Пра што расказвае рукапісная кніга

У кожнай мясцовасці ёсць людзі, якія нечым выдзяляюцца сярод астатніх. Напрыклад, у Карытным гэта адзіны на ўсю Асіповіччыну ансамбль гарманістаў "Карытнянскія музыкі". Сваю віртуозную ігру яны дзе толькі не дэманстравалі! Былі і ў Глускім раёне, у тым ліку — у Завалочыцах. Тут таксама добра развіты культурны асяродак: ёсць клуб, бібліятэка. У апошняй якраз і працуе загадчыцай Тамара Кулік, якую смела можна назваць жывым брэндам аграгарадка. За што? Жанчына — сапраўдны летапісец роднага краю. Тут нарадзілася, вырасла, тут жылі бацькі. Праца ў бібліятэцы дае магчымасць займацца і краязнаўствам, але Тамара Георгіеўна пайшла далей. Амаль за 30 гадоў сабрала багата рознай цікавай інфармацыі, якой папоўніўся краязнаўчы музей і якой, пры неабходнасці, карыстаюцца землякі.