Untitled page

Чэрыкаўская зямля заўсёды славілася працавітымі людзьмі. Гэта асабліва ярка праявілася ў цяжкія пасляваенныя гады, у наступныя пяцігодкі мірнай стваральнай працы. У гэты перыяд ордэнамі і медалямі Радзімы было ўзнагароджана больш за сто працаўнікоў Чэрыкаўскага раёна. Многія з іх сталі ўдзельнікамі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі, узнагароджаны граматамі, занеены на дошкі гонару.

БЕЛАВУСАВА Ева Селівестраўна

Нарадзілася ў 1925 г. у в. Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна. Пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы паступіла на вучобу ў школу фабрычна - заводскага навучання шаўковай фабрыкі "Магвалакно".

Пасля вайны працавала піянерважатай у Чэрыкаўскім раёне. У 1948 г. прыйшла працаваць на завод штучнага валакна прадзільшчыцай. Першай у цэху Белавусава ўстанавіла рэкордны выпуск прыгоднай прадукцыі - замест 96% стала даваць 99 і больш. Пра свае метады работы Ева Селівестраўна ахвотна расказвала сяброўкам, паказвала, як праводзіць асобныя аперацыі на машыне. У адрозненне ад іншых яна працавала дзвюма рукамі, сумяшчаючы некаторыя аперацыі. Так, левай рукой спыняла электраверацёны, а правай у гэты час адводзіла варонкатрымальнік. Усё гэта паскарала работу. Белавусаўскую "акадэмію" прайшлі сотні маладых прадзільшчыц. У дзень 50-годдзя Міжнароднага жаночага дня Еве Селівестраўне, як лепшай прадзільшчыцы завода, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 марта 1960 г. было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

МАРЧАНКА Міхаіл Авяр'янавіч

Нарадзіўся ў 1934 г. у в. Гойкаў Чэрыкаўскага раёна. Пасля заканчэння ў 1950 г. Крычаўскай школы фабрычна - заводскага навучання ён у ліку другіх лепшых выпускнікоў быў накіраваны ў Мінск, на адраджэнне горада з руін. Праз некаторы час маладому спецыялісту даверылі ўзначаліць брыгаду, якая ўзводзіла корпусы радыятарнага завода. Пасля службы ў Савецкай Арміі М.А. Марчанка быў па пуцёўцы камсамола паехаў на будоўлі Усць - Каменагорска. Як спецыялісту высокага разрада яму давяралі будаўніцтва складаных аб'ектаў. У 1965 г. за высокія паказчыкі ў выкананні заданняў 8-й пяцігодкі брыгадзіру будаўнікоў М.А. Марчанку быў уручаны ордэн Леніна. У 1971 г. за выкананне плану будаўніцтва і ўвод у дзеянне вытворчых магутнасцей, жылых дамоў і аб'ектаў культурна - бытавога прызначэння М.А. Марчанку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

СУВОРАЎ Мікалай Іванавіч

Нарадзіўся ў 1921 г. у в. Гронаў Чэрыкаўскага раёна ў сям'і рабочага. Бацька яго працаваў плытагонам на Гронаўскім лесаўчастку. Ён дачасна памёр, пакінуўшы на выхаванне жонкі траіх дзяцей. Рана прыйшлося пазнаць Мікалаю Іванавічу, што такое праца.Зусім юнаком ён пайшоў працаваць на лесаўчастак грузчыкам. А затым стаў слесарам. Калі адкрыліся курсы па падрыхтоўцы вадзіцеляў аўтамабіляў, першым падаў заяву. У 1938 г. ён атрымаў правы і сеў за руль лесавоза. Вайна застала Мікалая Іванавіча ў Ленінградзе. Ён ваяваў на Волхаве, удзельнічаў у бітве на Курскай дузе і закончыў вайну ў Берліне. Асабіста распісаўся на павержаным рэйхстагу. Савецкі ўрад высока ацаніў ратны подзвіг М.І. Суворава. Ён узнагароджаны медалямі "За баявыя заслугі", "За адвагу", "За абарону Ленінграда", "За перамогу над Германіяй", "За ўзяцце Берліна".

Вярнуўшыся дамоў, Сувораў зноў сеў за абаранак лесавоза. На розных марках машын прыйшлося яму папрацаваць за гэтыя гады. Не было такога выпадку, каб Сувораў не выканаў намечанага плана. Па 5 - 6 тыс. кубаметраў драўніны ў год дастаўляў ён з дзялянак на ніжні склад. Аб добрасумленнай працы вадзіцеля сведчылі такія факты: яму прысвоены званні "Ганаровы майстар лесанарыхтовак і лесасплаву", "Выдатнік сацыялістычнага спаборніцтва БССР". У 1952 г. Мікалай Іванавіч быў узнагароджаны медалём "За працоўную доблесць". У 1963 г. яму было прысвоена званне ўдарніка камуністычнай працы. А 28 кастрычніка 1966 г. за працоўныя поспехі Мікалай Іванавіч Сувораў быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Самым знамянальным для яго быў 1971 г., калі яму было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы.

ЦАРКОЎ Андрэй Іванавіч

Нарадзіўся ў 1897 г. у в. Вербеж Чэрыкаўскага раёна, у сям'і селяніна - бедняка. З ранняга дзяцінства пазнаў цяжкасць хлебаробскай працы - ужо ў 13 гадоў сеяў, касіў, пасвіў жывёлу. У 18 гадоў стаў шахцёрам і гэтай працы прысвяціў усё жыццё. Да 1912 г. працаваў забойшчыкам у Данбасе на Бросаўскім рудніку Паўднёва - Заходняй чыгункі. Затым пераехаў на Далёкі Усход у г. Сучан (зараз Партызанск Прыморскага краю). Працаваў забойшчыкам, потым начальнікам шахты. Перад вайной А.І. Царкоў перайшоў у руднік Кіўда Амурскай вобласці, дзе загадваў вентыляцыяй штольні, быў горным майстрам па вентыляцыі Кіўдзінскага шахтапраўлення. З гэтай пасады і пайшоў у 1952 г. на пенсію.

Царкоў быў адным з першых, хто падтрымаў ініцыятывы Аляксея Стаханава. Ён смела ўкараняў перадавыя метады, якія забяспечвалі значны рост прадукцыйнасці працы, унёс вялікі ўклад у аднаўленне і будаўніцтва вугальных шахтаў. Самаадданая праца шахцёра была высока ацэнена - 28 жніўня 1948 г. яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ганаровы шахцёр узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі "За працоўную адзнаку", "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 - 1945 гг.", шматлікімі дыпломамі і граматамі. Памёр у 1958 г.

КАРНЮШЧАНКА Васіль Цярэнцьевіч

Нарадзіўся ў 1937 г. у в. Тур'е Чэрыкаўскага раёна. У 1961 г. закончыў вучылішча механізацыі ў в. Манастырок. З 1970 г. пачаў працаваць звеннявым па вырошчванню збожжа ў брыгадзе Тур'е эксперыментальнай базы "Чэрыкаў". За высокія паказчыкі ў працы спачатку быў узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны", 12 снежня 1973 г. - ордэнам Леніна.

КУРЫЛІН Сцяпан Сільвестравіч

Нарадзіўся ў 1910 г. к в. Гронаў Чэрыкаўскага раёна. Працаваў лесарубам на Сахаліне. За шматгадовую працу на лесанарыхтоўках у 1953 г. узнагароджаны ордэнам Леніна. Памёр у 1986 г.

МІРОНАВА Софія Пятроўна

Нарадзілася ў 1920 г. у в. Паходавічы Чэрыкаўскага раёна. З 1945 г. стала працаваць у саўгасе "Чэрыкаўскі" спачатку даяркай, затым на свінаферме. Яе прозвішча з году ў год заносілася на Дошку гонару гаспадаркі, яе выбіралі дэпутатам сельскага, гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў працоўных. У 1966 г. узнагароджана ордэнам Леніна.

Імя старэйшай свінаркі эксперыментальнай базы "Чэрыкаў" добра вядома ў нашым раёне. Яна ініцыятар сацыялістычнага спаборніцтва жывёлаводаў раёна за датэрміновае выкананне планаў восьмай пяцігодкі. Нямала давялося папрацаваць С.П. Міронавай, каб справіцца з узятым на 1970 г. абавязацельствам.

І вось вынікі: дбайная працаўніца зняла з адкорму і здала на мясакамбінат 876 галоў свіней. На яе рахунку 51 400 кілаграмаў атрыманай прывагі. Такіх паказчыкаў не дабілася летась ні адна свінарка раёна. Дарэчы заўважыць, што Сафія Міронава здае жывёлу на мясякамбінат высокай вагой, кожны адкормнік - у сярэднім 126 кілаграмаў.

НОВІКАЎ Фёдар Якаўлевіч

Нарадзіўся ў 1903 г. у Чэрыкаве. Працаваў шахцёрам спачатку пад Екацярынбургам, затым у г. Енакіева Данецкай вобласці. У 1945 г. узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Знамянальным для Ф.Я. Новікава быў 1951 год, калі яму прысвоілі званне "Ганаровы шахцёр", узнагародзілі ордэнам Леніна. Памёр у 1976 г.

СЛЯПЦОВА Таццяна Аляксееўна

Нарадзілася ў 1927 г. у в. Шароеўка Чэрыкаўскага раёна. З 1961 г. працавала даяркай, памочнікам брыгадзіра на жывёлагадоўлі ў саўгасе "Шароеўка". За высокія паказчыкі ў працы ў 1966 г. узнагароджана ордэнам Леніна, у 1971 г. - ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. З 1971 г. на пенсіі.

СОФІН Мікалай Анісімавіч

Нарадзіўся ў 1929 г. у в. Тур'е Чэрыкаўскага раёна. Пасля службы ў Савецкай Арміі працаваў на конным заводзе. З 1957 г. па 1958 г. - слесар - мантажнік Чэрыкаўскага кансервава - сушыльнага завода. У 1959 г. закончыў курсы механізатараў і пачаў працаваць на эксперыментальнай базе "Чэрыкаў". На працягу шэрагу год быў звеннявым па вырошчваннюбульбы, дабіваўся высокіх ураджаяў. У 1973 г. узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1978 г. - ордэнам Леніна. З 1990 г. на пенсіі.

ГАЛКІН Іван Максімавіч

Нарадзіўся ў 1929 г. у в. Аніна Маскоўскай вобласці. Яшчэ да службы ў Савецкай Арміі атрымаў спецыяльнасць шафёра, якая затым вельмі спатрэбілася, калі ён пераехаў жыць у Чэрыкаў і ўладкаваўся працаваць у раённым аб'яднанні "Сельгастэхніка". І з года ў год ён быў перадавіком вытворчасці, стараннай і добрасумленнай працай заваяваў аўтарытэт у калектыве. Іван Максімавіч не толькі актыўна займаўся грамадскай работай, але вызначыўся і як лепшы рацыяналізатар у "Сельгастэхніцы". Толькі за гады дзевятай пяцігодкі эканамічны эфект ад яго прапаноў склаў 4800 р. Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі і "Знак Пашаны".

КОЖЫН Іван Васілевіч

Нарадзіўся ў 1937 г. у в. Вазнясенка Цюменскай вобласці. З 1976 г. пачаў працаваць на Чэрыкаўскім дрэваапрацоўчым заводзе. Штогод перавыконвае вытворчыя заданні. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

КАМПІЦКАЯ Софія Сямёнаўна

Нарадзілася ў 1938 г. у в. Заазер'е Чэрыкаўскага раёна. Працоўны шлях пачала ў 1956 г. рабочай дарожна - эксплуацыйнага участка № 147 Палескага раёна Калінінградскай вобласці. У 1958 г. пачала працаваць у саўгасе "Чэрыкаўскі". З 1969 г. працавала ў эксперыментальнай базе "Чэрыкаў" учотчыцай, а з 1971 г. - брыгадзірам паляводчай брыгады. Выбіралася дэпутатам і членам раённага Савета дэпутатаў, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1975). За самаадданую працу ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

МАЁРАВА Вера Сямёнаўна

Нарадзілася ў 1933 г. у в. Вепрын Чэрыкаўскага раёна. Пасля заканчэння Клімавіцкага саўгаса - тэхнікума па накіраванню працавала ў Віцебскай вобласці, затым учотчыцай па племянной справе ў калгасе "Кастрычнік" Чэрыкаўскага раёна. З 1973 г. па 1986 г. працавала на свінаферме. У 1980 г. была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Пасля адсялення ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1990 г. пераехала ў Мінск.

НАВУМАЎ Васіль Данілавіч
НАВУМАЎ Іван Данілавіч

Доўгі час у саўгасе "Язёрскі" працуюць механізатармі браты Васіль Данілавіч і Іван Данілавіч Навумавы. Яны сталі сапраўднымі майстрамі сваёй справы. За гады працы ў саўгасе дасканала вывучылі ўсю сельскагаспадарчую тэхніку. Гэта садзейнічае добраму выкананню любой даручанай работы.

Браты неаднаразова дабіваліся значных паказчыкаў у спаборніцтве. Яны не шукаюць выгаднай ці нявыгаднай працы, дзякуючы старанню, добрасумленным адносінам да справы дасягаюць поспеху.

Каторы год запар працуюць браты ў складзе гасразліковага кормадабываючага атрада. Васіль Данілавіч і Іван Данілавіч з'яўляюцца машыністамі самаходных комплексаў КСК - 100 і робяць ўсё магчымае, каб паспяхова справіцца з ускладзенымі на іх абавязкамі.

Шматгадовая, добрасумленная праца братоў адзначана высокімі ўзнагародамі. Васіль Данілавіч мае ордэны Кастрычніцкай рэвалюцыі і "Знак Пашаны", Іван Данілавіч - ордэн "Знак Пашаны" і медаль "За працоўную адзнаку".

ПАНЦЯЛЕЕВА Ганна Андрэеўна

Нарадзілася ў 1943 г. у в. Беражное Канатаўскага раёна Сумскай вобласці. З 1967 г. працуе ў Чэрыкаўскай МПМК-280 у якасці тынкоўшчыцы - муляра. Вызначылася як высокакваліфікаваны спецыяліст, актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця. За бездакорную працу ў 1981 г. была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы ІІ ступені, у 1986 г. - ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені, медалём "Ветэран працы".

СЭКУШЭНКА Леанід Кузьміч

Нарадзіўся ў 1933 г. у в. Вудага Чэрыкаўскага раёна. Шмат гадоў узначальваў звяно па вырошчванню бульбы ў калгасе "Іскра" і дабіваўся высокіх стабільных ураджаяў. Узнагароджаны ў 1973 г. і ў 1978 г.г. ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём "За працоўную доблесць". Памёр у 1988 г.

СЦЯПУЛЬКІНА Надзея Іванаўна

Нарадзілася ў 1951 г. у пас. Звязда Чэрыкаўскага раёна. Пасля заканчэння ў 1971 г. Клімавіцкага саўгаса - тэхнікума працавала памочнікам брыгадзіра комплекснай брыгады па жывёлагадоўлі ў калгасе "Маладая гвардыя". Калектыў фермы, якую яна ўзначаліла, пастаянна дабіваўся высокіх паказчыкаў па вытворчасці і продажу малака і мяса, неаднаразова выходзіў пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве сярод жывёлаводаў раёна. За добрасумленную працу Н.І. Сцяпулькіна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі райвыканкама. У 1985 г. была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.