ШКОЛА - КАМУНА

У першыя гады Савецкай улады ў гарадах, на важных вузлавых станцыях і рачных прыстанях бадзяліся вялікія групы беспрытульнікаў - вынік двух войнаў. Ствараліся пастаянныя камітэты дапамогі дзецям, працавалі асобыя камісіі па справах малалетніх злачынцаў. Арганізоўваліся інтэрнаты для беспрытульных падлеткаў, узнікалі спецыяльныя працоўныя камуны, розныя дзіцячыя прыёмнікі і г.д.

У 1919 г. да У.І. Леніна з прапановай арганізаваць працоўную доследна - паказальную школу - камуну звярнуўся вядомы рэвалюцыянер Панцеляймон Мікалаевіч Лепяшынскі. У хуткім часе школа пачала працаваць на радзіме яе арганізатара - у сяле Ліцвінавічы Кармянскага раёна.

У 1920 г. па тыпу Ліцвінавіцкай школы была створана новая доследна - паказальная школа ў былым маёнтку Васілеўскага - Лемень, каля Чэрыкава. На чале гэтай школы - камуны стаў брат П.М. Лепяшынскага - Мадэст Мікалаевіч. Яго імя навечна ўпісана ў гісторыю Чэрыкаўшчыны. З 1922 г. - гэта Леменская доследна - паказальная школа - камуна ІІ ступені імя У.І. Леніна . У школе - камуне раскрыўся педагагічны талент Мадэста Мікалаевіча, які трагічна загінуў, ратуючы дзяцей ад небяспекі. У 1924 г. школа - камуна была ператворана ў школу сялянскай моладзі.

Школа мела зямельны ўчастак у 22 дзес., які выкарыстоўваўся пад яравыя і бульбу, пад агарод і луг. Навучэнцамі і выхаванцамі школы спачатку былі старшакласнікі чэрыкаўскіх школ, потым многа дзяцей прывезлі з галадаючых раёнаў Паволжа, пасля вялікае папаўненне прыбыло з дзіцячых дамоў Халобліна і Клінцоў. Прымаліся ў школу таксама дзеці сялянскай і местачковай беднаты, у першую чаргу круглыя сіроты.

У 1922/23 навучальным годзе тут займалася 189 вучняў, якія не толькі вучыліся, але і працавалі ў кузні, у полі, у лесе. Вольны час праводзілі ў гуртках: марксісцкім, літаратурным, драматычным, сельскагаспадарчым, музычна - харавым. Майстэрству гульні ў шахматы, гімнастыцы, плаванню вучыў сваіх выхаванцаў Мадэст Мікалаевіч. У Лемені была створана адна з першых у рэспубліцы футбольная каманда.

У школе - камуне дзейнічалі органы вучнёўскага самакіравання. Вышэйшым органам яго быў агульны сход. Выканаўчы камітэт школы складаўся з 25 чалавек, яго прэзідыум - з 5 чалавек. Працавалі камісіі: працоўная, гігіенічная, прадуктовая і гаспадарчая. Выходзіў рукапісны часопіс.

Леменская школа - камуна выпусціла каля 150 чалавек, сярод іх - член - карэспандэнт АН БССР І.В. Гутараў, акадэмік АН БССР П.Ф. Ракіцкі, кампазітар І.І. Любан і інш.