Чэрыкаўскі раён у 30-я гады

У 1926 г. у Чэрыкаве пражывала 4442 чалавек. Асноўным заняткам жыхароў горада было земляробства, дробны гандаль і рамесніцтва. Зямельная плошча складала 2461 дзес., у тым ліку пад раллю было занята 1846,6 дзес., сенакос 39, дрыгву 95, лес 174, нявыкарыстанай зямлі налічвалася 307 дзес. Сельскай гаспадаркай займаўся 391 двор, такім чынам на кожную гасрадарку прыходзілася 4,75 дзес. зямлі. Гэта зямля засявалася наступнымі культурамі: жытам 420 дзес., пшаніцай 43,5 ячменем 112, аўсом 48, грэчкай 399, вікай 18, бульбай 150, ільном 7, каноплямі 2, просам 0,5, іншымі культурамі 46 дзес. У Чэрыкаве знаходзілася 327 коней, 430 кароў, 631 авечка, 355 свіней. Аднаго каня мела 291 гаспадарка, двух - 11, трох - 4 гаспадаркі. З сельскагаспадарчых прылад жыхары мелі 2 сахі, 322 плугі, 392 бараны, 5 малацілак, 5 веялак, 31 саломарэзку.

26 - 27 верасня 1926 г. адбылася раённая сельскагаспадарчая выстаўка, на якой насельніцтва горада дэманстравала 115 экспанатаў, 16 з іх былі адзначаны прэміямі. На тэрыторыі горада дзейнічала сельскагаспадарчая арцель "Эмес", у якую ўваходзіла 7 сем'яў (35 чалавек). Прамысловасць была прадстаўлена дзяржаўным лесапільна - мукамольным заводам (9 чалавек), прыватным млынам (4 чалавекі) і смалакурняй (3 чалавекі). Саматужная вытворчасць была нязначнай. Апрацоўкай металу займаліся 38 чалавек, апрацоўкай дрэва 21, апрацоўкай мінералаў 4, харчовай вытворчасцю 23, вытворчасцю скураных і мехавых вырабаў 4, апрацоўкай воўны 3, вырабам адзення і прадметаў туалету 76, апрацоўкай пянькі 3 чалавекі. Дзейнічала спажывецкая (320 членаў, 2 крамы) і сельскагаспадарчая (185 членаў, 1 крама) кааперацыі.

Гарадскі бюджэт Чэрыкава складваўся з мясцовых збораў і падаткаў, прыбыткаў ад камунальнай маёмасці і камунальных прадпрыемстваў, ад продажу непатрэбнай маёмасці, адлічэнняў ад дзяржаўнага прамысловага падатку. Сродкі гарсавет размяркоўваў паміж кіраўніцкім апаратам, навучальнымі ўстановамі, дзіцячымі садамі, бібліятэкай. Нардомам і партпрафклубам, дапрызыўным пунктам, расходаваў на пенсіі і дапамогі, камунальную гаспадарку і іншыя патрэбы. У Чэрыкаве было 2 пажарныя каманды (65 чалавек), 6 машын, 6 вадавозак, 7 драбін.

Працавалі хата - чытальня, бібліятэка, Народны дом, парт прафклуб. У трох школах (2 сямігодкі і 1 яўрэйская школа) навучалася 80% дзяцей горада. Улетку дзейнічалі 3 дзіцячыя пляцоўкі. Жыхары горада выпісвалі ў 1926 г. 429 газет і часопісаў. Працавала прыймальная радыёстанцыя.

У 1931 г. насельніцтва Чэрыкава складала 5062 чалавек. У горадзе знаходзіліся ўрачэбны участак са стацыянарам на 35 ложкаў і зубным кабінетам, амбулаторыя гарадскога тыпу, аптэка. Тут жа была трахаматозная бальніца гарадскога тыпу на 40 ложкаў у сувязі са значным распаўсюджваннем гэтай хваробы.

Пашыраўся лік прамысловых прадпрыемстваў. У 1935 г. працавалі дрэваапрацоўчая, рамонтная, кравецкая і шавецкая майстэрні, 2 цагельныя, 2 смалакурныя заводы, лесапільня, маслазавод, хлебапекарня, электрастанцыя, вадзяны млын, 2 кузні.

У раёне было 2 саўгасы, адзін з іх знаходзіўся ў Чэрыкаве. Спецыялізаваўся на свінагадоўлі, меў пад сенажаццю 1877 га, у саўгасе працавала 69 чалавек.