Родам з Вепрына

Вузкія ўліцы. Хаты з маленькімі акенцамі і саламянымі дахамі. Адна манаполька, адна лаўка, прыходская школа - вось і ўсё аблічча вёскі Вепрын, у якой у 1894 г. у сям'і селяніна нарадзіўся Фёдар Кірылавіч Макштароў.

Невялікі зямельны надзел не мог пракарміць сям'ю Макштаровых у 11 душ. І таму пасля заканчэння чатырох класаў прыходскай школы Федзя Макштароў быў вымушаны пайсці парабкам да пана Васілеўскага. Ад цямна да цямна ён рабіў у полі, але рабская праца за кавалак хлеба ніколі не была мілай, і ў хуткім часе следам за старэйшым братам падаўся хлопчык на шахты Данбаса.

На шахце юнак пазнаёміўся са сваім земляком бальшавіком Міхаілам Шаўцовым, якому вельмі спадабаўся. Ён узяў Фёдара да сябе на кватэру. Станоўчы ўплыў на светапогляд юнака аказалі гутаркі Шаўцова аб жыцці рабочых і сялян. Пазней Макштароў знаёміцца з іншымі рэвалюцыянерамі, прысутнічае на іх сходах і маёўках.

У 1915 г. Фёдар Макштароў быў прызваны ў царскую армію. Яго часць стаяла на станцыі Палачыны, каліён даведаўся, што ў Петраградзе рабочыя скінулі цара. Вестка ўзрадавала салдат, але вайна працягвалася, і Макштароў пачынае праводзіць сярод аднапалчан гутаркі аб спыненні вайны, за перамір'е. За гэта Фёдара арыштоўваюць, але па шчаслівай выпадковасці яму ўдаецца вырвацца на свабоду.

У хуткім часе ён прыязджае ў родную вёску Вепрын. Пабыць тут доўга не давялося - ішла вайна - і ён падаўся ў партызанскі атрад, якім камандаваў Вераб'ёў. Усё было ў яго партызанскім жыцці: і налёты на панскія маёнткі, сутыкненні з ворагам на лясных сцежках, і смяротная пагроза.

Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі Фёдар Макштароў прымае ўдзел у арганізацыі камітэта беднаты ў Вепрыне, на чале якога стаяў Патап Якушэнка. Сам жа разам з атрадам чырвонаармейцаў ідзе на фронт, дзе змагаецца ў складзе 1-й гаўбічнай артылерыйскай батарэі 17-й дывізіі. У 1919 г. Фёдар Кірылавіч уступае ў рады партыі бальшавікоў. У гэтым жа годзе ён накіроўваецца ў палітшколу ў г. Віцебск. Па заканчэнні яе Макштароў едзе на Смаленшчыну ў якасці палітрука воінскай часці.

Вярнуўшыся ў Вепрын Фёдар Кірылавіч адразу ж уключыўся ў справу. Ён узначаліў атрад па харчразвёрстцы. У 1923 г. Макштароў стаў старшынёй Вепрынскага пасялковага Савета. Калі пачалася калектывізацыя - выступіў першым арганізатарам калетыўнай гаспадаркі. У 1931 г. жыхары Вепрына ўступілі ў калгас. Да 1941 г. ім кіраваў Фёдар Кірылавіч Макштароў.

У час Айчыннай вайны Ф.К. Макштароў знаходзіўся ў Казані. Тут на заводзе ён працаваў страшынёй рабочага камітэта. Дзень і ноч рабілі працоўныя завода знакамітыя "трыццацьчацвёркі".

Пасля перамогі Макштароў вяртаецца ў родны край. За аднаўленне роднай гаспадаркі ўзяліся людзі на чале са сваім старшынёй. Амаль усё прадстаяла занава адбудаваць, аднавіць. Калі калгас моцна стаў на ногі, Фёдар Кірылавіч перайшоў працаваць у сельскі Савет, а ў 19159 г. выйшаў на пенсію. Памёр ён у сакавіку 1973 г.