Знаёмства з гісторыяй аграгарадка Завалочыцы мэтазгодна пачаць з версій аб паходжанні назвы. На сённяшні час існуе шэсць версій пра паходжанне назвы вёскі Завалочыцы.
Адна з іх звязана з зямельнай мерай – валокай, якой карысталіся ў ВКЛ у XVI – XVIII стагоддзях.
Наступная версія аб паходжанні назвы вёскі звязана з назвай аграрнай рэформы ў ВКЛ – валочнай памерай (2-я пал. XVI – пач. XVII ст.). Дарэчы, ў выніку гэтай рэформы была прынята зямельная мера – валока, прыблізна роўная 21,36 гектара.
Ёсць і такая версія: калісьці ў нашы мясціны "завалакліся", прыйшлі людзі з другіх мясцін, аселі і сталі жыць, бо глеба была тут урадлівая, а ў лясах шмат дзічыны вадзілася, ягад ды грыбоў расло.
Яшчэ адну версію на старонках газеты "Коммерческий курьер" (№91 ад 5 снежня і №93 ад 12 снежня 1998 года) у артыкуле "Земля заволочицкая" прапануе даследчык А. Нямцоў: "В этих краях когда-то отважные купцы ходили водным путём по Березине, Свислочи и Птичи. Кое-где ладьи с товаром приходилось тянуть волоком, волочить. Отсюда и название Заволочиц, расположенных близ реки Птичь".
Сярод завалочыцкіх людзей найбольш бытуюць такія дзве версіі: першая сцвярджае пра тое, што ў рацэ Пціч у даўнія часы вадзілася вельмі многа баброў, якія з дрэў ды галля рабілі шматлікія завалы, а гэта азначае, што назва вёскі паходзіць ад слова "завалы"; другая ж, найбольш праўдападобная, сведчыць пра тое, што людзі сяліліся і жылі за валокамі, а значыць, і назва вёскі ўтварылася ад слоў "за" і "валокі".
Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра Завалочыцы датуюцца 1626 годам, як сцвярджаецца ў кнізе "Памяць. Глускі раён". Далей сцвярджаецца, што ў той час сяло было ў складзе маёнтку Глуск Дубровіцкі Навагрудскага павета. У 1790 г. маёнтак налічваў 70 двароў. 3 1793 г. у складзе Расійскай імперыі. У XIX ст. маёнтак належаў Быкоўскім. Мелася каталіцкая царква. Трэба адзначыць, што ў час, калі ішла праца над кнігай, глускія настаўнікі гісторыі наведвалі Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь і працавалі з пісьмовымі крыніцамі. З гэтага вынікае, што ў 2021 годзе вёсцы спаўняецца 395 гадоў, а праз 5 гадоў вёска адзначыць свой 400-гадовы юбілей.
На сайце ж fermer.of.by гаворыцца пра тое, што ўпершыню Завалочыцы ўпамінаюцца ў рэвізскіх сказках сялян. Тут трэба растлумачыць, што сабой уяўляюць рэвізскія сказкі. Рэвізскія сказкі – гэта пісьмовыя дакументы, ў якіх вёўся перапіс падатковага насельніцтва (сялян і мяшчан) для таго, каб вызначыць памер падушнага падатку. Дзяржава збірала падатак за кожнага селяніна мужчынскага полу на момант правядзення рэвізіі. Нават калі на момант перапісу хлопчыку было ўсяго два месяцы, усё роўна браўся падатак. Таксама памешчык плаціў падатак за памерлага мужчыну да наступнай рэвізіі. А рэвізіі праводзіліся, у сярэднім, раз у 15 гадоў. Усяго з 1719 да 1858 года было праведзена 10 перапісаў. Таксама на сайце даецца інфармацыя пра тое, што ў той час Завалочыцы належалі памешчыкам Быкоўскім, а вёска ўпамінаецца яшчэ і ў судовых справах гэтых паноў, якія яны вялі паміж сабой яшчэ ў пачатку ХVІІІ стагоддзя. Далей сцвярджаецца, што тады, 300 гадоў назад, і назва вёскі была іншая – Завалочыцк, а цяперашнія карэнныя жыхары вёскі з’яўляюцца прамымі нашчадкамі тых сялян, якія ўпамінаюцца ў рэвізскіх сказках. Згодна дадзеных Нацыянальнага Архіва Рэспублікі Беларусь, такія местачковыя прозвішчы як Окрут, Рыбак, Кароль, Грыневічы, Луцкія, Бунеш, Мігас, Ляшчынскія і інш. прадстаўляюць сабой карэнных жыхароў. Згодна інфармацыі сайта, вёсцы крыху больш за 300 гадоў.
Некаторы раз можна знайсці інфармацыю пра тое, што заснавальнікам Завалочыц з’яўляецца памешчык Іосіф Іпалітавіч Жылінскі. Дарэчы, як адзначалася вышэй, Завалочыцы належалі памешчыкам Быкоўскім, і калі Іосіф Жылінскі ажаніўся з Антанінай Быкоўскай, то маёнтак быў падараваны ёй ў якасці пасагу. Так Завалочыцы сталі ўласнасцю памешчыкаў Жылінскіх з 70-х па 90-я гады ХІХ стагоддзя. Вось пра што апавядаецца ў кнізе "Россия. Полное географическое описание нашего отечества. Настольная и дорожная книга для русских людей. Верхнее Поднепровье и Белоруссия" (пад рэдакцыяй Сямёнава, Т. 9, 1905): "…Имение принадлежало прежде Якса-Быковским, а затем по женской линии перешло к инженеру ген. Жилинскому, известному осушителю Полесья. В имении есть красивый дом, резиденция владельцев с обширным садом и оранжереей, винокурный завод и мельница. Некогда здесь была католическая часовня".
У "Слоўніку геаграфічным Каралёўства Польскага і іншых краёў славянскіх" (Т.14, Варшава, 1880 – 1914) таксама апісваюцца Завалочыцы: "Завалочыцы – уладанні над ракой Пціч, павет бабруйскі ў 4 акрузе паліцыйнай свіслацкай, гміна Гарадок, парафія каталіцкая Глуск (за 20 вёрст), за 3 вярсты ад станцыі паштовай Сіманавічы, на тракце брэсцка-бабруйскім, за 34 вярсты ад Бабруйска. Да другой паловы мінулага стагоддзя досыць даўняя ўласнасць Якса-Быкоўскіх, праз шлюб Антаніны Быкоўскай, жонкі генерала Жылінскага, вядомага па меліярацыі Палесся, перайшла да Жылінскіх. Абшар каля 180 валок, лясы значныя, глебы лёгкія, але ўраджайныя з-за шматлікіх палёў, рэзідэнцыя прыгожая, вялікія сады фруктовыя, аранжарэя, вінакурня, млыны, рыбалоўства. Была тут капліца каталіцкая парафіі Глуск".
Так называемая рэзідэнцыя была двухпавярховай, вельмі прыгожай, упрыгожаная разьбой. Яна знаходзілася крыху зздаду ад месца, дзе цяпер знаходзіцца сучасны Дом культуры.
Жыла сям’я тут не пастаянна, а толькі наездамі. У адсутнасць гаспадароў усімі справамі займаўся упраўляючы маёнткам, адно час гэта быў Гедымін Ежы (Юры) Булгак. Яго жонка Альдона (у дзявоцтве Дзяржынская) прыходзілася сястрой вядомаму рэвалюцыянеру Феліксу Дзяржынскаму.
З сям’ёй Іосіфа Жылінскага звязана і прыгодніцка-рамантычная гісторыя. У генерала было тры дачкі: Аляксандра, Марыя, Сафія. Размова пойдзе пра лёс старэйшай дачкі Аляксандры. Была яна прыгажуня, такая, што вачэй немагчыма адвесці. І вось закахалася яна ў памешчыка Грыцэнка з Глушы і збіралася за яго замуж. Іосіф Жылінскі быў катэгарычна супраць гэтага шлюбу, таму што Грыцэнка ўсе ведалі як заўзятага карцёжніка. Ён прайграў у карты свае вёскі, сялян. Аднойчы ноччу Аляксандра збегла з бацькоўскага дома. На ўскраіне вёскі яе ўжо чакаў каханы. У Гарадку, у Касмадаміянаўскай царкве, іх ужо чакаў святар, які і правёў вянчанне. Бацьку нічога не заставалася рабіць, як прызнаць шлюб старэйшай дачкі. На жаль, ні вялікае каханне, ні шлюбныя клятвы не змянілі заўзятага гульца Грыцэнка. Аднойчы да яго ў маёнтак у глушы папрасіліся пераначаваць памешчыкі, якія праязджалі па Варшаўскай шашы. Не абышлося, вядома ж, у той вечар і без картачнай гульні. Уладальніку Глушы не пашанцавала: гульня пайшла няўдала, і ён прайграў гэтую вёску. Засталася ў валоданні сям’і апошняя вёска - Гарадок. Але Гарадок належаў яго маці, і гуляць на яго ён не рызыкнуў. Тады Аляксандра прапанавала паставіць на кон ... яе. Але зноў не пашанцавала – Грыцэнка прайграў сваю жонку. Раніцай госці з’ехалі і павезлі з сабой Аляксандру. Сярод гэтых заезджых памешчыкаў быў Ян Якуб Афенберг (барон, лекар, грамадскі дзеяч) – менавіта яму дасталася жонка няўдачлівага картачнага гульца. Пазней Ян і Аляксандра палюбілі адзін аднаго і пажаніліся.
У 1903 годзе жонка Іосіфа Жылінскага цяжка захварэла і памерла. Больш з Заволочыцамі генерала нічога не звязвала. У 1910 годзе, па адной версіі, ён прадаў маёнтак, а па іншай – прайграў у карты.
Наступнымі ўладальнікамі Завалочыц сталі інжынер-будаўнік з Санкт-Пецярбурга Аляксандр Гатоўскі і яго жонка Кацярына. Старажылы ўспаміналі, што новы памешчык у Завалочыцах бываў вельмі рэдка, а яго жонка тут жыла пастаянна. Усёй гаспадаркай ёй дапамагаў кіраваць нехта Янушэўскі. Яна была злая і дэспатычная, здзекавалася над сялянамі. Але яны разумелі і даравалі ўсю яе злосць і непрыязнасць да людзей. Апраўдвалі такія яе паводзіны тым, што яна была бяздзетнай. У 1912 годзе ў памешчыцкім доме адбыўся пажар, і частка асабняка згарэла. Хадзілі чуткі, што здзейсніла падпал сама памешчыца. Сядзіба была застрахаваная на велізарную суму, аб велічыні якой можна меркаваць па тым, што на атрыманую страхоўку Кацярына аплаціла ўсе картачныя даўгі свайго мужа і пабудавала новы дом, які і захаваўся да нашых дзён. Пабудавалі яго хутка, за два гады. У 1914 годзе быў пабудаваны новы дом, але Кацярына Гатоўская пражыла ў ім нядоўга. Спачатку гранула Першая сусветная вайна, затым адбылася кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года Кацярына Гатоўская з’ехала ў Мінск, дзе арганізавала антыбальшавіцкую банду, кіравала ёю і ўсяляк шкодзіла савецкай уладзе. У 1921 годзе чэкісты яе высачылі, і пры спробе да ўцёкаў Кацярына была забітая.
Наступнымі ўладальнікамі Завалочыц сталі інжынер-будаўнік з Санкт-Пецярбурга Аляксандр Гатоўскі і яго жонка Кацярына. Старажылы ўспаміналі, што новы памешчык у Завалочыцах бываў вельмі рэдка, а яго жонка тут жыла пастаянна. Яна была злая і дэспатычная, здзекавалася над сялянамі. У 1912 годзе ў доме адбыўся пажар, і частка яго згарэла. У 1914 годзе быў пабудаваны новы дом, але Кацярына Гатоўская пражыла ў ім нядоўга. Спачатку гранула Першая сусветная вайна, затым адбылася кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года.
Пасля ўстанаўлення савецкай улады ў памешчыцкім доме ў розны час былі клуб, бібліятэка, ашчадная каса, пошта, мясны магазін, хлебапякарня, якая задавальняла патрэбы хлебам жыхароў вёсак Завалочыцы, Сіманавічы, Яўсевічы, Дварэц, Гарадок і Паляна. Затым доўгі час у ім размяшчалася кантора саўгаса "Завалочыцы". У час Вялікай Айчыннай вайны ў памешчыцкім будынку была нямецкая камендатура і турма ў падвале. Пасля вайны ў 1950-я гады правая палова падвала выкарыстоўвалася Бабруйскай ваеннай акругай у якасці бомбасховішча для вышэйшага ваеннага камандавання акругі.
Будынак у савецкія і постсавецкія гады прыцярпеў капітальныя рамонты, але яны не змаглі змяніць першапачатковыя абрысы класічнага ампіру. Аднак ўжо цяпер ён патрабуе вялікага капітальнага рамонту. Будынак не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Захаваліся ў Завалочыцах і будынкі вінакурні, якія датуюцца 1888 і 1889 гадамі. Зараз спіртзавод не запатрабаваны. Дарэчы кажучы, падмуркі будынкаў спіртзавода складзены з валуноў, а яны і цяпер такія ж трывалыя, як і ў тыя часы.
На жаль, не захаваўся панскі калодзеж, які знаходзіўся ў Завалочыцах паміж сучасным клубам і сажалкай. Яго, па словах старажылаў, не стала прыблізна ў 1960-х гадах XX стагоддзя. А вось фота з часткай калодзежа ёсць!
Страчаны беззваротна мэбля і адзенне, якія знаходзілся на гарышчы панскага дома. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да ўсяго панскага адносіліся, мякка кажучы, варожа, таму і не зберагалі.
Такім чынам беззваротна страчаны быў і каталіцкі касцёл, аб якім упаміналася вышэй.
Але гэта не ўсе страты. Новыя страты звязаны з гісторыяй савецкага і постсавецкага перыядаў. А пакуль на змену панскай уладзе прыйла савецкая, якая ўнесла свае карэктывы ў жыццё Завалочыц.
У 1917 годзе адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя. У Беларусі ўсталявалася савецкая ўлада. Пачалі ўтварацца калгасы і саўгасы.
Так у 1922 годзе на былых панскіх землях быў створаны першы ў раёне саўгас "Завалочыцы", пачалося новае жыццё, да якога людзі ставіліся неадназначна.
Савецкія пераўтварэнні набіралі моц. За перыяд з 1917 і па 1941 гады ў саўгасе "Завалочыцы" была адкрыта пачатковая школа, пабудавана вёска Паляна і свінагадоўчая ферма ў ёй, адкрыты курсы падрыхтоўкі трактарыстаў і шафёраў, стала дзейнічаць метыяралагічная станцыя, пабудаваны млын і лесапілка, на рацэ Пціч устаноўлены рухавік, які забяспечваў электрычнасцю тры вёскі – Завалочыцы, Яўсеявічы і Заполле, пабудавана майстэрня па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, былі адкрыты яслі-сад, створаны парнікі, рассаднікі, устаноўлены першы рэпрадуктар, пабудавана малочная, якая працавала ўсю вайну.
Усе гэтыя набыткі ствараліся цяжкаю працай нашых землякоў. Затым здарылася Вялікая Айчынная вайна.