Аляксанава Ірына Аляксандраўна

Нарадзілася 27 кастрычніка 1949 г. у в. Заволочыцы Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння Пастаўскага медыцынскага вучылішча з 1969 года працавала лабарантам арганізацыйна-метадычнага аддзела НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР, з 1973 года – лабарантам хірургічнага аддзялення Беларускага НДІ экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў Міністэрства сацыяльнага забеспячэння БССР. Працуючы, Ірына Аляксандраўна скончыла вячэрняе аддзяленне гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працу ў сістэме сацыяльнай абароны пачала ў 1982 годзе на пасадзе інспектара сектара дамоў-інтэрнатаў і бытавога абслугоўвання аддзела сацыяльнага забеспячэння Мінскага горадскога выканаўчага камітэта. З 1985 года – старшы інспектар, намеснік начальніка аддзела.

З 1996 года – першы намеснік начальніка упраўлення.
У 2000 годзе Ірына Аляксандраўна ўзначаліла ўпраўленне сацыяльнай абароны Мінгарвыканкама, а пасля яго рэарганізацыі ў 2002 годзе стала старшынёй Камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Пры яе актыўным удзеле ўкараняліся новыя формы сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей, інвалідаў, шматдзетных сем'яў, жанчын, дзяцей, воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У гэты ж час была выбрана старшынёй Мінскай гарадской арганізацыі "Беларускі Саюз Жанчын". Займалася пытаннямі працаўладкавання жанчын, аказвала дабрачынную дапамогу жанчынам, якія жывуць у нястачы, арганізоўвала мерапрыемствы, прысвечаныя Дню маці, Дню сям’і... Стаяла ля вытокаў гэтых святаў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак зноў была абрана лідэрам Беларускага Саюза Жанчын.

Пад кіраўніцтвам Ірыны Аляксандраўны была наладжана работа па матэрыяльна - бытавым абслугоўванні састарэлых, самотных, інвалідаў.
За шматгадовую плённую працу ў сістэме сацыяльнай абароны І.А. Аляксанава ўзнагароджана медалём "За працоўныя заслугі". У Ірыны Аляксандраўны вялікая сям'я. Мама – інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Муж Віктар Барысавіч Дзянішчык – інжынер. Дачка Алена скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі універсітэт. Другая дачка Наталля – эканаміст, яна і яе брат Аляксандр прыняты ў сям’ю пасля смерці нявесткі Ірыны Аляксандраўны. "Я старалася рабіць для дзяцей усё, што магла, як калісьці паабяцала паміраючай нявестцы. Яны атрымалі адукацыю і, што больш важна, ніколі не адчувалі сябе сіротамі". Ірына Аляксандраўна лічыць іх роднымі.