Ісак Ісакавіч Любан

Любоў да мастацтва, панаваўшая ў Леменскай школе - камуне, дапамагла аднаму з яе выхаванцаў - Ісаку Любану - правільна вызначыць свой жыццёвы шлях. Нарадзіўся ён 23 сакавіка 1906 г. у Чэрыкаве. Быў сёмым па ліку дзіцём у сям'і рабочага - печніка. Бацька памёр незадоўга да нараджэння свайго апошняга сына. Жылося неймаверна цяжка, голадна, вопраткі амаль не было, аб школе ніхто ў сям'і і не марыў. Таму, як толькі з'явілася магчымасць, маці аддала малодшага сына ў Чэрыкаўскі прытулак. Так ва ўзросце сямі гадоў спазнаў Ісак цану горкаму прытулкаваму хлебу і сіроцкім "навукам", якія ўбіваліся ў дзіцячыя галовы розгамі ды аплявухамі. Але пакідаць прытулак хлопчык і не думаў: вельмі хацелася яму вучыцца і стаць пісьменнікам.

Пачалася імперыялістычная вайна, жыццё станавілася ўсё горшым, прытулкавыя галадалі, а неўзабаве іх зусім перасталі карміць. Рабяты сталі разбрыдацца па гарадах, наймаліся на работу да багатых людзей.

З адкрыццём Леменскай школы - камуны магчымасць трапіць у яе чатырнаццацігадоваму падлетку паказалася незвычайным шчасцем. Ён быў адным з самых непаседлівых, дапытлівых выхаванцаў і вельмі хутка выявіў незвычайныя здольнасці да музыкі. Пачаў пець у хоры, іграў у музычным гуртку на самых розных інструментах, з захапленнем падбіраў на раялі мелодыі песень.

Неўзабаве Ісак стаў старастай, затым паўналадным "гаспадаром" духавога аркестра. Гукі труб, барабана грымелі ў школе з раніцы да вечара, а потым рэпетыцыі перанеслі ў бліжэйшы лес, хоць гэта было і небяспечна.

Закончыўшы апошні клас школы - камуны, Любан атрымаў накіраванне на вучобу ў Мінск. У кастрычніку 1924 г. у Мінскі музычны тэхнікум было пададзена звыш васьмісот заяў. У пакой прыёмнай камісіі Любан ўвайшоў даволі смела. Да гэтага часу ён паспеў авалодаць многімі інструментамі духавога аркестра, іграў на скрыпцы, альце, віяланчэлі, домбры, гітары. Праверылі яго слых і музычную памяць, а даведаўшыся, што ён сам апрацаваў некалькі народных песень, пасадзілі за фартэпіяна і папрасілі сыграць. Любан убачыў сваё прозвішча ў спісах прынятых у тэхнікум па класу кампазіцыі Якава Васілевіча Прохарава.

Першы ўрок прынёс мала прыемнага. Настаўнік праверыў яго запісы і апрацоўкі народных песень. Хутка ў нотных сшытках, якімі Ісак ганарыўся, не засталося амаль ніводнай старонкі не перакрэсленай ўздоўж і ўпоперак. Аказалася, што яго работа была вельмі далёкая ад сапраўднай музыкі, а тым больш ад творчай працы кампазітара.

Займацца даводзілася многа, але кожны ўрок, кожны вучэбны дзень прыносіў студэнту штосьці новае, цікавае, патрэбнае. Чытаючы зборнік вершаў Ф. Багушэвіча, ён заўважыў, што быццам адкрыў для сябе паэта нанава, некаторыя вершы запомніў на памяць і мімаволі паўтараў іх. Слова нараджала ў яго душы мелодыю. Ісак напісаў раманс. Другі раманс ён напісаў на словы Янкі Купалы "Дзве долі". Хутка гэтыя дзве рэчы гучалі ў выкананні Прохарава. Першы поспех радаваў педагога і падбадзёрваў студэнта.

Наступныя, больш глыбокія творы, Любан напісаў на тэкст верша Я. Коласа "Ноч". Другой сур'ёзнай работай кампазітара, напісанай на чацвёртым курсе тэхнікума, была песня "Восень" на словы Я. Купалы.

За чатыры гады, праведзеныя Любанам у Мінску, яго прозвішча як папулярнага кампазітара, кіраўніка самадзейнасці, камсамольскага важака, лектара і нястомнага прапагандыста музыкі стала шырока вядомым у сталіцы Беларусі. Пасля заканчэння тэхнікума яму была ўручана пуцёўка ЦК камсамола Беларусі на адказную работу ў якасці мастацкага кіраўніка музычнага вяшчання беларускага радыё. Ён вельмі хутка ўвайшоў у курс справы, змог падшукаць сабе дзейных памочнікаў, аб'яднаць вакол музычнай рэдакцыі выканаўцаў - энтузіястаў.

Прыкладна з 1928 г. пры творчай арганізацыі беларускіх пісьменнікаў пачалі групавацца і кампазітары. Спачатку гэта насіла паўафіцыйны характар, а потым была створана аўтаномная секцыя кампазітараў, а Любана выбралі яе адказным сакратаром.

Першая палова трыццатых гадоў была даволі насычаным перыядам у творчасці кампазітара. З'яўляюцца яго работы, яго новыя творы, масавыя песні, рамансы. Вялікай папулярнасцю карыстаецца "Песня дукорскіх партызан".

У 1932 г. секцыя кампазітараў была ператворана ў Саюз савецкіх каспазітараў Беларусі, а Ісака Любана выбралі яго старшынёй. 1935 г. прынёс Любану значную творчую ўдачу, упершыню кампазітар звярнуўся да жанру буйнога цыклічнага вакальна - сімфанічнага твора. Хутка ствараецца ансамбль беларускай народнай песні і танца, кіраўніцтва гэтым ансамблем даручаюць Любану.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. На трэці дзень вайны кампазітар добраахвотнікам пайшоў у армію. Любана залічваюць на курсы камісараў. Па заканчэнню курсаў у званні старшага палітрука ён накіроўваецца на Заходні фронт у 115-ю асобную стралковую брыгаду 5-га гвардзейскага корпуса. Потым яго назначаюць камісарам асобнага стралковага батальёна.

У суровыя дні вайны Ісак Ісакавіч напісаў некалькі песень, яны прынеслі яму званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. У чэрвені 1942 г. па рашэнню камандавання І.І. Любан адкамандзіроўваецца ў распараджэнне палітупраўлення Заходняга фронту і атрымлівае пасаду камісара ансамбля песні і танца Заходняга фронту.

Пасля заканчэння вайны кампазітар зняў з сябе ваенную форму. У Мінск не вярнуўся. Але творчых сувязей з Беларуссю не парываў, супрацоўнічаў з беларускімі кінематаграфістамі.

І. І. Любан аўтар вакальна - сімфанічнай сюіты "Граніца ў пясках", сюіты "Калгасная вечарынка", песень "Бывайце здаровы", "Толькі з табою", "Не шукай", "Наш тост", "Дарагая Беларусь". Пісаў музыку да спектакляў ("Несцерка" ў Беларускім тэатры імя Я. Коласа), кінафільмаў ("Новы дом" у сааўтарстве з І. Дунаеўскім, "Беларускі канцэрт", "Палеская легенда", "Гадзіннік спыніўся апоўначы"). Памёр у 1975 г.