З гісторыі вёсак Чэрыкаўшчыны

У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло яго дзяцінства, адкуль пачаў свой жыццёвы шлях. Любоў да бацькаўшчыны, да роднай вёскі нясе чалавек праз усё сваё жыццё. Многіх цікавіць гісторыя сваёй маленькай Радзімы, час узнікнення роднай вёскі, пасёлка, горада.

Не шмат звестак захавалі пісьмовыя крыніцы пра вёскі Чэрыкаўшчыны, таму ў нашым артыкуле пойдзе гаворка толькі аб “багатых” у гістарычным плане населеных пунктах, вядомых яшчэ некалькі стагоддзяў назад. Ёсць у артыкуле і звесткі пра вёскі, якія больш за іншыя пацярпелі ад чарнобыльскай бяды і якія падлягаюць захаванню. Нельга, каб іх назвы с цягам часу былі сцёрты не толькі з геаграфічных карт, але і з чалавечай памяці. Вёскі гэтыя адзначаны зорачкай.

У артыкуле парушаны прынцып храналагічнасці, які ляжыць у аснове усёй кнігі. Зроблена гэта для больш поўнага ўспрымання чытачом мельнекіх зарысовак пра асобную вёску. Зарысоўкі складаюцца як з гістарычных звестак, так і з сучасных даных, што прыводзяцца па становішчу на 1.01.1968 г. і прадстаўлены С. П. Бараноўскай, супрацоўніцай Інстытута эканомікі АН Рэспублікі Беларусь.

АНЮЦІНА

Вёска ў Сормаўскім сельсавеце. У 1862 г. памешчык меў 567 дзес. зямлі, вадзяны млын і карчму. У 1909 г. фальварак (1 двор, 3 жыхары) у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета, у 1926 г. – хутары, 19 двароў, 111 жыхароў, у 19040 г. – вёска, 20 двароў, 66 жыхароў. З пачатку жніўня 1941 г. па кастрычнік 1943 г. 62-гадовы вясковец Д.М. Цяпін хаваў Чырвоны Сцяг, якім у 1918 г. ВЦВК узнагародзіў Самара – Ульянаўскаю жалезную дывізію. Калі вёска была вызвалена ён перадаў сцяг савецкаму камандаванню. Цяпін быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і навечна занесены ў спіскі дывізіі. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 20 двароў. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе калгаса “Іскра”. У ёй 19 двароў, 42 жыхары.

БАКАЎ

Вёска ў Язёрскім сельсавеце. У 1909 г. хутар (1 двор, 1 жыхар) у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1931 г. створаны калгас “Авангард”, працавалі кузня і ваўначоска. У 1940 г. – 45 двароў, 142 жыхары. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. Зарад адноўленая вёска ў складзе калгаса “Прагрэс”. У ёй 38 двароў, 131 жыхар.

БАКУНАВІЧЫ

Вёска ва Ўшакоўскім сельсавеце. Вядома ў XVI ст. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала сенатару князю А.М. Галіцыну (27 двароў, 230 жыхароў). У 1855 г. памешчык меў тут 653,5 дзес. зямлі і вадзяны млын. У 1880 г. – 35 двароў, 267 жыхароў. Акрамя земляробства, частка вяскоўцаў займалася бандарным промыслам. У снежні 1905 г. сяляне спалілі памешчыцкі свіран. Паліцыя сумесна з вайсковым падраздзяленнем задушыла хваляванне, 1 чалавек быў сасланы на катаргу, 25 чалавек секлі розгамі. Вясною 1906 г. жыхары захапілі памешчыцкія лугі, для іх разгону прыцягвалася паліцыя. У 1909 г. - 64 двары, 503 жыхары, у Старынскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 20-я гады адчынена 4-гадовая школа. У 1924 г. арганізавана меліярацыйнае таварыства. У 1926 г. - 114 двароў, 621 жыхар. У 1931 г. - створаны калгас "Бальшавік". У 1940 г. - 100 двароў, 380 жыхароў. У лістападзе 1942 г. гітлераўцы спалілі 95 двароў, забілі 32 жыхары. Вызвалена 30.09.1943 г. воінамі 324-й стралковай дывізіі 50-й арміі пры ўдзеле партызан 720-га і 721-га атрадаў. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе калгаса "Маладая гвардыя". У ёй 101 двор, 265 жыхароў. На тэрыторыі вёскі знаходзяцца малочнатаварная ферма, клуб, бібліятэка, фонд якой налічвае 5664 кнігі, крама.

Вёска - радзіма беларускага пісьменніка І. С. Сіўцова.

За 1,5 км на ўсход ад вёскі размешчана Бакунавіцкае радовішча мелу (прагнозныя запасы 17,4 млн т).

БАРОВАЯ

Вёска ў Вепрынскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) уладанне Восіпа Важынскага (31 двор, 150 жыхароў). Заснавана прыгонніцкая мануфактура, якая дала ў 1825 г. - 900 аршынаў палатна. У 1848 г. - 46 двароў, у 1889 г. адкрыта земская школа, у 1909 г. вёска (111 двароў, 730 жыхароў) і маёнтак (2 двары, 4 жыхары) у Дубровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. Існаваў вінакурны завод (у 1913 - 7 рабочых). У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа (у 1925 г. - 47 вучняў). У 1926 г. - 170 двароў, 1023 жыхары. Зараз у складзе саўгаса "Сцяг". У ёй 94 двары, 224 жыхары. У вёсцы знаходзяцца ферма, клуб, бібліятэка, фонд якой налічвае 5129 кніг, крама.

БЛІЖНЯЯ РЭЧЫЦА*

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце. Вядома ў XVIII ст. У 1880 г. - 12 двароў, 21 жыхар. Частка жыхароў займалася кравецкім промыслам. У 1909 г. - вёска (24 двары, 148 жыхароў) і фальварак (1 двор, 3 жыхары) у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа. У 1926 г. - 53 двары, 227 жыхароў. У 1931 г. арганізаваны калгас імя К.Я Вараўылава. У 1940 г. - 28 двароў, 11 жыхароў, у час вайны гітлераўцы спалілі 21 двор. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе калгаса імя Ільіча. У ёй 33 двары, 67 жыхароў.

ВАСЬКОЎКА

Вёска ў Лабанаўскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) уладанне Быкоўскіх (5 двароў, 32 жыхары). У 1880 г. - 9 двароў, 63 жыхары. Частка вяскоўцаў займалася бандарным промыслам. У 1893 г. - вёска (9 двароў, 63 жыхары) і фальварак (60 дзес. раллі, 20 дзес. лугу, 200 дзес. лесу), у 1990 г. - вёска (20 двароў, 135 жыхароў) і 2 хутары (13 двароў, 74 жыхары; 1 двор, 7 жыхароў). У 1926 г. - 46 двароў, 272 жыхары. У 1931 г. арганізаваны калгас "Хваля рэвалюцыі", працавала кузня. У 1940 г. - 49 двароў, 166 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 46 двароў. Пасля вайны вёска аднавілася. Зараз у складзе саўгаса "Лабанаўка". У ёй 37 двароў, 81 жыхар. У вёсцы знаходзіцца ферма.

ВЕПРЫН

Вёска, цэнтр Вепрынскага сельсавета (з 20.08.1924) і калгаса "Кастрычнік". У сярэдзіне XVI ст. з'яўлялася вялікакняжацкім уладаннем у Вялікім княстве Літоўскім. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай належала стацкаму саветніку І.В. Галынскаму (49 двароў, 574 жыхары), меўся панскі дом. У 1858 г. памешчык меў тут 218, у 1882 г. - 421 дзес. зямлі. У 1883 г. заснаваны смалакурна - шкіпінарны завод (у 1890 г. - 5 рабочых). У 1880 г. - 141 двор, 810 жыхароў, вадзяны млын. Акрамя земляробства, частка сялян займалася кавальскім і кравецкім промысламі. У 1905 г. адкрыта казённая вінная лаўка, у 1907 г. - аднакласная царкоўнапрыходская школа. У снежні 1905 г. сяляне разграмілі памешчыцкі маёнтак. У 1909 г. - 202 двары, 1293 жыхары, у Дубровицкай воласці Чэрыкаўскага павета, у 1936 г. - сяло (172 двары, 971 жыхар) і былы маёнтак (26 двароў, 117 жыхароў). У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа. У 1929 г. створаны калгас "Чырвоны Кастрычнік", а ў 1930 г. - калгас "Экспарт" (пазней - імя І.В. Сталіна). Дзейнічалі нафтавы (заснаваны ў 1927 г., 2 рабочых) і ветраны млыны, кузня, дзіцячы дом. У 1940 г. - 402 двары, 1692 жыхары. У час гітлераўскай акупацыі фашысты спалілі 256 двароў, забілі 6 жыхароў. Вызвалена 30.09.1943 г. воінамі Дальнеўсходняй стралковай дывізіі 50-й арміі. На ўсходзе вёскі ў брацкай магіле пахаваны 68 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў барацьбе супраць аккупантаў. Зараз ў вёсцы 368 двароў, 928 жыхароў. На цэнтральнай сядзібе калгаса знаходзяцца 3 фермы, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, піларама, ёсць сярэдняя школа, дзіцячы сад - яслі, Дом культуры, музычная школа, бібліятэка, фонд якой налічвае
11 165 кніг, 2 крамф, ашчадная каса, сталоўка.

Каля вёскі знаходзіцца Вепрынскае радовішча глін (разведаныя запасы 17,1 млн т).

ВЕРАМЕЙКІ

Вёска, цэнтр сельсавета (з 20.08.1924) і саўгаса "Ударнік". Вядома ў XVI ст. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у прыватнай уласнасці ў Быкоўскіх (37 двароў, 260 жыхароў), мелася царква. У 1880 г. - 30 двароў, 183 жыхары. Акрамя земляробства, частка жыхароў займалася бандарным промыслам. У 1893 г. - 30 двароў, 183 жыхары. У 1909 г. - 59 двароў, 325 жыхароў, у Беліцкай воласці Чэрыкаўскага павета. Існавала царкоўнапрыходская школа. У аднаўленчы перыяд адкрыты 4-гадовая школа, хата - чытальня. У 1926 г. - 71 двор, 343 жыхары. З 1927 г. існуе чыгуначная станцыя Верамейкі. У 1931 г. арганізаваны калгас "Чырвоная зорка". У 1938 г. пачала дзейнасць Ударная МТС, якая абслугоўвала 5 сельсаветаў (рэарганізавана 31.03.1958). Былі адкрыты аптэка, яслі, працавала калгасная кузня. У 1940 г. - 115 двароў, 415 жыхароў. У жніўні 1941 г. гітлераўцы расстралялі старшыню сельсавета А.І. Фядосенку, сакратара партарганізацыі сельсавета П.П. Карнюшчанку і старшыню калгаса "Чырвоная зорка" І.А. Гузнякова. На брацкай магіле савецкіх актывістаў устаноўлены помнік. У час акупацыі ў вёсцы дзейнічала падпольная патрыятычная група (кіраўнік Я. Кавалёў). У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 96 двароў. Вызвалена 5.10.1943 г. воінамі 385-й Крычаўскай стралковай дывізіі 50-й арміі Бранскага фронту. У брацкай магіле, што каля будынка чыгуначнай станцыі, пахавана 95 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў 1941 - 1943 гг. Зараз у вёсцы 460 двароў, 1042 жыхары. На цэнтральнай сядзібе калгаса знаходзяцца ферма, лазня, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, піларама. У вёсцы ёсць сярэдняя школа, дзіцячы сад - яслі, Дом культуры, бібліятэка, фонд якой налічвае 14 070 кніг, 3 крамы, музычная школа, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, ашчадная каса, бальніца, аптэка.

ВЕРБЕЖ

Вёска ў Язёрскім сельсавеце. Вядома ў XVII ст. У студзені 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч дараваў М. Кгельдзе, войту Магілёўскаму, сяло Вербеж з млынам (раней належала С.Срадзінскаму, які ўцёк у Літву). Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у валоданні Магілёўскай казённай палаты (49 двароў, 145 жыхароў), потым належала графу Маркаву. У 1880г. - 62 двары, 261 жыхар. Апрача земляробства, сяляне займаліся калёсным, бандарным і гарбарным промысламі. У 1909 г. - 105 двароў, 667 жыхароў, у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1920-я гады адкрыты хата - чытальня, 4-гадовая школа. У 1926 г. - вёска, 145 двароў, 795 жыхароў. У 1931 г. арганізаваны калгас "Будаўнік", працавала кузня. У 1940 г. - 115 двароў, 409 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спаділі 40 двароў. Зараз вёска ў складзе саўгаса "Язёрскі". У ёй 98 двароў, 252 жыхары. У вёсцы знаходзяцца малочнатаварная ферма, пачатковая школа, клуб, крама.

Вёска - радзіма Героя Сацыялістычнай Працы шахцёра
А.І.Царкова.

ВОХАР

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце. Вядома ў XVII ст. У ХІХ ст. дзейнічаў Вохарскі мужчынскі праваслаўны манастыр. У 1909г. - 84 двары, 631 жыхар, у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1910 г. адкрыта школа. У аднаўленчы перыяд створана 4-гадовая школа (у 1925 г. - 75 вучняў), працавала хата - чытальня. У 1933 г. створаны калгас "Ленінскі шлях", працавала кузня калгаса. У 1940 г. - 82 двары, 271 жыхар. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 70 двароў. Вызвалена воінамі 238-й стралковай дывізіі 50-й арміі. Зараз у складзе калгаса імя Ільіча. У ёй 104 двары, 230 жыхароў. Ёсць ферма, клуб, крама.

ВУДАГА

Вёска ў Верамейскім сельсавеце, цэнтр калгаса "Іскра". Вядома ў XVI ст. У студзені 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч дараваў М. Кгельдзе, войту Магілёўскаму, вёску, якая раней належала С. Срадзінскаму, што ўцёк у Літву. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамтсве Магілёўскай казённай палаты (54 двары, 380 жыхароў), потым належала жонцы генерал - маёра Максімовічавай. Памешчык меў тут у 1840 г. 1130,5 дзес. зямлі і карчму. У 1880 г. - 52 двары, 305 жыхароў. Апрача земляробства, частка вяскоўцаў займалася кравецкім промыслам. У 1893 г. - вёска і маёнтак (600 дзес. лесу, 200 дзес. раллі, 60 дзес. лугу), у 1909 г. - 71 двор, 579 жыхароў, у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. Існавала школа граматы. У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа. У 1926 г. - 97 двароў, 679 жыхароў. У 1931 г. створаны калгас імя М.І. Калініна. У 1940 г. - 48 двароў, 152 жыхары. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 46 двароў. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у вёсцы 81 двор, 206 жыхароў. Тут знаходзяцца малочнатаварная ферма, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, пачатковая школа, дзіцячы сад - яслі, клуб, бібліятэка, фонд якой налічвае 6811 кніг, фельчарска - акушэрскі пункт, комплексны прыёмны пункт, крама.

У вёсцы нарадзіўся Герой Савецкага Саюза генерал - лейтэнант авіяцыі Я. М. Нікалаенка.

ВУСЦЕ

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце. Вядома ў ў XVIII ст. У 1880 г. - 47 двароў, 342 жыхары. Апрача земляробства, частка сялян займалася кравецкім промыслам. У 1892 г. - вёска (47 двароў, 342 жыхары) і фальварак (200 дзес. лесу, 60 дзес. раллі, 80 дзес. лугу). Меліся вадзяны млын і сукнавальня. У 1909 г. - вёска (91 двор, 719 жыхароў) і маёнтак (1 двор, 2 жыхары) у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1913 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. У студзені 1918 г. у былым маёнтку арганізавана камуна. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа (у 1925 г. - 40 вучняў). З 1928 г. дзейнічала сыраробчая вытворчасць. У 1933 г. арганізаваны калгас "2-я пяцігодка". Працавалі вадзяны млын і кузня. У 1940 г. - 165 двароў, 512 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 140 двароў. У брацкай магіле, што каля вёскі, пахаваны 2 савецкія воіны, якія загінулі ў 1941 г. Зараз вёска ў складзе калгаса імя Ільіча. У ёй 188 двароў, 304 жыхары. У вёсцы знаходзяцца ферма, бібліятэка, фонд якой налічвае 7768 кніг, крама, аддзяленне сувязі.

ГОЙКАЎ*

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты (14 двароў, 97 жыхароў), потым належала маёру Бардукову. У 1909 г. - 32 двары, 243 жыхары, у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павету. У 1926 г. - 45 двароў, 307 жыхароў, дзейнічалі 4-гадовая школа, хата - чытальня, сельскагаспадарчая арцель "Серп і молат". У 1931 г. створаны калгас імя К.Я. Варашылава, працавала кузня. У 1940 г. - 22 двары, 68 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе калгаса "Краіна Саветаў". У ёй 4 двары, 6 жыхароў.

Вёска - радзіма Героя Савецкая Саюза П. І. Кавалёва.

ГАЛОЎЧЫЦЫ

Вёска ва Ўшакоўскім сельсавеце, цэнтр калгаса "Чырвоны араты". Вядома ў XVI ст. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала Ануфрыеўскаму базыліянскаму кляштару (13 двароў, 76 жыхароў). У 1909 г. - 23 двары, 197 жыхароў, у Палужскай воласці Чэрыкаўскага павета. У гэтым жа годзе адкрыта школа. У 1926 г. - 41 двор, 297 жыхароў. Працавала 4-гадовая школа (у 1925 г. - 42 вучні). У 1934 г. створаны калгас "Чырвоны араты". З ліпеня 1941 г. да першага кастрычніка 1943 г. акупіравана нямецка - фашысцкімі захопнікамі. Зараз у вёсцы 71 двор, 187 жыхароў.

ГАРАДЗЕЦ

Пасёлак у Верамейскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у валоданні сенатара князя А.М. Галіцына (16 двароў, 174 жыхары). У 1853 г. памешчык меў тут 227 дзес. зямлі і вадзяны млын. У 1909 г. - маёнтак у Дубровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. З 1928 г. дзейнічала радыёустаноўка. У 1940 г. - 17 двароў, 52 жыхары. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі пасёлак. Пасля вайны адноўлены. Зараз у складзе саўгаса "Ударнік". У пасёлку 16 двароў, 20 жыхароў.

ГІЖНЯ

Вёска ў Лабанаўскім сельсавеце. Вядома ў XVI ст. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала сенатару князю А.М. Галіцыну (17 двароў, 166 жыхароў). У 1880 г. - 79 двароў, 290 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася калёсным, гарбарным, бандарным і сталярным промысламі. У 1905 г. адкрыта казённая вінная лаўка. У 1909г. - 118 двароў, 576 жыхароў, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа. У 1926 г. - вёска, 122 двары, 754 жыхары. У 1931 г. створаны калгас імя К. Маркса. Працавалі вадзяны млын, конная крупарушка, кузня і ваўчаноска. У 1940 г. - 75 двароў, 348 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 72 двары. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе саўгаса "Наватар". У вёсцы 53 двары, 120 жыхароў.

ГЛІНЬ

Вёска ў Сормаўскім сельсавеце. Вядома ў XVII ст. У студзені 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч дараваў Мікалаю Кгельдзе, войту Магілёўскаму, вёску Глінну, што раней належала Станіславу Срадзінскаму, які ўцёк у Літву. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты (66 двароў, 535 жыхароў), потым належала жонцы генерал - маёра Максімовічава. У 1865 г. памешчык меў тут 815 дзес. зямлі і карчму. У 1880 г. - 75 двароў, 468 жыхароў. Апрача земляробства, сяляне займаліся кравецкім і кавальскім промысламі. У пачатку ХХ ст. адкрыта школа (у 1907 г. - 57 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі). У 1909 г. - 106 двароў, 860 жыхароў, у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд існавала 4-гадовая школа. У 1926 г. - 132 двары, 817 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас "Іскра", працавалі кузня, ваўчаноска. У 1940 г. - 86 двароў, 260 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 81 двор. У цэнтры вёскі ў брацкай магіле пахавана 14 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ці памерлі ад ран у шпіталі. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе калгаса "Бальшавік". У ёй 122 двары, 276 жыхароў. У вёсцы знаходзяцца малочнатаварная ферма, сярэдняя школа, клуб, фельчарска - акушэрскі пункт, крама, сталоўка.

ГОРКІ

Вёска ў Сормаўскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у валоданні Магілёўскай казённай палаты (23 жыхары), потым у прыватным уладанні. Напярэдадні адмены прыгоннага права належала генерал - ад'ютанту графу С.П. Сумарокаву. У 1880 г. - 12 двароў, 63 жыхары. Апрача земляробства, частка сялян займалася калёсным і бандарным промысламі. У 1905 г. адкрыта казённая вінная лаўка. У 1909 г. - вёска (19 двароў, 106 жыхароў) і фальварак (2 двары, 32 жыхары), у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1923 г. арганізавана сельскагаспадарчае таварыства. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа. У 1926 г. - 26 двароў, 167 жыхароў. У 1929 г. арганізаваны калгас "Іскра". Зараз у складзе калгаса "Маладая гвардыя". У вёсцы - 54 двары, 135 жыхароў.

Вёска - радзіма беларускага акушэра - гінеколага, доктара медыцынскіх навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь І. М. Старавойтава

ГРОНАЎ

Вёска ў Вепрынскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала стацкаму саветніку І.В. Галынскаму (14 двароў, 106 жыхароў). У 1909 г. - 58 двароў, 341 жыхар, у Дубровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. Дзейнічала школа граматы. У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа. У 1926 г. - 98 двароў, 481 жыхар. У 1931 г. створаны калгас "3-ці рашаючы". У 1940 г. - 92 двары, 362 жыхара. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 61 двор, загубілі 2 жыхароў. У памяць аб загінуўшых у барацьбе супраць фашызму ў 1977 г. каля будынка Дома культуры ўстаноўлены помнік. Зараз вёска ў складзе калгаса "Кастрычнік". У ёй 143 двары, 438 жыхароў. На тэрыторыі вёскі хнаходзяцца лясгас з дрэваапрацоўчай вытворчасцю, пачатковая школа, дзіцячы сад-яслі, фельчарска - акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, фонд якой налічвае 5870 кніг, крама.

Вёска - радзіма Героя Сацыялістычнай Працы шафёра М. І. Суворава.

ДОЎГАЯ

Вёска ў Лабанаўскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты (29 двароў, 208 жыхароў), потым у прыватнай уласнасці. Тут знаходзіўся панскі дом, царква. У 1864 г. адчынена школа (у 1889 г. - 41 хлопчык і 4 дзяўчынкі, у 1907г.- 57 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі), дзейнічала школьная бібліятэка. У 1886 г. - цэнтр воласці, 53 двары, 345 жыхароў. Тут знаходзіліся валасное праўленне, царква, школа, 2 вадзяныя млыны. Апрача земляробства, сяляне займаліся сталярным і бандарным промысламі. У 1905 г. адкрыта казённая вінная лаўка. У 1909 г. - 79 двароў, 582 жыхары, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа, у 1925 г. адкрыта бібліятэка, у 1926 г. - фельчарска - акушэрскі пункт. У 1926 г. - 96 двароў, 586 жыхароў. У 1930-х гадах арганізаваны калгас "Чырвоная Беларусь", працавалі кузня і ваўчаноска. У 1940 г. - 75 двароў, 313 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 73 двары. Зараз у складзе саўгаса "Наватар". У ёй 77 двароў, 188 жыхароў. У вёсцы знаходзяцца ферма і крама.

ДРАГУНСКІЯ ХУТАРЫ

Вёска ва Ушакоўскім сельсавеце. У 1926 г. - хутары, 42 двары, 270 жыхароў, дзейнічала школа. У 1931 г. створаны калгас "Камунар". У 1940 г. - 35 двароў, 147 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 2 двары. Зараз у складзе калгаса "Чырвоны араты". У ёй 34 двары, 71 жыхар.

ДУБРАЎКА*

Вёска ў Лабанаўскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты (30 двароў, 202 жыхары), потым у прыватным уладанні. У 1880 г. - 27 двароў, 188 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася сталярным промыслам. У 1909 г. - 53 двары, 335 жыхароў, у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 63 двары, 375 жыхароў. Дзейнічала пачатковая школа. У 1940 г. - 58 двароў, 234 жыхары. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 56 двароў. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе саўгаса "Наватар". У вёсцы 23 двары, 41 жыхар.

ЖУРАВЕЛЬ*

Вёска ў Сормаўскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты (19 двароў, 137 жыхароў), потым у прыватным уладанні. У 1880г. - 40 двароў, 156 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася сталярным і бандарным промысламі. У 1909г.- 57 двароў, 426 жыхароў, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 73 двары, 462 жыхары, дзейнічала 4-гадовая школа. У 1929 г. створаны калгас "Светлы шлях" (у 1929 г. - 18, у 1935 г. - 90 гаспадарак). У 1940 г. калгас меў 150 галоў буйной рагатай жывёлы, 80 коней, 170 авечак. У 1940 г. - 60 двароў, 273 жыхары. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 40 двароў, загубілі 3 жыхароў. У вёсцы пахаваны член Чэрыкаўскага падпольнага райкома КР(б)Б, камандзір групы асобнага Чэрыкаўскага партызанскага атрада В.П. Шчаўлікаў, які загінуў у снежні 1941 г. Пасял вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе калгаса "Маладая гвардыя". У ёй 62 двары, 120 жыхароў, ёсць ферма, клуб, крама.

ЖЫТНЕЎ

Пасёлак у Лабанаўскім сельсавеце. У 1847 г. тут заснавана сукнавальнае прадпрыемства, якое ў 1884 г. выпрацавала 1500 аршын сукна. У 1897 г. - фальварак (300 дзес. раллі, 20 дзес. лугу, 838 дзес. лесу), мелася 2 вадзяныя млыны, сукнавальня і карчма. У 1909 г. - маёнтак (1 двор, 14 жыхароў), у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 4 двары, 16 жыхароў. У 1930-х гадах пасялкоўцы ўвайшлі ў калгас, працаваў вадзяны млын калгаса "Ударнік". У 1940 г. - 11 двароў, 49 жыхароў. Зараз пасёлак у складзе саўгаса "Лабанаўка". У ім 7 двароў, 15 жыхароў.

ЗАБАЧЭЎ

Вёска ў Верамейскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у прыватнай уласнасці, уладанне Быкоўскіх (20 двароў, 139 жыхароў), меўся панскі дом. У 1832 г. заснавана сукнавальня. У 1880-х гадах належала тытулярнаму саветніку М. Смяройскаму, было 19 двароў, 122 жыхары (1880). Апрача земляробства, частка сялян займалася бандарным промыслам . Меўся вадзяны млын, сукнавальня. У 1909 г. - 41 двор, 248 жыхароў. У Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - вёска, 63 двары, 359 жыхароў, дзейнічала 4-гадовая школа. У 1931 г. створаны калгас імя К.Я. Варашылава, працаваў калгасны вадзяны млын. У 1940 г. - 44 двары, 197 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 7 двароў. Зараз вёска ў складзе саўгаса "Ударнік". У ёй 30 двароў, 58 жыхароў.

ЗОРЫ

Вёска ў Сормаўскім сельсавеце, цэнтр калгаса "Бальшавік". Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала жонцы стацкага саветніка В.Х. Галынскай (51 двор, 360 жыхароў). У 1909 г. 123 двары, 964 жыхары, у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 198 двароў, 1114 жыхароў, мелася 4-гадовая школа. У 1929 г. створаны калгас "Пераможца" (у 1929 г. - 30, у 1930 г. - 240 гаспадарак), працавала кузня. У 1940 г. - 86 двароў, 265 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 12 двароў. На могілках у брацкай магіле пахаваны 4 савецкія воіны, якія загінулі ў ліпені 1941 г. Зараз у вёсцы 157 двароў, 429 жыхароў. Тут знаходзяцца комплекс буйной рагатай жывёлы, малочнатаварная ферма, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, піларама, 8-гадовая школа, дзіцячы сад-яслі. Дом культуры, бібліятэка, фонд якой налічвае 7922 кнігі, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, фельчарска - акушэрскі пункт, крама.

За 0,2 км на поўдзень і паўднёвы захад размешчана Зорскае радовішча мелу (прагнозныя запасы 10 млн т).

ЗЯБЕНЬ*

Вёска ва Ушакоўскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала сенатару князю А.М. Галіцыну (6 двароў, 74 жыхары). У 1828 г. - у фальварку Зябень пачала дзейнічаць прыгонніцкая суконная мануфактура (у 1859 г. - 39 рабочых). У тым жа годзе была заснавана і мануфактура на вырабу ліставога шкла. Памешчык меў у 1870 г. 4114 дзес. зямлі, вадзяны млын, карчму і 2 таўчэі для лазовай кары. У 1874 г. заснаваны 2 прадпрыемствы па вырабу таўчэі, неабходнай для апрацоўкі лазовай кары. Апрача земляробства, частка сялян займалася бандарным промыслам. У 1897 г. - вёска (28 двароў, 202 жыхары) і маёнтак (з 1870 г. уласнасць стараабрадца Лістападава, 73 дзес. раллі, 79 дзес. лугу, 3650 дзес. лесу). Меліся вадзяны млын, карчма. У 1907 г. адкрыта школа, навучалася 37 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. У 1909 г. - вёска (45 двароў, 326 жыхароў), фальварак (1 двор, 5 жыхароў) і маёнтак (1 двор, 6 жыхароў), у Палужскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд адкрыты 4-гадовая школа (у 1925 г. - 66 вучняў), хата - чытальня. З 20.08.1924 г. да 8.07.1960 г. цэнтр сельсавета Чэрыкаўскага раёна. У 1926 г. - вёска, 60 двароў, 412 жыхароў. У 1931 г. створаны калгас "Дабраволец". У 1940 г. - 27 двароў, 85 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 13 двароў, загубілі 5 жыхароў. У вёсцы дзейнічала падпольная антыфашысцкая група (10 чалавек, кіраўнік - настаўніца мясцовай школы В.Я. Цітовіч). У памяць аб ёй у вёсцы, на будынку школы, у 1966 г. ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Зараз у складзе калгаса "Чырвоны араты". У вёсцы 31 двор, 74 жыхары.

КАЛЮЦІН*

Вёска ў Вепрынскім сельсавеце. У 1926 г. - хутары (17 двароў, 125 жыхароў). Зараз у складзе саўгаса "Сцяг". У вёсцы 6 двароў, 7 жыхароў.

КАМАРОВІЧЫ

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце, цэнтр калгаса "Краіна Саветаў". Вядома ў XVI ст. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала жонцы стацкага саветніка В.Х. Галынскай (43 двары, 301 жыхар). Мелася царква. У 1880 г. - 65 двароў, 383 жыхары. Працавала сукнавальня, знаходзілася валасное праўленне, царква, школа, вадзяны млын. Апрача земляробства, частка сялян займалася кравецкім, бандарным і кавальскім промысламі. У 1862 г. адкрыта школа (у 1889 г. - 34, у 1907 - 75 вучняў), дзейнічала бібліятэка. У 1905 г. адкрыта казённая вінная лаўка. У 1909 г. - 88 двароў, 700 жыхароў, цэнтр Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа (у 1925 г. - 58 вучняў). Дзейнічалі пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, хата - чытальня і бібліятэка. З 1926 г. адкрыты фельчарска - акушэрскі пункт. У 1931 г. створаны калгас "Краіна Саветаў", працавалі кузня, вадзяны млын, на якім у 1938 г. была зманціравана ўстаноўка па выпрацоўцы электраэнергіі для патрэб калгасаў "6-ы з'ед Саветаў" і "Краіна Саветаў". У 1940 г. - 72 двары, 220 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 70 двароў. У цэнтры вёскі ў брацкай магіле пахаваны савецкія воіны, якія загінулі ў 1941 - 1945 гг. Пасля вайны вёска адноўлена. Зара у вёсцы 121 двор, 312 жыхароў, ёсць дзіцячы сад-яслі, клуб, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, фельчарска - акушэрскі пункт, крама.

КАМЕНКА*

Вёска ў Вепрынскім сельсавеце. У 1909 г. - 26 двароў, 191 жыхар, у Дубровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 41 двор, 205 жыхароў, у 1940 г. - 45 двароў, 291 жыхар. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 42 двары. Зараз вёска у складзе саўгаса "Сцяг". У ёй 41 двор, 78 жыхароў.

КАСАР

Вёска ў Верамейскім сельсавеце. Вядома ў XVIII ст. У 1880 г.- 28 двароў, 138 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася сталярным промыслам. У 1909 г. - 47 двароў, 290 жыхароў, у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета, адкрыта земская школа. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа (у 1925 г. - 43 вучні). У 1926 г. - вёска (65 двароў, 441 жыхар). У 1930 г. створаны калгас імя І.В. Сталіна, працавала кузня. У 1940 г. - 47 двароў, 312 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 2 двары. Зараз у складзе саўгаса "Ударнік". У вёсцы 14 двароў, 22 жыхароў.

КЛІНЫ*

Вёска ў Вепрынскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала сенатару князю А.М. Галіцыну (4 двары, 29 жыхароў). Памешчык у 1871 г. меў ва ўрочышчы Кліны і Крамянка 6136 дзес. зямлі і вадзяны млын. У 1909 г. - 13 двароў, 126 жыхароў, у Дубровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 23 двары, 158 жыхароў. Зараз у складзе саўгаса "Сцяг".

КНЯЗЕЎКА*

Вёска ва Ушакоўскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала сенатару князю А.М. Галіцыну (13 двароў, 110 жыхароў). У 1909 г. - 16 двароў, 113 жыхароў у Палужскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 28 двароў, 176 жыхароў. У 1930 г. сяляне вёсак Князёўка і Піленка арганізавалі калгас "Чырвоны пераможнік". Зараз вёска ў складзе калгаса "Чырвоны араты". У ёй 13 двароў, 19 жыхароў.

ЛАБАНАЎКА

Вёска, цэнтр Лабанаўскага сельсавета (з 20.08.1924) і саўгаса "Лабанаўка". У студзені 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч дараваў войту магілёўскаму М. Кгельдзе в. Лабанаўку, што раней належала С. Срадзінскаму, які ўцёк у Літву. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты (81 двор, 658 жыхароў), потым належала графу Маркаву, мелася царква. У 1886 г. - 102 двары, 656 жыхароў, знаходзіліся валасное праўленне, царква. Апрача земляробства, частка сялян займалася бандарным промыслам. У 1862 г. адкрыта школа, у якой у 1889 г. навучалася 44 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі, у 1907 г. - 107 хлопчыкаў і 14 дзяўчынак, дзейнічала бібліятэка. У 1892 г. заснаваны 2 стайні, дзе размяшчаліся чыстакроўныя жарабцы, купленыя ў Варонежскай губерні для паляпшэння мясцовых парод коней. У 1909 г. - сяло, 183 двары, 1078 жыхароў, цэнтр Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета, працавала паштовае аддзяленне. У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа (у 1925 г. - 117 вучняў). З 1924 г. працавала хата - чытальня. На кірмашы, якія праводзіліся раз у год, 13 ліпеня, прыязджалі сяляне з многіх вёсак Чэрыкаўскага і часткі Чавускага раёнаў, гандлявалі сельскагаспадарчым інвентаром, сельскагаспадарчымі прадуктамі, вырабамі саматужнікаў. У 1926 г. - сяло, 255 двароў, 1321 жыхар. У гэтым жа годзе адкрыты ўрачэбны участак. У 1934 г. пабудавана памяшканне для сямігадовай школы. У 1940 г. - 129 двароў, 779 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 2 двары, загубілі 2 жыхароў. У цэнтры вёскі ў брацкай магіле пахавана 12 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна, ці памерлі ад ран у шпіталі. Зараз у вёсцы 155 двароў, 416 жыхароў. Тут знаходзяцца комплекс буйной рагатай жывёлы, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, піларама, лазня, 8-гадовая школа, дзіцячы сад-яслі. Дом культуры, бібліятэка, фонд якой налічвае 8372 кнігі, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, ашчадная каса, крама, сталоўка, фельчарска - акушэрскі пункт, аптэка.

Вёска - радзіма Героя Сацыялістычнай Працы, прадзільшчыцы Магілёўскага завода штучнага валакна Е.С. Белавусавай.

ЛОБЧА

Вёска ў Лабанаўскім сельсавеце, цэнтр саўгаса "Наватар". У сярэдзіне XVI ст. з'яўлялася вялікакняжацкай уласнасцю. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у валоданні Магілёўскай казённай палаты (39 двароў, 291 чал.), потым у жонкі калежскага саветніка Залатухінай. У 1880 г. - 81 двор, 385 чалавек. Апрача земляробства, частка сялян займалася бандарным промыслам. У 1909 г. - 113 двароў, 816 жыхароў, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд адчынена 4-гадовая школа, пункт ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1923 г. арганізавана меліярацыйнае таварыства. У 1926 г. - 147 двароў, 789 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас "Чырвоны ўсход", працавала кузня. У 1940 г. - 260 двароў, 670 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 114 двароў. На могілках у брацкіх магілах пахаваны 3 савецкія лётчыкі (загінулі ў ліпені 1941) і 12 воінаў, якія загінулі пры вызваленні вёскі ці памерлі ад ран у шпіталях. Зараз у вёсцы 147 двароў, 374 жыхары. Тут знаходзяцца комплекс буйной рагатай жывёлы, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэнікі, піларама, фельчарска - акушэрскі пункт, 8-гадовая школа, дзіцячы сад-яслі, клуб, бібліятэка, фонд якой налічвае 8857 кніг, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, крама.

ЛЫСАЎКА

Вёска ва Ушакоўскім сельсавеце. У канцы XVIII ст. у вёсцы разам з фальваркам было 15 жыхароў. У першай палове ХІХ ст. працаваў завод па вырабу шкла (на 6,5 тыс. р. у год), якое спажывалася як унутры губерні, так і вывозілася ў Крамянчуг. У 1909 г. - 17 двароў, 150 жыхароў, у Брацькавіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 21 двор, 116 жыхароў. У 1934 г. жыхары вёсак Лысаўка, Астравы, Сененка, Гутка арганізавалі калгас "7-ы з'езд Саветаў". У час Вялікай Айчыннай вайны з канца 1941 г. у вёсцы дзейнічала падпольная група. Зараз вёска ў складзе калгаса "Чырвоны араты".

ЛЮТРАЎКА

Вёска ў Сормаўскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты (4 двары, 27 жыхароў), потым у прыватнай уласнасці. У 1909 г. - 6 двароў, 44 жыхары, у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 17 двароў, 112 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас "Культура", працавала кузня. У 1940 г. - 24 двары, 97 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 12 двароў. Зараз у складзе эксперыментальнай базы "Чэрыкаў". У вёсцы 9 двароў, 14 жыхароў.

МАЛІНАЎКА*

Вёска ў Вепрынскім сельсавеце, цэнтр саўгаса "Сцяг". Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты, у 1790 г. аддадзена ў прыватную маёмасць капітан - лейтэнанту рускага флоту (3 двары, 36 жыхароў). У 1841 г. заснавана шкляная мануфактура, дзе ў год выраблялася 750 скрынак ліставога шкла (у 1859 г. працавала 40 масцеравых, дзейнічалі 3 печы). Прадукцыя накіроўвалася галоўным чынам у Кіеў. У 1909 г. - 3 двары, 15 жыхароў, у Дубровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1920-я гады адкрыта 4-гадовая школа. У 1926 г. - 4 двары, 31 жыхар. З 1927 г. цэнтр Халмянскага сельсавета, У 1930 г. створаны калгас "Камінтэрн". Зараз у вёсцы 148 двароў, 364 жыхары. Тут знаходзяцца комплекс буйной рагатай жывёлы, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, лазня, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фонд якой налічвае 9078 кніг, крама, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, ашчадная каса, фельчарска- акушэрскі пункт, дзіцячы сад-яслі.

МІРАГОШЧ

Вёска ў Сормаўскім сельсавеце. Вядома з XVII ст. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты (27 двароў, 193 жыхары), потым у прыватным уладанні. Напярэдадні адмены прыгоннага права належала генерал - ад'ютантуграфу С.П. Сумарокаву. У 1880 г. - 53 двары, 253 жыхары. Апрача земляробства, сяляне займаліся бандарным промыслам. У 1909 г. - 81 двор, 534 жыхары, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд пачала работу 4-гадовая школа (у 1925 г. - 53 вучні). Дзейнічаў гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. З 20.08.1924 г. да 8.07.1960 г. цэнтр сельсавета. У 1926 г. - 116 двароў, 658 жыхароў. У 1929 г. створаны калгас "Сцяг працы", працавала калгасная кузня. У 1940 г. - 135 двароў, 567 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 119 двароў. Вызвалена 30.09.1943 г. воінамі 1320-га палка 431-й стралковай дывізіі (камандзір І.Ф. Мілёхін) 50-й арміі. На могілках у брацкай магіле пахавана 12 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленнні раёна ці памерлі ад ран у шпіталі. Зараз у складзе эксперыментальнай базы "Чэрыкаў". У вёсцы 85 двароў, 195 жыхароў. Тут знаходзяцца 8-гадовая школа, клуб, бібліятэка, фонд якой налічвае 9716 кніг, крама, аддзяленне сувязі.

МІХАЛІН

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце. У 1840 г. тут заснавана скураная прыгонніцкая мануфактура, дзе ў 1859 г. працавала 36 рабочых. Памешчык меў у вёсках Міхалін і Халобін 5513,5 дзес. зямлі, вадзяны млын, сукнавальню, карчму і вінакурны завод. У 1876 г. другі памешчык меў у вёсках Міхалін і Нізкі 2000 дзес. зямлі. У 1898 г. створана вінакурнае прадпрыемства, дзе ў 1900 г. пачала працаваць паравая машына. У 1909 г. - 7 жыхароў, у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У лістападзе 1918 г. у фальварку створана камуна. У 1926 г. - 12 двароў, 65 жыхароў. У 1930-я гады створаны калгас "Чырвоная зорка". У 1940 г. - 33 двары, 98 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. Пасля вайны вёска была адноўлена. Зараз у складзе калгаса імя Ільіча. У ёй 32 двары, 85 жыхароў.

НАРКІ

Вёска ў Верамейскім сельсавеце. Вядома ў XVI ст. У 1604 г. польскі кароль Сігізмунд ІІІ дараваў вёску выхадцам з Маскоўскай дзяржавы Хрыпуновым. У студзені 1655 г., калі Магілёўшчына была захоплена рускімі войскамі, цар Аляксей Міхайлавіч аддаў Наркі М. Кгельдзе, войту магілёўскаму. Да гэтага вёска належала С. Срадзінскаму, які ўцёк у Літву. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала Магілёўскай дварцовай воласці (257 жыхароў), потым стацкаму саветніку Дамакруеву. У 1880 г. - 113 двароў, 716 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася бандарным промыслам. З 1888 г. да 1911 г. - каля 60 сямействаў выехала ў пошуках лепшай долі з Наркоў у Сібір. У 1909 г. - вёска (186 двароў, 1154 жыхары) у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. Дзейнічаў вадзяны млын, школа граматы. У 1922 г. створана сельскагаспадарчае кааператыўнае і закупачна - збытавое таварыства. У аднаўленчы перыяд працавалі 4-гадовая школа, хата - чытальня і бібліятэка. У 1926 г. - вёска (211 двароў, 1345 жыхароў). У 1929 г. створаны калгас "Чырвоны сормавец", куды ўвайшлі асобныя гаспадаркі з пасёлкаў Карма, Чырвоны і інш., але неўзабаве калгас разваліўся. У 1931 г. арганізаваны калгас "Чырвоны сцяг". У 1933 г. у вёсцы паявіўся першы трактар, быў паказаны першы кінафільм. У 1936 г. праводзіліся работы па паляпшэнню грунтавога шляху Верамейкі - Чэрыкаў праз Наркі. У 1940 г. - 112 двароў, 574 жыхары. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 74 двары. Зараз вёска ў складзе саўгаса "Ударнік". У ёй 118 двароў, 247 жыхароў, ёсць ферма, пачатковая школа, клуб, дзіцячы сад-яслі, крама.

НОВА - МАЛІНАЎКА*

Вёска ў Вепрынскім сельсавеце. У 1909 г. - 18 двароў, 142 жыхары, у Дубровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета, у 1926 г.- вёска (29 двароў, 175 жыхароў). Зараз у складзе саўгаса "Сцяг". У вёсцы 30 двароў, 73 жыхары.

ПАБЕДА*

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце. У 1926 г. - 60 жыхароў. У 1940 г.- 24 двары, 72 жыхары. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 22 двары. Зараз у складзе калгаса "Краіна Саветаў". У вёсцы 16 двароў, 35 жыхароў.

ПІЛЕНКА*

Вёска ва Ушакоўскім сельсавеце. У 1909 г. - 9 двароў, 90 жыхароў, у Палужскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г.- 18 двароў, 115 жыхароў. У 1930 г. жыхары вёсак Піленка і Князеўка арганізавалі калгас "Чырвоны пераможнік", дзейнічалі ветраны млын, кузня, 2 ваўначоскі. Зараз у складзе калгаса "Чырвоны араты". У вёсцы 11 двароў, 29 жыхароў.

ПІЛЬНЯ

Вёска ва Ушакоўскім сельсавеце. З пачатку ХІХ ст. дзейнічала мадналіцейная прыгонніцкая мануфактура (у 1812 г. працаваў 31 рабочы). З 1882 г. працавала кардонна - папяровая фабрыка (у 1890 г. - 6 рабочых). У 1909 г. - вёска (42 двары, 312 жыхароў) і фальварак (1 двор, 24 жыхары) у Краснапольскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд існавала 4-гадовая школа. У 1926 г. - 60 двароў, 331 жыхар, у 1940 г. - 60 двароў, 300 жыхароў. У час гітлераўскай акупацыі дзейнічала падпольная маладзёжная камсамольская група. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 58 двароў, загубілі 4 жыхароў. Вызвалена 30.07.1943 г. воінамі 324-га стралковага палка 413-й дывізіі 50-й арміі пры ўдзеле партызан 720-га і 721-га атрадаў. На могілках у брацкай магіле пахаваны савецкія воіны, якія загінулі ў ліпені 1941 г. Зараз у складзе калгаса "Маладая гвардыя". У вёсцы 39 двароў, 83 жыхары.

ПРЫПЁЧЫНА

Вёска ў Язёрскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) была ў ведамстве Магілёўскай казённай палаты (25 двароў, 76 жыхароў), потым у прыватным уладанні. У 1880 г. - 41 двор, 225 жыхароў. Апрача земляробства, вяскоўцы займаліся калёсным, сталярным і бандарным промысламі. Існавала сукнавальня (заснавана ў 1824 г.), што давала 1000 аркушаў сукна ў год. Меўся вадзяны млын. 27.12.1905 г. сяляне разграмілі дом князя Абаленскага, а пры арышце зачыншчыкаў аказалі супраціўленне паліцыі. У 1909 г. - 68 двароў, 443 жыхары, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа. У 1926 г. - 87 двароў, 556 жыхароў. У 1931 г. створаны калгас "Праўда". Працавалі крупарушка, вадзяны млын, кузня. У 1940 г. - 85 двароў, 337 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. На могілках у брацкай магіле пахавана 65 воінаў і партызан. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе калгаса "Прагрэс". У вёсцы 73 двары, 161 жыхар. Ёсць крама.

РАГАЛІНА

Вёска ў Язёрскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) была ў валоданні Магілёўскай казённай палаты (33 двары, 230 жыхароў), потым ва уласным уладанні. У 1880 г. - 65 двароў, 305 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася бандарным промыслам. У 1898 г. адкрыта школа. У 1909 г. - 105 двароў, 719 жыхароў, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа (у 1925 г. - 68 вучняў). У 1926 г. - 135 двароў, 792 жыхары. У 1928 г. створаны калгас, дзейнічалі калгасная кузня і ваўначоска. У 1940 г. - 150 двароў, 465 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі вёску, загубілі 26 жыхароў. Вызвалена 1.10.1943 г. часцямі 50-й арміі. У памяць аб земляках, якія загінулі ў барацьбе супраць фашызму, каля будынка школы ўстаноўлены абеліск. Зараз вёска ў складзе калгаса "Прагрэс". У ёй 83 двары, 238 жыхароў, ёсць ферма, пачатковая школа, бібліятэка, фонд якой налічвае 7747 кніг, крама.

РЖАВЕЦ

Вёска ў Язёрскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) была ў ведамстве Магілёўскай казённай палаты (33 двары, 234 жыхары), потым належала жонцы калежнага саветніка Залатухінай. У 1880 г. - 49 двароў, 339 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася калёсным промыслам. У 1909 г. - 90 двароў, 616 жыхароў, у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. Мелася школа граматы. У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа. У 1926 г. - вёска (85 двароў, 489 жыхароў), у 1940 г. - 94 двары, 334 жыхары. Зараз у складзе саўгаса "Язёрскі". У вёсцы 82 двары, 189 жыхароў. Тут знаходзяцца малочнатаварная ферма, крама.

РЫНКОЎКА

Вёска ў Лабанаўскім сельсавеце. Вядома ў XVII ст. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у прыватнай уласнасці (128 жыхароў). У 1880 г. - 33 двары, 218 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася калёсным, сталярным і бандарным промысламі. У 1909 г. - 52 двары, 416 жыхароў, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. Існавала школа граматы. У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа. У 1926 г. - вёска (71 двор, 505 жыхароў). З 20.08.1924 г. да 16.07.1954 г. - цэнтр сельсавета. У 1940 г. - 43 двары, 129 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 40 двароў. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе саўгаса "Наватар". У ёй 33 двары, 65 жыхароў. Тут знаходзіцца малочнатаварная ферма.

Вёска - радзіма Героя Савецкага Саюза У. Р. Яўсеенкі.

РЭЧЫЦА

Вёска, цэнтр Рэчыцкага сельсавета (з 20.08.1924) і калгаса імя Ільіча. Вядома ў XVIII ст. Пасля пракладкі ў 1851 г. Маскоўска - Варшаўскай шашы тут размяшчалася паштовая станцыя, якая мела 11 коней. У 1880 г. памешчык тут меў 89 дзес. зямлі. У 1905 г. адкрыта казённая вінная лаўка, у 1911 г. - паштовае аддзяленне. У пачатку ХХ ст. - у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У лістападзе 1918 г. створана камуна, у 1924 г. адкрыта 4-гадовая школа (у 1925 г. - 50 вучняў). У 1940 г. - 81 двор, 250 чалавек. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 71 двор. У цэнтры вёскі ў брацкай магіле пахавана 26 савецкіх воінаў и партызан, якія загінулі пры вызваленні раёна ці памерлі ад ран у шпіталі. Вызвалена 29.09.1943 г. воінамі 238-й стралковай дывізіі 50-й арміі. У памяць аб земляках, якія загінулі ў барацьбе супраць фашызму, у цэнтры вёскі ўстаноўлена стэла. Зараз у вёсцы 170 двароў, 484 жыхары. Тут знаходзяцца 2 фермы, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, піларама млын, сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі, бібліятэка, фонд якой налічвае 11 462 кнігі, дазня, 2 крамы, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, фельчарска - акушэрскі пункт.

За 1,4 км на паўднёвы захад ад вёскі знаходзіцца Рэчыцкае радовішча мелу (перспектыўныя запасы 19,2 млн т). Паміж вёскамі Рэчыца і Міхалін размешчана Сожскае радовішча мелу (разведаныя запасы 108,9 млн т).

САКАЛОЎКА

Вёска ў Язёрскім сельсавеце, цэнтр калгаса "Прагрэс" Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у валоданні Магілёўскай казённай палаты (23 двары, 167 жыхароў), потым у прыватнай уласнасці. Пасля пракладкі ў 1851 г. Маскоўска - Варшаўскай шашы тут размяшчалася паштовая станцыя, якая мела 9 коней. У 1880 г. - 47 двароў, 260 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася калёсным, сталярным і бандарным промыслам. У 1909 г. - 75 двароў, 531 жыхар, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. Існавала школа граматы. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа. У 1926 г. - вёска (95 двароў, 636 жыхароў). У1931 г. створаны калгас "Іскра", працавала калгасная кузня. У 1940 г. - 95 двароў, 380 жыхароў, дзейнічаў клуб. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. Псля вайны вёска адноўлена. У памяць аб земляках, якія загінулі ў барацьбе супраць фашызму, у цэнтры вёскі ўстаноўлена стэла. Зараз у вёсцы 113 двароў, 368 жыхароў. Тут знаходзяцца ферма, піларама, майстэрня па рамонту скльскагаспадарчай тэхнікі, сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі , клуб, бібліятэка, фонд якой налічвае 7161 кнігу, крама, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, ашчадная каса, фельчарска - акушэрскі пункт.

Вёска - радзіма Героя Савецкага Саюза П.В.Дземянкова.

СТАРАЯ БЕЛІЦА

Вёска ў Верамейскім сельсавеце. Вядома ў XVIII ст. У 1880 г. - 44 двары, 278 жыхароў. Апрача земляробства, частка сялян займалася бандарным промыслам. У 1909 г. - вёска (67 двароў, 422 жыхары) і маёнтак (1 двор, 14 жыхароў), цэнтр воласці Чэрыкаўскага павета. У 1929 г. створаны калгас "12-годдзе Кастрычніка". У сярэдзіне 1930-х гадоў да яго далучыўся калгас "16-годдзе Кастрычніка", што існаваў у в. Новая Беліца. Працавала калгасная кузня. У 1940 г. - 75 двароў, 341 жыхар. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 59 двароў, загубілі 6 жыхароў. Зараз у складзе саўгаса "Ударнік". У вёсцы 27 двароў, 52 жыхары, ёсць ферма.

СЦЯПАНАЎ*

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце. У 1926 г. - 25 двароў, 143 жыхары. У 1933 г. жыхары вёсак Сцяпанава і Белая Дубрава арганізавалі калгас "Праца Леніна". У 1940 г. - 39 двароў, 93 жыхары. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 35 двароў. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе калгаса імя Ільіча. У вёсцы 42 двары, 76 жыхароў.

ТАРЖОЎ*

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце. У 1926 г. - 24 двары, 135 жыхароў. У 1931 г. створаны калгас "На варце". У 1940 г. - 28 двароў, 84 жыхары. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. Пасля вайны адноўлена. Зараз у складзе калгаса імя Ільіча. У вёсцы 6 двароў, 12 жыхароў.

ТУР'Е

Вёска ў Сормаўскім ельсавеце. У снежні 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч дараваў М. Кгельдзе, войту магілёўскаму, вёску Туры, якая раней належала С. Срадзінскаму, што ўцёк у Літву. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала Магілёўскай дварцовай воласці, потым сапраўднаму стацкаму саветніку А.В. Макавецкаму. У 1862 г. пачала працаваць вінакурня (10 рабочых). Памешчык меў тут у 1863 г. 966 дзес. зямлі і карчму. У 1910 г. адкрыта школа. У лістападзе 1918 г. створана камуна. У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа (у 1925 г. - 70 вучняў), хата - чытальня. У 1926 г. - 117 двароў, 634 жыхары. У 1931 г. створаны калгас "Чырвоны Кастрычні". У 1940 г. - 120 двароў, 428 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 87 двароў, загубілі 7 жыхароў. У брацкай магіле пахаваны савецкія воіны, якія загінулі ў 1941 - 1943 гг. Зараз у складзе эксперыментальнай базы "Чэрыкаў". У вёсцы 82 двары, 221 жыхар. Тут знаходзіцца пачатковая школа, клуб, крама.

УШАКІ

Вёска, цэнтр Ушакоўскага сельсавета (з 20.08.1924) і калгаса "Маладая гвардыя". Вядома ў XVII ст. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) належала стацкаму саветніку І.В. Галынскаму (13 двароў, 97 жыхароў). У 1865 г. памешчык меў тут 2572 дзес. зямли. У 1880 г. - 50 двароў, 288 жыхароў. Апрача земляробства, частка вяскоўцаў займалася кравецкім промыслам. Мелася 2 карчмы, прыстань на р. Сож для пагрузкі лесу. У 1884 г. адкрыта школа граматы, якая ў 1917 г. ператворана ў земскую. У 1909 г. - 72 двары, 588 жыхароў, у Старынскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд працавалі 4-гадовая школа (у 1925 г. - 56 вучняў), хата-чытальня, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1926 г. - 114 двароў, 681 жыхар. У 1929 г. арганізавна камуна, у 1931 г. калгас "Чырвоны штурмавік". Дзейнічалі вадзяны млын, кузня, сукнавальня. У 1940 г. - 95 двароў, 480 жыхароў. У чэрвені 1943 г. гітлераўцы спалілі 90 двароў, загубілі 5 жыхароў. У памяць аб загінуўшых земляках пастаўлена стэла. У брацкай магіле, што ў вёсцы, пахавана 12 савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941 - 1945 гг. Зараз ў вёсцы 132 двары, 340 жыхароў. Тут знаходзяцца малочнатаварная ферма, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, піларама, сярэдняя ўкола, дзіцячы сад-яслі, клуб, бібліятэка, фонд якой налічвае 11 377 кніг, крама, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, комплексны прыёмны пункт, лазня, фельчарска - акушэрскі пункт.

Вёска - радзіма беларускага савецкага крытыка і літаратуразнаўцы Алеся Яскевіча.

ХАЛМЕНКА

Вёска ва Ушакоўскім сельсавеце. У 1926 г. - 18 двароў, 111 жыхароў. Дзейнічала 4-гадовая школа. У 1933 г. жыхары вёсак Халменка м Міхайлаўка арганізавалі калгас "Перамога". Зараз у складзе калгаса "Чырвоны араты". У вёсцы 22 двары, 50 жыхароў.

ХАЛОБЛІН

Вёска ў Рэчыцкім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) секвестравана ў графа Мнішка, належала жонцы стацкага саветніка В.Х. Галынскай. Тут знаходзіўся панскі дом, 35 двароў, 246 жыхароў. У 1855 г. памешчык меў у вёсках Халоблін і Міхалін 1513,5 дзес. зямлі, вадзяны млын, сукнавальню, карчму і вінакурны завод. У 1862 г. заснавана вінакурня (у 1879 г. - 11 рабочых, у 1895 г. устаноўлена паравая машына). У 1880 г. - 36 двароў, 278 жыхароў. Апрача земляробства, частка вяскоўцаў займалася бандарным промыслам. У час першай рускай рэвалюцыі, у снежні 1905 г., сяляне самачынна правялі высечку памешчыцкага лесу. У 1909 г. - вёска (60 двароў, 447 жыхароў) і маёнтак (1 двор, 4 жыхары) у Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У маёнтку ў 1923 г. было створана таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі, адкрыта школа (у 1925 г. - 98 вучняў). У 1926 г. - 51 двор, 368 жыхароў. У 1940 г. - 89 двароў, 267 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 7 двароў. Зараз у складзе калгаса "Краіна Саветаў". У вёсцы 99 двароў, 226 жыхароў. Тут размешчаны малочнатаварная ферма, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фонд якой налічвае 8281 кнігу, фельчарска - акушэрскі пункт, крама.

ЧУДЗЯНЫ*

Вёска ў Вепрынскім сельсавеце. Вядома ў XVI ст. У XVII ст. цэнтр Чудзянскага староства, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) знаходзілася ў прыватнай арэндзе. У 1880 г. - 54 двары, 375 жыхароў. Апрача земляробства, частка вяскоўцаў займалася кавальскім промыслам. У 1900 г. адкрыта школа, дзе ў 1907 г. навучаліся 62 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі. У 1909 г. - 92 двары, 548 жыхароў, у Дубровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд адкрыта 4-гадовая школа (1925 г. - 72 вучні). У 1926 г. створаны калгас "13-годдзе Кастарычніка", працавалі кузня, ветраны млын. Зараз у складзе саўгаса "Сцяг". У 1976 г. да вёскі далучана в. Чудзянская Слабада. Зараз вёска у складзе саўгаса "Сцяг". У ёй ёсць ферма, бібліятэка, фонд якой налічвае 5533 кнігі, крама.

ШАРОЕЎКА

Вёска ў Сормаўскім сельсавеце. У студзені 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч дараваў М. Кгельдзе, войту магілёўскаму, вёску Шароеўку, якая раней належала С. Срадзінскаму, што ўцёк у Літву. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у валоданні Магілёўскай казённай палаты (42 двары, 321 жыхар). У 1880 г. - 56 двароў, 344 жыхары. Апрача земляробства, частка вяскоўцаў займалася калёсным і бандарным промысламі. У 1905 г. адкрыта казённая вінная лаўка. У 1909 г. - 100 двароў, 595 жыхароў, у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа. У 1926 г. - 122 двары, 689 жыхароў. З 20.08.1924 г. да 8.07.1960 г. - цэнтр сельсавета. У 1931 г. арганізаваны калгас імя І.В. Сталіна, працаваў ветраны млын. У 1940 г. - 95 двароў, 287 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі вёску. Пасля вайны вёска адноўлена. Зараз у складзе эксперыментальнай базы "Чэрыкаў". У вёсцы 84 двары, 184 жыхары. Тут знаходзяцца ферма, 8-гадовая школа, бібліятэка, фонд якой налічвае 7035 кніг, крама, аддзяленне сувязі.

ШЧАЦІНКА

Вёска ў Лабанаўскім сельсавеце. У студзені 1655 г. цар Аляксей Міхайлавіч дараваў М. Кгельдзе, войту магілёўскаму, вёску Шароеўку, якая раней належала С. Срадзінскаму, што ўцёк у Літву. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у валоданні Магілёўскай казённай палаты (39 двароў, 276 жыхароў). У 1880 г. - 42 двары, 269 жыхароў. Апрача земляробства, частка вяскоўцаў займалася калёсным промыслам. У 1910 г. адкрыта земская школа. У 1909 г. - 182 двары, 560 жыхароў, у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа (у 1925 г. - 57 вучняў). У 1926 г. - вёска (116 двароў, 654 жыхары). У 1928 г. створаны калгас "Іскра", які ў 1936 г. меў 52 каровы, больш за 100 свіней, 94 кані, 193 калоды пчол. Працавалі вадзяны млын, 2 куўні. У 1940 г. - 43 двары, 258 жыхароў. У час акупацыі гітлераўцы спалілі 27 двароў, загубілі 9 жыхароў. Зараз у складзе саўгаса "Лабанаўка". У вёсцы 31 двор, 81 жыхар, ёсць клуб.

ЮДАЎКА

Вёска ў Верамейскім сельсавеце. У 1862 г. памешчык меў тут 1574 дзес. зямлі, вадзяны млын і карчму. У 1909 г. - 2 двары, 23 жыхары, у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1926 г. - 4 двары, 14 жыхароў. У 1930 г. створаны калгас "Запаветы Леніна". Зараз у складзе саўгаса "Ударнік". У вёсцы 18 двароў, 41 жыхар, ёсць крама.

ЯЗЁРЫ

Вёска, цэнтр Язёрскага сельсавета. Вядома ў XVI ст. У XVIII ст. цэнтр Язёрскага староства. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у ведамстве Магілёўскай казённай палаты (63 двары, 445 жыхароў), потым у прыватным уладанні. Меліся панскі дом і царква. У 1848 г. - 97 двароў. У 1857 г. заснаваны вінакурны завод (у 1913 г. - 12 рабочых, меўся паравы рухавік). У 1880 г. - 108 двароў, 578 жыхароў, дзейнічалі вадзяны млын, царква. Апрача земляробства, частка вяскоўцаў займалася бандарным промыслам. У 1909 г. - 173 двары, 1259 жыхароў, у Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. Існавала царкоўнапрыходская школа. У аднаўленчы перыяд працавала 4-гадовая школа, якой было перададзена памяшканне былога маёнтка. Працавала кузня. У 1931 г. арганізаваны калгас "Будаўнік". У 1926 г. - 271 двор, 1544 жыхары. У 1940 г. - 130 двароў, 397 жыхароў. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 117 двароў, загубілі 7 жыхароў. На могілках у брацкай магіле пахаваны 2 савецкія воіны і 1 партызан. Зараз у вёсцы 216 двароў, 597 жыхароў. Ткут знаходзяцца комплекс буйнай рагатай жывёлы, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, піларама, сярэдняя школа, Дом культуры, дзіцячы сад-яслі, бібліятэка, фонд якой налічвае 9988 кніг, крама, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, ашчадная каса, сталоўка, фельчарска - акушэрскі пункт.

ЯЛОЎКА

Вёска ў Лабанаўскім сельсавеце. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) уласнае ўладанне Быкоўскіх (10 двароў, 105 жыхароў). У 1880 г. - 22 двары, 134 жыхары. Апрача земляробства, частка вяскоўцаў займалася сталярным промыслам. У 1909 г. - 43 двары, 282 жыхары, у Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1915 г. адкрыта земская школа. У аднаўленчы перыяд дзейнічалі 4-гадовая школа (у 1925 г. - 39 вучняў), хата - чытальня, кузня. У 1926 г. - 55 двароў, 309 жыхароў, у 1940 г. - 54 двары, 183 жыхары. У верасні 1943 г. гітлераўцы спалілі 51 двор, загубілі 2 жыхароў. Зараз у складзе саўгаса "Лабанаўка". У вёсцы 45 двароў, 93 жыхары. Ёсць ферма, крама.