Незабыўныя гады

З успамінаў І. В. Гутарава

Гутараў Іван Васілевіч [2(15).4.1906, в. Воўкаўка Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні] - беларускі літаратуразнавец і фалькларыст. Член - карэспандэнт АН БССР (1953). Доктар філалагічных навук і прафесар (1949). З сялян. Выхаванец Леменскай школы - камуны. Скончыў БДУ (1928). Выкладаў у Магілёўскім палітсаветным і педагагічным інстытутах (1928 - 1938). Удзельнік партызанскага руху на Беларусі. Працаваў загадчыкам аддзела навукі, літаратуры і масцацтва Упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК КПБ (1947 - 1951), у БДУ, загадчыкам сектара фальклору (1957 - 1967) Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Аўтар даследванняў па рускай і беларускай літаратуры, эстэтыцы, беларускім фальклоры, склаў хрэстаматыю "Вуснапаэтычная творчасць беларускага народа" (1959, з С.Васілёнкам), зб. "Сучасны беларускі фальклор" (1936). Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума іншымі ордэнамі і медалямі. Памёр у 1967 г., пахаваны ў сасновым бары паблізу Лемені побач з магілай Мадэста Лепяшынскага.

Мы жылі, рыхтавалі ўрокі, спалі і трымалі асабістыя рэчы ў вялікіх светлых пакоях. Апраналіся спачатку адвольна, хто як мог. Потым мелі аднолькавай формы выхадную вопратку з нейкай вельмі трывалай тканіны - "чортавай скуры". Дзяўчынкі насілі плацці простага і зручнага крою, хлопчыкі - штосьці накшталт талстоўкі з паясом і звычайныя штаны. Абутак быў самы разнастайны.

Зімою мы займаліся, як і ў звычайных школах, па ўстаноўленых праграмах, агульнапрынятых планах і раскладах. У нас былі добра абсталяваныя, паводле тых часоў, майстэргі - сталярная, слясарная, кравецкая, шавецкая, пераплётная. Праца ў гэтых майстэрнях па асабістаму выбару навучэнцаў была абавязковай для ўсіх. Інструктарамі ў майстэрнях працавалі штатныя спецыялісты з ліку членаў педсавета і вылучаныя з ліку выхаванцаў камуны без акладу.

У майстэрні трэба было працаваць па некалькі гадзін штодзённа або выканаць пэўнае заданне. Асабіста я любіў у слясарнай майстэрні рабіць розныя ключы і дэталі да вцчэбных дапаможнікаў. Асабліва захапляўся сталярнай справай.

Карысныя працоўныя навыкі мы набывалі ў працэсе самабслугоўвання: нарыхтоўвалі, перавозілі і пілілі дровы, палілі ў печах, мылі падлогу, чысцілі пасуду, мылі бялізну, абслугоўвалі кухню, прыбіралі ў класах, пакоях, палілі ў лазні. Улетку рабілі клумбы, садзілі і даглядалі кветкі, пасвілі жывёлу, нарыхтоўвалі для яе кармы, сеялі і жалі збажыну. Праца была часткай нашага жыцця, вучобы і стала асабістай патрэбай на ўсё жыццё.

Аднак у Лемені наша праца была школьна - спажывецкай, а не грамадска прадукцыйнай. Мы выконвалі толькі тую працу, якая патрэбна была для школы. Мы не падмянялі сабой сялян на лузе, дрывасекаў у лесе. Кожны з нас павінен быў адказваць за даручаную яму справу.

Зразумела, што галоўнае месца ў нашым жыцці займала вучоба. Стварэнню спрыяльных умоў для вучобы ў Лемені было падпарадкавана ўсё, пачынаючы ад адкрытых і закрытых пасяджэнняў педсавета, методыкі выкладання, сістэмы школьнага самакіравання і канчаючы ўнутраным распарадкам дня і дзейнасцю гігіенкома.

Уставалі мы па званку, умываліся ў прышкольным возеры, незалежна ад таго - было гэта лета ці зіма, пасля снедалі і ішлі ў класы, якія былі размешчаны на сонечным баку будынка. Колькі доўжыўся ўрок - не памятаю, але ніколі не забыцца, як весела і хутка яны праходзілі. Урокі былі аднолькава актыўнымі і для настаўнікаў і для вучняў. Спачатку выкладчыкі расказвалі новы матэрыял, пасля ішлі пытанні, адказы на іх, затым хто - небудзь з вучняў паўтараў растлумачаны матэрыял і нарэшце рашаліся прыклады. Дамашнія заданні даваліся ў выключных выпадках.

Памятаю, рыхтаваліся мы даць канцэрт для жыхароў Чэрыкава. Дзяўчынак і музычныя інструменты павезлі на падвозе. Астатнія ўдзельнікі канцэрта накіраваліся ў город напрасткі па заснежанай сцяжынцы. Па дарозе даведаліся пра велізарнае гора, якое напаткала нашу краіну: памёр Ленін. Дадому вярталіся невялікімі групкамі. Было цёмна. Працяжна шумелі высокія сосны. Самотна кугакалі совы. Святло ў нашым памяшканні ніхто не запальваў. Мы з Любанам апынуліся ў паўпадвальным пакоі, дзе складваліся музычныя інструменты. Хутка разбушавалася мяцеліца. У коміне жаласна скуголіў вецер. Любан быў задуменны: ён задумваўся над тым, як у музычных гуках перадаць усё тое, што адбываецца ў грамадскім жыцці, у прыродзе, у чалавечай душы. Жалобныя гадзіны, дні і тыдні праходзілі ў нейкім паўзабыцці. На чытанне ўрадавых паведамленняў сыходзіліся ціха, з апушчанымі галовамі.

Жыццё і сыстэма выхавання ў школе - камуне прывучылі нас усялякае гора пераносіць моўчкі. Ды і каго паклічаш на дапамогу? Звычайна дзеці ў час небяспекі, альбо калі іх хто - небудзь пакрыўдзіць, клічуць маму. Многія з нас нават ніколі не вымаўлялі гэтае маленькае, але такое дарагое слова, бо маці нашы памерлі аб хвароб, голаду і холаду, нават не паспеўшы як след разгледзець першай усмешкі дзіцяці.