З СІВОЙ ДАЎНІНЫ

Калі перагортваеш старонкі старажытных кніг, летапісаў, дакументаў перад вачамі паўстае карціна старадаўняга жыцця, шэраг цікавых падзей і лёсаў. На жаль, пісьмовыя крыніцы не даюць усебаковага, паслядоўнага асвятлення гісторыі Чэрыкаўшчыны, але і тыя нешматлікія звесткі, якія дайшлі да нас праз тоўшчу стагоддзяў, дазваляюць уявіць падзеі той далёкай пары. Значную дапамогу ў гэтай справе аказваюць ускосныя даныя аб мінулым Чэрыкаўшчыны ў сувязі з гістарычнымі падзеямі, якія мелі месца на суседніх землях.

Як адміністрацыйная адзінка Чэрыкаўшчына вызначылася толькі ў другой палове XVII ст., дакладней у 1678 г., калі Чэрыкаў стаў цэнтрам павета ў Магілёўскім ваяводстве. Да гэтага часу землі Чэрыкаўшчыны ўваходзілі ў розныя княствы, староствы, паветы. Княствы Кіеўскае і Чарнігава – Северскае, Смаленскае і Мсціслаўскае, староствы і паветы: Прапойскае і Магілёўскае, Мсціслаўскае і Крычаўскае – ім у розны час, поўнасцю, ці па частках належалі землі Чэрыкаўшчыны ў сярэднія вякі. У сілу свайго геаграфічнага становішча гэта зямля на працягу многіх стагоддзяў знаходзілася на скрыжаванні ваенных дарог. Яна была амаль пастаянных месцам сутычак князёў смаленскіх, кіеўскіх, полацкіх, чарнігаўскіх. Гінулі людзі, жывёла, маёмасць. Руйнавалася ўсё тое, што было здабыта цяжкай працай. Вось, напрыклад, падзея, якая датуецца 1142 г., яе апісвае ў сваёй кнізе беларускі гісторык М.Ермаловіч: “Зазначым, штозначна пацярпела радзіміцкая зямля , якая належала чарнігаўскаму князю Ігару Ольгавічу… Смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч… напаў на радзіміцкую зямлю і папаліў яе”. Менавіта паўднёвая частка сучаснай Чэрыкаўшчыны была падпарадкавана ў той час чарнігаўскаму князю і ў ліку іншых земляў была спустошана. Звесткі аб асноўнай яе тэрыторыі, якая ўваходзіла ў Смаленскае княства, мы таксама знаходзім у М. Ермаловіча. “Найперш трэба адзначыць, што Смаленская зямля ў гэты час дасягнула найбольшых сваіх памераў. Паводле Устаўной граматы Расціслава 1136 г. усходнія межы Смаленшчыны даходзілі да сярэдняга цячэння р. Масквы, а на захадзе яны ўключалі Оршу і Копысь, захопленыя ў Глеба Менскага ў 1116 г. Апошняе асабліва важна было для Смаленска. Заходнія, больш заселеныя, а таму і больш багатыя, раёны Смаленшчыны былі больш каштоўныя, чым усходнія, аддаленыя ад гандлёвых шляхоў і таму маланаселеныя і бедныя…”. У гэты час на кароткі тэрмін спыніліся ваенныя сутычкі, так як “здабыццё палітычнай незалежнасці не азначала для Смаленска, як і для іншых земляў, ізаляцыі яго ад палітычнага жыцця, у першую чаргу Кіева, Ноўгарада, Суздаля, Полацка. Смаленску асабліва важна было захоўваць прыязныя адносіны з Кіевам, паколькі ў адваротным выпадку яго прыдняпроўскія землі, праз якія праходзіў вялікі гандлёвы шлях, маглі стаць аб’ектам варожага нападку. У выніку дальнабачнай палітыкі Расціслава велізарная тэрыторыя Смаленскай зямлі ў час зацятых удзельных усобіц з’явілася шчаслівым выключэннем”.

У канцы ХІІ ст. на поўдні Смаленскага княства ўзнікла Мсціслаўскае ўдзельнае княства з цэнтрам у Мсціслаўлі. У 1180 г. новапабудаваны Мсціслаў з землямі, якія да яго прылягалі, быў аддадзены ва ўдзел Мсціславу – сыну Смаленскага князя Рамана Расціслававіча. Акрамя цяперашняга Мсціслаўскага раёна, ва ўдзел уваходзілачастка зямель Чавускага і Чэрыкаўскага раёнаў. Мсціслаў Раманавіч, стаўшы Смаленскім князем, свій ранейшы ўдзел у 1196 г. далучыў да Смаленскага княства.

У 1196 г. адбыўся яшчэ адзін ваенны паход праз Чэрыкаўскія землі: Яраслаў Усеваладавіч Чарнігаўскі ідзе на Віцебск. У гэтае змаганне ўмешваюцца і смаленскія князі.

У ХІІІ ст. разбуральныя набегі непрыяцеляў не абмінулі таксама і Чэрыкаўшчыну. На думку некаторых даследчыкаў, літоўскія князі са сваімі дружынамі часта ўрываліся ў межы Смаленскіх зямель, у 20-я гады ХІІІ ст. яны гаспадарылі на Полацкай зямлі, адтуль і рабілі набегі. Вось, напрыклад, што паведамляў аб гэтым у мінулым стагоддзі А.С. Дамбавецкі: “Набегі Літвы на заходнія і паўднёва – заходнія рускія землі ў першай палове ХІІІ ст.можна параўнаць з набегамі Полаўцаў на землі Русі Паўднёва – ўсходняй. Літоўскія князі ваююць з рускімі, мірацца, радняцца з імі, падобна таму як гэта рабілі князі Паўднёва – Рускія ў адносінах з Полаўцамі. Набегі Літоўцаў, як і палавецкія, робяцца спачатку малымі атрадамі, на невялікай прасторы і з мэтай нажывы. Затым набегі становяцца больш пагражальнымі і безлітаснымі…” Інакш тлумачыць падзеі тых далёкіх часоў М. Ермаловіч. Ён з ўпэўненасцю сцвярджае, што “набегі “Літвы” маглі быць толькі ў інтарэсах Полацка, які іх інспіраваў супраць суседніх земляў і якія ажыццяўляліся праз Полацкую зямлю… Паняцце “палачане” ў пазнейшы час забылася і падмянілася зразумелым тады паняццем “Літва”. Думкі розныя, а вывад можна зрабіць адзін – цярпелі бедствы ад гэтых разбуральных набегаў людзі, што насялялі тую зямлю, магчыма і продкі чэрыкаўлян.

На думку М. Ермаловіча, другая палова ХІІІ ст. знамянальна для далейшай гісторыі Беларусі: у той час яна развіла сваю дзяржаўнасць. І ў гэтай сувязі нельга не падкрэсліць значэнне Новагародка – калыскі Вялікага княства Літоўскага. Бо менавіта “яго герб “Пагоня” – коннік з мячом над галавой – стаў дзяржаўным гербам Вялікага княства Літоўскага. І, зрабіўшыся пасля сталіцай, Вільна пераймае гэты сімвал, а за ёй і многія беларускія гарады, у тым ліку і Чэрыкаў. З гэтага часу “Пагоня” – становіцца выяўленнем дзяржаўнай самабытнасці Беларусі, вайсковай доблесці яе мужных барацьбітоў за волю радзімы.

У час княжання Гедыміна тэрыторыя Вялікага княства значна пашырылася, у яе ўвайшлі тэрыторыі паміж Заходняй Дзвіной, Дняпром і Прыпяццю. У 1352 г. (па іншых звестках – каля 1359 г.) літоўскі князь Альгерд схіліў на свой бок мсціслаўскіх феадалаў і духавенства, заняў Мсціслаў і пакінуў тут свайго намесніка. Горад, застаючыся цэнтрам удзела, увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага. Спачатку ім валодаў сын Альгерда князь Карыгайла. Тады ў Мсціслаўскае княства ўваходзілі Крычаў, Магілёў, Княжычы, Радамля, Расна, Цяцерын, Дрокаў і Мглін. Безумоўна, і Чэрыкаўская зямля была ў складзе гэтага княства. У хуткім часе Карыгайла загінуў, і Мсціслаў дастаўся яго Лінгвену (Лугвену) Сімяону, роданачальніку мсціслаўскіх князёў Альгердава роду.

З дапамогай М.О. Без-Карніловіча прасочым, каму пазней належала Мсціслаўскае княства, а значыць і землі Чэрыкаўшчыны. Пасля Сімяона ўдзел атрымаў у спадчыну яго сын Юрый. Аднак ён “аказаў сябе няўдзячным супраць вялікіх літоўскіх князёў” і быў вымушаны паехаць у Ноўгарад.

Вялікім літоўскім князем Казімірам Мсціслаўскі удзелбыў аддадзены князю Б.Я.Бароўскаму, які прыехаў з Расіі. Але Барыс Яраславічне доўга карыстаўся гэтай ласкай. У хуткім часе ён дадзеныя яму гарады вярнуў Казіміру, які згадзіўся аддаць удзел Мсціслаўскі, Крычаў і іншыя гарады Юрыю Сімяонавічу. Пасля смерці Юрыя князем стаў яго сын Іван Юр’евіч. Ён быў апошнім у раду, меў адну толькі дачку. Іван Юр’евічпрасіў караля дазволіць мужу свае дачкі М.І. Жаслаўскаму прыняць тытул князя Мсціслаўскага. Кароль згадзіўся. Пасял смерці свайго цесця ён атрымаў ад караля Аляксандра Мсціслаўскае княства. Аднак Міхаілу Іванавічу недаставала цвёрдасці: адзін раз ён быў саюзнікам польскага караля, другі раз – маскоўскага князя, словам,таго з ваяваўшых паміж сабою, хто перамагаў. Ворагі помсцілі князю за такое непастаянства, але пакутавалі ў асноўным бедныя жыхары. Агнём знішчалася жыллё, а людзей бралі ў палон. Па волі лёсу Міхаіл Іванавіч застаўся без наследнікаў мужчынскага роду і дараваны яму ўдзел мог аддаць каму б захацеў. Па просьбе каралевы Боны (жонкі Жыгімонта І) князь згадзіўся ўсынавіць каралёўскага сына Жыгімонта Аўгуста ІІ і прызнаць яго сваім наследнікам. У сувязі з гэтым, у 1528 г. каралеўскім распараджэннем мсціслаўскі ўдзел быў аддадзены ў арэнднае ўтрыманне сыну брэсцкага старосты Яну Ілінічу з тым, каб палову даніны даваць князю Міхаілу Іванавічу, а палову – усыноўленаму ім каралевічу Жыгімонту Аўгусту.

Пасля смерці Міхаіла Іванавіча Мсціслаў быў прызначаны старостам, з якіх першым быў князь Іван Васільевіч Палубенскі.

Пашырэнне тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, як сцвярджае вядомы беларускі гісторык У. Ігнатоўскі, ішло “больш шляхам згоды, чым шляхам уціску і вайны…”. Асобныя воласці і гарады самохаць прызнавалі новую ўладу і глядзелі на яе, як на пажаданую ўладу. Як на выключэнне можна паказаць толькі на Смаленск з яго тэрыторыяй: ён быў прылучаны да Літоўска – Беларускага гаспадарства ваяўніцкім шляхам. Але і тут не было дружнага адпору. Яшчэ раней у Смаленску была гнрамадзянская партыя, якая спачувала і цягнулася да Літвы. Прадстаўнікі гэтай партыі адчынілі гарадскую браму літоўска – рускаму войску, і яно амаль што без перашкод увайшло і заняло Смаленск. Адбылося гэта ў 1404 г.

З XIV ст. гарады, якія ўваходзілі ў Вялікае княства Літоўскае, пачалі атрымліваць ад вялікіх князёў так званае магдэбургскае права, паводле якога эканамічная дзейнасць, маёмасныя правы, грамадска – палітычнае жыццё, саслоўны стан гараджан рэгуляваліся ўласнай сістэмай юрыдычных нормаў, што адпавядалі ролі гарадоў як цэнтраў вытворчасці і грашова – таварнага абмену. У 1641 г. Магдэбургскае права атрымаў і Чэрыкаў.

З XIV ст. Вялікаму княству Літоўскаму сур’ёзнай пагрозай стаў Тэўтонскі ордэр. Крыжакі рабілі частыя паходы на землі Вялікага княства.

Змаганне з крыжакамі было, паміж іншым, адной з прычын злучэння Вялікага княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім. 14 жніўня 1385 г. вялікі князь Ягайла заключыў саюз з Польшчай (Крэўская унія). Паводле гэтага пагаднення, Ягайла ўступаў у шлюб з польскай каралевай Ядвігай і ў 1386 г. быў абвешчаны каралём Польшчы. Цікавы той факт, што ў канцы XIV і пачатку XV ст. Магілёў з воласцю, куды ўваходзіла і частка Чэрыкаўскім зямель, належаў каралеве Ядвізе.

Хто ж з’яўляўся ўладальнікам гэтых зямель ў наступныя часы?

Пазней, у XV ст., Магілёўшчына знаходзілася ў непасрэдным уладанні вялікіх князёў і аддавалася імі ў кіраванне асобаму намесніку.

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір ў сваёй грамаце магілёўскім баярам Ілінічам на зямлю ў Магілёве ўспамінае аб намесніках, старцах і мужах магідёўскага замка. Жонка польскага караля Аляксандра Алёна Іаанаўна пацвердзіла гэту грамату ў 1506 г. У ліку іншых зямель Магілёў з воласцю ўваходзіў у склад яе ўладанняў. Пасля смерці Алёны Іаанаўны, у пачатку 1514 г., кароль Жыгімонт І Магілёўскае староства аддаў Георгію Дзеспату Зяновічу ва ўзнагароду за тое, што той ездзіў паслом да Крымскага хана і заключыў саюз. З гэтага староства ён атрымаў даход каля 1630 коп грошай Літоўскіх. Пасля яго староства было прылічана Жыгімонтам Іда свайго Каралеўскага стала. Стэфан Баторый аддаў Магілёўскае староства ва ўтрыманне Слуцкім князем Сямёну і Аляксандру Алелькавічам на правах арэнды пад заклад за суму, узятую ў іх каралём на ваенныя выдаткі.

У розныя гады Магілёўскімі староствамі былі: Ян Шчыт, Юрый Шчытовіч, Іван Нарушэвіч, князі Саламярэцкія, Аляксандр Хадкевіч, Ямантовіч, Дзмітрый Халецкі, Леў Сапега і інш.

Прыблізна ўгэты ж час да Падняпроўскіх валасцей Віленскага біскупства належаў і замак Крычаў з воласцю, куды ўваходзілі некаторыя Чэрыкаўскія землі. Ён знаходзіўся ў трыманні асобага намесніка, што быў падначалены Віленскаму ваяводзе як вышэйшайінстанцыі. У 1521 г. Жыгімонт аддаў Крычаў “з месцам і ўсімі людзьмі воласці Крычаўскае” князю Васілію Сямёнавічу Жылінскаму на тры гады з усімі даходамі “для выбиранья сумы его”, а потым “врядом, до его живота”. Князь Жылінскі называецца ў актах спачатку намеснікам, а потым дзяржаўцаю.

З 1550 г. Крычаўскае староста каралём было “даравана ва ўзнагароду па смерць” спачатку братам Шалухам, потым князю Саламярэцкаму, пасля яго Лукомскаму, графу Весялоўскаму, Пацу, князям Радзівілам, нарэшце маршалу графу Мнішаку.

У 1410 г. гэтыя мясціны наведаў польскі кароль Ягайла.

Паводле ўніі 1385 г. юрыдычна землі Вялікага княства Літоўскага на вечныя часы прылучаліся да Кароны Польскай, як бы зусім прыпынялася незалежнае існаванне Вялікага княства, і яно рабілася разам з Польшчаю адным палітычным, дзяржаўным арганізмам. Як падкрэслівае У. Ігнатоўскі, “недарма пасля уніі ўсе літоўска – беларускія князі павінны былі прыняць прысягу на вернасць Кароне Польскай, і літоўска – беларускія баяры – каталікі атрымалі такія самыя правы, якія былі ў польскіх паноў”. Аднак гэта унія была зроблена больш на паперы, чым у жыцці. Праўда, ужо адчыняліся дзверы для палітычнага і рэлігійнага ўплыву, але фундаментальнай змены жыцця ў той час не атрымалася.

У 1430 г. вялікім князем стаў Свідрыгайла – праціўнік уніі з Польшчай. Ён апіраўся на падтрымку праваслаўных феадалаў, якім дарыў землі і дзяржаўныя пасады. Але гэта выклікала нездаволенасць літоўскай арыстакратыі, якая абвясціла вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча (1432 - 1440). У 1440 г. ён стаў ахвярай змовы. Вялікакняская знаць абвясціла вялікім князем Казіміра IV (1440 - 1492). З яго імем звязана першае вядомае ўпамінанне аб Чэрыкаве ў 1460 г. “У памяць выратавання Каралевы Елізаветы ад утаплення, 20 ліпеня ў дзень Прарока Ільі, Казімір загадаў пабудаваць на Беларусі некалькі цэркваў праваслаўных на берагах рэк Дзвіны, Дняпра і Сожа: у Віцебску, Бешанковічах, Магілёве, Крычаве, Оршы і Чэрыкаве і дараваў гэтым храмам ва ўладанне пераводы”. На жаль, пабудаваная ў Чэрыкаве па загаду Казіміра царква не захавалася. Аб яе лёсе паведамляе А. Турчыновіч. Ён піша, што царква згарэла.

Гісторыя Чэрыкаўшчыны, як і усёй усходняй Беларусі, з канца ХV ст. непарыўна звязана з узвышэннем Маскоўскага княства, якое ў 1480 г. скінула ярмо мангола – татарскай няволі.

Усе дробныя ўдзельныя княствы ўжо страцілі сваю незалежнасць і ўвайшлі ў склад Маскоўскага гаспадарства. “Уладар Маскоўскі кіруе ў сваёй вялікай дзяржаве так, як некалі яго продкі кіравалі ў сваім удзеле – вотчыне – пісаў у гэтай сувязі У.Ігнатоўскі. – Ён нават лічыць, што ўсе землі славян ёсць яго вотчына. “Вся Русская земля Божиею волею из старины наша вотчина”. Маскоўскі князь ужо забыўся, што “из старины” яго вотчынаю быў невялічкі маскоўскі ўдзел. І, пэўна, справа тут не ў старасвеччыне, а ў моцы. Маскоўскі гаспадар мае цяпер вялікую моц, ён лічыць сябе прадстаўніком і ўласнікам усяе Русі”. Як падкрэслівае О. Турчыновіч, “першым непазбежным вынікам гэтага была сутычка з Літвою. Затым, з часоў Іаана ІІІ пачынаецца векапомная вайна, вайна, якая цягнулася амаль 150гадоў, на працягу якіх Літва і Расія ваявалі на жыццё і смерць за Беларусію і вобласць Паўночную; вайна, якая ператварыла ў журботную пустыню большую частку гэтага краю, выратаванага раннім падданствам Літве, магутнасцю Альгерда і Вітальда ад іга Мангольскага.”

“За працяглую вайну былі спустошаны воласці і нарады, “узятыя на шчыт”:…Магілёў (1515, 1519, 1535, 1564, 1580, 1588, і 1595), Мсціслаў (1502, 1506, 1508, 1514)”.

Моцна пацярпелі ад гэтай вайны Крычаў і прылягаючыя да яго землі. Без-Карніловіч прыводзіць пералік паходаў рускіх войск у гэты край.

“У 1508 г. Маскоўскі вялікі князь Васіль Іванавіч пасылаў да Крычава князя Данілу Шчэню і баярына Якава Захар’іча, дзе яны спалілі многа сёл і пасадаў”.

У 1508 г. пад Крычавам адбылася кровапралітная сутычка паміж Літоўцамі і Расіянамі.

У 1514, 1515 і 1516 гг. Крычаў папераменна пераходзіў пад уладу Расіян і Літоўцаў: нарэшце застаўся за апошнім.

У 1535 г. князь Шуйскі спустошыў ваколіцы Крычава.

Шмат вёсак, невялічкіх мястэчак былі зруйнаваны у тым ліку і на Чэрыкаўшчыне за часы гэтага змагання. Усё тое, што зрабіла многавяковая праца народных нізоў, гіне ў часы змагання. У гэтай сувязі У Ігнатоўскі піша: “Зямля зарастае частым лесам. Людзі бадзяюцца па лясах, хаваючыся там ад забойства і рабавання. Прыпыняецца народная творчасць. Насельнікі краю, бачачы, што барацьбе няма канца – краю, кідаюць сваю родную зямлю і бягуць на Украіну. А барацьба ўсё ідзе. Войны аднаўляюцца ў 1516, 1518, 1519, 1534 і 1536 гадах. І тая і другая частка, змучаныя змаганнем, робяць зноў згоду, каторая цягнецца толькі 25 гадоў. Пры Іване IV Грозным у 1561 годзе зноў пачынаецца так званая Лівонская вайна, якая таксама адбывалася на на тэрыторыі Беларусі.

Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсць іх “вотчына”.

На перыяд войнаў паміж Масковіяй і Вялікім княствам Літоўскім прыпадаюць яшчэ і бедствы для ўсходніх і паўднёвых раёнаў княства, якія прыйшлі з боку крымскіх татар. Як вядома, у другой палове ХV стагоддзя на паўднёвых межах Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага з’явіўся моцны і небяспечны вораг – Крымскае ханства. Яно ўтварылася ў выніку распаду калісь магутнай Залатой Арды. Крымскія ханы, татарская вярхушка жылі за кошт пастаянных нападаў на суседнія землі. Войны і рабункі былі заўжды іхнім рамяством і сродкам існавання. Асаблівую каштоўнасць для татараў ўяўлялі палонныя, у першую чаргу маладыя і дужыя людзі, якіх яны потым прадавалі на нявольнічых рынках Крыма і Турцыі. Вялікім попытам карысталіся дзяўчынкі, якія папаўнялі ханскія і султанскія гарэмы.

Галоўным аб’ектам для сваіх спусташальных набегаў крымскія ханы абралі багатыя, урадлівыя землі свайго паўночнага суседа – Вялікага княства Літоўскага.

Акрамя прагі нажывы, да спусташальных набегаў іх падштурхоўвала і палітычная прычына: у 1480 г. паміж крымскім ханам Менглі-Гірэем і маскоўскім уладаром Іванам ІІІ было заключана пагадненне аб сумеснай барацьбе з Вялікім княствам Літоўскім. Крымскі хан паабяцаў Маскве ваяваць землі Вялікага князя літоўскага Казіміра.

Аднымі з першых пад удар крымчан трапілі землі Пасожжа, Сярэдняга і Верхняга Падняпроўя. Татары палілі гарады і вёскі, рабавалі нажытае дабро, выводзілі ў палон насельніцтва. Набегі на гэтыя землі рабіліся штогод, а часам некалькі разоў на год. Шматлікія мурзы і князі, ханскія сыны, маючы свае ўласныя войскі, рабілі самастойныя набегі. У 1500 – 1503 гг. Маскоўскі самадзяржавец Іван ІІІ неаднаразова інструктаваў Менглі – Гірэя, каб крымскія войскі накіроўваліся ў бок Вялікага княства, тым самым ён хацеў паслабіць заплечча абароны на ўсходняй мяжы Вялікага княства Літоўскага. Найбольш буйнымі былі набегі крымскіх татар у 1508, 1510, 1521, 1527 гадах.

Радзейшымі і менш адчувальнымі набегі крымчан сталі толькі пасля 1530 г., калі князь Іван Дубровецкі ў чарговы раз разграміў крымскіх наезнікаў.

Пасля Крэўскай уніі 1385 г., якая не была рэалізавана ў жыццё, пытанне аб аб’яднанні Вялікага княства Літоўскага с Польшчай падымалася зноў і зноў у наступныя гады: 1401, 1413, 1447, 1451, 1453, 1501, 1503, 1564, 1566, 1567. Як відаць з пераліку гадоў, пытанне аб уніі асабліва падкрэсліваецца і вымагаецца жыццём у 60-я гады XVI ст. Галоўнай з прычын гэтага з’явіўся той польскі сацыяльны і палітычны ўплыў, якому былі адчынены дзверы на тэрыторыю Вялікага княства актам 1386 г. Апрача таго, на ўнію з Польшчай гоніць і націск з усходу, з боку Маскоўскай дзяржавы. Гэты націск робіцца асабліва моцным якраз у 60-я гады XVI ст., калі ў Маскве развіваецца апрычніна. Ратуючыся ад тэрору Івана ІV Грознага, уладары Вялікага княства Літоўскага апошні раз падпісалі ўнію з Польшчай. Гэта адбылося 1 ліпеня 1569 г. У гісторыі яна вядома як Люблінская. Гэта ўнія скончыла незалежнае самабытнае існаванне Вялікага княства Літоўскага, якое стала складовай часткай Рэчы Паспалітай. (Трэба вызначыць, што грошы ў Рэчы Паспалітай і ў Вялікім княстве былі асобныя, таксама захавалася асобнае войска, заканадаўства, урад на чале з канцлерам вялікім літоўскім, Вялікае княства збірала і свае асобныя сеймы, мела межы і мытні, свой герб)

Да гэтага часу адбыліся змены і на адміністрацыйнай карце Вялікага княства Літоўскага. Паводле адміністрацыйна – тэрытарыяльнай рэформы 1565 г. былі ўтвораны новыя ваяводствы, у тым ліку і Мсціслаўскае. Яно ўключала ў сябе тэрыторыі Мсціслаўскага, Чэрыкаўскага, Клімавіцкага, Магілёўскага, Чавускага, частку Быхаўскага раёнаў, а таксама Краснаполле і Радзівілава. Суседнія гарады Рагачоў, Чачэрск і Гомель таксама былі цэнтрамі старостваў, але яны ўваходзілі ў склад Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства, Прапойск – Быхаўскага павета, таго ж ваяводства. У канцы ХVІ ст. чэрыкаўскія вёскі Лобча, Азёры і Чудзінавічы ўваходзілі ў Прапойскае, Вепрын і Глінь – Мсціслаўскае, Паходавічы, Нарковічы, Вудага, Чэрыкаў – у Магілёўскае староствы. Пасля Турэцкай вайны 1621 г. кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Аляксандру Сапегу, старосце Аршанскаму, ва ўзнагароду за заслугі даў староствы: Чачэрскае і Прапойскае. Такім чынам, частка Чэрыкаўскіх зямель стала належаць яму.

Дзяржаўная Люблінская ўнія забяспечвала для Польшчы палітыка – сацыяльныі часткова культурны ўплыў на Беларусь. Але быў яшчэ адзін факт у жыцці злучаных дзяржаў, які ставіў перашкоды для скасавання асобнага твару Вялікага княства: у Польшчы панавала заходняе хрысціянства, каталіцтва, на Беларусі – праваслаўная вера. Гэты факт, апроч таго, збліжаў Беларусь з праваслаўнай Масковіяй і ставіў яе ў іерархічную залежнасць ад маскоўскага патрыярха, з чым Польшча не магла згадзіцца. За ўніяй дзяржаўнай павінна было падняцца пытанне і аб царкоўнай уніі. Тут будзе дарэчы ўспомніць аб каталіцкім уплыве на праваслаўнае насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, нават і ганенні на праваслаўную веру. Асабліва яны ўзмацняюцца, калі на польскі трон у 1587 г. уступіў Жыгімонт ІІІ, які “не адрозніваўся хрысціянскай верацярпімасцю. Нарэшце, у 1595 г. учынілася і славутая Унія: Кіеўскімітрапаліт і пять епіскапаў падначалілі сябе Папе. З гэтага часу пачалося яўнае праследаванне праваслаўных”.

Каталіцтва давала права для заняцца вышэйшых урадавых пасад. На падставе пашырэння уніяцтва і каталіцтва вырастае шмат злачынстваў. Напрыклад, у сваёй прамове на сейме у 1620 г. пасол сейма Лаўрык Дравінскі падкрэсліў, што людзі праваслаўнай веры не маюць магчымасці жыць у гарадах, купцы не маюць права гандляваць, рамеснікі – запісвацца ў цэхі і г.д.

12 студзеня 1650 г. Ян Казімір аб’явіў аб вяртанні праваслаўным некаторых цэркваў, якія былі раней адабраны ўніятамі. Аднак ганенне на праваслаўе працягвалася і ў другой палове XVIІ і нават у XVIІІ ст. Бедствы ад яго цярпелі,безумоўна, і жыхары Чэрыкаўшчыны. Закрываліся праваслаўныя цэрквы, рабавалася іх маёмасць, у манастырах трымалі жывёлу. На карысць уніі быў адабраны Ануфрыеўскі манастыр. У канцы XVIІ ст. у с. Язёры была знішчана праваслаўная царква Пятра і Паўла. Прыхаджане спрабавалі абараніць царкву, але былі жорстка пакараны “камісарамі”, якія прыехалі з Вільна. Царква гэта была разабрана па бярвёнах. У пачатку XVIІІ ст., а дакладней у 1724 г., уніятам была перададзена праваслаўная царква ў Чэрыкаве. Аднак прыхаджане гэтай царквы не прынялі ўніяцтва, а пачалі хадзіць у бліжэйшую праваслаўную царкву. У наступныя гады на карысць уніі былі адабраны праваслаўныя цэрквы: 7 мая 1733 г. – у м. Маляцічы, 15 сакавіка 1742 г. – у с. Кашаны, 10 мая гэтага ж года - у с. Верамейкі, 6 сакавіка 1743 г. – у с. Добрае, 20 студзеня 1744 г. – у с. Краснаполле, 5 кастрычніка – 1745 г. – дзве царквы у м. Крычаў, 28 студзеня 1746 г. – у с. Красовічы, у маі 1747 г. – у с. Студзянец і г.д. Праваслаўныя свяшчэннікі падвяргаліся праследванням. Іх пазбаўлялі маёмасці, адбіралі грошы, саджалі ў турмы.

Гонячыся за тымі эканамічнымі, сацыяльнымі і палітычнымі карысцямі, якія абяцала прыняцце каталіцтва, некаторыя прадстаўнікі шляхты Вялікага княства Літоўскага паступова пачалі пераходзіць у каталіцкі лагер. Атрымаўшы палітычныя правы і каталіцкую веру, яны пачалі пераймаць і польскі лад жыцця. Польскія звычаі і мова сталі іх ідэалам. Але доўга яшчэ ўрадаваю, дзяржаўную мовай на Беларусі заставалася беларуская мова. У гэтым, відаць, ёсць і некаторая заслуга ўніяцкай царквы, якая, захаваўшы амаль цалкам усходнюю абраднасць, не перайшла на польскую ці лацінскую мовы. Як падкрэслівае У. Ігнатоўскі, “асобыя групы на Беларусі на працягу данага перыяду не паддаваліся польскаму культурна – нацыянальнаму, рэлігійнаму і сацыяльнаму ўплыву. Завязалася нацыянальна – культурная і нацыянальна – сацыялістычная барацьба. У барацьбе гэтай прынялі ўдзел царкоўныя брацтвы і казацтва”. У XVIІ ст. на шлях шырокай грамадзянскай працы выступаюць і брацтвы Магілёўшчыны. Яны існавалі ў Магілёве, Крычаве, у іншых гарадах.

Казацтва вядома яшчэ з канца XVI ст. Яно злажылася на паўднёвай ускраіне Рэчы Паспалітай і атрымала назву ўкраінскага, аднак аб’яднала ў свае рады і беларускіх беглых мужыкоў, якія супраціўляліся сацыяльна – эканамічнаму, нацыянальнаму і рэлігійнаму ўціску. Асабліва моцна казацкі рух разгарэўся ў 1648 г. пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Ён ускалыхнуў поўдзень і ўсход Беларусі. Ніжэйшыя станы, якія спадзяваліся дабіцца лепшай долі, спачувалі ім. Шляхта глядзела на паўстанне са страхам і абурэннем. Паўстанцы выразалі шляхціцаў, палякаў, не шкадуючы нават старых, малых, жанчын. Вялікія спусташэнні былі зроблены імі пад Магілёвам, Мсціслаўлем. На барацьбу з паўстаўшымі былі нактраваны войскі пад камандаваннем гетмана Януша Радзівіла. Пайшла барацьба, якая была вельмі крываваю. У жніўні 1648 г. атрады казакоў і сялян пад кіраўніцтвам Крывашапкі ўвайшлі ў Чэрыкаў і адсюль грамілі шляхецкія памесці. У гэтым жа годзе ў Чэрыкаве адбылося паўстанне гараджан.

У паёне Старога Быхава, Чачэрска і Чэрыкава дзейнічалі паўстанцкія атрады Гаркушы і Падабайлы. Аднак, карыстаючыся недастатковай арганізаванасцю і раз’яднанасцю паўстанцаў, урадавыя войскі пачалі супраць іх разгорнутае наступленне. Ужо к канцу кастрычніка ў Чэрыкаў былі накіраваны войскі магнатаў Паца і Друцкага-Горскага. Паўстанне было падаўлена. У пачатку 1649 г. зноў успыхнула паўстанне жыхароў Чэрыкава. Яно было таксама люта падаўлена ўрадавымі войскамі. 16 сакавіка гэтага ж года вяземскі ваявода пісаў цару Аляксею Міхайлавічу: “Ляхі ў тых гарадах беларусцаў усіх пасеклі і стаяць у тых гарадах ляхі абозамі”. У часы кіравання польскага караля і вялікага князя літоўскага Яна Казіміра і маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча зноў пачаліся войны паміж Масквою і Рэччу Паспалітаю.

У 1654 г. рускія войскі ўступілі на тэрыторыю Беларусі, і “злашчасны Магілёўскі край зноў падвергся спусташэнням і такім жа жорсткім, як і ў вайну XVI стагоддзя”. Асабліва пацярпеў г. Крычаў і тэрыторыя вакол яго. Вось што паведамляе аб гэтым А.С.Дамбавецкі: “Пастаўленыя каралём Дзяржаўцы Крычава былі настолькі вядомы сваім вераломствам, што пастаянна атрымлівалі напамінак – не рабіць ніякай зачэпкі да парушэння спакою. Не падпарадкоўваючыся каралеўскім унушэнням, пастаянна зневажаючы маскоўскіх ваявод, крычаўцы жорстка паплаціліся за гэта. Горад іх, які квітнеў гандлем, асабліва са Смаленскам, карыстаўся Магдэбургскім правам, быў спустошаны і спалены Рускімі. З канца XVIІ стагоддзя Крычаў ужо не паднімаўся болей”. Аб моцным разарэнні сялян Крычаўскага, Мсціслаўскага, Чавускага і Чэрыкаўскага паветаў паведаміў цару Аляксею Міхайлавічу ў пісьме ад 12 мая 1655 г. наказны гетман Іван Залатарэнка. У гэтым жа пісьме ён піша цару аб далучэнні жыхароў названых паветаў да рускага гаспадарства. За ваенныя заслугі перад царом вёскі “Вербеж з млынам, Глінь, Удоўск, Шароеўка, Паходавічы, Лабанаўка” і іншыя былі падараваны Мікалаю Кгельдзе. Падставай для гэтага паслужыла чалабітная Аляксею Міхайлавічу, датаваная 13 снежня 1654 г.

Руйнаванне Беларусі ішло 13 гадоў. У руках маскоўскага гаспадара апынуліся Магілёўшчына, Віцебск, Менск, іншыя беларускія гарады. “У час гэтай вайны Вялікае княства страціла кожнага другога жыхара. Менавіта ў выніку гэтае вайны ўзмацніліся польскія і каталіцкія ўплывы на Беларусі, а старабеларуская мова перастала быць дзяржаўную у Вялікім княстве Літоўскім”, - сцвярджае ў сваім каментарыі да “Кароткага нарыса гісторыі Беларусі” У. Ігнатоўскага Анатоль Сідарэвіч. Вайна з Расіяй скончылася Андрусаўскім перамір’ем, якое было падпісана 30 студзеня 1667 г. у в. Андрусава, што на мяжы Смаленскага і Мсціслаўскага паветаў. Паводле ўмоў перамір’я Правабярэжная Україна і Беларусь засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай.

К канцу вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, а дакладней к 1667 г., адносіцца прывілея Яна Казіміра, якая прадстаўляе інтарэс для тых, хто цікавіцца пытаннямі землеўладання на Чэрыкаўшчыне. Гэтай прывілеяй Чавусы і Чэрыкаў, якія належалі раней Мсціслаўскай каралеўскай эканоміі, былі аддадзены ва ўладанне Васілю Красінскаму.

Многа бедстваў цярпелі сяляне і ад пастояў каралеўскіх і магнацкіх вайсковых фарміраванняў (харугваў). Гэтыя пастоі патрабавалі ад прыгоннага селяніна дадатковых выдаткаў са сваёй гаспадаркі ў залік так званай стацыі – павіннасці ў выглядзе прадуктаў харчавання, жывёлы ці грошай. Акрамя таго, жаўнеры харугваў адкрыта рабавалі мясцовае насельніцтва. Вось, напрыклад, ёсць даныя, што ў 1691 г. у вёсцы Вепрын бачылі двух халопаў Рафея і Міхала, якія салдатамі пана Коркуцябылі збітыя, скалечаныя, зраненыя. Яны ляжалі ўжо на смертным одры. У тым жа Вепрыне два халопы Пётр і Восіп жаўнерамі паноў Кулакоўскага і Скрэтуцкага на смерць збітыя. Тут таксама было нямала хат пустых, з якіх людзі падчас кватаравання жаўнераў былі вымушаны разысціся, не сцярпеўшы гвалтаў і мардавання. У 1696 г. у вёсцы Зоры жаўнеры сагналі ўсіх мужчын у вялізны хлеў і зачынілі. Трымалі іх там пад аховай цэлых тры дні. За гэты час жаўнеры – рабаўнікі канфіскавалі ў сялян усё збожжа, грошы, гаспадарскія прылады і ўвогуле, што толькі магло ім прыдацца. На чацвёрты дзень, калі вёска была поўнасцю разрабавана, зняволеных прыгонных па аднаму выпускалі з хлява–турмы, клалі на зямлю, няшчадна білі бізунамі і прымушалі прысягаць у тым, што яны не будуць звяртацца да князя са скаргамі на харугву.

Рабаўніцтва жаўнерамі харугвы гетмана Вялікага княства Літоўскага, якое было ўсчынена ў дачыненні да сялян вёсак Дубяйцы і Крывая Ніва, з’явілася прычынай сялянскіх выступленняў, якія ў 1690 – 1691 гг. ахапілі тэрыторыю цяперашніх Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага і Чэрыкаўскага раёнаў. Харугва гэтая мела благую славу і займалася хабарніцтвам і ліхадзействам. Калі жаўнеры з’явіліся ў Дубяйцах, сяляне адразу ж адмовіліся ўзяць іх на пастой, аднак самаўпэўненыя паны – жаўнеры не прынялі гэты пратэст сялян у разлік. Тады ўзброеныя дубальтоўкамі сяляне напалі ноччу на жаўнераў, якія спалі ў вясковай пуні. Халопы лупілі жаўнераў дубовымі каламі і ручніцамі. Справа скончылася тым, што сяляне, павязаўшы няўдачлівых ваяк – хабарнікаў, зачынілі іх да раніцы ў лазні, а потым, на досвітку, выгналі іх з ганьбай з вёскі.

Дабраўшыся праз два дні пешшу да Крычава, жаўнеры далажылі свайму старшаму пану Канажэўскаму аб тым, што з імі адбылося. У той жа дзень у Дубяйцы быў накіраваны конны атрад жаўнераў для ўціхамірвання бунтаўшчыкоў. Але дубянецкія сяляне, уз’яднаўшыся з жыхарамі суседней вёскі Крывая Ніва, з засады разграмілі асноўную частку гэтага коннага атрада і пачалі праследаваць яго па дарозе на Крычаў. На паўшляху паміж Дубяйцамі і Крычавам сялянская пагоня сустрэла самаго Канажэўскага, які сабраў чэлядзь і вырашыў асабіста ўдзельнічаць у расправе над сялянамі. Пачалася бойка. У ход пайшла зброя і сяляне вымушаны былі адступіць.

Доўгі час ні жаўнеры, ні сам пан Канажэўскі не паказваліся ні ў Дубяйцах, ні ў Крывой Ніве. У хуткім часе сялянскія хваляванні пачаліся і ў вёсках Брацькавічы, Відуйцы, Вепрын і іншых. Для ўсмірэння сялян Радзівілы кінулі новыя войскі. Летам 1691 г. паўстанне ў названых вёсках было задушана. Многія яго ўдзельнікі былі пакараны смерцю, а вёскі і іх маёмасць разрабаваны.

Вялікім бедствам падверглася Чэрыкаўшчына і ў пачатку XVIІІ ст. Полымя Паўночнай вайны (1700 - 1721) абпаліла і тутэйшы край. “Зноў нашы продкі паплаціліся за чужыя інтарэсы. Пётр, каб лепш падрыхтавацца да вайны ў сваіх межах, паслаў войскі на Беларусь, каб яны тут затрымлівалі шведаў… Зноў руйнаваліся гарады і вёскі Беларусі, гінулі людзі”. За гады Паўночнай вайны Беларусь страціла каля 700 тыс. чалавек насельніцтва. 7 ліпеня 1708 г. авангард войск шведскага караля Карла ХІІ уступіў у Магілёў. Тут ён прабыў каля месяца, а 4 жніўня, пераправіўшыся цераз Днепр і дачакаўшыся прыходу ўсіх сваіх часцей, пайшоў да Чэрыкава. У гэты час Пётр І “з паловаю пяхоты прыбыў у Мсціслаў”, дзе і даведаўся, што “Карл з часткаю войска, другую адправіўшы да Гомеля, пайшоў да Чэрыкава. Пётр рушыў за ім і … агледзеўшы тутэйшыя балоты, сам выбраў пераправу і войска сваё перавёў. Калі Карл даведаўся аб перамяшчэнні рускіх войск, ён зрабіў спробу навязаць Пятру генеральны бой. З гэтай мэтай ён павярнуў войскі ад Чэрыкава да Мсціслаўля.

28 жніўня руская армія сканцэнтравалася каля в. Добрае, а 30 жніўня 8 батальёнаў атакавалі шведскі авангард.

Бой працягваўся дзве гадзіны. Шведы не вытрымалі. Аб выніку бітвы Пётр І пісаў сваім прыбліжаным:

«По двучасном непрестанном огне Голицин и Флюк неприятелей сбили и с 3000 трупов, кроме раненых, положили знамена и прочее подобрали. Потом король шведский сам на сикур пришел, однако же наши отошли от них, кроме разорения строю. Надежно вашей милости пишу, что я как почал служить, такого огня и порядочного действия от наших солдат не слыхал и не видал (дай боже и впредь так!) и такого еще в сей войне король Шведский ни от кого сам не видал».

Так быў нанесены першы ўдар па авангарду шведскай арміі. 7 верасня 1912 г. яэрыкаўскі павятовы спраўнік пісаў у губернскае ўпраўленне ўнутраных спраў: “Каля сяла Добрае Маляціцкай воласці ў 1708 годзе адбылася бітва рускіх са шведамі, на месцы бітвы засталіся тры земляныя акопы”.

Яшчэ адна вядомая ў перыяд Паўночнай вайны бітва адбылася паблізу Чэрыкаўскіх зямель. 28 верасня 1708 г. рускія войскі каля в. Лясная (зараз у Слаўгарадскім раёне) разбілі шведскі атрад генерала А. Левенгаўпта, які рухаўся з Рыгі на злучэнне з асноўнымі сіламі арміі Каола ХІІ. Атрад гэты налічваў 15 тыс. чалавек, меў абоз з прадуктамі харчавання і амуніцыяй. Бітва працягвалася пяць гадзін з пераменным поспехам. Калі прыбыў атрад генерала Р.Х. Баура, ход бітвы вырашыўся на карысць рускіх. Шведы страцілі забітымі 8,5 тыс. чалавек, пакінулі параненых, артылерыю і частку абозу. Бой пад Лясной Пётр І назваў “маці Палтаўскай баталіі”.

Аб пакутах, якія выпалі на долю жыхароў усходняй Беларусі, у тым ліку і продкаў сучасных чэрыкаўлян, у выніку ваенных дзеянняў на гэтай тэрыторыі на працягу некалькіх стагоддзяў, з горыччу расказаў М.В. Без-Карніловіч.

“Белоруссия одинаково страдала от опустошения, произведенного войсками враждовавших между собою сторон. Не менее ей были бедственны войны: Царя Иоанна Васильевича с Польским Королем Сигизмундом Августом и Стефаном Баторием, Царя Михаила Феодосовича с Сигизмундом ІІІ и Владиславом IV. Царя Алексея Михайловича с Иоанном Казимировичем, Императора Петра Великого с Карлом XII. В эти – то смутные периоды разоренные жители, лишенные домашнего счастья и покоя, в дремучих лесах искали для себя спасения и приюта; многие из тысячи погибли от меча, болезней, голода, язвы; пожары истребили памятники древности, архивы, акты, летописи.

Белоруссия – страна, где мечом решались споры враждовавших народов между собою; в ней каждая верста была оспариваема мужеством, куплена кровью, ознаменована славою! Эту землю можно было назвать обширным кладбищем бесчисленного числа побитых, сражавшихся за веру, права своих властителей, их честь и достояние: селищем мирных жителей – несчастных жертв войны, нашедших себе последний спокойный приют в недрах той самой земли, на которой в первый раз взглянули на свет божий”.

Закранула Чэрыкаўшчыну і паўстанне ў Крычаўскім старостве. Андрэй Меер пісаў: “Пры княгіні Радзівілавай здарылася вядомае народная замяшанне, якае працягвалася з 1740 па 1743 год і ў якім не малая колькасць яўрэяў і супраціўляўшыхся бунтаўшчыкам мяшчан ад сваіх жа пабіты былі”.

Паўстанне ўзначалілі Васіль Вашчыла і яго найбліжэйшыя паплечнікі Іван Карпач, Стас Бачко, Васіль Вецер і іншыя. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў. Кульмінацыйнага пункту хваляванні дасягнулі ў канцы 1743 г. Каб разграміць паўстаўшых, Радзівіл 15 студзеня 1744 г. накіраваў у мяцежныя раёны войскі. “У студзені месяцы каля сярэдніх чысел прысланы ад князя палкоўнік празваннем Пястжэцкі з немалой колькасцю воінскіх людзей, каторы у гарадку Крычаве з камандаю сваёй спыніўся”. У той час галоўныя сілы паўстаўшых знаходзіліся ва ўсходняй частцы староства за р. Сож. 18 студзеня яны падышлі да Крычава і атакавалі горад. Але сілы былі няроўныя, і паўстаўшыя вымушаны былі адступіць. У час бою больш за 100 паўстанцаў загінула, 500 было паранена і 77 узята ў палон. У в. Царкавішча сяляне разбілі новы лагер, у які пачалі ісці людзі. Іх колькасць за кароткі час дасягнула амаль 4 тыс. Але ў ноч на 26 студзеня на лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. Сяляне адступілі, пакінуўшы на полі бою больш за 200 забітых і шмат параненых; 176 чалавек, у тым ліку і некалькі кіраўнікоў паўстання, трапілі ў палон. “Многіх пакаралі, вешаючы за рэбры, ці садзілі на кол. Вашчыла збег у Маларусію”.

Сярэдзіна ХVІІІ ст. – час заняпаду федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Асабліва абвастрыўся эканамічны і палітычны крызіс у пачатку 70 – х гадоў. Гэта прывяло да таго, што ў 1772 г. адбыўся І падзел Рэчы Паспалітай паміж трыма дзяржавамі: Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй. Для ўсходніх зямель Беларусі, у тым ліку і для Чэрыкаўшчыны, пачаўся новы гістарычны этап – яны былі далучаны да Маскоўскай дзяржавы.