У ПАРЭФОРМЕННЫ ЧАС

У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. тэрыторыя сучаснага Чэрыкаўскага раёна ўваходзіла ў склад Даўжанскай, Камаровіцкай, Лабанаўскай, часткі Беліцкай, Дубровіцкай, Краснапольскай і Старынскай валасцей Чэрыкаўскага павета. Паводле даных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г., на гэтай тэрыторыі налічвалася 93 населеныя пункты з насельніцтвам 27 786 чал. Акрамя павятовага горада Чэрыкава, тут знаходзілася 5 сёл, 47 вёсак, 15 фальваркаў, 5 хутароў, 5 маёнткаў, а таксама аколіцы, лясныя старожкі, выселкі, паштовыя станцыі. Буйнейшымі населенымі пунктамі з’яўляліся сёлы Язёры (1059 жыхароў), Лабанаўка (995), Камаровічы (581), Доўгае (512), вёскі Вепрын (1197), Наркі (1138), Зоры (756), Глінь (727), Лобча (686), Паходавічы (679), Гіжня (652), Баровая (645), Рагаліна (623), Вусце (586), Вербеж (584), Вохар (567), Шароеўка (556), Ржавец (512). У кожным з іх налічвалася ад 70 да 170 двароў. У 6 вёсках пражывала больш чым 400 чал., у 8 – 300, у 5 – 200, у 11 – 100 чал.

Паводле перапісу, у 16 валасцях Чэрыкаўскага павета[1] пражывала 150 277 чал. Пераважную большасць насельніцтва складалі беларусы – 130 640 чал. Побач з імі жылі рускія – 1048, украінцы – 510, а таксама яўрэі, палякі, літоўцы, латышы, немцы. Звяртае на сябе ўвагу прыкметная праслойка яўрэйскага насельніцтва – 12 943 чал. Яе наяўнасцьтлумачыцца радам гістарычных прычын. На тэрыторыі Беларусі яўрэі з’явіліся на рубяжы XIV – XV ст. Пачынаючы з Пятра І, царызм пастаянна абмяжоўваў тэрыторыю іх рассялення ў Расійскай імперыі. У 1796 г. была ўведзена дыскрыміныцыйная “рыса аседласці”, за межамі якой прадстаўнікам гэтай нацыянальнасці пражываць не дазвалялася. Яна ахапіла Правабярэжную Украіну, Літву, Беларусь. Нават у межах “рысы аседласці”яўрэям забаранялася сяліцца ў вёсках. Гэта прывяло да вялікай колькасці яўрэйскага насельніцтва ў гарадах і мястэчках.

Па канфесіянальнай адзнацы насельніцтва павета размяркоўвалася наступным чынам: праваслаўныя – 135 333 чал., іўдзеі – 12 956, рымска–католікі – 1667, пратэстанты – 152 чал.

Чэрыкаўскі павет па праву можна назваць сялянскім. Тут пражывала 126 629 сялян, якія складалі 92% усяго насельніцтва. У павеце налічвалася 5249 дваран, 558 прадстаўнікоў духавенства, 195 купцоў, 17 094 мяшчан.

У павятовым цэнтры – горадзе Чэрыкаве ў 1870 г. пражывала 3853 чал. К 1897 г. колькасць жыхароў вырасла да 5249 чал., а праз 10 гадоў – да 6080 чал. Палову жыхароў складалі яўрэі.

У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Чэрыкаў прадстаўляў сабой тыповы павятовы горад, якіх было нямала на Беларусі. Яго плошча складала 1 вярсту 145 кв. саж. У горадзе было 2 плошчы, 22 вуліцы і завулкі агульнай даўжынёй 8 вёрст 1400 саж. На працягу дзвюх вёрст тратуарыбылі драўляныя. Упрыгожаннем горада з’яўляўся бульвар, плошчай 4100 кв. саж. Чэрыкаў быў забудаваны аднапавярховымі дамамі. Практычна ўсе яны былі драўлянымі (712 із 720). За парадкам у горадзе сачылі паліцэйскі наглядчык і 13 гарадавых.

Прамысловасць горада была прадстаўлена такімі дробнымі прадпрыемствамі, як маслабойныя , крупадзёрныя, цагляны і салатопны заводы. У пачатку ХХ стю у Чэрыкаве дзейнічала панчошна – вязальная фабрыка, на якой было занята каля 300 рабочых, з іх 200 працавалі дома.

З навучальных устаноў існавалі 4 – класнае мужчынскае вучылішча, гарадское, два прыхадскія, пачатковае яўрэйскае, царкоўнапрыхадская школа.

У горадзе меліся аптэка, 2 бальніцы, у якіх працавалі 3 урачы, 5 фельчараў, 3 акушэркі.

Чатыры разы ў год у горадзе наладжвалі кірмашы.

Другая палова ХІХ ст. – час глыбокіх перамен ва ўсіх галінах жыцця Расіі. Глыбокі крызіс феадальна – прыгоннай сістэмы і рост вызваленчага настрою выклткалі на рубяжы 50 – 60-х гадоў першую ў айчыннай гісторыі рэвалюцыйную сітуацыю, якая ў канчатковым выніку прывяла да сялянскай рэформы 19 лютага 1861 г., - адмены прыгоннага права. Яго падзенне азнаменавала сабой змену прыгоннага ладу буржуазным, устанаўленне ў краіне капіталізму, як грамадска – эканамічнай фармацыі.

У Магілёўскай губерні адмена прыгоннага права ажыццяўлялася на падставе “Агульнага палажэння” і аднаго з “Мясцовых палажэнняў”.

“Агульнае палажэнне” змяшчала галоўныя палажэнні: сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і права свабодна распараджацца сваёй маёмасцю; памешчыкі захавалі ўласнасць на ўсе землі, якія ім належалі, аднак абавязаны былі аддаць у карыстанне сялянам “сядзібную аседласць” і “палявы надзел”. Сялянам давалася права выкупу сядзібы і па згодзе з памешчыкам – палявога надзелу. Да ажыццяўлення гэтага яны лічыліся часоваабавязаннымі.

Пазямельнае ўпарадкаванне сялян Магілёўскай губерні праводзілася па “Мясцоваму палажэнню” для вялікарасійскіх, новарасійскіх і беларускіх губерняў. Паводле гэтага дакумента, уся тэрыторыя, якую ён закранаў, дзялілася на тры паласы: чарназёмную, несарназёмную і стэпавую. Кожная паласа па размерах надзелаў дзялілася яшчэ на мясцовасці. Магілёўская губерня адносілася да нечарназёмнай паласы. Для яе былі ўстаноўлены дзве нормы душавых надзелаў – вышэйшая і ніжэйшая. Ніжэйшая норма павінна была быць у тры разы меншай, чым вышэйшая. Душавы надзел адводзіўся толькі мужчынам. У выпадку, калі дарэформенны надзел перавышаў вышэйшую для дадзенай мясцовасці ўстаноўленую норму, памешчык меў права адрэзаць лішак у сваё непасрэднае карыстанне. Калі сялянскі надзел быў меншым, чым ніжэйшая норма, то памешчык меў права ці павялічыць надзел ці паменшыць павіннасць адпаведна размеру надзела. На Магілёўшчыне, у тым ліку і ў Чэрыкаўскім павеце, размеры надзелаў хісталіся – вышэйшы ад 4 да 5,5 дзес., ніжэйшы ад 1 дзес. 800 кв. саж. Да 1 дзес. 2000 кв. саж.

Мясцовыя памешчыкі шырока карысталіся магчымасцю рабіць “адрэзкі” сялянскай зямлі. Так, у Чэрыкаўскім павеце у сялян вёсак Горкі і Мірагошч было адрэзана 24,5% плошчы дарэформенных надзелаў.

Згодна з вышэйназваным “Мясцовым палажэннем”, захоўвалася абшчыннае сялянскае карыстанне зямлёй. Яно таксама ўстанаўлівала склад сялянскага надзела, вызначала права сялян на карыстанне лесам, іншымі ўгоддзямі.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі лес знаходзіўся выключна ў карыстанні памешчыкаў.

За карыстанне зямлёй сяляне павінны былі выконваць на карысць памешчыка пэўныя павіннасці. Размер іх залежаў ад велічыні надзелу. На Чэрыкаўшчыне за вышэйшы душавы надзел сяляне павінны былі адрабіць на паншчыне 40 дзён мужчынскіх і 30жаночых ці заплаціць 8 р. аброку ў год. За карыстанне меншым надзелам павіннасці адпаведна памяншаліся. Спраўнае выкананне павіннасцей у сельскіх абшчынах забяспечвалася па названаму вышэй “Мясцоваму палажэнню” кругавой парукай. Згодна з гэтым дакументам, 3/5 дзён на паншчыне сяляне павінны былі адрабляць у летні час. Даўжыня рабочага дня была ў летні час – 12 ч., у зімовы – 9 ч. Паншчыну павінны былі выконваць усе мужчыны ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў і жанчыны ад 17 да 50 гадоў. Работы часоваабавязаных сялян вызначаліся спецыяльным палажэннем.

Усё гэта сведчыла аб тым, што ўведзеныя павіннасці мала чым адрозніваліся ад дарэформеных. Рэформа 1861 г. пакінула ўдзелам сялян цяжкую працу за нізкую аплату.

Набыццё сялянамі зямлі ва ўласнасць магло адбыцца толькі праз выкуп. Выкупная сума за палявы надзел вызначалася шляхам капіталізацыі гадавога аброку з дзесяціны зямлі з разліку 6% гадавога даходу і фактычна раўнялася кошту зямлі і тых павіннасцей, якіх пазбаўляўся памешчык. У Чэрыкаўскім павеце сяляне павінны былі выплаціць за вышэйшы душавы надзел (4 дзес.) – 133 р. 33 к. Кошт адной дзесяціны складаў 33 р. Сяляне не мелі такіх грошай.

Ператварэнне былога прыгоннага селяніна ў вольнага было абстаўлена так, што яно зацягнулася на доўгія гады, а размеры выкупу амаль у два разы перавышалі той кошт зямлі, якая адводзілася селяніну ў выглядзе надзелу. Пры гэтым фактычна выкуплялася не толькі зямля, але і старыя феадальныя павіннасці – паншчына і аброк. У дадатак да ранейшага, і без таго мізэрнага надзелу, адразалася значная частка на карысть памешчыка. Сяляне атрымлівалі зямлю, горшую па якасці. Сялянская гаспадарка і пасля адмены прыгоннага права фактычна не была поўнасцю аддзелена ад памешчыцкай – у руках памешчыкаў заставаліся лясы, лугі, выганы і да т.п., без якіх сяляне не маглі весці самастойную гаспадарку. Усё гэта вяло “вызваліўшагася” селяніна ў кабалу да яго ўчарашняга гаспадара. Разбуральнай для сялян была падатковая сістэма.

Незадаволеныя ўмовамі вызмалення сяляне выказалі свій пратэст масавымі хваляваннямі. Пачынаючы з 1861 г. сялянскі рух становіцца адным з галоўных фактараў гістарычнага развіцця краіны. З гэтага часу асноўнае пытанне – пытанне аб зямлі з усёй вастрынёй ставіцца перад грамадствам.

У зямлі селянін бачыў сродак, з дапамогай якога ён разлічваў вызваліцца ад памешчыцкага прыгнёту, пакончыць са станам уніжанасці і зняважанасці. Пачуцці беларускага мужыка вельмі дакладна выразіў Я. Колас у паэме “Новая зямля”:

А дзе ж той выхад? дзе забвенне

З няволі цяжкай, з паланення?

Адзін ён ёсць: зямля, зямля,

Свой пэўны кут, свая ралля:

То – наймацнейшая аснова

І жыцця першая ўмова.

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне.

Зямля – аснова ўсёй айчыне.

Аднак у Чэрыкаўскім павеце першыя пасля адмены прыгоннага права гады не былі насычаны сялянскімі хваляваннямі. 14 чэрвеня 1861 г. магілёўскі губернатар даносіў міністру ўнутраных спраў: “У Чэрыкаўскім п., па афіцыйна атрыманых звестках быў толькі выпадак у маёнтку дробнапамеснай уладальніцы, болей падобны на сварку яе з сялянамі, які і спынены міралюбіва”. У пачатку 1862 г. ён жа адносіў Чэрыкаўскі павет да “болей спакойных пветаў”.

У час рэалізацыі сялянскай рэформы, у 1863 г., у Польшчы пачалося паўстанне. Яно значна ўскалыхнула і Беларусь, зрабіўшыся тут, з аднаго боку, рухам сялянскім, накіраваным супраць паноў, з другога боку, нацыянальна – вызваленчым рухам, накіраваным супраць царызму. Адразу пасля ўтварэння ў Варшаве паўстанцкага ўрада у Вільні таксама арганізуецца літоўска – беларускі паўстанцкі ўрад. Ён рэзка дзеліцца на дзве часткі. Адна прадстаўлена вялікімі беларускімі панамі, якія стаялі за ўтварэнне вялікай Польшчы з захаваннем старога сацыяльнага ладу на Беларусі. Другая прадстаўлена дробнай шляхтай, часам ужо беззямельнай, і разначыннай інтэлігенцыяй, настроенай радыкальна – народніцкі. Яны ставілі сабе мэту радыкальнае развязанне на Беларусі сялянкага пытання і ўтварэнне незалежнай ад Расіі і Польшчы Беларусі. На чале паўстання стаў рэвалюцыянер – дэмакрат Кастусь Каліноўскі.

Нацыянальна – вызваленчы рух 1863 – 1864 гг. ускалыхнуў і Чэрыкаўшчыну. Тут былі сфарміраваны паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам Я.В. Жукоўскага, былога артылерыйскага паручыка, колькасцю 100 чал., і Л.М. Звяждоўскага, былога капітана рускай арміі, колькасцю 200 чал. 24 красавіка 1863 г. гэтыя атрады захапілі Горкі.

Напярэдадні 23 красавіка, адбылося ўзброенае сутыкненне паміж урадавымі войскамі і атрадам Я.В. Жукоўскага каля аколіцы Свіное. Праз пяць дзён у мястэчку Лецягі ротай стралкоў Смаленскага палка быў разгромлены атрад Л.М. Звяждоўкага. 140 паўстанцаў былі ўзяты ў палон.

Для падаўлення паўстання на Беларусі былі накіраваны ўрадавыя войскі пад кіраўніцтвам Мураўёва, якія патапілі ў крыві народныя хваляванні.

17 мая 1863 г. была створана Чэрыкаўская следчая камісія па справе паўстання, якая разгледзела некалькі сот спраў і вынесла цяжкія прыгаворы ўдзельнікам паўстання. Яна спыніла сваю дзейнасць 15 кастрычніка 1863 г.

Згодна з першым перапісам зямельнай уласнасці ў 1877 г., зямельная плошча Магілёўскай губерні раўнялася 3 871 113 дзес. і размяркоўвалася паміж трыма асноўнымі відамі землеўладання: надзельным, прыватнаўласніцкім і землямі казны, царквы. Асновай сялянскай гаспадаркі з’яўлялася надзельнае землеўладанне, плошча якога складала 1 508 274 дзес., 39% усіх земляў. У сярэднім на адзін двор прыходзілася каля 12 дзес. З ростам насельніцтва і павелічэннем колькасці двароў забяспечанасць сялян надзельнай зямлёй безупынна пагоршвалася. К 1905 г. сярэдні размер сялянскага надзелу быў значна меншын. У Чэрыкаўскім павеце яго велічыня хісталася ад 6,8 да 7,9 дзес. Тут налічвалася 72% сялянскіх двароў з такім надзелам. У мясцовых умовах толькі надзел у 20 дзес. мог забяспечыць самастойнае вядзенне сялянскай гаспадаркі. Малазямелле сялян ўзмацнялася церазпалосіцай. Іх землі звычайна былі раскіданы і раздзелены памешчыцкімі. Церазпалосіца, неразмежаванасць землеўладання ставілі сялян у залежнасць ад памешчыкаў.

У той час як дзесяткі тысяч сялянскіх сем’яў пакутавалі ад недахопу зямлі, у руках памешчыкаў былі сканцэнтраваны велізарныя зямельныя масівы. На тэрыторыі Чэрыкаўшчыны буйнейшымі землеўладальнікамі з’яўляліся князь А.А. Абаленскі (8290 дзес.) – фальваркі Язёры, Горкі, хутар Бакова; памешчык М.І. Галынскі (4400) – маёнтак Халоблін, фальваркі Міхалін, Сцяпанава; В.А. Судзілоўскі (1700) – фальварак Аляксандраўка; Н.Д. Панятоўскі (2114) – маёнтак Вусце, хутар Багданаўка; А.А.Барэйша (1347) – маёнтак Юдаўка, фальварак Анюціна; Г.Чэчат (2013) – маёнтак Баровае; М. Зямлінскі (1400) – маёнтак Інвандора; Э. Васілеўская (979 дзес.) – маёнтак Вепрын.

Вострая патрэба ў ворных землях, пашах і сенакосах, лясах штурхала сялян у кабалу да буйных зямельных уласнікаў, якія, карыстаўчыся гэтым, шырока ўводзілі ў сваіх гаспадарках адработачную сістэму. Існавалі розныя формы адработачнай працы. Асабліва часта сустракаліся адработкі за розныя зямельныя ўгоддзі і кабальная арэнда зямлі з часткі ўраджаю – здольшчына.

Цяжкае эканамічнае становішча сялян, іх палітычнае бяспраўе паднімала шырокія слаі сельскага насельніцтва на барацьбу.

Сялянскі рух у апошнія дзесяцігоддзі ХІХ ст. разгортваўся хвалепадобна. Яго пік прыходзіцца на 80-я гады, звязаныя з другой рэвалюцыйнай сітуацыяй, калі рэзкае пагоршанне эканамічнага становішча сялян прывяло да абвастрэння барацьбы за зямлю.

Характэрнай рысай сялянскага руху на Магілёўшчыне, у тым ліку і ў Чэрыкаўскім павеце, з’яўлялася раснастайнасць форм і спосабаў барацьбы. У сялянскім руху пераважала барацьба на глебе пазямельных адносін і супраць памешчыцкага прыгнёту. Найбольш распаўсюджанымі яе формамі былі супраціўленне памешчыцкаму размежаванню зямель, самавольная пасьба, патравы, захоп ворнай зямлі і самавольнае карыстанне ёю, парубка лясоў. На другім месцы знаходзіліся выступленні супраць улад. У большасці выпадкаў гэтыя хваляванні ўзнікалі на аснове аграрнай барацьбы сялян і з’яўляліся самаабаронай, адказам на дэспатызм і свавольства, што чынілі царскія чыноўнікі. Асаблівую вастрыню барацьба набывала пры выкананні судовых рашэнняў, пастаноў і распараджэнняў адміністрацыйных устаноў. Сялянскія выступленні былі выражэннем стыхійнага пратэсту супраць існаваўшых парадкаў. У шэрагу выпадкаў яны набывалі востры характар і, як правіла, суправаджаліся ўзброеннымі сутыкненнямі з паліцыяй і ўладамі. Былі выпадкі выкарыстоўвання войск для падаўлення сялянскіх хваляванняў.

Адно са значных выступленняў чэрыкаўскіх сялян адбылося летам 1881 г. За парубку памешчыцкага лесу і недапушчэнне землямера да працы па размежаванню сялянскіх і памешчыцкіх зямель група жыхароў (21 чал.) в. Старая Буда была прыгаворана да штрафу і сямідзённага арышту. Сяляне адмовіліся прызнаць прад’яўленыя абвінавачанні і схаваліся ў лесе. Мясцовы спраўнік быў вымушаны вызваць воінскую каманду для падаўлення гэтага выступлення. Неабходнасць выкліку войскаў ён матываваў тым, что сяляне “самавольна спрабавалі завалодаць чужой зямлёй, не звяртаюць ніякай увагі на яго неаднаразовыя ўгаворы, гавораць: “Зямля наша, судзіцца не хочам, прысуджаных за яе грошай плаціць не будзем і пад арышт не пойдзем, а калі зямлю адбяруць сілай, то пойдзем у свет, куды вочы глядзяць”. Нягледзячы на экзекуцыю, учыненую войскамі, па прызнанню магілёўскага губернатара А.С. Дамбавецкага, “сяляне застаюцца непакорнымі, разышліся са сваёй вёскі і, назіраючы здалёк, выпрабоўваюць цярпенне ўлад. Паводле яго слоў, “толькі моцныя меры могуць спыніць такое зло, якое хутка развіваецца ў Магілёўскай губерні”.

Сутыкненняў сялян з памешчыкамі было вельмі многа. Не ўсе яны зафіксаваны мясцовымі ўладамі. “…Колькасць такіх выпадкаў у сапраўднасці была больш значнай, - адзначаў магілёўскі губернатар, - таму што многія з іх па малаважнасці, па хуткаму аднаўленню парадку не даходзяць да губернскага начальства”.

Своеасаблівай формай масавага сялянскага руху была барацьба за права перасялення на вольныя землі Сібіры і Далёкага Усходу. У 80 – 90-я гады ХІХ ст. на Чэрыкаўшыне, як і ва ўсёй Магілёўскай губерні, узнялася хваля перасяленчага руху, якая ахапіла значную частку сялянскаганасельніцтва. Магілёўскі губернатар даносіў цару ў 1896 г., што “імкненне да перасялення не прадстаўляе навіны для Магілёўскай губерні… У 1890 г. у Чэрыкаўскім павеце каля 250 сямействаў самавольна ўзняліся з месца і спыніць і пасяліць іх на ранейшыя месцы жыхарства ўдалося толькі з дапамогай самых строгіх мер, пры садзеянні ваенных каманд”. У красавіку 1890 г. адбылося сутыкненне паміж жыхарамі в. Вепрын, якія пажадалі выехаць на ўсход, і паліцыяй, што перашкаджала гэтаму. Мясцовыя ўлады былі настолькі ўстрывожаны гэтымі падзеямі, што восенню губернатар, чэрыкаўскі прадвадзіцель дваранства і іншыя чыноўнікі павета аб’язджалі неспакойныя воласці і пераконвалі сялян спыніць спробы да перасялення.

Для другой паловы ХІХ ст. характэрна развіццё капіталістычных адносін і ў памешчыцкіх гаспадарках. Адным з галоўных паказчыкаў гэтага быў рост гандлёвага земляробства, у тым ліку вінакурства – адной з важнейшых яго форм.

Вінакурства прадстаўляла сабой такі від капіталістычнай арганізацыі земляробства, які дапускаў спалучэнне тэхнічнай апрацоўкі з сельскай гаспадаркай і суправаджаўся злучэннем двух розных форм наёмнай працы – прамысловай і земляробскай.

Асноўнай сыравінай для вінакурнай прамысловасці служылі жыта і бульба. Калі на першы час пасля рэформы сярод сыравіны, якая перапрацоўвалася заводамі, пераважала жыта, то з 70-х гадоў хутка пачынае расці ўдзельная вага бульбы. У 80-я гады бульбяное вінакурства дасягнула значных поспехаў на Магілёўшчыне, дзе ў 90-я гады ў сярэднім у год перакурвалася 3 млн пудоў клубняў.

Важкі ўклад у вытворчасць спірту ўносілі вінакурныя прадпрыемствы Чэрыкаўскага павета. Да ліку найбольш буйных адносіліся заводы, якія дзейнічалі ў маёнтках Выдранка (18 тыс. вёдзер), Гайдукоўка, Горы, Азёры (па 10 тыс. вёдзер). Больш мелкія вінакурні (да 2 тыс. вёдзер) дзейнічалі ў маёнтках Баровае, Халоблін, Міхалін.

Вінакурства было неразрыўна звязана з малочнай і мясной жывёлагадоўляй. Карысць вінакурства памешчыкі бачылі ў перапрацоўцы бульбы ў спірт, які выгадна прадавалі ў казну, і ш здабыванні брагі, якая ішла на корм жывёле.

Прыватнаўласніцкая прамысловая дзейнасць не зводзілася толькі да вінакурнай вытворчасці. Памешчыкі Чэрыкаўскага павета наладжвалі і іншыя прадпрыемствы – шкляныя, смолашкіпінарныя, папяроавыя, пенькатрапальныя.

Так, шкляныя фабрыкі працавалі ў фальварку Малінаўка (35 рабочых, 1 тыс. скрынак, 10 тыс. рублёў), в. Лешчынка (87 рабочых, 2 тыс. скрынак, 16 тыс. рублёў). Самым буйным прадпрыемтсвам гэтай галіны была шкляная фабрыка ўладальніка Галынскага. У 1900 г. 53 рабочыя згатавалі 15 тыс. скрынак шкла на 28 тыс. рублёў.

У павеце таксама працавалі кардонная фабрыка ў Сенненскім заводзе (12 рабочых, 13 тыс. рублёў), пенькатрапальні ў Чэрыкаве (16 рабочых), м. Студзянец (100 рабочых), экіпажная фабрыка ў в.Нікольск (26 рабочых, 40 тыс. рублёў). У в. Вепрын дзейнічаў смолашкіпінарны завод, у фальварку Вусце – сукнавальня. У многіх маёнтках меліся млыны (с. Лабанаўка, фальварак Зябень, Бакунавічы, вёсках Наркі, Прыпёчына, Сакалоўка). Усяго ў павеце працавала 197 млыноў.

Прыватнаўласніцкія прамысловыя прадпрыемствы аказвалі капіталізуючы ўплыў на сельскую гаспадарку. Яны паглыналі частку лішняй сялянскай рабочай сілы, садзейнічалі ўмацаванню сувязі сялянскай гаспадаркі з рынкам, паскаралі развіццё гандлёвага земляробства. Прыкладам можа служыць дзейнасць аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў Чэрыкаўскага павета Нікалаеўскага цукровага завода. Ён штогод выпрацоўваў 1100 пудоў цукровага пяску. На заводзе было занята больш 200 рабочых, функцыяніравалі паравыя машыны, прэсы. З 1873 г. прадпрыемства пачало выпускаць цукар – рафінад, які карыстаўся вялікім попытам у Маскве. Пад непасрэдным уплывам завода ў Брацькавіцкай і Студзянецкай валасцях павета хуткімі тэмпамі пачало развівацца гандлёвае буракаводства. У фальварку Нікалаеўка, напрыклад, у пачатку 70-х гадоў плантацыі буракоў займалі да 30 дзес. і давалі да 9 тыс. беркаўцаў буракоў (1 беркавец – 11,5 пуда).

Аб тым, што прадпрымальніцтва адыгрывала прыкметную ролю ў развіцці капіталістычных адносін у мясцовых памешчыцкіх гаспадарках, сведчыць лясны гандаль, які вялі памешчыкі.

Зацяжны сельскага спадарчы крызіс, які пачаўся ў 70-х гадах і працягваўся да сярэдзіны 90-х гадоў,і звязаныя з гэтым фінансавыя цяжкасці вымушалі ўладальнікаў станавіцца на шлях узмоцненага продажу лесу. Бурнае развіццё расійскай прамысловасці, інтэнсіўнае будаўніцтва чыгунак у апошняй чвэрці ХІХ ст. патрабавала многа лясных матэрыялаў. Цэны на лес раслі. Памешчыкі стараліся выгадней прадаць лес і мелі з гэтага продажу значныя барышы.

Чэрыкаўскі лес водным шляхам па р. Сож і далей па Дняпру накіроўваўся ў раёны Сярэдняга і Ніжняга Падняпроўя. У 1900 г. з павета было адпраўлена 7840 тыс. пудоў на суму 1024 тыс. рублёў. У асноўным гэта быў будаўнічы лес (6809 тыс. пудоў), шпалы (888 тыс. пудоў) і дровы. Найбольш буйнымі спажыўцамі чэрыкаўскага лесу былі будоўлі і прадпрыемствы Крамянчуга (2403 тыс. пудоў), Екацярынаслава (2081 тыч. пудоў), Чаркас (933 тыс. пудоў). Невялікія партыі будаўнічага лесу (33 тыс. пудоў) накіроўваліся ў Рыгу па р. Сож, Дняпру да р. Бярэзіны, а адтуль па Бярэзінскаму каналу ў Заходнюю Дзвіну.

Драпежная эксплуатацыя наносіла вялікі ўрон мясцовым лясам. З Дубровіцкай воласці паведамлялі, што “лесапрамысловасць з кожным годам прыходзіць у заняпад ад неразумнай высечкі лесу”.

Прыкметнай галіной гандлёвага земляробства ў памешчыцкай гаспадарцы было пчалярства. Напрыклад, у Дубровіцкай воласці уладальнік памесця Івандора трымаў пчальнік са 120вуллеў; у маёнтку Вепрын, акрамя пчальніка са 120 вуллёў, мелася мноства борцяў, якія здаваліся ў арэнду сялянам. За кожную борць яны плацілі 3 фунты мёду, у выніку чаго борцевае пчалярства прыносіла памешчыку вялікі даход. Чэрыкаўскія гандляры плацілі за пуд мёду па 4 р., а за пуд воску па 23 р., затым адпраўлялі гэтую прадукцыю ў Маскву і іншыя гарады Расіі.

Вядучай галіной сялянскай гаспадаркі на Чэрыкаўшчыне было земляробства, аснову якога складала вытворчасць збожжавых культур. З 60-х гадоў і да канца 90-х гадоў ХІХ ст. пасевы збожжавых культур на землях мясцовых сялян узраслі. Аднак доля іх ў пасяўной плошчы зніжалася ў сувязі з больш інтэнсіўным укараненнем бульбы і такіх тэхнічных культур, як каноплі і лён.

Як і на працягу многіх папярэдніх стагоддзяў, важнейшай збожжавай культурай у сялянскай гаспадарцы працягвала заставацца азімае жыта. Яно з’яўлялася адным з найбольш непатрабавальных збожжавых злакаў: расло на малаўрадлівых глебах, добра пераносіла лішнюю вільгасць і яе недахоп, спёку і холад, не патрабавала вялікіх намаганняў пры вырошчванні. Культываванне яго складала аснову сялянскай земляробчай вытворчасці. Аржаны хлеб быў асноўным прадуктам харчавання селяніна і галоўным прадметам яго гандлю.

Пасля азімага жыта прыкметнымі па значэнні і займаемых плошчах культурамі ў сялянскай гаспадарцы, як і ў памешчыцкай, былі авёс і грэчка. Авёс з’яўляўся важнейшым кормам для жывёлы, у немалой колькасці ішоў на прадукты харчавання, быў другой па важнасці таварнай збожжавай культурай. Як правіла, сялянская бедната восенню прадавала авёс для аплаты налогаў.

Сярэднія ўраджаі з адной дзесяціны у гаспадарках чэрыкаўскіх сялян складалі: азімае жыта – 37 пудоў, авёс – 55, грэчка – 15, ячмень – 38, бульба – 367, каноплі – 29 (насенне), 20 (валакно), лён – 34 (насенне), 24 пуды (валакно). На памешчыцкіх палях гэтыя паказчыкі адпаведна складалі: 46, 49, 20, 44, 452, 34, 19, 25, 16 пудоў. Ураджайнасць збожжавых у чэрыкаўскіх сялян была ніжэйшай, чым у памешчыцкіх гаспадарках. Гэта было не выпадковай з’явай.

Сяляне карысталіся прымітыўнай тэхнікай. Важнейшай прыладай для апрацоўкі глебы была саха. На Чэрыкаўшчыне ўжывалася так званая палеская саха з дзвюма нерухомымі паліцамі – для парнай вупражы. Другой важнай глебаапрацоўчай прыладай у сялянскай гаспадарцы была барана, якая служыла для рыхлення зямлі пасля ўзворвання і сяўбы, а таксама для забараноўвання насення. Найбольшае распаўсюджванне тут атрымала драўляная плеценая барана. Яна была больш – менш прыгоднай на лёгкіх пясчаных глебах, характэрных для Чэрыкаўскага павета. Для рыхлення верхняга слоя глебы ў сялян сустракаліся яшчэ больш старажытныя прылады – смык і барана – сукаватка. Смык меў выгляд прымітыўнай бараны з некалькіх звязаных яловых плах з доўга абсечаным суччам, якоре служыла зубамі. Ён ужываўся у першую чаргу пры ляднай сістэме земляробства, калі апрацоўка палёў драўлянай бараной з-за мноства пнёў і карэнняў ускладнялася. Для апрацоўкі глебы і забараноўвання насення, асабліва на расчышчаных ад лесу і кустарніку ўчастках, ужывалася барана – сукаватка (вяршаліна)якая прадстаўляла сабой верхавіну елкі з доўгім завостраным суччам. Уборка збожжа, траў праводзілася ўручную – сярпамі і косамі.

Важнай галіной сялянскага земляробства ў павеце з’яўлялася развядзенне бульбы. Яна была прадуктам харчавання, служыла падмогай збожжавым, ішла на корм жывёле, яе адпраўлялі на бліжнія вінакурныя заводы, крухмала – патачныя заводы, на кірмаш. Пасевы бульбы на Чэрыкаўшчыне сталі павялічвацца ў апошняй чвэрці ХІХ ст. Гэта было звязана з пашырэннем яе ўжывання сялянамі ў якасці больш таннага, чым хлеб, прадукта харчавання. На малаўраджайных пясчаных і супясчаных землях павета бульба ў параўнанні са збожжавымі культурамі давала больш высокія ўраджаі (у некалькі разоў). У гэтых умовах яна стала для сялян, асабліва для беднаты, другім хлебам. Вельмі важнае значэнне для пашырэння пасеваў бульбы мела вінакурства. Паводле даных М.Доўнар – Запольскага, к пачатку ХХ ст. памешчыцкія гаспадаркі давалі не болей 1/3 неабходнага для гэтай галіны прадукта. Астатнюю бульбу пастаўлялі сяляне, што сведчыць аб высокай таварнасці гэтай культуры.

Важную ролю ў гаспадарках чэрыкаўскіх сялян адыгрывала канапляводства і льнаводства, якія насілі ярка выражаны гандлёвы характар. “З прадметаў паляводства, - адзначалася ў справаздачы магілёўскага губернатара, - развядзенне якіх значна перавышае мясцовыя патрэбы і складае больш ці менш важны прадмет збыту ў іншыя губерні, важнае месца займае пянька і лён. Гэта амаль адзінкавыя здабыткі, якія з выгадаю збываюць сельскія абывацелі і таму, хоц яны і вельмі спустошваюць глебу, але разводяцца паўсюдна…”

У першае парэформеннае дваццацігоддзе важнае месца ў земляробстве павета займала канапляводства. Каноплі былі сялянскай культурай. У некаторых выпадках чысты даход ад гэтай галіны сялянскай гаспадарцы складаў да 30 р. У асобных валасцях Чэрыкаўшчыны сяляне прадавалі па 15 пудоў канаплянага насення. Значная частка прадуктаў канапляводства ішла на патрэбы сялян – выраб пяньковай пражы і канаплянага масла. Яны збываліся на мясцовыя пенькатрапальні – у г. Чэрыкаў і м.Студзянец, а таксама на маслабойныя прадпрыемствы, якіх у павеце было больш 10. У Студзянецкай воласці сяляне сеялі лёні каноплі ў вялікай колькасці. Пяньку, канаплянае і льняное семя збывалі купцам, якія гэтую прадукцыю адпраўлялі ў Смаленскую губерню. Клжны год з м. Студзянец вывозілі пянькі 7 тыс. пудоў, канаплянага семені – 4 тыс. пудоў, льнянога семені – 1,5 тыс. пудоў.

Сяляне Чэрыкаўскага павета займаліся грубашэрстнай авечкагадоўляй. Аднак яна насіла спажывецкі характар, забяспечвала патрэбнасці сялян у прадуктах харчавання, адзенні. З шэрсці выраблялася сукно.

Што датычыцца сялянскіх промыслаў, то ў параўнанні з іншымі паветамі, на Чэрыкаўшчыне яны былі развіты слаба. У Студзянецкай, Самацеевіцкай і Палужскай валасцях сельскае насельніцтва займалася ляснымі промысламі (нарыхтоўкай лясных матэрыялаў, высечкай і пілаваннем дроў). Сяляне Маляціцкай і Даўговіцкай валасцей выраблялі дзёгаць і драўляны вугаль. У вёсках Самацеевіцкай воласці атрымаў некаторае развіццё ганчарны промысел.

Пэўнае развіццё атрымала і сялянскае пчалярства. У Студзянецкай воласці сяляне трымалі 7 асобных пчальнікаў па 10 – 20 калод кожны. З валаснога цэнтра кожны год вывозілася 130 пудоў воску і 725 пудоў мёду.

Развіццё капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі прывяло да дыферэнцыяцыі сялянства на беднату і кулацтва, “вымывання” слаба звязанай з рынкам часткі яго – серадняка. Важнейшым паказчыкам гэтага працэсу з’ўлялася абеззямельванне сялян. У вёсцы з’явілася мноства незанятых рабочых рук. Шматлікія перажыткі прыгонніцтва паскорылі рост колькасці лішняга сялянскага насельніцтва. Малазямелле, нізкая ўраджайнасць палёў, абумоўленая панаваннем трохпольнай сістэмы і апрацоўкай зямлі прымітыўнымі прыладамі, недахоп угнаенняў, падзеж жывёлы, голад – усё гэта паскарала разарэнне сялянства, гнала іх з родных мясцін. Гэта прызнавалі і прадстаўнікі афіцыйных улад. Падатковы інспектар павета пісаў: “Жыць выключна ад эксплуатацыі зямлі стала ўжо немагчыма. Ад земляробстваселянін не можа аьрымаць тых грашовых сродкаў, што неабходны яму, каб пакрыць свае патрэбы і несці розныя грашовыя павіннасці, якія ляжаць на ім. Таму, акрамя земляробства, крыніцай для атрымання неабходных грашовых сродкаў з’яўляюцца розныя промыслы і заробкі, якія з кожным годам набываюць усё большае значэнне ў эканамічным жыцці насельніцтва”.

У пачатку ХХ ст. сітуацыя пагоршылася. Адзін з кіраўнікоў магілёўскага земстваадзначаў у 1915 г.: “Недахоп зямлі, з аднаго боку, недасканаласць вытворчасці кустарных вырабаў – з другога, прымушаюць сялян для падтрымання свайго існавання шукаць іншыя шляхі. У гэтых выпадках сялянская моладзь карыстаецца шырока “адыходам на бок”… Такая з’ява будзе дастаткова зразумелай, калі прыняць пад увагу, што колькасць надзельнай зямлі па губерні складае 39% агульнай колькасці зямлі, а колькасць сялянскіх пасяленняў - 89%. Забяспечанасць адной сялянскай душы ад сяўбы да сяўбы па звестках губернскага статыстычнага камітэта за 1912 г. раўнялася 11,9 пуд., а за перыяд з 1907 г. па 1911 г. толькі 8,9 пуд. Пры такіх умовах натуральна сялянству прыходзіцца ў большасці выпадкаў “цягнуць на поўдзень”, у паўднёвыя каменныя капальні, шахты, руднікі”.

У пошуках сродкаў да існавання многія сяляне Магілёўскай губерні накіроўваліся ў паўднёвыя раёны Расіі, галоўным чынам на Украіну. У канцы ХІХ ст. з некаторых валасцей Чэрыкаўскага павета на каменнавугальныя капальні Данбаса і Крыўбаса адправілася да 700 чал., 2/5 усяго насельніцтва воласці. Падаткавы інспектар Чэрыкаўскага павета пісаў: “На адыходныя заробкі сяляне ідуць пераважна ў Кіеўскую, Валынскую, Екацярынаслаўскую губерні і Вобласць войска Данскога. У першых двух губернях сяляне працуюць на цукровых і шклаварных заводах, а ў Екацярынаслаўскай і Вобласці войска Данскога працуюць у каменнавугольных капальнях… Другі від адыходных промыслаў складае сплаў лесу ў Екацярынаслаўскую ці Херсонскую губерні…”. У 1901 г. толькі на прадпрыемствах Екацярынаслаўскай губерні і Вобласці войска Данскога працавала каля 4000 чал. На сплаве лесу – 400 чал. Як правіла, у адходішлі маладыя людзі. Ураджэнцы Чэрыкаўшчыны працавалі на шахтах і металургічных заводах Юзаўкі (Данецк), Луганска, Ясінаватай, Аляксандраўска (Запарожжа) іншых гарадоў Украіны. Факты сведчаць аб тым, што многія з іх не парывалі сувязі з радзімай, вялі перапіску з роднымі і знаёмымі, калі – нікалі прыязджалі ў родныя мясціны, прывозілі з сабою рэвалюцыйныя выданні. У перыяд рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. некаторыя з іх з’яўляліся кіраўнікамі буйных забастовачных выступленняў на Чэрыкаўшчыне.

Рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. ускалыхнула ўсю краіну. На барацьбу з самадзяржаўем за сацыяльнае, палітычнае і нацыянальнае вызваленне ўзняліся рабочыя, сяляне, служачыя ўсіх народаў Расіі.

Першая хваля сялянскіх выступленняў ў Чэрыкаўскім павеце была выклікана магутным пад’ёмам рабочага руху ў пачатку 1905 г. Аднак вёска ўступала ў барацьбу павольна. Рух, які зарадзіўся ў лютым, нарастаў паступова і дасягнуў сваёй вяршыні да сярэдзіны лета. К гэтаму часу тут адбылося 10 выступленняў. Асноўнай формай барацьбы гэтага перыяду была пасьба жывёлы на памешчыцкіх сенажацях. Жыхары амаль усіх вёсак Старынскай воласці – Ушакі, Манастырок, Рагаліна, Мірагошч – пасвілі сваю жывёлу на лугах і палях памесцяў князя Абаленскага. Мясцовы спраўнік паведамляў: “Ніякія ўгаворы сялян аб незаконнасці карыстання пашай не прывялі ні да якіх вынікаў, і сяляне адназначна заявілі, што яны будуць пасвіць жывёлу”. Спраўнік прызнаў, што спыніць пасьбу жывёлы сіламі паліцыі немагчыма.

Асноўны напрамак сялянскага руху – барацьбы за знішчэнне памешчыцкага землеўладання, за пераход усёй зямлі ад памешчыкаў да сялян. Сяляне Чэрыкаўскага павета лічылі, што “зямлю ў памешчыкаў патрэбна атабраць і аддаць сялянам без грошай . Аднак, як правіла, яны не звязвалі пераход зямлі і ў рукі са зменай дзяржаўнай ўлады.

Восенню 1905 г. стала ўзнімацца новая, больш магутная хваля сялянскага руху, якая дасягнула свайго апагея к канцу года. Выступленнямі быў ахоплены практычна ўвесь павет. Сяляне грамілі маёнткі, праганялі паліцыю, адмаўляліся плаціць падаткі, не прызнавалі распараджэнняў валасных улад.

У гэты перыяд сялянскі рух адрозніваўся ўзросшай палітычнай актыўнасцю мас. Вельмі важным паказчыкам гэтага з’яўляюцца выступленні супраць царскіх маніфестаў. Маніфест ад 17 кастрычніка не прынёс спакою у вёскі. Так, у в. Горы Чэрыкаўскага павета мясцовы свясчэннік заклікаў сялян “пры даруемай свабодзе жыць у брацкай любві і не замахвацца на ўласнасць іншых”. Выслухаўшы маніфест і пропаведзь, сяляне заявілі: “Гэты маніфест не для нас, а для паноў”. Пакінуўшы царкву, яны адразу накіраваліся ў суседнія маёнткі “рабіць забастоўку”.

Сяляне грамілі панскія маёнткі. Ахопленыя панічнымі настроямі памешчыкі разам з сем’ямі пакідалі іх. Паводле паведамленняў карэспандэнтаў Вольнаэканамічнага таварыства, асабліва актыўна змагаліся сяляне Даўжанскай, Камаровіцкай, Беліцкай і Даўговіцкай валасцей. Згодна з іх данясеннямі, сяляне “былі варожа настроены пераважна супраць буйных уладальнікаў”. Карэспандэнты паведамлялі, што нянавісць да буйных уладальнікаў абумоўлена “больш за ўсё тым, што ў гэтых уладальнікаў шырока распаўсюджана сістэма адработак…, а таксама вельмі распаўсюджана здача зямлі з часткі ўраджаю на цяжкіх для сялян умовах”. Сур’ёзныя хваляванні мелі месца ў шэрагу населеных пунктаў.

У дваццатых чыслах снежня ў в. Прыпёчына, што на поўначы Чэрыкаўскага павета, сяляне разграмілі дом князя Абаленскага, а з 25 снежня хваляванні распаўсюдзіліся і на паўднёвую частку павета. Асабліва бурна развіваліся падзеі ў Палужскай, Самацеевіцкай і іншых валасцях. 27 снежня сяляне вёсак Бірулі, Горы, Дзернавая і Стайкі знялі ўсіх рабочых і служачых у памесці Стоша Горы, прыгналі адміністрацыю, а жывёлу і маёмасць разабралі. Гэтак жа яны паступілі і з памешчыцкімі маёнткамі Беразнякі і Ясінская. У памесце Горы прыбыў аьрад паліцыі колькасцю 50 чалавек. Адбылася узброеная сутычка. Паліцыя была рассеяна. Спраўнік у сваім данясенні адзначаў: “Гэты выпадак паказаў поўную немагчымасць якіх бы то ні было арыштаў, таму што народ пагалоўна паўстае супраць гэтага і аказвае самае ўпартае супраціўленне”.

У наступныя дні былі разгромлены памесці Сілічы, Выдранка, Янаўка, Бакунавічы, Вепрын і іншыя. У памесці Халоблін Камаровіцкай воласці ўладальнік пад націскам сялян падпісаў абавязацельства ў два разы павялічыць плату за падзённую працу. Усяго ж за кароткі перыяд з 26 снежня 1905 г. па 10 студзеня 1906 г. у Чэрыкаўскім і Клімавіцкім паветах поўнасцю было разгромлена 18 памесцяў і 9 – часткова. Размах сялянскіх хваляванняў у гэтых паветах гаварыў аб тым, што яны набывалі характар паўстання.

11 студзеня 1906 г. у Чэрыкаўскі і Клімавіцкі паветы была накіравана карная экспедыцыя на чале з магілёўскім губернатарам Гагманам. Туды ж быў перакінуты атрад з Чарнігаўскай губерні пад камандаваннем начальніка губернскага жандарская ўпраўлення генерал – маёра Рудава.

Сяляне, як правіла, адмаўляліся выдаваць сваіх важакоў. У адказ паліцыя паліла хаты, гаспадарчыя пабудовы, арыштоўвала актыўных удзельнікаў руху. Многія сяляне падвяргаліся цялесным пакаранням публічна.

Паводле афіцыйных даных, за дзесяць дзён толькі атрад Гагмана спаліў 4 хаты, 11 ёўняў і 2 лазні. Не меншую стараннасць праявіў і Рудаў. У Чэрыкаўскім павеце асабліва пацярпелі вёскі Горы, Сілічы, Бірулі.

К 20 студзеня сялянскі рух ў павеце быў падаўлены. Усяго за восень 1905 г. і студзень 1906 г. у Чэрыкаўскім павеце адбылося 28 сялянскіх выступленняў.

Вялікую ролю ў хваляваннях адыгралі сяляне, якія вярнуліся з шахт Екацярынаслаўскай губерні, а таксама фабрычныя рабочыя, што прыехалі на каляды дамоў. Агітацыйная і арганізатарская дзейнасць гэтых рабочых садзейнічала бурнаму пад’ёму сялянскага руху ў Чэрыкаўскім і Клімавіцкім паветах. Павятовы прадвадзіцель дваранства ў тэлеграме міністру ўнутраных спраў ад 6 студзеня 1906 г. паведамляў: “Рэвалюцыйны рух са стыхійнай хуткасцю і сілай ахапіў сялянскія масы. Бахмуцкі павет (Екацярынаслаўскай гу. – У.Ф.) выкінуў да нас некалькі тысяч неўтаймаванай рэвалюцыйна настроенай сялянскай моладзі, шахцёраў, амаль пагалоўна ўзброеных; глеба падрыхтавана мясцовымі і прыезджымі агітатарамі. Дасюль спакойныя сяляне старэйшага ўзросту нястрымна захапляюцца новым рухам… Пагромы памесцяў з разрабаваннем маёмасці штодзённыя, галоўныя агітатары… і падпальшчыкі не могуць быць арыштаваны з прычыны іх з’яднанасці і недастатковасці сіл мясцовай адміністрацыі…”

У выніку гэтых выступленняў у Чэрыкаўскім і Клімавіцкім паветах было разгромлена 20 памесцяў, у шэрагу месц звергнуты мясцовыя ўлады і створаны сялянскія камітэты.

Ураджэнцы Чэрыкаўшчыны прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях у іншых раёнах краіны.

Буйнае ўзброеннае паўстанне ў снежні 1905 г. адбылося ў г. Аляксандраўку (Запарожжа). Для кіраўніцтва палітычнай стачкай і падрыхтоўкі паўстання быў створаны Баявы стачачны камітэт з рабочых майстэрань Екацярынінскай і Курска – Харкаўска – Севастопальскай чыгунак. Адным з кіраўнікоў камітэта быў ураджэнец Чэрыкаўшчыны слесар Ф.Я. Чубанаў. У матэрыялах ахранкі ён характарызаваўся як “галоўны аратар, заклікаўшы да ўзброеннага паўстання”. Разам са сваім таварышамі Чубанаў займаўся фарміраваннем баявой дружыны, вырабам халоднай зброі. Два дні (13 – 14 снежня) працягвалася паўстанне ў гэтым украінскім горадзе. Узброенныя самаробнымі бомбамі, пікамі і ружжамірабочыя занялі чыгуначныя станцыі. Нактраваныя ў Аляксандраўск войскі спрабавалі выбіць паўстаўшых з занятых імі пазіцый. Побач з рускімі і украінсцамі на барыкадах змагаліся землякі Ф.Я. Чубанава, рабочыя чыгуначных майстэрань І.С. Ясенка, А.Г. Краўцоў, М.І. Бераславіч і іншыя. Дружыннікі аказвалі ўпартае супраціўленне карнікам. Кожную барыкаду прыходзілася браць штурмам. 14 снежня, спрабуючы прарваць акружэнне і тым самым даць сваім таварышам магчымасць адступіць з барыкад, слесар І.С. Ясенка з дзвюма бомбпмі ў руках кінуўся на салдат, аднак быў схоплены казакамі. Разам с шасцю сваімі таварышамі Ф.Я. Чубанаў і І.Я. Ясенка былі прыгавораны да пакарання смерцю. Супраць гэтага прыгавора, якібыў вынесены ў лістападзе 1906 г. часовым ваенным судом у Екацярынасваые, выступілі рабочыя рада гарадоў Расіі і Украіны. Масавыя выступленні рабочых прымусілі ўлады замяніць пакаранне смерцю катаргай.

Рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. была жорстка падаўлена царызмам. Аднак сацыяльна – эканамічныя перадумовы – аб’ектыўная аснова народнага руху першай расійскай рэвалюцыі – не былі ліквідаваны.

Аграрная рэформа П. Сталыпіна, разлічаная на ўмацаванне ў вёсцы пазіцый капіталістычных элементаў, пацярпела крах, пакінуўшы недатыкальным буёное памешчыцкае землеўладанне.

Галоўнымі прычынамі абвастрэння сацыяльных супярэчнасцей, якія выклікалі павышаную актыўнасць сялян, па – ранейшаму з’яўляліся малазямелле і прыгнёт памешчыкаў.

З ліпеня 1907 па ліпень 1914 г. у Чэрыкаўскім павеце зафіксавана 15 сялянскіх выступденняў. Аднак гэта цыфра не вычэрпвае іх агульнай колькасці, так як ахоплівае толькі тыя з іх, у якіх удзельнічала болей 10 чал. Большасць выступленняўздзяйснялася групамі да 10 чал. Магчыма, што гэта была тактыка сялян, разлічаная на тое, што для спынення мелкіх, але шырока распаўсюджаных патраў і парубак паліцыя і войскі прыцягвацца не будуць. Падлічана некалькі соцень выпадкаў парубак і патраў памешчыцкіх лясоў і ўгоддзяў, здзейсненых групамі па 3 – 9 чал. Гэты від барацьбы быў шырока распаўсюджаны на Чэрыкаўшчыне.

Распаўсюджанне тут атрымалі і падпалы памесцяў, маёмасці. Аб’ектамі падпалаў часта станавіліся млыны. Толькі ў жніўні 1907 г. у павеце было падпалена 5 млыноў.

Меў месца і тэрор супраць памешчыкаў і іх упраўляючых. У жніўні 1908 г. у дом памешчыка Ілініча (памесце Старожня) двое сялян кінулі праз акно бомбу, выбухам якой былі зроблены вялікія разбурэнні.

Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю жыхароў Чэрыкаўскага павета ў гады першай сусветнай вайны. Ужо ў 1915 г. тут стаў адчуваццанедахоппрадметаў першай неабходнасці, многіх відаў сыравіны, паліва. Цяжар эканамічных вынікаў вайны пануючыя класы ўзвалілі на просты народ. Становішча было цяжкім яшчэ і таму, што Чэрыкаўскі павета знаходзіўся ў прыфрантавой зоне, тут было об’яўлена ваеннае становішча. Улады атрымалі неабмежаваныя правы падаўляць сілай зброі малейшы выбух нездаволенасці сялян. Звычайны паліцэйскі апарат быў узмоцнены за кошт паліцыі акупіраваных раёнаў. Тысячы мужчын і жанчын былі мабілізаваны на ваенна – акопныя работы, якія вяліся на тэрыторыі Мінскай губерні. Усё гэта разам узятае тлумачыць адсутнасць выступленняў на тэрыторыі павета ў гады вайны.

Развіццё капіталізму ва ўсіх сферах жыцця садзейнічала расшырэнню сеткі школ.

На працягу ўсяго парэформеннага перыяду ў Чэрыкаўскім павеце не было адкрыта ніводнай сярэдняй навучальнай установы. Сістэма асветы была прадстаўлена пачатковымі вучылішчамі, царкоўнапрыхадскімі школамі і школамі граматы.

У павятовым цэнтры з 1830 г. дзейнічала двухкласснае вучылішча, пераўтворанае ў 1902 г. у трохкласнае гарадское вучылішча. У 1908 г. у яго сценах вучылася 169 навучэнцаў. У горадзе працавала і аднакласнае прыходскае вучылішча, заснаванае ў 1790 г. З 1865 г. у ім маглі вучыцца і дзяўчынкі. Праз 42 гады ў Чэрыкаве адкрылася прыватнае жаночае чатырохкласнае вучылішча Е.Н. Гардзеевай. Паралельна спрацавала і прыватнае чатырохкласнае мужчынскае вучылішча Х.К. Крысенкі. З 1886 г. у горадзе функцыяніравала казённае яўрэйскае вучылішча І разраду.

Пачатковыя школы, ці, як яны яшчэ называліся, народныя вучылішчы, працавалі ў 20 населеных пунктах павета, у тым ліку ў с. Камаровічы (заснавана ў 1864 г.), у с. Лабанаўка (заснавана ў 1868 г.). Колькасць навучэнцаў у такіх школах хутка расла. Напрыклад, у дзвюх вышэйназваных школах колькасць вучняў у 1886/87 навучальным годзе вырасла: у Камаровіцкай школе з 20 вучняў да 48, у Лабанаўскай з 17 да 34 вучняў.

Павятовыя і народныя вучылішчы знаходзіліся ў распараджэнні Міністэрства народнай асветы. У 1888/89 навучальным годзе ў іх навучалася 900 хлопчыувў і 50 дзяўчынак. К пачатку ХХ ст. колькасць школ Міністэрства народнай асветы павялічылася да 25, а колькасць навучэнцаў да 1315. Навучанне ў гарадскіх вучылішчах было платным. Так, у Чэрыкаўскім гарадскім вучылішчы плата за 1911/12 навучальны годскладала 12 р., а ў прыватным жаночым вучылішчы Е.Н. Гардзеевай за навучанне ў падрыхтоўчым класе бацькам прыходзілася плаціць у 1907 г. 40 р., у першым і другім класах – па 50 р., у трэцім і чацвёртым – па 60 р.

Перад пачатковай школай, як і раней, ставілася задача ўмацоўваць у народзе рэлігійныя паняцці і распаўсюджваць веды. Яны мелі адзіны вучэбны план, які ўключаў закон божы, чытанне царкоўных і грамадзянскіх кніг, лік, царкоўныя спевы. Навучанне дапускалася на рускай мове.

Настаўнікамі ў гэтай катэгорыі навучальных устаноў (асабліва гарадскіх вучылішчах), нярэдка з’яўляліся дастаткова падрыхтаваныя спецыялісты, выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў. Так, у Чэрыкаўскім трохкласным гарадскім вучылішчы выкладалі І.С. Крышань і М.Е. Шаркевіч – выпускнікі Віленскага настаўніцкага інстытута, У.П. Яшчуржынскі, які скончыў медыцынскі факультэт Кіеўскага універсітэта, Г.П. Сакур – выхаванец Міргарадскай мастацкай школы.

У жаночым прыватным вучылішчы Е.Н. Гардзеевай настаўнікамі дзяўчынак былі выпускніцы Маскоўскага інстытута Імператара Мікалая І – А.А. Цвяткова і З.В.Цвяткова.

У сельскіх народных вучылішчах настаўнікамі, як правіла, з’яўляліся выпускнікі Полацкай настаўніцкай і Магілёўскай духоўнай семінарый.

У 1888 – 1889 гг. у Чэрыкаўскім павеце налічвалася 15 980 дзяцей школьнага ўзросту. З іх 12 860 былі пазбаўлены магчымасці наведваць школу. Тыя, хто меў такую магчымасць, з’яўляліся вучнямі царкоўнапрыходскіх школ і школ граматы. У першых навучаўся 481 вучань (463 хлопчыкі і 18 дзяўчынак), у другіх – 1689 вучняў (1560 хлопчыкаў і 120 дзяўчынак). Усяго на Чэрыкаўшчыне дзейнічала 16 царкоўнапрыходскіх школ і 85 школ граматы. 1 школа ў павеце прыходзілася на 1107 чал., а з улікам навучальных устаноў Міністэрства народнай асветы – на 924 чал.

13 царкоўнапрыходскіх школ павета з 16 мелі ўласныя будынкі. Гэта быў адзін з лепшых паказчыкаў у Магілёўскай губерні. Што ж датычыцца школ граматы, то яны размяшчаліся ў наёмных памяшканнях.

Паводле прызнання мясцовых чыноўнікаў, не ўсе ўласныя памяшканні школ, і асабліва наёмныя, адпавядалі свайму прызначэнню. Многія з іх былі малаўмяшчальнымі, мелі дрэннае асвятленне, нізкую столь. Усе гэтыя недахопы тлумачыліся няхваткай сродкаў. Сродкі на ўтрыманне царкоўнапрыходскіх школ і школ граматы паступалі з розных крыніц. Сяляне амаль паўсюдна адносіліся да школ са спачуваннем, “усведамляючы сапраўдную карысць ад граматы”. Спачувальныя адносіны сялян да школ, паводле слоў кіраўнікоў Магілёўскай епархіі, якой падпарадкаваліся царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, выяўляліся ў тым, што яны з году ў год павялічвалі сродкі на іх утрыманне. Асноўную частку сродкаў сяляне збіралі папрыгаворах сельскіх таварыстваў ці па ўзаемапагадненню. У 1888/89 навучальным годзе агульная сума сабраных сельскімі таварыствамі грошай склала 40 773 р. 18 к., а годам раней – 34 531 р. 78 к.

На рубяжы ХІХ – ХХ ст. царкоўнапрыходскія школы і школы граматы меліся: у сёлах Верамейкі (35 навучэнцаў), Язёры (35), вёсках Ржавец (10), Наркі (24), Вербеж (20), Шароеўка (18), Шчацінка (20), Вепрын (25), Гронаў (13), Мірагошч (27), Ушакі (12), Зоры (21), Глінь (24), Удоч (20), Вусце (26), Пільня (15), Почапы (21), Тур’е (14 навучэнцаў).

У царкоўнапрыходскіх школах выкладалі закон божы, царкоўныя спевы, чытанне царкоўнага і грамадзянскага друку, пісьмо, арыфметыку. Матэрыял для чытання быў рэлігійна – манархічнага зместу. Навучанне вялі свяшчэннікі, дыяканы і дзячкі, настаўнікі і настаўніцы, якія скончылі духоўныя вучылішчы.

К 1900 г. колькасць школ граматы ў Чэрыкаўскім павеце вырасла да 148, а навучэнцаў да 3647 чал.

Паводле даных перапісу 1897 г. пісьменнасцьу павеце склала 12,8%, а ў павятовым цэнтры – 42,1%.

У 1912 г. у Чэрыкаве і павеце было: 67 царкоўнапрыходскіх школ, 77 земскіх вучылішч, 1 рамесніцкае, 1 двухкласнае жаночае прыходскае вучылішча, 1 аднакласнае мужчынскае прыходскае, 36 народных вучылішч, 2 школы граматы, 1 чатырохкласнае гарадское вучылішча і 1 двухкласнае яўрэйскае мужчынскае вучылішча; 2 уласныя бібліятэкі.

Надзвычай неспрыяльным ў павеце быў стан медыцынскага абслугоўвання жыхароў.

Антысанітарныя ўмовы жыцця,дрэннае і недастатковае харчаванне, цяжкая праца садзейнічалі распаўсюджанню сярод насельніцтва туберкулёзу, рэўматызму, а таксама эпідэмічных захворванняў – тыфу, дызентэрыі, дыфтэрыі, шкарлятыны, адру, коклюшу і іншых. У канцы ХІХ ст на Чэрыкаўшчыне функцыяніравалі: 2 бальніцы ў Чэрыкаве (па 36 ложкаў) і 3 сельскія прыёмныя пункты – у Маляцічах (12 ложкаў), Краснаполлі (20 ложкаў), Брацькавічах (20 ложкаў). У Чэрыкаве ў 1893 г. працавалі 3 урачы, 3 фельчары і бабка – павітуха. У павеце лячэннем хворых займаліся 6 урачоў, 13 фельчараў (двое аплачваліся сельскімі таварыствамі) 6 бабак – павітух.

У 1893 г. да ўрачоў і фельчараў звярнуліся за дапамогай 30 788 жыхароў павета. У 1911 г. колькасць звярнуўшыхся да медыцынскіх работнікаў склала 104 240 чал.

Лякарствамі насельніцтва забяспечвалі 3 аптэкі, 4 аптэчныя лаўкі, у якіх працавалі 2 правізары і 4 аптэкарскія памочнікі, 2 аптэкарскія вучні.