Стварэнне партызанскага палка

РОЗЕ ВАЛЬДЭМАР РУДОЛЬФАВІЧ (11.3.1897, Рыга - сакавік 1938)

Удзельнік грамадзянскай вайны на Беларусі, адзін з арганізатараў партызанскіх атрадаў у Магілёўскай губерні,
у тым ліку і на Чэрыкаўшчыне.

Калі ў першыя месяцы Савецкай улады над Беларуссю навісла страшная небяспека і большую частку яе тэрыторыі занялі войскі Германіі і буржуазнай Польшчы, на дапамогу мясцовым чырвонагвардзейскім атрадам прыйшлі латышскія стралкі.

...Па старадаўняму шляху, што цягнецца ўздоўж р. Сож, з Мсціслаўля на Крычаў ішоў атрад узброеных людзей... Вось і Крычаў. Яшчэ 25 км, але ўжо па шашы Масква - Варшава, і будзе павятовы цэнтр Чэрыкаў. Паступілі звесткі, што да яго ваколіц дабраўся вораг і што ў гэтых мясцінах ёсць дзесятка паўтара разрозненых чырвонагвардзейскіх і партызанскіх атрадаў.

Губкам партыі і губвыканкам, якія знаходзіліся ў эвакуацыі ў Мсціслаўлі ў сувязі з тым, што Магілёў быў захоплены германскімі войскамі і польскімі легіянерамі, паставілі задачу: стварыць полк партызанскіх атрадаў. Паслалі чырвонагвардзейскі атрвд, камандзір якога латышскі стралок Вальдэмар Розе і павінен быў узначаліць новае фарміраванне.

Ажыццявіць гэтую задачу было не так проста: у Чырвонай Арміі камандзіры выбіраюцца. Той, каго рэкамендуюць губкам партыі і губвыканкам, - чалавек бездакорны, выйшаў з сям'і рабочых - металістаў, быў салдатам, за адвагу накіраваны ў ваенную школу, пасля сканчэння якой атрымаў чын прапаршчыка. Чын невялікі, але афіцэрскі. На гэтым могуць сыграць анархісты. Вось чаму хваляваліся ў губкаме. Спакойным быў толькі камандзір - латыш. Ён быў упэўнены, што людзі, якія здзейснілі рэвалюцыю, стварылі Саветы, знойдуць правільнае рашэнне.

У Крычаве камандзір пазнаёміўся з двума мясцовымі актывістамі - намеснікам старшыні валаснога Савета Мацвеем Кісялёвым і камандзірам чырвонагвардзейскай роты Маркіянам Казловым (удзельнікам рэвалюцыі 1905 г.). Не трацячы часу, трое заселі за карту. Трэба было па магчымасці дэталёва ўнікнуць у сітуацыю. А сітуацыя была складаная.

На наступную раніцу кіраўнік Крычаўскага Савета і чырвоныя камандзіры праводзілі атрад Вальдэмара Розе. Разам з ім пайшла ў Чэрыкаў і Крычаўская чырвонагвардзейская каравульная рота.

Вясной 1918 г. у павятовы г. Чэрыкаў сцякаліся чырвонагвардзейскія і партызанскія атрады Чэрыкаўскага, Мсціслаўскага, Клімавіцкага, Чавускага і Рагачоўскага паветаў. Па рашэнню Магілёўскага губернскага камітэта партыі неабходна было стварыць полк партызанскіх атрадаў.

Як толькі Розе і яго атрад увайшлі ў Чэрыкаў, павятовы камітэт партыі, якім кіраваў былы вясковы настаўнік Мікалай Шчарбітаў, вырашыў у цэнтры горада склікаць мітынг.

І вось на плошчы стаяць 22 групы ўзброеных людзей. Самую небяспечную з іх узначальвае анархіст Храмянкоў. Ён абкладваў кантрыбуцыяй цэлыя вёскі, парушаў савецкія законы. Мясцовыя ўлады не ў сілах былі прызваць яго да парадку. Нямала было і такіх, хто збіўся з правільнага шляху, хаця адкрытым ворагам яшчэ не стаў. Яны таксама былі небяспечнымі. Тут жа - паплечнікі матроса Ламянкова. Атрад яго невялікі, аднак чырвонагвардзейцы да апошняга дыхання гатовы абараняць Савецкую ўладу. Побач чырвонагвардзейцы Крычава, якія прышлі з Маркіязам Казловым і Міхаілам Чыжом, чырвоныя партызаны Міхайла Шаблакова, атрад Вальдэмара Розе. Стаяць моўчкі, плячо ў плячо, штык у штык. Толькі людзі з атрада анархіста Храмянкова шумна размаўляюць. Храмянкоў праходжваецца гогалем. Ён упэўнены, што стане камандзірам палка.

Каля трыбуны невялікая група: сакратар Чэрыкаўскага павяткама партыі Мікалай Шчарбітаў, старшыня павятовага выканкама Шашкоў, малады камуніст Аляксандр Кавалёў, Вальдэмар Розе. Шчарбітаў паклікаў Храмянкова. Каля трыбуны аб нечым доўга спрачаліся. Нарэшце ўсё вырашана: перад сабраўшыміся на мітынг першым выступіць Храмянкоў, за ім - Розе. Кожны павінен растлумачыць сваю праграму, коратка расказаць сваю біяграфію, а таксама аб тым, як ведае ваенную справу. Толькі тады, усё абдумаўшы, чырвонагвардзейцы і партызаны вырашаць, каму быць камандзірам палка.

Дабіўшыся права выступаць першым, Храмянкоў ускочыў на трыбуну. Што мог сказаць чалавек, які прапаведваў "маці - анархію" як аснову жыцця? Калі ты дужэйшы - рабуй, п'янствуй, гуляй, забівай. Свабода без усялякіх абмежаванняў. У канцы прамовы ён усклікнуў, што іменна дзеля гэтага "змагаліся" яны і "пакутавалі". Для маскіроўкі дадаў, што рабаваць трэба буржуазію і заможных людзей ( а рабавалі яны ў асноўны працоўны народ!). На гэтым Храмянкоў скончыў сваю прамову і сышоў з трыбуны. Плошча загула. Хтосьці абураўся, хтосьці крычаў у падтрымку.

На трыбуну падняўся Розе. Абвёў поглядам плошчу - мора галоў і вінтовак. Ён павінен перамагчы анархіста чаго б гэта не каштавала, у імя рэвалюцыі, у імя людзей, што сабраліся на плошчы.

- Не праў Храмянкоў, - загаварыў Розе. - Не для таго, каб рабаваць і п'янстваваць, каб страляць у сялян - працаўнікоў, гадамі, дзесяцігоддзямі пакутавалі ў царскіх турмах бальшаквікі. Краіна ў небяспецы, ворагі з усіх бакоў, а Храмянкоў і яго дружкі замест таго, каб ваяваць супраць легтянераў, рабуюць працоўнага селяніна, бясчынствуюць, разбураюць наш тыл. Дык на каго ж працуюць гэтыя людзі, на рэвалюцыю ці яе ворагаў? Цяпер, таварышы чырвонагвардзейцы і чырвоныя партызаны, рашайце, як быць, - закончыў Розе і сышоў з трыбуны.

На плошчы стала ціха. На трыбуну падняўся сакратар павяткама партыі Мікалай Шчарбатаў, абвёў позіркам атрады і запытаў:

- Хто хоча бачыць камандзірам палка Храмянкова?

Над натоўпам, там, дзе стаяў атрад Храмянкова, паднялося рук 20, але некаторыя тут жа апусціліся.

- Хто за тое, каб камандзірам быў таварыш Вальдэмар Розе?

Натоўп зашумеў, перапоўніўся гулам адабрэння. Сотні рук падняліся ўверх, магутнае "ўра" пракацілася над плошчай.

Камандзір палка Вальдэмар Розе на сваім белым кані прыўстае на страмёнах і аддае загад строіцца.

І байцы ідуць абараняць маладую рэспубліку Саветаў.

Па дарозе полк расрастаўся. У яго ўліліся атрады і групы Букетава, Ламянковых, Шаблакова, Рабцава, Вераб'ёва, Варанцова, Сарокіна, Карпава і іншых. Чырвонагвардзейцы рухаліся на захад. Першы цяжкі бой адбыўся каля Доўска, мястэчка, дзе скрынжоўваліся важнейшыя шашэйныя дарогі: Кіеў - Петраград і Масква - Варшава. Тут полк панёс першыя страты. У гэтым баі Розе звярнуў увагу на смелага конніка Герасіма Цярэшчанку. Спадабалася камандзіру палка, што Герасім быў не толькі храбрым, але і змагаўся з розумам, не горш, чым бывалы салдат. Таму і ўзяў да сябе камадзір палка ардынарцам адважнага юнака з в. Волчас, што на Чэрыкаўшчыне. Потым былі баі на Рагачоўшчыне. Часова полк спыніўся ў Рагачове.

Спачатку гэта воінскае фарміраванне называлася палком партызанскіх атрадаў Вальдэмара Розе, затым - 153-м стралковым палкоі 17-й Ніжнегародскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі.

Усёй рэарганізацыяй кіраваў В. Розе і камісар палка, былы данецкі шахцёр, Цімафей Піліпавіч Купрэеў.

Першы батальён палка, які быў створаны з ураджэнцаў Чэрыкава, Крычава і суседніх мястэчак і вёсак, узначаліў Журомскі. Камандзірамі батальёнаў, рот і ўзводаў у 153-м палку былі Міхаіл Чыж, Аляксандр Худчанка, Анатолій Шышко, Сямён Партноў з Чэрыкаўскага павета, Варончанка і Чаброў з Чэрыкава, Скібінскі і Сянкевіч з Сенненскага, Бацанаў з Рагачоўскага, Ксяндзоў і Карпаў з Быхаўскага паветаў, Адман Эдгар - латыш.

З Рагачова полк з баямі прайшоў на Жлобін, Бабруйск, Асіповічы, Слуцк.

З пачатку 1919 г. полк Розе выйшаў на лінію Калінкавічы - Мазыр. Пачаліся жорсткія баі з пятлюраўцамі. Цягнуліся яны два месяцы.

Праціўнік перавышаў колькасцю, быў добра ўзброены.

Ведаючы, што да Пятлюры павінна падысці падмацаванне, Розе імкнуўся заняць лепшыя пазіцыі. На савеце камандзіраў было прынята рашэнне - паставіць Пятлюру ультыматум, каб прымусиць яго адступиць.

Каму даручыць небяспечную ролю ганцы? Кали щдасца схилиць Пятлюру да адступлення, будзе выратавана жыццё соцень чырвоных салдат. А кали Пятлюра не прыме ультыматум, то ён можа расправіцца з ганцом.

Погляд камандзіра затрымаўся на ардынарцы.

- Табе даручаю перадаць ультыматум, - сказаў камандзір. - Дваіх дам для аховы. Спадзяюся, што ты не асароміш Чырвоную Армію.

Вальдэмар Рудольфавіч перадаў Герасіму пакет, хвіліну памаўчаў, а потым абняў і пацалаваў.

...Пятлюра разарваў канверт, прачытаў, падняў вочы на Герасіма. Той стаяў побач і ледзь прыметна ўсміхаўся. Пятлюра ўскіпеў. Яму прапануюць здацца, і хто? Нейкі камандзір палка! А ультыматум перадаў хлапчук.

- Будзеш у мяне служыць, - сказаў Пятлюра.

- Калі рак на гары свісне! - пачуў у адказ.

Герасіма доўга катавалі. Яму звязалі рукі, завязалі вочы.

- Героем хочаш памерці! Памрэш сляпым.

Казакі шашкамі пасеклі героя.

У палку чакалі Герасіма. Цудам удалося выратавацца аднаму з чырвонаармейцаў, што суправаджалі Цярэшчанку. Ён і расказаў, як загінуў Герасім. Розе слухаў моўчкі, нахмурыўшы бровы.

А назаўтра пачаўся бой. 153-ці полк многа разоў хадзіў у атаку, цясніў пятлюраўцаў. Чырвонаармейцы адбілі цела Герасіма Цярэшчанкі. Пвхавалі яго пад Корасценем.

Пасля перамогі ў баі за Корасцень, дзе нашы землякі нашчэнт разбілі ўкраінскіх нацыяналістаў, полк атрымаў загад павярнуць на поўнач і вызваліць раёны, захопленыя войскамі Германіі і буржуазнай Польшчы. Байцы палка разграмілі праціўніка пад Бабруйскам і ўварваліся ў горад. Жыхары радасна сустракалі калоны пераможцаў. Спераду пад чырвоным сцягам ехалі В. Розе і камісар Купрэеў. Атрад вызваляў Мінск, іншыя гарады і вёскі.

Прыйшоў дзень, і полк уступіў у сталіцу Літвы. Там сабраліся крычаўскія і чэрыкаўскія воіны - Сямён Партноў, Сцяпан Карагодаў, Мікалай Іўкін, Анатолій Шышко, Дзяніс Халондыраў і сфатаграфаваліся з сябрамі каля станкавага кулямёта.

Потым была гераічная абарона Вільнюса ад польскіх захопнікаў. За мужнасць і адвагу, праяўленыя у час абароны, камандзір 153-га стралковага палка В. Розе быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

М. Мельнікаў