АД ЛЮТАГА ДА КАСТРЫЧНІКА

У лютым 1917 г. у Расіі перамагла буржуазна - дэмакратычная рэвалюцыя. На Беларусі, як і ва ўсёй краіне, склалася двоеўладдзе: Савета- орган рэвалюцыйнай дэмакратыі і мясцовыя органы Часовага ўрада - орган буржуазнай улады. На пераломных этапах гісторыі, у тым ліку і час рэвалюцый, рашаючы ўплыў на развіццё працэсаў у краіне аказвалі падзеі, якія мелі месца ў сталічных гарадах і буйных прамыловых цэнтрах. Перыферыйныя раёны толькі прымалі палітычныя змены, як правіла, без вострыхускладненняў. Аналіз палітычнага становішча на падставе канкрэтных дакументаў дае магчымасць меркаваць, што ў сакавіку 1917 г. у Чэрыкаве і павеце сістэма двоеўладдзя не была рэалізавана. І толькі ў наступныя месяцы ў сувязі са стварэннем розных органаў Часовага ўрада і грамадскіх арганізацый тут з'явіліся элементы двоеўладдзя і нават шіатуладдзя.

У Магілёўскай губерні, як і ў іншых мечцах краіны, Саветы складаліся з прадстаўнікоў розных партый, пераважная роля ў іх належала партыям эсэраў і меншавікоў. У першыя месяцы рэвалюцыі не ўсюды былі сфарміраваныя мясцовыя арганізацыі гэтых партый. Не было іх і ў Чэрыкаве. Дастаткова было некалькім прадстаўнікам гэтых партый аказацца ў кіраўніцтве грамадскіх арганізацый, як яны, на некаторы час, аказвалі ўплыў на іх палітычную лінію. Большасць дэпутатаў у першыя месяцы пасля рэвалюцыі былі беспартыйнымі. Фарміраванне Чэрыкаўскага Савета ішло некалькі месяцаў. У красавіку тут быў створаны Савет салдацкіх і афіцэрскіх дэпутатаў на чале з падпалкоўнікам Паліем - начальнікам павятовага воінскага ўпраўлення. Як сведчаць дакументы, у красавіку - маі была створана рабочая секцыя Савета, якая аб'яднала нешматлікі атрад рабочых, рамеснікаў, саматужнікаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У маі 1917 г. Чэрыкаўскі Савет ужо меў афіцыйную назву "Савет рабочых, салдацкіх і афіцэрскіх дэпутатаў", яго таксама ўзначальваў Палій, салдацкай секцыяй Савета кіраваў салдат В.П. Новікаў.

З канца красавіка 1917 г. на Беларусі ствараюцца зямельныя камітэты, у тым ліку павятовыя і валасныя. У Чэрыкаве, акрамя зямельнага камітэта, дзейнічалі павятовы і валасны харчовыя камітэты, у павеце - валасныя выканаўчыя камітэты, як падначальнае звяно павятовага выканаўчага камітэта, які быў сфарміраваны ў канцы сакавіка 1917 г. На пасаду павятовага камісара афіцыйна быў зацверджаны з 31 сакавіка старшыня павятовай земскай управы Палонскі. У органы часовага ўрада на месцах уваходзілі ў асноўным прадстаўнікі розных класаў і слаёў, а таксама розных грамадскіх арганізацый.

У красавіку - маі былі сфарміраваны саюз служачых, урадавых і грамадскіх устаноў Чэрыкава (яго старшынёй стаў Кіркор), настаўніцкі саюз і іншыя арганізацыі. У чэрвені адбыўся з'езд сялянскіх дэпутатаў Чэрыкаўскага павета, на якім быў выбраны выканкам павятовага Савета сялянскіх дэпутатаў, З'езд прайшоў пад уплывам эсэраў, некаторыя з іх да гэтага часу вярнуліся з турмаў, ссылак і з дзеючай арміі. Пасля заканчэння павятовага сялянскага з'езда адбылося аб'яднанне Саветаў. У пачатку ліпеня Чэрыкаўскі Савет ужо меў назву "Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў". Галоўная роля ў ім належала эсэрам, на якіх спадзявалася значная частка сялянскай масы. У Чэрыкаўскім павеце была развіта сельскагаспадарчая вытворчасць, таму большасць насельніцтва складалі сяляне. Буйных прамысловых прадпрыемстваў ні ў горадзе, ні ў павеце не было. Існавалі дзесяткі дробных прадпрыемстваў, галоўным чынам саматужнага тыпу, якія спецыялізаваліся на апрацоўцы мясцовай сыравіны.

У 1917 г. у Чэрыкаўскім павеце было каля 168 тыс. жыхароў, у тым ліку каля 84 670 мужчын (у рабочым узросце 42 200 чал.) і 83 287 жанчын (у рабочым узросце - 42 900 чал.). Частка працаздольных мужчын была мабілізавана ў армію. На час перапісу насельніцтва у павеце часова адсутнічала 24 452 чал., 21 285 чал. знаходзіліся ў дзеючай арміі. У гады першай сусветнай вайны ўраджэнцы Чэрыкаўшчыны служылі на розных франтах і флатах. Многія з іх загінулі. Сярод іх - І.Е. Губараў з в. Глінь, Н.Н. Рабчаеў і Ф.П. Цыбуля з в. Зоры і інш. Перад вайной у Чэрыкаве было 6198 жыхароў. У 1917 г. там ужо зарэгістравана 6914 чал., у тым ліку 3303 мужчынскага і 3611 жаночага полу. На час перапісу ў горадзе адсутнічалі 46 жанчын і 158 мужчын. Апошнія ў большасці знаходзіліся ў арміі. Часова ў горадзе жыў 171 чалавек. У асноўным гэта былі бежанцы. У Чэрыкаве пражывалі людзі розных нацыянальнасцей: беларусаў і рускіх - 3438 чал., яўрэяў - 2757, палякаў - 713 чал. У 1917 г. у павеце было зарэгістравана 24 453 гаспадаркі сялянскага тыпу, 302 - прыватнаўсласніцкія гаспадаркі, 119 гаспадарак не сялянскага тыпу. Каля 60 - 70% сялянскіх гаспадарак адносіліся да катэгорыі бядняцкіх.

Цяжка жылося жыхарам павета паміж двума рэвалюцыямі 1917 г. Не хапала прадуктаў харчавання, тавараў першай неабходнасці. Расла сацыяльная напружанасць. Незадаволенасць насельніцтва вылілася ў стыхійныя хваляванні сялян. У зводцы Часовага ўпраўлення па справах міліцыі адзначалася, што некаторыя паветы Магілёўскай губерні, у тым ліку і Чэрыкаўскі, ахоплены "аграрным рухам". 10 красавіка Чэрыкаўскія землеўладальнікі тэлеграфавалі "аб хваляванні сялян, якія перашкаджаюць сяўбе палёў, здымаючы ў эканоміях рабочых і ваеннапалонных". Летам 1917 г. сялянскія хваляванні на Чэрыкаўшчыне сталі прымаць больш арганізаваны характар, паколькі захопы ўраджаю, сенакосаў і г.д. у некаторых месцах рабіліся на падставе рашэнняў валасных зямельных і іншых камітэтаў. Некаторыя валасныя камітэты ўстанаўлівалі таксы на пасьбу жывёлы, перамол хлеба, арэнду лугоў і палёў. Напрыклад, у памесці Васілеўскага "Вепрын" Дубровіцкай воласці мясцовыя сяляне згодна з пастановай валаснога зямельнага камітэта правялі узворванне часткі памешчыкаў зямель пад жыта. Яны таксама пасвілі сваю жывёлу на палях эканоміі. Чэрыкаўскі і Крычаўскі зямельныя камітэты забаранялі нарыхтоўкі лясным матэрыялаў і паліва нават для патрэб абароны. У тэлеграме Часоваму ўраду з Чэрыкава, датаванай 23 ліпеня 1917 г., паведамлялася, што ў павеце мясцовыя арганізацыі не давалі магчымасці камісару прыпыніць супрацьпраўныя дзеянні зямельных камітэтаў, якія працягвалі раздаваць лугі сялянам без дазволу арэндатараў.

У сувязі з актывізацыяй правых сіл у жніўні 1917 г. чэрыкаўскі судовы следчы Дабжанскі арыштаваў некальктх членаў зямельных камітэтаў. У сваёй тэлеграме ў адрас часовага ўрада, Выканкама Усерасійскага Савета сялянскіх дэпутатаў, Магілёўскага пракурора (ўсяго ў 8 адрасоў), датаванай 14 верасня 1917 г., Чэрыкаўскі сялянскі Савет паведамляў, што арышты маюць мэтай "дэзарганізаваць сялянства". Яны выклікаюць сур'ёзныя хваляванні сярод сялян. Асабліва апазіцыйны настрой панаваў у Крычаўскай і Маляцінскай валасцях. Аднак у сваім данясенні губернскі камісар Н. Друзкі - Сакалінскі адзначаў, што "самавольных арыштаў і перашкод да вызвалення няправільна арыштаваных не было, за выключэннем двух выпадкаў, калі па патрабаванню насельніцтва чынамі міліцыі былі арыштаваны былыя прыставы Чарняўскі і Бабічаў - абодва яны падвергліся хатняму арышту". У гэты час у павеце мелі месца і стіхійныя выступленні сялян. Так, у памесці Каменскага "Высокая Буда" Дубровіцкай воласці мясцовыя жыхары, прагнаўшы касцоў ўладальніка, самачынна падзялілі паміж сабой 200 дзесяцін лугу і пачалі касьбу. У гэтым выпадку зварот да камісара аказваўся безвыніковым. 7 жніўня ў сваім данясенні ў Міністэрства харчавання арандатары Чэрыкаўшчыны паведамлялі, што сяляне павета прысвойваюць сабе поўнасцю засеяныя палі жыта, працягваюцца захопы сенажаці. Спробы міліцыі спыніць іх дзеянні застаюцца безвыніковымі.

Нешматлікі атрад працоўных Чэрыкава таксама выказваў сваю незадаволенасць. Іх дзеянні ўлівалія ў агульный па ўсёй краіне паток забастовачнага руху. Так, у маі - чэрвені 1917 г. у Чэрыкаве адбылася забастоўка на панчошнай фабрыцы. Работніцы патрабавалі павелічэння заработнай платы на 25 %, паляпшэння ўмоў працы і ўстанаўлення васьмігадзіннага працоўнага дня. Уладзіць канфлікт спрабавалі Магілёўскі і Чэрыкаўскі Саветы, але гэта не дало станоўчых вынікаў, таму што прадпрымальнік не выконваў патрабаванняў рабочых. Апякунша панчошнай майстэрні малалетніх сірот у чэрвені 1917 г. паведамляла тэлеграмай міністру ўнутраных спраў: "Забаставалі ўсе 25 майстрых, патрабуючы ўмоў разаральных, становішча без таго крытычнае. Часова закрыла майстэрню. Павятовы камісар загадаў рэквізаваць на карысць майстрых машыны, матэрыялы. Маліла не дапускаць такой беззаконнасці, нечуванай пры старым рэжыме".

Летам 1917 г. у павеце актывізавалі сваю дзейнасць бальшавікі. На разгортванне сялянскага руху ў гэты час вялікае ўздзеянне аказвалі агітатары з рабочых і салдат, якія былі пасланы ў паветы і воласці бальшавікамі. Аднак, трэба зазначць, што сярод агітатараў былі прадстаўнікі розных партый левага напрамку. Аб іх дзейнасці ў павеце паведамлялі, напрыклад, і мясцовыя памешчыкі. Адзін з іх, Масальскі, у тэлеграме, пасланай уладам, паведамляў, што ў Клімавіцкім і Чэрыкаўскім паветах многія сяляне "пад уздзеяннем узрушаных прамоў прыезджых... асоб утвараюць самапраўства і насілле, перашкаджаюць засеву палёў, травяць лугі, робяць вобыскі і пагражаюць расправай з землеўладальнікамі". Аб узмацненні летам сялянскага руху на Магілёўшчыне паведамляў 9 чэрвеня ў сваёй тэлеграме ў міністэрства ўнутраных спраў магілёўскі губернскі камісар: "Па вяртанні з Петраграда сялянскіх дэпутатаў, якія прымалі ўдзел ва Усерасійскім сялянскім з'ездзе, аграрны рух у губерні змяніў свой характар. Валасныя і павятовыя зямельныя камітэты склалі пастановы аб неадкладнай раздачы лугоў, якія належалі прыватным уладальнікам, у арэнднае карыстанне суседнім бедным сялянам". Падобныя здарэнні мелі месца і на Чэрыкаўшчыне.

У сувязі з ліпеньскімі падзеямі ў Петраградзе Чэрыкаўскі Савет 11 ліпеня 1917 г. накіраваў ЦВК Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў тэлеграму, у якой выказаў давер Часоваму ўраду і свой пратэст супраць "гвалтоўнікаў і узурпатараў народнага імя". Як бачым, яна насіла антыбальшавіцкі характар.

Некалькі паскорылася палярызацыя палітычных сіл у Чэрыкаве ў перыяд выбарнай кампаніі ў гарадскую думу, якая пачалася летам 1917 г. Быў сфарміраваны саюз домаўладальнікаў, памешчыкі, частка заможных сялян і арандатараў аб'ядналіся вакол саюза зямельных уласнікаў. У гэты ж час эсэры, меньшавікі і іншыя прадстаўнікі левых сіл стварылі блок "рэвалюцыйна - дэмакратычнай і прагрэсіўнай групы грамадзян". У выніку выбараў у Чэрыкаўскую гарадскую думу, паводле паведамлення "Могилевских губернских ведомостей" ад 16 верасня 1917 г. прайшлі: ад польскага насельніцтва - 4 чал., аб'яднанага камітэта Чэрыкаўскай яўрэйскай арганізацыі - 5, домаўладальнікаў і землеўладальнікаў - 5, рэвалюцыйна - дэмакратычнай і прагрэсіўнай групы грамадзян - 5, праваслаўнага насельніцтва - 2 чал.

10 верасня 1917 г. адбыўся 2-і з'езд сялянскіх дэпутатаў Чэрыкаўскага павета. У яго рабоце прыняло ўдзел больш за 700 чалавек. Праходзіў ён пад відавочным уплывам эсэраў. З'езд выказаў падтрымку Часоваму ўраду і ЦВК Саветаў. Бальшавікі звязвалі рашэнне аграрнага пытання з карэннай перабудовай палітычнай сістэмы (да VІ з'езда бальшавіцкай партыі - мірнымі сродкамі, а пасля яго - узброеным шляхам). Эсэры бачылі рашэнне гэтага пытання ў сувязі з работай Устаноўчага сходу, яны выступалі за рэфармісцкі шлях рашэння наспеўшых праблем. Як вядома, большу частку насельніцтва Чэрыкаўскага павета складалі сяляне, якім была бліжэй праграма эсэраў. Гэта і адлюстравалася ў ходзе работы сялянскага з'езда. Аднак, нягледзячы на падтрымку эсэраўскай лініі, восенню 1917 г. аграрныя беспарадкі і стыхійныя выступленні сялян павялічыліся. Напрыклад, 17 кастрычніка памешчыц Цеханоўскі тэлеграфаваў Старшыні Савета Міністраў аб тым, што сяляне яго памесцяў у Клімавіцкім і Чэрыкаўскім паветах сякуць лес, губяць азімыя пасевы. Каб знізіць напружанасць у вёсках, выпрацаваць праграму ўзгодненых дзеянняў па прадухіленню масавых беспарадкаў 2 кастрычніка 1917 г. у Чэрыкаве адбылося сумеснае пасяджэнне павятовага зямельнага камітэта, прадстаўнікоў саюза зямельных ўласнікаў, лесаўладальнікаў, грамадскіх арганізацый і розных устаноў. На ім прысутнічала 52 чалавекі. Аб гэтым факце паведамляла газета "Могилевская жизнь".

Восенню 1917 г. у Чэрыкаўскім павеце, як і па ўсёй краіне, праходзіла перадвыбарная кампанія па выбарах ва Устаноўчы сход. У пачатку кастрычніка павятовы выканкам сялянскіх дэпутатаў правёў праз сялянскія арганізацыі збор сродкаў для правядзення гэтай кампаніі. Таксама ён арганізаваў платныя і бясплатныя лекцыі для насельніцтва.

У 1917 г. у Чэрыкаве выдавалася газета "Голос Черикова".

Сацыяльная напружанасць у краіне ў кастрычніку 1917 г. дасягнула найвышэйшага ўзроўню. Краіна знаходзілася на парозе вялікіх падзей.