Нарадзіўся 3 кастрычніка 1953 года ў вёсцы Сіманавічы Глускага раёна Магілёўскай вобласці. З дзяцінства быў адароным. Скончыў 8 класаў Сіманавіцкай базавай школы (1960 – 1968), 9 і 10 класы вучыўся у Завалочыцкай сярэдняй школе (1968 – 1970). Наведваў творчую студыю выяўленчага мастацтва дварца піянераў ў горадзе Бабруйску (1967 – 1970). У 1971 годзе скончыў Маскоўскі завочны ўніверсітэт мастацтваў, аддзяленне выяўленчага мастацтва імя Н.К. Крупскай. Затым паступіў у Бабруйскае мастацкае вучылішча, якое скончыў у 1974 годзе па спецыяльнасці мастак-дэкаратар. У 1980 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці мастацкая кераміка. Размеркаванне атрымаў у Краснаярск. У 1988 годзе праходзіў стажыроўку ў Грузінскай Дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў у горадзе Тбілісі Грузінскай ССР. У 1995 годзе працаваў у творчай групе расійскіх мастакоў-керамістаў на базе ТПК СГРФ “Варанцова” ў Маскве. З 1988 года працуе ў Краснаярскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў (да 2007 – загадчык кафедры мастацкай керамікі).
Удзельнік больш за 100 выставак і выставачных праектаў у Краснаярску, Томску, Санкт-Пяцярбурзе, Навасібірску, Благавешчанску, Екацерынбургу, а таксама ЗША. Яго творы знаходзяцца ў музеях і прыватных сабраннях Краснаярска, Навасібірска, Уладзівастока, Іркуцка, Нарыльска, а таксама ЗША, Германіі, Фінляндыі, Велікабрытаніі і інш.
Алесь Мігас працуе ў тэхніках гліны, шамоту, у жанры садова-паркавай (ландшафтнай) керамікі. У працах пераважае абстрактная дэкаратыўная пластыка, анімалістыка. Сярод работ таксама можна сустрэць праекты, выкананыя для інтэр’ераў і фасадаў будынкаў.
Некаторыя мастацкія работы:
2017 г. – дэкаратыўная напольная пластыка "Гарпунья стая";
2018 г. – праца "Легенды гор" (гліна, шамот);
2018 г. – праца "Легенды гор. Олень".
У цяперашні час Алесь Мігас – прафесар кафедры "Мастацкая кераміка", член Саюза мастакоў СССР, РФ, заслужаны педагог Краснаярскага края, рэктар Сібірскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў імя Дзмітрыя Хварастоўскага (раней называўся Краснаярскі дзяржаўны інстытут мастацтваў).
Бывае, наведваецца на сваю радзіму – вёску Сіманавічы, звычайна на Радаўніцу.
У Алеся Якаўлевіча двое дзяцей – дачка і сын.
Ягоны брат Барыс Якаўлевіч, кандыдат філасофскіх навук, жыве ў Мінску і кожнае лета з сям’ёй прыязджае ў Сіманавічы, дзе ходзіць на рыбалку на Пціч.