Кнігадрукаванне ў Чэрыкаве

У зводным каталогу "Кніга Беларусі. 1517 - 1917" спецыяльны раздзел прысвечаны кнігам, выдадзеным на тэрыторыі Беларусі на рускай мове. "З'яўляючыся прадукцыяй беларускага кнігадрукавання і, значыць, прыналежнасцю беларускай культуры, адзначаецаа ў прадмове да гэтага раздзела зводнага каталогу, - кніга нарускай мове, як і на беларускай, - каштоўная крыніца для вывучэння шэрагу важных праблем гісторыі развіцця грамадскай і навуковай думкі Беларусі..."

Як вядома, беларуская кніга, у тым ліку і на рускай мове, прайшла складаны шлях развіцця. Так, у гісторыі кнігавыдання ХІХ - пачатку ХХ ст. правамерна вылучыць 2 перыяды: дарэформенны (1801 - 1860) і парэформенны (1861 - 1917). Калі па першаму перыяду мы не можам нічога сказаць пра кнігавыдавецкую справу ў былым Чэрыкаўскім павеце, дык па другому - малюнак больш дакладны. У нагаданы перыяд кнігі на рускай мове друкаваліся ў 39 гарадах і мястэчках, у тым ліку і ў Чэрыкаве. Калі ў XVIII стагоддзі на рускай мове выдавалася 11 кніг, у першай палове ХІХ ст. 29, то за перыяд з 1861 па 1917 гады іх колькасць узрасла да 6508.

У гэты перыяд Чэрыкаў становіцца чацвёртым горадам у Магілёўскай губерні па колькасці выдадзеных кніг - 16 (19 - Орша, 29 - Горкі, 17 - Мсціслаў).

Першыя друкаваныя рэчы ту з'явіліся яшчэ ў канцы ХІХ ст. Гэта былі "Устав Мстиславского общественного собрания" (1892) і "Инструкция для действительных членов и должностных лиц Мстиславского добровольного пожарного общества" (1895). Апошняя была надрукавана ў друкарні Д.М. Падземскага.

Пачатак ХХ ст. стаў новым этапам ў разгортванні выдавецкай справы ў Чэрыкаве. У 1907 - 1910 гг. у Чэрыкаве дзейнічала друкарня З.М.Каганава, у якой былі надрукаваны: Агроськін Г.Е. "Таблица для вычисления кроквы, полукроквы, латы и полулаты в поры"; Захарэвіч І. "О городском самоуправлении"; а таксама "Правила благоповедения для воспитанников Мстиславского духовного училища" і інш.

У гэты ж час тут пачынае выдавацца мастацкая літаратура. Так, у 1907 г. у Чэрыкаве, у друкарні З.М. Каганава былі выдадзены кнігі С.К.Тоўсціка "Жизнь во вселенной, познаваемая и постигаемая человеком" і вершы Марціна Маластоўскага "Духовные мотивы".

Адначасова з друкарняй З.М. Каганава ў Чэрыкаве існавала выдавецтва кніжнага склада Ш. Іофе.

У адной з гэтых устаноў у 1910 г. была выдадзена кніга ўжо нагаданага Сцяпана Канстанцінавіча Тоўсціка "Мысли и советы".

У пазнейшы час у Чэрыкаве друкаваліся каштарысы даходаў і расходаў Чэрыкаўскага павятовага земства Магілёўскай губерні (1912 - 1916), справаздачы павятовай земскай управы (1912 - 1916) і інш.

Сёння амаль што ўсе гэтыя выданні з''яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю і маюцца толькі ў архівах, музеях, кнігасховішчах і публічных біблятэках Масквы, Санкт - Пецярбурга.