ШЛА ВАЙНА СВЯШЧЭННАЯ

Беларусь адна з першых падверглася нападу фашысцкіх орд. Нягледзячы на колькасную перавагу нямецкіх войск, нашы воіны вялі цяжкія баі, аказвалі жорсткае супраціўленне наступаючым дывізіям ворага.

Ход ваенных дзеянняў у пачатку вайны быў складаным для Чырвонай Арміі. Войскі Заходняй асобай ваеннай акругі ўступілі ў бой раз’яднанымі, неслі вялікія страты, у выніку чаго вымушаны были адступаць у глыб краіны. Праціўнік захапіў Мінск і накіраваў асноўныя сілы на Магілёў. Тут, на паўднёвым крыле Заходняга фронта, на Магілёўскім напрамку дзейнічала 13-я армія. У выніку 23-дзённых баёў было збіта, падбіта і знішчана: самалётаў – 24, танкаў – каля 200, матацыклаў – каля 400, аўтамашын – каля 500. Было таксама знішчана 15 тысяч і ўзята ў палон 2 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў.

Карта баявых дзеянняў 13-й арміі
на рубяжах рэк Днепр, Сож.

Праціўнік страціў надзею захапіць г. Магілёў з ходу, панёс вялікія страты, фарсіраваў р. Днепр на поўнач і на поўдзень ад Магілёва, імкнуўся акружыць групоўку войск 4-й і 13-й армій. Нашы войскі, не вытрамаўшы націску фашысцкіх танкавых кліноў, сталі адыходзіць. Камандуючы 2-й танкавай групы Гудэрыян пасля фарсіравання Дняпра адразу ж павёў наступленне на важныя вузлы дарог – Прапойск (цяпер Слаўгарад), Крычаў і Чавусы. Каб стрымліваць наступленне варожых сіл у гэтых напрамках, для падмацавання часцям 13-й арміі прыбыла 132-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Сяргея Сямёнавіча Бірузова. Дывізія высадзілася з вагонаў на станцыі Чавусы, сканцэнтравалася і заняла абарону 12 ліпеня 1941 г. на паўднёвым захадзе ад Чавус.

Лявей 132-й стралковай дывізіі дзейнічала 137-я стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Івана Ціханавіча Грышына. Так, на дваццаты дзень вайны баі дакаціліся да Чэрыкаўскага раёна. 12 ліпеня 1941 г. 55-я стралковая дывізія 4-й арміі заняла дваццацікіламетровы фронт абароны па ўсходняму берагу р. Сож – ад Прапойска да Старой Каменкі.

На поўнач ад 55-й стралковай дывізіі абаранялася на р. Проні 42-я стралковая дывізія, якой часова камандаваў палкоўнік М.Е. Козыр. Яе падраздзяленні знаходзіліся толькі ў найбольш важных у тактычным плане пунктах. На поўнач ад 42-й стралковай дывізіі змагаўся 45-ы стралковы корпус на чале з генералам Э.Я. Магонам. Такім чынам, ад Чавус да Прапойска праходзіла суцэльная лінія абароны з часцей 13-й і 4-й арміі.

Перадавыя часці Гудэрыяна лічылі, што яны ўжо вырваліся на аператыўны прастор, і таму спакойна рухаліся па дарогах у напрамку Чавус у паходных калонах. Супраць іх 132-я стралковая дывізія выставіла ўсё, што мела. 425-ы артполк адкрыў агонь двума дывізіёнамі. Фашысты не чакалі ўдару нашых часцей, у калонах узнікла замяшанне, не вельмі дакладна немцы сталі разгортвацца ў баявыя парадкі. Наступальны парыў чырвонаармейцаў і камандзіраў быў нястрымным, яны гналі гітлераўцаў некалькі кіламетраў і вызвалілі шэраг вёсак. Было знішчана некалькі фашысцкіх танкаў і бронемашын, многа салдат і афіцэраў.

Атрымаўшы нечаканы адпор, Гудэрыян адмовіўся ад паўторнага лабавога ўдару. Яго танкавыя часці сталі абцякаць дывізію з флангаў, гукі бою даносіліся ўжо з боку Крычава. Над дывізіяй закружылі варожыя самалёты, якія безупынна бамбілі і абстрэльвалі баявыя парадкі.

Дывізія працягвала бой з праціўнікам, хаця ведала, што злева фронт ужо прарваны. Спыніць ворага было немагчыма. На правым флангу літаральна стагнала зямля, байцы адыходзілі, аказваючы пры гэтым упартае супраціўленне. З усіх батарэй засталася толькі адна гармата, ды і тая хутка змоўкла. Каля разбітых гармат ляжалі загінуўшыя і цяжка параненыя артылерысты. Побач з камандзірам дывізіі грымнуў выбух, яго адкінула ўбок, кантузіла, параніла ў падбародак, але ён застаўся ў страі. У сваіх мемуарах Сяргей Сямёнавіч Бірузоў піша:

“Так, гэта быў ужо сапраўдны бой, цяжкі і кровапралітны. З паветра нас безупынна бамбілі фашысцкія самалёты. На зямлі цяснілі танкі, і пад іх гусеніцамі перш за ўсё гінулі тыя, хто спрабаваў выратаваць сваё жыццё ганебнымі ўцёкамі. Многія толькі тут упершыню ўбачылі, як падаюць мёртвымі іх таварышы, скошаныя кулямі або асколкамі, як сыходзяць крывёю тыя, з кім яны зусім яшчэ нядаўна елі з аднаго кацялка, спалі побач, дзяліліся радасцямі і горам. Нямала мы ў той дзень перажылі, і кожны канчаткова зразумеў, што вайна – гэта жорсткая і бязлітасная барацьба, якая патрабуе намагання ўсіх маральных і фізічных сіл, найвялікшай стойкасці, вытрымкі і рашучасці ахвяраваць сабой у імя Радзімы”.

С. С. Бірузоў

І. Ц. Грышын

Г. А. Тэр -Гаспаран

Куды больш цяжка давялося, аднак, леваму суседу 132-й стралковай дывізіі, на стыку з якім вораг наносіў свій галоўны ўдар. Тут бой дасягнуў найвышэйшага напружання. Увесь гэты раён, здавалася, заліты быў крывёй і ахоплены полымем. Гарэлі падпаленыя гітлераўцамі вёскі, падбітыя танкі, аўтамашыны. Смурод і дым віселі над зямлёй. У гэта месца прыбыў камандзір 20-га стралковага корпуса генерал С.І. Яромін. У складзе 20-га стралковага корпуса знаходзіліся 132-я і 137-я стралковыя дывізіі. Камандзіры гэтых дывізій С.С. Бірузоў і І.Ц. Грышын былі выкліканы на камандны пункт генерала С.І.Яроміна. Камандаючы 13-й арміяй перадаў Яроміну загад – прабівацца з акружэння на ўсход. “Іншага выбару, – успамінае Бірузоў, – у нас не было, мы рыхтаваліся адыходзіць да р. Сож на поўнач ад Прапойска. Прарыў акружэння намячалася пачаць у ноч на 14 ліпеня 1941 года”.

Сам С.І. Яромін вырашыў адыходзіць са 160-й дывізіяй. Пазней стаў вядомы трагічны лёс гэтай дывізіі. У дваццатых чыслах ліпеня 1941 г. дывізія і ўпраўленне 20-га корпуса панеслі вялікія страты.

55-я стралковая дывізія, заняўшая абарону каля Прапойска, поўным ходам вяла абарончыя работы. Праціўніка перад дывізіяй яшчэ не было. Падпалкоўнік Тэр-Гаспаран, які прыбыў са штаба арміі, далажыў аб змяненні абстаноўкі на фронце. 10-11 ліпеня нямецкія войскі фарсіравалі Днепр. Да вечара 14 ліпеня яны прасунуліся на сто кіламетраў і захапілі Мсціслаў, пагражаючы з поўначы Крычаву. Для 55-й стралковай дывізіі склалася цяжкае становішча. 2-гі дывізіён 84-га артпалка быў тэрмінова накіраваны ў раён на поўнач ад Крычава для сумесных дзеянняў з часцямі 6-й стралковай дывізіі, каб не прапусціць немцаў да горада.

55-я стралковая дывізія атрымала новае заданне. Зрабіўшы ў ноч на 15 ліпеня трыццацікіламетровы марш, яна сканцэнтравалася ў лясах на поўдзень ад Чэрыкава. На світанні дывізіі быў дадзены загад: неадкладна вярнуць 107-ы стралковы полк з 1-м дывізіёнам 84-га артпалка да Прапойска. Аказалася, што нямецкія танкі ўварваліся ў Прапойск. Разведчыкі далажылі, што немцы прарвалі абарону на р. Лабчанцы, прытоку Сожа, у дванаццаці кіламетрах на захад ад Чэрыкава. Там абараняўся 333-і полк 6-й стралковай дывізіі. Людзей у ім засталося мала, артылерыі зусім не было. Полк не змог адбіць танкавага ўдару і адышоў да пераправы цераз Сож у раёне вёсак Мірагошч і Журавель.

Падпалкоўнік Тэр-Гаспаран, не чакаючы распараджэння са штаба корпуса, прыняў рашэнне перакінуць часці 55-й стралковай дывізіі цераз раку з тым, каб утрымаць Чэрыкаў. Але ажыццявіць гэтага не ўдалося – нямецкія танкі падыходзілі ўжо да горада.

Батальёны 111-га стралковага палка, якія паспелі пераправіцца на паўднёва-заходнюю ўскраіну Чэрыкава, адразу ўступілі ў бой. Але праз гадзіну пасля пачатку бою нямецкія танкі ўварваліся ў Чэрыкаў. Тэр-Гаспаран загадаў батальёнам адысці зноў на ўсходні бераг ракі. Ноччу, з 15 на 16 ліпеня 1941 г. вораг заняў Чэрыкаў.

Нягледзячы на адступленне, нашы вайскавыя часці гераічна змагаліся, наносячы адчувальныя ўдары на гітлераўцаў. Каб прасунуцца ад Дняпра да Сожа, фашыстам спатрэбілася шмат часу. На Сожы яны пратапталіся яшчэ паўмесяца. З першых дзён вайны названыя вышэй рэкі сталі сур’ёзнымі рубяжамі, дзе перамолвалася жывая сіла і тэхніка праціўніка. Абарона на р. Сож мела асаблівае значэнне ў ходзе Смаленскай бітвы.У выніку яе быў сарваны план гітлераўцаў імгненна захапіць Маскву.

У жорсткіх баях страчвалі сілы савецкія воіны. У час пераправы цераз р. Сож загінуў камандзір 13-га механізаванага корпуса генерал-маёр Пётр Мікалаевіч Ахлюсцін, загінуў на Чэрыкаўшчыне і камандзір 20-га стралковага корпуса С.І. Яромін. Аддалі свае жыцці ў баях за раён і многія іншыя байцы і камандзіры Чырвонай Арміі.

Асобныя групы воінаў працягвалі змагацца з ворагам на акупіраванай тэрыторыі, прарываючыся на ўсход. Многія з іх уліваліся ў партызанскія атрады. У жніўні 1941 г. на базе падпольных груп раёна і воінаў, якія не вышлі з варожага акружэння, быў арганізаваны Асобны Чэрыкаўскі атрад. З восені 1941 г. па красавік 1942 г. на тэрыторыі Чэрыкаўскага і Крычаўскага раёнаў дзейнічаў асобны партызанскі атрад «Анатоля». Сваімі ўдарамі ён наносіў ворагу вялікія страты.

На Чэрыкаўшчыне наступіў новы этап у барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў: разгортвалася партызанская вайна, пачалі дзейнічаць падпольшчыкі.


Склад Чэрыкаўскага падпольнага райкама КП(б)Б: сакратар Храмовіч Георгій Антонавіч (з ліпеня 1941 па кастрычнік 1943). Члены райкама: Шчаўлікаў Васіль Піліпавіч (з ліпеня 1941, загінуў у 1942), Гаспадарык Аляксандр Максімавіч (з ліпеня 1941, загінуў 1942).

У жніўні 1941 г. у склад падпольнага райкама былі кааптаваны: Кроль Леў Майсеевіч (загінуў у 1941), Васкавец Сцяпан Фёдаравіч (загінуў у 1941).

Сакратары падпольных партыйных арганізацый раёна: гарадской – А. М. Гарбаты, Вепрынскай – Л. М. Кроль, Зябенскай – Л. А. Кукуй, Мірагашчанскай – М. Л. Іваноўскі, Язёрскай – Г. Н. Харытонаў, Горкаўскай – В. А. Базылёў, Рэчыцкай – Арцём Кавалёў, Глінскай – М. І. Сапянкоў, Верамейскай – Е. С. Кавалёў, Халмянскай – В. С. Раканаў.


У першыя дні акупацыі народным мсціўцам было асабліва цяжка – вакол панавала разгубленасць, няўпэўненасць, паміж імі амаль не было ніякай сувязі, не кажучы ўжо пра вопыт.

Фашысты ўстанавілі ў раёне жорсткі рэжым. Яшчэ нядаўна шумлівы і вясёлы Чэрыкаў быў ператвораны ў горад смерці і пакут. Не лепш было і ў раёне. 18 лістапада 1941 г. газета “Правда” ў вячэрняй зводцы Саўінфармбюро пісала аб звярыных учынках фашыстаў у в. Наркі Чэрыкаўскага раёна. У зводцы паведамлялася, што ў названай вёсцы гітлераўцы згвалцілі і закатавалі да смерці сялянак Жыгалаву, Серыкаву, Урупіну. У в. Халмы фашысцкія вылюдкі замучылі шэсць пятнаццацігадовых дзяўчат.

У першыя дні акупацыі раёна былі расстраляны старшыня Верамейскага сельсавета, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Агаф’я Іванаўна Фядосенка, актывіст калгаснага будаўніцтва, удзельнік падполля Іван Аляксеевіч Гузнякоў.

Асабліва фашысты здзекаваліся над людзьмі яўрэйскай нацыянальнасці – 238 чалавек, у тым ліку дзеці і старыя, былі расстраляны гітлераўцамі.

Вялікая бяда напаткала і жыхароў в. Рагаліна. Аднойчы ў вёску прыйшлі фашысцкія каты. Яны падазравалі жыхароў у сувязі з партызанамі. Гітлераўцы сагналі каля 100 чалавек у будынак і спалілі іх. У агні загінулі людзі і вёска.

Што ўяўляў сабой Чэрыкаў для гітлераўцаў? На працягу двух год вайны горад быў цэнтрам акругі, у які ўваходзіла дзесяць раёнаў. Чэрыкаў гітлераўцы выбралі не выпадкова. Горад размешчаны далёка ад чыгункі. Фашысты думалі, што іх не будуць трывожыць магілёўскія партызаны. З другога боку, лёгка можна было арганізаваць абарону горада ад народных мсціўцаў, бо круты бераг р. Сож аддзяляў акупантаў ад лясоў на поўдні, “гарантавала” бяспеку і акрытыя мясцвасці з усходу і поўначы. Але гітлераўцы памыляліся. Партызаны пастаянна наносілі ўдары по ворагу, знішчалі жывую сілу і тэхніку праціўніка.


НА ТЭРЫТОРЫІ ЧЭРЫКАЎСКАГА РАЁНА Ў 1941 – 1943 ГГ. ДЗЕЙНІЧАЛІ
НАСТУПНЫЯ ПАРТЫЗАНСКІЯ АТРАДЫ:


720 асобны атрад. Сфарміраваны ў кастрычніку 1942 г. у Быхаўскім раёне на базе групы Ф. С. Тарасевіча – Г. А. Храмовіча, якая вылучылася з 620-га атрада, і групы Я. А. Курпачэнкі. З лістапада 1942 г. па красавік 1943 г. уваходзіў у склад 4-й Клічаўскай брыгады. 14 красавіка 1943 г. па рашэнню Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б перабазіраваны ў Чэрыкаўскі раён, дзе дзейнічаў самастойна.

З часцямі Чырвонай Арміі злучыўся 1 кастрычніка 1943 г., налічваў 297 партызан. З іх мужчын 278, жанчын 19, беларусаў 216, рускіх 72, украінцаў 5, іншых нацыянальнасцей 4, членаў ВКП(б), кандыдытаў у члены ВКП(б) 18, членаў ВЛКСМ 58, беспартыйных 206.

Камандзіры атрада: Тарасевіч Фёдар Сцяпанавіч (кастрычнік 1942 – студзень 1943), Храмовіч Георгій Антонавіч (студзень – жнівень 1943), Жмуроўскі Пётр Усцінавіч (жнівень – кастрычнік 1943). Камісары: Храмовіч Георгій Антонавіч (кастрычнік 1942 – студзень 1943), Фёдараў Мікалай Пятровіч (сакавіч – кастрычнік 1943). Начальнікі штаба: Фёдараў Мікалай Пятровіч (кастрычнік 1942 – сакавік 1943), Віктарэнка Аляксандр Міхайлавіч (сакавік – жнівень 1943), Тапілін Васіль Пятровіч (жнівень – кастрычнік 1943).

721-ы асобны атрад. Арганізаваны ў маі 1943 г. рашэннем упаўнаважанага Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б па Паўднёва – Усходняй зоне на базе партызанскай групы А. М. Гарбатага – А. В. Львова, якая дзейнічала ў Чэрыкаўскім раёне з жніўня 1941 г.

На дзень злучэння з часцямі Чырвонай Арміі, 1 кастрычніка 1943 г., атрад налічваў 248 партызан. З іх мужчын 139, жанчын 7, беларусаў 121, рускіх 9, украінцаў 4, іншых нацыянальнасцей 12, членаў ВКП(б) 7, кандыдытаў у члены ВКП(б) 1, членаў ВЛКСМ 33, беспартыйных 105. Дэмаграфічныя даныя на 102 чалавекі не ўстаноўлены.

Камандзір атрада Гарбат Аляксандр Мікалаевіч (май – кастрычнік 1943). Камісар Львоў Аляксандр Васілевіч (май – кастрычнік 1943). Начальнік штаба Сільчанка Віктар Сямёнавіч (май – кастрычнік 1943).

15-ы асобы атрад. Заснаваны ў жніўні 1943 г. загадам камандзіра палка “Трынаццаць” на базе партызанскай групы І. Н. Ваўчкова, арганізаванай у маі 1943 г.

Атрад дзейнічаў у Чэрыкаўскім і Прапоўскім раёнах. З часцямі Чырвонай Арміі злучыўся 2 кастрычніка 1943г., налічваў 432 партызаны. З іх мужчын 413, жанчын 19, беларусаў 316, рускіх 103, украінцаў 9, іншых нацыянальнасцей 4, членаў ВКП(б) 20, кандыдатаў у члены ВКП(б) 10, членаў ВЛКСМ 107, беспартыйных 295.

Камандзір атрада Ваўчкоў Іван Нічыпаравіч (жнівень – кастрычнік 1943). Камісар Касмачоў Яфім Арцёмавіч (жнівень – кастрычнік 1943). Начальнік штаба Афанасьеў Аляксандр Аляксеевіч (жнівень – кастрычнік 1943).

41-ы асобны труд. Арганізаваны ў чэрвені 1942 г. у адпаведнасці з загадам упаўнаважнага ЦК КП(б)Б па Гомельскай вобласці на базе групы С. М. Карзюкова, якая дзейнічала з лета 1941. Да 25 мая 1943 г. называлася атрадам “Вечаркова” (псеўданім С. М. Карзюкова), затым 41-ы.

Атрад дзейнічаў у Краснапольскім, Чэрыкаўскім, Прапойскім раёнах. На дзень злучэння з часцямі Чырвонай Арміі, 1 кастрычніка 1943 г., налічваў 440 партызан. З іх мужчын 337, жанчын 36, беларусаў 305, рускіх 47, украінцаў 8, іншых нацыянальнасцей 13, членаў ВКП(б) 19, кандыдатаў у члены ВКП(б) 20, членаў ВЛКСМ 83, беспартыйных 251. Дэмаграфічныя даныя на 67 чалавек не ўстаноўлены.

Камандзіры атрада: Карзюкоў Сямён Мікалаевіч (чэрвень 1942 – кастрычнік 1943), Каўпаносаў Васіль Нічыпаравіч (жнівень – кастрычнік 1943, в. а.). Камісары: Ушаў Авар’ян Іванавіч (верасень 1942 – сакавік 1943), Кузняцоў Мікіта Цітавіч (сакавік – жнівень 1943), Марчанка Пётр Мікітавіч (жнівень – кастрычнік 1943). Начальнікі штаба: Бурцаў Барыс Антонавіч (чэрвень – верасень 1943), Тычынскі Геральд Аляксандравіч (верасень – кастрычнік 1943).

42-гі асобны атрад. Заснаваны ў чэрвені 1942 г. на базе груп М. М. Мікіціна і В. Я. Гапеева, якія дзейнічалі ў Прапойскім і Чэрыкаўскім раёнах. Называўся атрад “Трынаццаць”, а з 25 мая 1943 г. – 42-гі.

На дзень злучэння з часцямі Чырвонай Арміі, 1 кастрычніка 1943 г., атрад налічваў 248 партызан. З іх мужчын 239, жанчын 9, беларусаў 206, рускіх 38, украінцаў 2, іншых нац. 2, членаў ВКП(б) 11, кандыдатаў у члены ВКП(б) 10, членаў ВЛКСМ 24, беспартыйных 203.

Камандзіры артада: Мікіцін Мікалай Макаравіч (чэрвень 1942 – жнівень 1943), Каралёў Генадзь Андрэевіч (жнівень – кастрычнік 1943). Камісар Гапееў Васіль Яўхімавіч (чэрвень 1942 – кастрычнік 1943). Начальнік штаба Гаўрылаў Ілья Максімавіч (чэрвень – кастрычнік 1943).

Асобны атрад “Анатоля”. Заснаваны ў жніўні 1941 г. у Чэрыкаўскім раёне з групы ваеннаслужачых, якія не выйшлі з варожага тылу. На час арганізацыі налічваў 32 партызаны (камандзір – Грышын Анатоль – псеўданім, сапраўднае прозвішча не ўстаноўлена; загінуў).

Дзейнічаў у Чэрыкаўскім і Крычаўскім раёнах. Зімой частка асабовага саставу пайшла на ўсход, каб папасці ў савецкі тыл. Партызаны, якія засталіся ў тыле ворага, загінулі ў баях з карнікамі 21 – 22 студзеня 1942 г. каля вёсак Волчас Крычаўскага, Камаровічы Чэрыкаўскага раёнаў.

Асобны Чэрыкаўскі атрад. Заснаваны ў жніўні 1941 г. на базе падпольных груп Чэрыкаўскага райкама КП(б)Б, з жыхароў в. Вепрын і ваеннаслужачых, якія не выйшлі з варожага тылу. У кастрычніку група ваеннаслужачых пайшла ў савецкі тыл, а партызаны, якія засталіся, на чале з Г. А. Храмовічам перабазіраваліся вясной 1942 г. у Бабруйскі, затым у Клічаўскі раёны, дзе ўліліся ў Кіраўскі атрад.

Камандзір атрада - Храмовіч Георгій Антонавіч.

Асобны атрад “Алеся”. Заснаваны 6 чэрвеня 1942 г. на базе групы А. Л. Кастроўскага – І. М. Пяроўскага, створанай у Клімавіцкім раёне ў маі 1942 г., і іншых (пазней групы праводзілі аперацыі самастойна).

Атрад дзейнічаў у Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Крычаўскім раёнах да 29 верасня 1942 г., затым выйшаў у савецкі тыл. На дзень выхаду налічваў 33 партызаны. З іх мужчын 21, жанчын 12, беларусаў 23, рускіх 9, украінцаў 1, членаў ВКП(б) 1, кандыдатаў у члены ВКП(б) 2, членаў ВЛКСМ 15, беспартыйных 15.

Камандзір атрада Кастроўскі Аляксей Лявонавіч (“Алесь”, май – верасень 1942, загінуў). Камісар Пятроўскі Іосіф Мікалаевіч (май – верасень 1942).

Асобны атрад “Валянціна Маёрава”. Створаны 4 ліпеня 1942 г. на базе партызанскай групы, якая дзейнічала з мая 1942 г. у Крычаўскім, Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах. Атрад называўся па псеўданіму камандзіра П. І. Шмоніна (“Валянцін Маёраў”).

29 верасня 1942 г. атрад выйшаў у савецкі тыл. На дзень выхаду атрад налічваў 30 партызан. У атрадзе былі толькі мужчыны. З іх беларусаў 7, рускіх 17, украінцаў 2, іншых нацыянальнасцей 4, членаў ВКП(б) 2, кандыдатаў у члены ВКП(б) 5, членаў ВЛКСМ 10, беспартыйных 13.

Камандзір атрада Шмонін Павел Іванавіч (ліпень – верасень 1942). Камісар Траянаў Якаў Данілавіч
(ліпень – верасень 1942).



Узросшая актыўнасць партызан ні днём, ні ноччу не давала спакою захопнікам. У адказ гітлераўцы праводзілі карныя аперацыі супраць народных мсціўцаў. Яны імкнуліся адрэзаць партызан ад населеных пунктаў, блакіраваць іх у лясах. У выніку карных аперацый перастаў існаваць атрад “Анатоля”. Яго камандзір загінуў у баі.

23 кастрычніка 1941 г. гітлераўцамі быў блакіраваны Асобны Чэрыкаўскі партызанскі атрад на яго галоўнай базе ва ўрочышчы Манастырок . Атрад панёс вялікія страты. Быў паранены камандзір Г.А. Храмовіч. У гэтым баі загінула Слюнькіна, інструктар РК ЛКСМБ, у атрадзе яна ўзначальвала камсамольскую работу.

Пазней, не без дапамогі здраднікаў, пачаліся аблавы, вобыскі, арышты. Трапляе ў рукі гестапа член падпольнага райкама партыі Аляксандр Васілевіч Гаспадарык, дзе пасля жорсткіх допытаў загінуў.

У снежні 1941 г. у баях супраць карнікаў загінулі сакратар падпольнай Вепрынскай партыйнай арганізацыі Леў Максімавіч Кароль, намеснік камандзіра партызанскага атрада па палітчасці Сцяпан Фёдаравіч Васькавец, камандзір узвода Арсен Нічыпаравіч Букзееў, член Вепрынскай падпольнай арганізацыі, сувязная падпольнага райкама партыі Паліна Патапаўна Кукчанка, член Верамейскай падпольнай арганізацыі Рыгор Яўламп’евіч Марчанка, сувязны – разведчык райкама партыі Павел Савельевіч Нікеенка, разведчыцы партызанскага атрада Ніна Пятроўна Нікеенка, Соф’я Маргелаўна Кукчанка, падпольшчык Павел Раманавіч Малашанка.

У гады акупацыі ад рук фашыстаў загінулі: член падпольнага райкама партыі Васіль Піліпавіч Шчаўлікаў, Кірыл Цітавіч Кутаў, Ніна Іванаўна Бяляцкая, Валянціна Якаўлеўна Цітовіч, Емяльян Сяргеевіч Кавалёў, Арцём Кавалёў, Іван Васілевіч Галаўнёў, Захар Іосіфавіч Якушэнка, Цімафей Іванавіч Максіменка, Васіль Мітрафанавіч Цілюпа, Павел Сідаравіч Міхненка і многія іншыя.

За сувязь з партызанамі па загаду каменданта Чэрыкава былі расстраляны Марыя Сотнікава, Рыгор Сарочанка, акружэнцы Аляксей Мішын, Аляксей Капленка, Віктар Салаўёў.

У 1941 г. у барацьбе з гітлераўцамі загінула нямала мужных патрыётаў. Астатнія пайшлі ў глыбокае падполле. Народным мсціўцам заставацца ў раёне стала небяспечна. Райкам партыі прымае рашэнне аб перабазіраванні партызан у бранскія лясы.

Масавымі рэпрэсіямі фашысцкія акупанты імкнуліся зламаць волю савецкіх людзей. Але народ не скарыўся, са зброяй у руках адстойваў незалежнасць Айчыны. Пад уплывам перамог Чырвонай Арміі на тэрыторыі раёна актывізуецца партызанскі рух. Народныя мсціўцы перашкаджалі гітлераўцам “гаспадарыць” на Чэрыкаўшчыне. Вясной 1943 г. у раён вяртаецца 720-ы партызанскі атрад. Фарміруецца Чэрыкаўскі падпольны райкам партыі РКП(б)Б у новым саставе: сакратар – Г.А. Храмовіч, члены райкама – Н.П. Галенка, Н.А. Фёдараў, М.Л. Іваноўскі, І.І. Касцючэнка. Ствараецца ваенна – аператыўная група, камандзірам яе прызначаецца Г.А. Храмовіч, начальнікам штаба – М.С. Буднікаў, яго намеснікам – М.Н. Купрыяшын. Камандзірам 720-га партызанскага атрада зацвярджаецца П.У. Жмуроўскі. Да гэтага часу фарміруецца і новы састаў падпольнага райкама ЛКСМБ на чале з Іванам Іванавічам Касцючэнкам. Ствараецца таксама новы 721-ы партызанскі атрад, якім камандуе Л.В. Гарбаты. Камісарам партызанскага атрада быў А.В. Львоў, начальнікам штаба – В.С. Сільчанка. У гэты час на тэрыторыі раёна дзейнічалі і другія партызанскія атрады.

Партызаны знішчалі не толькі жывую сілу і тэхніку ворага, але праводзілі і вялікую агітацыйную работу сярод насельніцтва. Распасюджваўся падпольны друк: лістоўкі, звароты, зводкі Саўінфармбюро.

У раёне ў гэты час было ўжо створана 25 камсамольска – маладзёжных груп. Вялікую дапамогу мясцовай моладзі па арганізацыі камсамольскай работы ў тыле ворага, па разгортванню “рэйкавай вайны” аказвала інструктар ЦК ВЛКСМ Клаўдзія Аляксандраўна Маркава (Моськіна). Яна зарэкамендавала сябе бясстрашнай валявой падпольшчыцай.

Вясной 1943 г. на Чэрыкаўшчыну прыйшло партызанскае злучэнне “Трынаццаць” пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза С.В. Грышына. Злучэнне садзейнічала аб’яднанню партызанскіх атрадаў у раёне. Неўзабаве ствараецца трэці Чэрыкаўскі атрад (на аснове групы І.Н. Ваўчкова) пад №15, камандзірам яго быў Ваўчкоў, камісарам Я.А. Касмачоў. У раёне ўжо дзейнічалі тры партызанскія атрады: 720, 721 і 15-ы, якія налічвалі 977 партызан.

Цесна стала ворагу на зямлі прысожскага краю, партызаны знішчалі паліцэйскія гарнізоны, участкі, пускалі пад адхон дзесяткі эшалонаў. Гэта барацьба перамолвала акупантаў у тыле і адцягвала вялікія сілы фашыстаў з фронту, што садзейнічала хутчэйшаму іх разгрому.

Набліжаўся светлы дзень вызвалення Беларусі ад карычневай чумы. Важную місію па вызваленню рэспублікі выконвалі байцы 50-й арміі. 25 верасня 1943 г. яе перадавыя палкі ўступілі на беларускую зямлю. У наступны дзень вызвалены Хоцімск, затым Касцюковічы, Мсціслаў. 30 верасня быў ачышчаны ад гітлераўцаў Крычаў. Але немцы ўмацаваліся ў Чэрыкаве. Вызвалены вёскі Вохар, Рэчыца, а горад гітлераўцы ўтрымлівалі ўпарта. Больш 25 кулямётных кропак, 12 артылерыйскіх і мінамётных батарэй налічвала абарона Чэрыкава. Адышоўшыя часці 707-й і 129-й пяхотных дывізій гітлераўцаў занялі падрыхтаваныя рубяжы на крутым беразе Сожа. Але не толькі адзін бераг быў умацаваны фашыстамі. Яны пакінулі ў лесе, за Сожам, 211-ю пяхотную дывізію, ператварылі в. Вепрын у магутны апорны пункт.

У баях за Чэрыкаў значная роля адводзілася чэрыкаўскім партызанскім атрадам, якія ўзначальваў сакратар падпольнага райкама партыі Г.А. Храмовіч. Ім належала па ўзгадненню з камандаваннем 50-й арміі разграміць гарнізоны праціўніка ў Пільні, Бакунавічах, узяць пад кантроль дарогі і масты на р. Сянна, і тым самым не дапусціць падыходу да Чэрыкава новых сіл ворага з поўдня, блакіраваць на Сожы брады ў вёсках Мірагошч, Хрыстафораўка, Аляксандраўка 2-я. Разам з тым перарэзаць Варшаўскую шашу, падарваць мост цераз р. Лабчанку і не дапусціць адыходу праціўніка на Прапойск, навесці масты з плытоў цераз Сож. Пры штурме Чэрыкава дапамагаць у благіроўцы дзотаў і знішчэнні каманд падпольшчыкаў.

413-я стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Івана Сцяпанавіча Хахлова пачала штурм Чэрыкава. Артылерыя падпалкоўніка А.І. Пярвухіна і маёра А.Б. Зубкова сканцэнтравала ўвесь агонь на батарэях ворага. Агонь знішчаў дзоты, якія перашкаджалі нашым воінам фарсіраваць Сож. Пасля чаго часці 413-й дывізіі значна актывізавалі атакі. 1320-ы стралковы полк пры падтрымцы 720-га атрада Пятра Жмуроўскага фарсіравалі Сож каля в. Мірагошч і павялі наступленне ўздоўж берага на Чэрыкаў.

Камандзіру 324-й стралковай дывізіі генералу Сідуліну было загадана прабіцца да в. Манастырок, фарсіраваць р. Сож і ўстанавіць кантроль за Варшаўскай шашой, каб адрэзаць шляхі адыходу праціўніка з Чэрыкава. Партызаны навялі плывучы мост, і 324-я дывізія адразу пераадолела водны рубеж.

У чэрыкаўскіх партызан у той час былі і свае задумы: захапіць здраднікаў Радзімы бургамістра г. Чэрыкава Шаркевіча і яго гаспадара Ганса Сіха. Невялікая група партызан з сямі чалавек пад кіраўніцтвам М.К. Хромава, пераапрануўшыся ў форму ўласаўцаў і ўзброіўшыся нямецкімі аўтаматамі, паспяхова правяла гэту аперацыю.

Нямецкае камандаванне, баючыся акружэння чэрыкаўскай групоўкі, дало загад сваім войскам спаліць горад, насельніцтва выгнаць, а самім адысці за р. Проню. Але нашы штурмавыя атрады і партызанскія разведчыкі не далі фашыстам ажыццявіць планы. З 1322-га стралковага палка 413-й дывізіі і сапёраў былі створаны штурмавыя групы, якія разам з разведчыкамі чэрыкаўскіх партызан з наступленнем цемнаты (30 верасня) прарваліся ў горад і павялі барацьбу з гітлераўцамі, блакіравалі яго агнявыя кропкі і падпальшчыкаў. Усю ноч, з 30 верасня на 1 кастрычніка 1943 г., часці 413-й стралковай дывізіі фарсіравалі Сож і штурмавалі горад. Апошнія ачагі супраціўлення гітлераўцаў былі ліквідаваны да раніцы. У 7 гадзін 30 мінут 1 кастрычніка 1943 г. над Чэрыкавам быў узняты чырвоны сцяг. Каля 200 сыноў народаў краіны аддалі сваё жыццё ў баі за вызваленне горада.

У вызваленні горада і раёна прымалі ўдзел і нашы землякі: Міхаіл Цімафеевіч Марчанка, танкіст Аляксандр Сямёнаў першым уварваўся ў вёску Вепрын, пераправіўшыся цераз р. Сож, біў ворага ў Чэрыкаве і на сваім танку ўехал у родную в. Мірагошч. Яўген Іосіфавіч Зарубскі вызваляў сваю вёску Вепрын. У складзе 283-й стралковай дывізіі Васіль Савельевіч Круглікаў вызваляў вёскі раёна Зябень, Чудзяны, Пільню і іншыя.

2 кастрычніка 1943 г., калі перадавыя часці 50-й арміі падыходзілі да р. Проні, жыхары Чэрыкава вярталіся з лясоў у свой родны горад. Сакратар Чэрыкаўскай райкама партыі Георгій Антонавіч Храмовіч і член Ваеннага Савета 50-й арміі генерал – маёр А.М. Карамышаў адкрылі мітынг. Жыхары горада расказвалі аб тым, як гітлераўцы на занятай імі тэрыторыі ўстанаўлівалі “новы парадак”. З хваляваннем гаварылі яны і аб гераічнай барацьбе партызан і падпольшчыкаў супраць лютага ворага. Квітнеючы горад Чэрыкаў фашыстамі быў ператвораны ў канцлагер. За час акупацыі загінулі многія адважныя патрыёты раёна. На мітынгу чэрыкаўляне пакляліся не шкадаваць сіл і жыцця дзеля хутчэйшай перамогі над ворагам. У вызваленым горадзе 3 кастрычніка 1943 г. у апошні раз выстраіліся партызанскія атрады. Пасял чаго ўсе партызаны старэйшага ўзросту, а таксама хворыя і жанчыны накіраваліся дамоў для аднаўлення народнай гаспадаркі. Астатнія пайшлі ў Чырвоную Армію.

Тысячы жыхароў раёна гераічна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Сярод воінаў, якія першымі прынялі на сябе ўдары гітлераўскай ваеннай машыны, былі і нашы землякі. Разам з іншымі мужна абараняў Брэсцкую крэпасць над Бугам ураджэнец в. Малінаўкі Рыгор Кудраўцаў. 27 маладых юнакоў з горада і раёна, у асноўным выпускнікі 10 класаў, прызваных на Балтыйскі флот, неслі службу на Гангуце. Тут яны сустрэліся з ворагам, абараняючы горад Ленінград. Сярод іх былі Анатоль Георгіевіч Сотнікаў, Андрэй Якаўлевіч Плісікаў, Аляксандр Радзівонаў, Ілья Рыгоравіч Секушэнка, Васіль Прохаравіч Сафеенка Пётр Ягоравіч Андросаў, Уладзімір Максімавіч Канавалаў, Іван Цярэнцьевіч Цяпін, Барыс Васілевіч Цілюпа , Уладзімір Салянін, Васіль Данілавіч Карпаў, Еўдакім Калінавіч Карпаў, Міхаіл Афанасьевіч Карасёў, Сцяпан Ермалаевіч Церыхаў, Іван Кірылавіч Зычкоў, Васіль Сілавіч Уласаў, Павел Пятровіч Галубцоў, Аляксей Яфімавіч Плісікаў і інш.

У абароне Ленінграда ўдзельнічалі:

Міхаіл Сяргеевіч Міхееў, Андрэй Макаравіч Дзергачоў, Дзмітрый Пятровіч Юдачкін, Мікалай Іванавіч Сувораў, Васіль Сідаравіч Астапенка, Андрэй Елісеевіч Казанкоў, Дзмітрый Іванавіч Чыгір, Сяргей Васілевіч Івашкоў, Мікалай Пятровіч Антонаў, Павел Пятровіч Галубцоў, Мікалай Іванавіч Кавалёў, Лука Дзмітрыевіч Старавойтаў, Аляксей Сідаравіч Сугакоў, Міхаіл Сямёнавіч Сотнікаў, Цімафей Кірэевіч Козыраў, Васіль Азаравіч Еўдакіменка, Аляксей Азаравіч Салянкоў, Васіль Рыгоравіч Сакалоў, Іван Якаўлевіч Якімчанка, Валянцін Уладзіміравіч Чэрнікаў, Аляксей Данілавіч Бандарэнка, Міхаіл Мікалаевіч Лісікаў і інш.

Абаранялі Маскву: Уладзімір Парфёнавіч Варончанка, Пракоп Максімавіч Цыркуноў, Уладзімір Аляксандравіч Трусевіч, Іван Пятровіч Баранаў, Васіль Ігнатавіч Малуцін, Мікалай Васілевіч Прымачоў, Рыгор Дзмітрыевіч Баранаў, Фёдар Якаўлевіч Крымцоў, Усевалад Васілевіч Дарафееў, Фёдар Ціханавіч Хамянкоў, Іван Тарасавіч Баларчанка, Аляксандр Сцяпанавіч Капусценка, Афанасій Нічыпаравіч Грэкаў, Мікалай Фёдаравіч Саўчанка, Сяргей Андрэевіч Лукашэнка, Іван Гаўрылавіч Саўчанка, Аляксей Фёдаравіч Рупакоў, Максім Барысавіч Вераб’ёў, Леанід Анісімавіч Альхоўскі, Мікалай Васілевіч Адаменка, Уладзімір Дзмітрыевіч Васільеў, Рыгор Васілевіч Путро, Іван Міхайлавіч Котаў, Віктар Фёдаравіч Абірала, Васіль Азаравіч Еўдакіменка, Фёдар Якаўлевіч Крымцоў, Пётр Канстанцінавіч Брылёў, Васіль Міхайлавіч Кормічаў, Аляксей Фёдаравіч Галаўнёў, Пётр Цімафеевіч Садовіч, Раман Міхайлавіч Белахонаў, Іван Галакціёнавіч Снытка, Нічыпар Іосіфавіч Максіменка, Максім Барысавіч Вераб’ёў і інш.

Прымалі ўдзел у баях пад Сталінградам і на Курскай дузе: Міхаіл Мітрафанавіч Барысаў, Міхаіл Цярэнцьевіч Пелагейкін, Васіль Мацвеевіч Скрага, Валянцін Георгіевіч Сотнікаў, Сямён Піменавіч Шаблакоў, Сяргей Васілевіч Малагчанка, Сяргей Васілевіч Мешчаненка, Фёдар Рыгоравіч Куземчык, Васіль Іванавіч Камандзенка, Іван Іванавіч Красільнікаў, Васіль Іванавіч Шыцікаў, Соф’я Ільінічна Нікіціна, Георгій Фёдаравіч Шынкароў, Кузьма Юр’евіч Марускоў, Аляксандр Міхеевіч Халаеў, Ягор Міронавіч Міхайловіч і інш.

Удзельнічалі ў штурме Берліна: Васіль Фёдаравіч Малахаў, Рыгор Васілевіч Куляшоў, Міхаіл Сяргеевіч Міхееў, Віктар Міхайлавіч Рыжыкаў, Фама Іванавіч Раманенка, Стафан Максімавіч Хайчанка, Георгій Фёдаравіч Шынкароў, Уладзімір Фёдаравіч Дуброўскі, Леанід Яфімавіч Абуховіч, Андрэй Віктаравіч Новікаў, Іван Фаміч Азаранка, Уладзімір Васілевіч Максімаў, Іван Кузьміч Шаўцоў, Пётр Сямёнавіч Скробаў, аляксей Эрнставіч Кулаш, Васіль Сямёнавіч Уласекна, Мікалай Данілавіч Вераб’ёў, Іван Іванавіч Мартынаў і інш.

У гады вайны многія нашы землякі праявілі ўзоры мужнасці і стойкасці ў баях супраць гітлераўцаў. За ратныя подзвігі яны адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Чатыры з іх: Яўген Макаравіч Нікалаенка, Уладзімір Раманавіч Яўсеенка, Лаўрэнцій Васілевіч Дземянкоў, Піліп Іванавіч Кавалёў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Ордэнамі Славы ІІ і ІІІ ступеняў узнагароджаны: Міхаіл Цярэнцьевіч Палагейкін, Уладзімр Дзямідавіч Зыскуноў, Іван Якаўлевіч Якімчанка, Дзмітрый Максімавіч Шэсцярня, Мікалай Аляксандравіч Марозаў, Павел Пятровіч Галубцоў, Фёдар Ціханавіч Хамянкоў, Уладзімір Несцеравіч Зімонін, Іван Міхайлавіч Іваноў, Віктар Варфаламеевіч Царанкоў, Мікалай Астапавіч Пісараў, Канстанцін Ігнатавіч Мялешка, Уладзімір Ігнатавіч Сідараў, Аляксандр Маркавіч Укрожанка, Яўген Емельянавіч Рабчаеў, Віктар Андрэевіч Петрачэнка, Іван Лаўрэнцьевіч Нікіценка,Іван Сямёнавіч Бліннікаў.

Ордэнамі і медалямі узнагароджаны многія чэрыкаўляне, якія мужна змагаліся супраць ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны.