Быў такі маёнтак

У даным артыкуле размова пойдзе аб гісторыі населеных пунктаў былога Чэрыкаўскага павета, якія ўваходзілі ў так званы Язёрскі маёнтак: Язёры, Доўгае, Сакалоўка, Рагаліна, Прыпёчына, Рынкоўка, Дубраўка, Мірагошч, Горкі, Журавель і Усохі. Гістарычнае апісанне пералічаных сёл і вёсак будзе некалькі сціслым, бо дакументальных матэрыялаў, якія ёсць у архівах, музеях, друкаваных выданнях, вельмі мала. Звесткі, на аснове якіх напісаны артыкул, утрымліваюцца ў наступных дакументах: матэрыялы генеральнага межавання Магілёўскай губерніі 1783 - 1784 гг.; Агляды Магілёўскай губерні за 1897 - 1914 гг.; "Вопыт апісання Магілёўскай губерні 1882 - 1884 гадоў" у трох тамах пад рэдакцыяй А. С. Дамбавецкага ; дакладныя запіскі ўпраўляючых Язерскага маёнтка памешчыку і губернатару; справа аб забеспячэнні зямельнымі ўгоддзямі прычту Даўжанскай царквы; выкупныя акты, устаўныя граматы і іншыя матэрыялы па вызваленню сялян (1862 - 1870); Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні і інш.

Вядома, што засяленне зямель, дзе размяшчаліся вёскі і сёлы Чэрыкаўскага павета, адбывалася яшчэ ў першабытнасці на стадыях мезаліту і неаліту. Аб гэтым сведчаць матэрыялы археалагічных раскопак, археалагічныя знаходкі, выпадкова выяўленыя ў розных месцах. Напрыклад, неалітычная сякера, знойдзеная ў в. Рагаліна.

Магчыма, што фарміраванне населеных пунктаў праходзіла тут на аснове ўсходнеславянскага пасялення. Яны паступова склаліся ў вёскі. На гэту сувязь указвае наяўнасць у гутарковай мове мясцовых жыхароў слоў - архаізмаў, існаванне розных старажытных абрадаў, якія захаваліся ад усходніх славян - радзімічаў. У XIV - XVIII ст. Чэрыкаўскі павет, як і ўся Беларусь, уваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Аб гэтых старонках гісторыі вёсак амаль нічога невядома, якіх - небудзь дакументальных матэрыялаў не выяўлена.

У 1772 г. адбыўся І падзел Рэчы Паспалітай, па якому Ўсходняя Беларусь, у тым ліку Чэрыкаўскі павет, была далучана да Расіі. З 70-х гадоў XVIII ст. па канец 30-х - пачатак 40-х гадоў XIX ст. дзесяць населеных пунктаў Чэрыкаўскага павета - Язёры, Доўгая, Дубраўка, Горкі, Мірагошч, Журавель, Сакалоўка, Прыпёчына, Рагаліна і Рынкоўка - належалі маркізу Паўлу Хрыстафоравічу Маруцы і яго наследнікам. Прозвішча Маруцы хутчэй за ўсё франка - італьянскага паходжання: у той час у Расіі служыла нямала іншаземцаў. Маркіз быў дастаткова багатым чалавекам і, напэўна, займаў якую - небудзь высокую пасаду, бо яму быў падораны вялікі маёнтак, які знаходзіўся у выгадным месцы.

З 40-х гадоў да пачатку 70-х гадоў XIX ст. Язёрскі маёнтак належаў графу, члену Дзяржаўнага Савета Расійскай дзяржавы, генерал - ад'ютанту ад артылерыі Сяргею Паўлавічу Сумарокаву. Граф жыў у Пецярбургу і зрэдку заяджаў у свой маёнтак, у якім большую частку года жыла яго жонка з сям'ёй. Пасля падпісання выкупных актаў са сваімі сялянамі ў 1869 г. Сумарокаў прадае землі маёнтка ў пачатку 70-х гадоў князю Аляксею Абаленскаму. Абаленскія валодалі маёнткам да 1917 г. Князь Аляксей гаспадарыў у маёнтку да канца XIX ст., пасля яго смерці землі маёнтка атрымаў у спадчыну сын - Аляксей Аляксеевіч Абаленскі, адстаўны падпаручнік. У канцы першага дзесяцігоддзя ХХ ст. ён выбіраўся павятовым прадвадзіцелем дваранства. Князь памёр незадоўга да рэвалюцыі. Пасля яго смерці маёнткам валодала яго жонка - княгіня Абаленская. Яна была забіта ў 1917 г. у час рэвалюцыйных падзей.

Вызначыць паходжанне назваў указаных населеных пунктаў амаль немагчыма, розныя гіпотэзы выклікаюць сумненне, за выключэннем хіба толькі што Язёр. У канцы XVIII ст. Язёры называліся Азёры, а дзесьці з сярэдзіны ХІХ ст. з'явілася назва Язёры. Паходжанне слова Азёры указвае на сувязь назвы вёскі з наяўнасцю паблізу ад яе некалькі азёр. Гэтая версія падцвярджаецца і старажыламі вёскі.

Як ўжо гаварылася, у апошняй чвэрці XVIII ст. сёлы і вёскі Язёрскага маёнтка належалі маркізу Маруцы, чалавеку вельмі прадпрымальнаму і дзейнаму. Ён валодаў землямі па ніжняму і сярэдняму цячэнню р. Лабчанкі, а таксама ўздоўж абодвух берагоў р. Сож, прыблізна ад Горак і Мірагошчы да в. Журавель. Каля Сожа сяляне маркіза будавалі пласкадонныя лодкі - лайбы. У XVIII - XIX ст. рачныя судны будавалі наступных тыпаў: буйныя - баркі і берліны, сярэдніх размераў - плоці і лайбы і трохі меншыя - гіляры і дубы. Лайбы прадстаўлялі сабой лодкі даўжынёй 7 - 11 саж. (1 саж. - 213,36 см), або 15 - 23 м, шырынёй 4 - 7 арш. (1 арш. - 71,12 см), або 3 - 5 м, вырабленыя з яловага лесу, коштам ад 150 да 400 р. Гэтыя лодкі мелі мачту і парус, замест даху на іх былі дзве будкі: адна ў пярэдняй частцы лодкі для рабочых, другая на карме - для гаспадара. Асадка лайбы ў вадзе была каля 3 вяршкоў (1 вяршок - 4,44 см), або 12 - 15 см без грузу, ад 11 да 15 вяршкоў, або 45 - 60 сантыметраў з грузам да 2500 пудоў. Рухаліся яны з дапамогай вёслаў, месцамі і на парусах пры добрым надвор'і: да 50 вёрст (1 вярста - 1066 м) у дзень без паруса, з парусам - да 70 вёрст, супраць цячэння - 30 вёрст без паруса і з парусам - 50 вёрст.

Лайбы маркіз здаваў у арэнду чэрыкаўскім і чавускім купцам. Яны вазілі на іх розныя грузы ўніз па цячэнню Сожа для продажу. Грузілі смалу, пяньку, рагожы, сельскагаспадарчыя прадукты і везлі іх да р. Днепр, а потым яшчэ ніжэй да горада Крамянчуга.

На адваротным шляху везлі соль. Загружалі яе звычайна ў двух месцах: у Гомелі і Прапойску (цяперашні Слаўгарад), адкуль яна пастаўлялася ў гарады і мястэчкі Магілёўскай губерні.

Сяляне пана Маруцы займаліся ў асноўным вырошчваннем хлеба, выконвалі прыгонныя павіннасці, а таксама выплачвалі аброк як грашыма так і натурай. Сярод дадатковых прамысловых заняткаў можна выдзеліць пчалярства, возніцтва (зімой некаторыя сяляне , у асноўным жанчыны, звозілі розныя тавары на рачныя прыстані для сплаву вясной, а таксама ў Чэрыкаў і іншыя месцы). Акрамя палявых работ, жанчыны пралі воўну, ткалі палатно і сукно для сябе і памешчыка, а таксама на продаж для ўплаты грашовай сумы аброку, падаткаў, пакупкі неабходных у гаспадарцы тавараў. Рэштка вырабленай сялянамі прадукцыі звычайна прадавалася скупшчыкам і купцам, часта на месцы.

Мужчыны выконвалі не толькі палявыя работы, але нарыхтоўвалі лес, здабывалі дзёгаць, смалу, рабілі пяньку, працавалі на млынах гаспадара і г.д. У той час у кожным населеным пункце былі пабудаваны млыны. Так, у Язёрах на р. Азярэнка была невялікая сажалка (на месцы цяперашняга возера), каля якой стаяў млын, які дзейнічаў пры дапамозе вады ў веснавы і асенні час, летам толькі ў дажджлівы час. Тут абмалочвалі хлеб для патрэб памешчыка. Больш буйныя млыны размяшчаліся на р. Лабчанка: адзін з іх, у с. Доўгае, прыносіў даход памешчыку 85 р. у год, другі, у в. Прыпёчына, - 120 р. у год. На гэтых млынах абмалочвалі хлеб не толькі для пана, але і для сялян, мяшчан, усіх жадаючых за пэўную аплату.

Сярод сельскагаспадарчых культур пераважалі збожжавыя: жыта, авёс і іншыя, сеялі таксама бабы, рэпу, каноплі і г.д.

Сяляне займаліся і хатнім рамяством, самі рабілі неабходныя ў гаспадарцы прылады працы, прадметы ўжытку. Хаця былі і сяляне - раместнікі, якія не працавалі на ворыве, а абслугоўвалі патрэбнасці пана і сялян: кавалі, ганчары, краўцы і іншыя. Гаспадарка, як сялянская, так і памешчыцкая, усё больш звязвалася з рынкам.

Зямельная плошча ўладанняў маркіза складала 36 898 дзес. 901 саж.: пад сядзібамі 239 дзес., пад влрывам - 1302 дзес., лесу - 21 330, сянных, няўкосаў - 1613 дзес., няўдобіц - 690 дзес. 901 саж. У маёнтку налічвалася 289 сялянскіх двароў, пражывала ў іх 2065 чал.

Сялом у той час называлася буйное пасяленне з царквой або валаснымі ўстановамі. Валасным цэнтрам маёнтка ў канцы XVIII - першай чвэрці XIX ст. былі Язёры, з другой цвэрці ХІХ ст. - сяло Доўгае. У Язёрах была аднакупальная царква, якая называлася Міхайлаўскай, па імені архангела Міхаіла. У сяле Доўгае размяшчалася Прэабражэнская аднакупальная царква, названая ў гонар аднаго з 12 галоўных свят хрысціянскай царквы - "прэабражэння" Ісуса Хрыста. У Язёрах размяшчаўся і панскі дом, у якім пражывала сям'я памешчыка.

З 40-х гадоў ХІХ ст. у сялян Язёрскага маёнтка з'явіўся новы гаспадар - граф Сумарокаў. Сам ён жыў у Пецярбургу, таму сваім землякам удзяляў мала ўвагі, даручыўшы кіраўніцтва гаспадаркай ўпраўляючым. У 40 - 50-х гадах ХІХ ст. упраўляючым быў Фінфіці, з канца 50-х да сярэдзіны 60-х гадоў - Вінніцкі, з сярэдзіны 60-х гадоў па пачатак 70-х гадоў - Калюбакін. Прадпрымальнасцю граф у адрозненне ад сваіх папярэднікаў не вызначаўся. Звестак аб пабудаваных у гэтыя гады мануфактурных прадпрыемстваў, гандлёвай дзейнасці ў маёнтку няма. Хаця на 40-я гады ХІХ ст. прыходзіцца росквіт вотчыннай мануфактуры ў Чэрыкаўскім павеце. Сяляне як і раней выконвалі паншчынныя павіннасці, плацілі аброк. Маёнтак упраўляўся ў асноўным старымі метадамі, эксплуатацыя сялян была вельмі цяжкай. Памешчыца Сумарокава, якая большую частку жыла ў маёнтку, імкнулася максімальна выкарыстоўваць працу сялян. Так, пры будаўніцтве дамоў і пабудоў для прычту Даўжанскай царквы яна прымушала сялян працаваць не ў дні прыгону, адведзеныя для выканання розных павіннасцей, а ў вольны час. Амаль сем гадоў вялася бесперапынная барацьба памешчыцы з казённымі сялянамі наконт продажу пабудоў казне за больш выгадную для Сумарокавых суму.

19 лютага 1861 г. былі апублікаваны падпісаныя Аляксандрам ІІ маніфест аб адмене прыгоннага права і Палажэнні аб вызваленні сялян. Па ўсёй Расіі ішло вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. У Язёрскім маёнтку састаўленне выкупных актаў і падпісанне Устаўных грамат поўнасцю завяршылася ў 1869 - 1870 гг. Гэтыя дакументы былі падпісаны паўторна, бо састаўленыя раней, у першай палове 60-х гадоў, выкупныя акты не здавальнялі ні памешчыка, ні сялян. Сумарокаў скардзіўся Магілёўскаму губернатару, у земскі аддзел Міністэрства ўнутраных спраў Расіі і ў іншыя органы на няправільнае складанне выкупных актаў, спасылаючыся на тое, што ў разрад няўдобіц занесена частка добрых зямель, прыгонных для ворыва. Сяляне вёсак Рагаліна і Усохі скардзіліся на адніманне ўпраўляючым графа Сумарокава Калюбакіным лугу і на нядобраякаснасць зямельнай надбаўкі. Была заведзена справа па гэтаму пытанню, якая цягнулася чатыры гады. У 1869г. паміж сялянамі і памешчыкамі былі падпісаны выкупныя акты і Устаўныя граматы па кожнаму населенаму пункту: Прыпёчына, Сакалоўка, Язёры, Доўгае, Рынкоўка, Мірагошч, Горкі, Журавель, Рагаліна, Дубраўка і Усохі. Вёска Усохі была набыта Сумарокавым у сярэдзіне ХІХ ст. Сяляне атрымалі па 4 дзес. 1200 саж. зямлі - душавы надзел. Кожны селянін абавязваўся выплачваць штогод з душы ад 5 р. 40 к. да 6 р. 20 к. Граф Сумарокаў змог атрымаць зямлю і грашовы выкуп на спрыяльных для сябе ўмовах.

У 1863 г. у Польшчы, Літве і Заходняй Беларусі пачалося нацыянальна - вызваленчае антыфеадальнае паўстанне. Пасля паражэння на захадзе Беларусі паўстанне вясной 1863 г. перакінулася на ўсход Беларуі, галоўным чынам на Магілёўскую губерню. У Чэрыкаўскім павеце ў 1863 г. таксама адбываліся хваляванні польскай шляхты, рыхтавалася паўстанне, фарміраваліся паўстанцкія атрады. Спробы паўстанцаў узняць на выступленні сялян закончыліся няўдачай, а мясцовыя ўлады, выкарыстоўваючы нацыяналістычную прапаганду, падаўлялі з дапамогай сялян ачагі паўстання. Так, у данясенні ўпрашляючага маёнткам графа Сумарокава Вініцкага Магілёўскаму губернатару ад 10 мая 1863 г. паведамлялася аб змове польскай шляхты ў Чэрыкаўскім павеце. Упраўляючы з некаторымі іншымі чэрыкаўскімі дваранамі для спынення выступлення паўстанцаў выкарыстоўваў сялян. У памешчыцкім атрадзе знаходзілася каля 400 сялян маёнтка, узброеных каламі і зброяй. Удзел сялян у падаўленні паўстанняў выклікаў незадавальненне мясцовага начальства, асабліва ў прадвадзіцеля і спраўніка, бо сяляне разграмілі некалькі дваранскіх дамоў, разграбілі абоз інсургентаў (паўстанцаў). Многімі дваранамі гэта было ўспрынята як бунт. Як мяркуецца, гэтыя дзеянні ўпраўляючага не спадабаліся графу. Упраўляючы быў звольнены са сваёй пасады Сумарокавым. У маёнтку неўзабаве з'явіўся новы ўпраўляючы, адстаўны капітан 1-га рангу Мікалай Калюбакін.

Як было сказана вышэй, у пачатку 70-х гадоў ХІХ ст. Сумарокаў прадаў свае землі князю А. Абаленскаму.

Новы ўладальнік маёнтка аказаўся больш прадпрымальным чалавекам, бо ў канцы ХІХ ст. амаль у кожнай вёсцы былі пабудаваны розныя прадпрыемствы. Вядома, што ў сярэдзіне 70-х гадоў ХІХ ст. у в. Прыпёчына знаходзілася сукнавальная фабрыка, якую арандаваў разам з млыном за 600 р. мешчанін Лявіцін. У с. Язёры быў вінакурны завод, які вырабляў спірт.

Больш разнастайнымі сталі промыслы сялян Даўжанскай воласці. Каб пракарміць свае сем'і, яны займаліся адыходнымі і мясцовымі промысламі. У 70-80-х гадах ХІХ ст. многія сяляне займаліся ляснымі промысламі: высечкай лесу, нарыхтоўкай і падвозам лясных матэрыялаў на станцыі і склады, сплавам лесу па Сожы. У анкетных даных за 1881 г. адзначаецца, што ў населеных пунктах воласці сяляне займаліся калёсным, сталярным, бандарным і іншымі мясцовымі промысламі. Калі калёсным промыслам займаліся не больш 1 - 2 гаспадарак ў сёлах і вёсках, то бандарным і сталярным - у сярэднім 3 - 4 двары. Напрыклад, у в. Прыпёчына 7 гаспадарак займаліся сталярным промыслам, у с. Язёры 6 гаспадарак займаліся сталярным промыслам.

Да пачатку 80-х гадоў ХІХ ст. павялічылася колькасць двароў і насельніцтва ў вёсках Даўжанскай воласці. У 1881 г. у с. Доўгае было 59 двароў, 360 чал., у Язёрах - 108 двароў, 578 чал., Прыпёчына - 41 двор, 225 чал., Рынкоўка - 33 двары, 218 чал., Сакалоўка - 47 двароў, 260 чал., Горкі - 12 двароў, 63 чал., Журавель - 40 двароў, 158 чал., Рагаліна - 65 двароў, 305 чал., Усохі - 37 двароў, 151 чал., Мірагошч - 53 двары, 253 чал.

У першыя гады ХХ ст. па ўсёй Расіі абвастраецца класавая барацьба паміж памешчыкамі і сялянамі. У 1904-1905 гг. у радзе населеных пунктаў Язёрскага маёнтка адбыліся выступленні сялян супраць памешчыка Абаленскага. У дакладных запісках упраўляючага маёнткам Горы Стоша магілёўскаму губернатару адзначаюцца хваляванні сялян у вёсках Мірагошч, Горкі, Прыпёчына, у с. Язёры. Напрыклад, 8 верасня 1904 г. у Язёрах сялянамі былі спалены складскія і іншыя памяшканні, якія належалі князю, а 27 снежня 1905 г. у в. Прыпёчына сяляне разграмілі дом Абаленскага.

Цэнтрам культуры, духоўнага жыцця ў сельскай мясцовасці ў той час былі царква і школа. Як указвалася вышэй, у с. Язёры размяшчалася Міхайлаўская царква, а ў с. Доўгае - Прэабражэнская, якая з пачатку ХХ ст. упамінаецца ўжо як Вазнясенская - у гонар рэлігійнага свята "ўзнясення" Ісуса Хрыста. Напэўна, змена назвы была звязана з перабудовай царквы.

У найбольш буйных сёлах і вёсках маёнтка ў паслярэформенны час знаходзіліся розныя вучэбныя ўстановы. У 1884 г. у Язёрах адкрываецца аднакласная царкоўнапрыходская школа, якая знаходзілася ў спецыяльна прыстасаваным для яе доме. У справаздачы Магілёўскай епархіі аб царкоўнапрыходскіх школах за 1888/89 навучальны год адзначаецца, што настаўніцай у Язёрах з'яўляецца Настасся Чалоўская, якая закончыла куры ў Магілёўскім пансіёне. Яна атрымала ад сельскага грамадства 75 р. і ад епархіяльнага вучылішчнага савета - 75 р. за вучэбны час. Настаўнікам закону божага быў свяшчэннік Міхайлаўскай царквы - Іван Матыска. У школе вучыліся 28 хлопчыкаў. Па даных Памятнай кніжкі Магілёўскай губерні за 1909 г. у 1908 г. настаўнікам Язёрскай царкоўнапрыходскай школы была Валянціна Цытовіч, якая закончыла Чжрыкаўскае жаночае вучылішча. Законавучыцелем быў свяшчэннік Міхайлаўскай царквы Рыгор Канстанцінавіч Кутарга.

У с. Доўгім у 1864 г. адкрылася двухкласнае пачатковае народнае вучылішча. Яно размяшчалася ў асобным, спецыяльна пабудаваным доме.

На утрыманне вучылішча штогод выдзялялася 100 р. з дзяржаўнага казначэйства і 100 р. ад мясцовага сялянскага грамадства. У 1870 - 1890 гг. настаўнікам у вучылішчы працаваў С.Я. Гарчакоў, які скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Закон божы выкладаў свяшчэнік Даўжанскай царквы П.С. Вішнеўскі. Ён скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і працаваў у вучылішчы са дня яго адкрыцця, атрымліваў 25 р. У 1908 г. настаўнікамі ў Даўжанскім вучылішчы працавалі А.А. Калецкая і Марыя Клімовіч.

У пачатку ХХ сс. у в. Сакалоўка было адкрыта пачатковае народнае вучылішча. У 1908 г. у ім працаваў Я.Г. Чарчакоў.

У пачатковых навучальных установах дзяцей вучылі чытанню, пісьму, закону божаму, чатыром правілам арыфметыкі і царкоўным спевам.

Хочацца прывесці і некаторыя даныя аб вёсках, якія знаходзіліся побач з Язёрскім маёнткам.

У канцы 70-х гадоў XVIII ст. вёскі Ржавец і Лобча належалі ўдаве, калежскай саветніцы Залатухінай, якая атрымала іх у пажыццёвае карыстанне. У гэты час (даныя 1783 г.) у в. Лобча (у канцы XVIII - пачатку ХІХ ст. назва вёскі пісалася праз букву "П" - Лопча, таксама як і назва ракі - Лапчанка), было 39 двароў, у якіх пражываў 291 чал., а ў в. Ржавец было 33 двары, у якіх жыло 234 чал.

Сяляне памешчыцы Залатухінай знаходзіліся на аброку, выплачвалі па 2 р. у год з душы. Таму сяляне гэтых вёсак быді больш звязаны з рынкам. Яны займаліся не толькі традыцыйнымі сельскагаспадарчымі работамі - земляробствам, жывёлагадоўляй, але і ткацтвам - ткалі палотны на продаж, вываз.

Пасля смерці памешчыцы, у канцы XVIII ст., сяляне вёсак Лобчы і Ржавец перайшлі ва ўласнасць дзяржавы. Гэтыя вёскі адносіліся да Прапойскага казённага маёнтка, які аб'ядноўваў сялян дзяржаўных вёсак і кіраваў імі. Вядома аб цяжбе сялян Ржаўца і Лобчы з памешчыцай Язёрскага маёнтка графіняй Сумарокавай ў 1847 - 1853 гг. у сувязі з расходамі на будаўніцтва памяшканняў Прэабражэнскай царквы ў в. Доўгаль, прыхаджанамі якой з'яўляліся яны. У канцы ХІХ ст. сяляне Лобчы і Ржаўца займаліся рознымі промысламі: калёсным, бандарным і іншымі. У 1881 г. насельніцтва ў гэтых вёсках павялічылася. Так, у Лобчы быў 81 двор, дзе пражывала 385 чал., у Ржаўцы мелася 49 двароў, у якіх жыло 339 чал.

Вёска Вербеж (у канцы XVIII - пасатку ХІХ ст. называлася Вербліж), з канца 70-х гадоў XVIII ст. разам з населенымі пунктамі Лабанаўка, Шароеўка, Шчацінка належала пану графу Аркадзію Іванавічу Маркаву.

Маркаў атрымаў гэтыя вёскі ў спадчыну. Маёнтак быў даволі буйны, у ім налічвалася 246 двароў, дзе пражываў 1831 чал. Маёнтак Маркава крыху ўступаў маёнтку суседа маркіза Маруцы. У 1783 г. у в. Вербеж было 49 двароў, пражывала 245 чал. Сяляне вырошчвалі хлеб, сеялі лён, каноплі. Сялянскія гаспадаркі графа Маркава насілі прамысловы характар, было шырока распаўсюджана ткацтва, выраблялася сукно на продаж. У дакументах падкрэслівалася, што сяляне Маркава выглядалі больш заможнымі і жылі лепш, чым сяляне суседніх маёнткаў. У ХІХ ст., да вызвалення сялян, маёнткамі валодалі патомкі графа Маркава. У 1881 г. у в. Вербеж было 62 двары, дзе пражываў 261 чал.

Аб в. Гіжня ў спісах падараваных дваранам вёсак ў канцы XVIII ст. не паведамляецца. Звесткі з больш позніх дакументаў (сярэдзіна - канец ХІХ ст.) указваюць на існаванне в. Гіжня некалькі стагоддзяў таму назад. У дакументах сярэдзіны - канца ХІХ ст. Гіжня паўстае даўно сфарміраванай вёскай, са склаўшыміся гістарычнымі традыцыямі. У 1881 г. у Гіжні было 79 двароў, у якіх пражывала 288 чал. Сяляне вёскі займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, рознымі промысламі: калёсным, сталярным, бандарным і іншымі. Такія вось кароткія звесткі з гісторыі вёсак Лобча, Ржавец, Вербеж і Гіжня Чэрыкаўскага павета ў XVIII - ХІХ ст.

М. Шымукенус