах на восем гадоў. Канчатковы тэрмін пакарання таксама быў вызначаны - 11 снежня 1945 г., якога адвінавачваемы не дачакаўся. 28 лютага 1942 г. ён памёр у лагернай бальніцы.

Пастановай Ваеннага трыбунала Беларускай ваеннай акругі № 899 ад 5 чэрвеня 1958 г. пастанова Асобай нарады НКУС СССР ад 14 мая 1939 г. у адносінах да К.І. Кернажыцкага была адменена, а справа спынена з-за адсутеасці ў дзеяннях абвінавачваемага саставу злачынства. Рэабілітаваны Канстанцін Іванавіч быў і як вучоны.

Са ста аднаго першага сакратара райкамаў і акружкамаў партыі, якія ўдзельнічалі ў рабоце ІІІ пленума ЦК КП(б)Б (ліпень 1937), толькі 8 чалавек пазбеглі рэпрэсій. У тым ліку і сакратар Чэрыкаўскага райкама партыі І.Д. Вятроў. А вось старшыня райвыканкама В.Д. Кучаравы быў "выкрыты" і арыштаваны за "развал савецкай работы". Праўда, у хуткім часе ўсе "абвінавачванні" супраць яго былі адхілены. Дарэчы, на пленуме падводзіліся вынікі "работы" Малянкова і Якаўлева (Эпштэйна) па "выкрыццю" ў Беларусі партыйных і савецкіх работнікаў, завербаваных замежнай разведкай.

Хваля тэрору захапіла простых людзей. Адных расстралялі адразу без суда і следства. Другія трапілі ўлагеры і памерлі там ад голаду, холаду, хвароб. Трэцім пашчасціла вярнуцца дадому і праз усё жыццё пранесці вялікі боль за несправядлівасць. У чым віна калгасніка з в. Кліны В.С.Іванова, старшыні калгаса той жа вёскі Ф.К.Слабодцава і многіх іншых простых людзей? Гэтыя людзі не "ворагі народа", не "агенты замежнай разведкі", в бязвінныя ахвяры.

29 кастрычніка 1989 г. у Магілёве ўстаноўлены памятны знак ахвярам сталінскіх рэпрэсій - шасцімятровы крыж. Цяжка не згадзіцца з Т.Раманьковай, старшынёй Магілёўскага абласнога таварыства ахвяр сталінізму "Мартыралог Беларусі": "Дзень 29 кастрычніка стаў днём вяртання і аднаўлення памяці, аднаўлення справядлівасці, гонару і годнасці тых людзей, якіх зганьбілі і пазбавілі жыцця сталінскія каты на Магілёўшчыне. Гэта першае месца ў нашай вобласці, дзе на месцы масавых расстрэлаў устаноўлены памятны знак ахвярам сталінскага тэрору. Людзі цяпер будуць ведаць, што гэта за месца, будуць прыходзіць сюды, каб ушанаваць памяць ахвяр рэпрэсій. І калі - небудзь на гэтым месцы будзе пабудаваны мемарыяльны комплекс ахвярам рэпрэсій".

Нягледзячы на цяжкасці і нават драматычныя падзеі, у людзей не згасала надзея на тое, што ўпартая праца прывядзе іх да лепшай будучыні. Але ў многія сем'і жыхароў Чэрыкаўшчыны прыйшлі пахавальныя лісты з савецка - фінляндскай вайны. І надыходзіў час яшяэ больш жорсткіх і цяжкіх выпрабаванняў.