Піліпенка Пётр Ананьевіч

Піліпенка Пётр Ананьевіч нарадзіўся 27.06.1909 года ў вёсцы Малынічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. З 1931 па 1935 гады служыў у рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. У Савецкую Армію быў прызваны 6 жніўня 1941 года Бялыніцкім РВК. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў на Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускім франтах. Пачынаў вайну капітанам адміністрацыйнай службы, а скончыў – маёрам інтэнданскай службы. Усю вайну прайшоў у 216-м асобным Атрадзе размініравання сёмага ўпраўлення абарончага будаўніцтва 1-га Беларускага фронту. Праходзячы службу на пасадзе памочніка па забеспячэнню камандзіра атрада размініравання, сваёй асабістай мужнасцю, уменнем арганізаваць работу па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні баявых аперацый падраздзяленняў атрада, пры выкананні задання камандавання па размініраванні армейскіх маршрутаў падчас ваеннага наступу ад ракі Одэр да Берліна, спрыяў бліскучаму выкананню задання. Выконваючы заданне камандавання па будаўніцтве штурмавых мастоў праз раку Одэр пад артылерыйскім і мінамётным агнём праціўніка, асабіста кіраваў дастаўкай будаўнічых матэрыялаў і інструментаў, што вырашальным чынам адбілася на выніках паспяховага будаўніцтва.
За гэта выкананне свайго воінскага абавязку ў перыяд 1945/01/01 – 1945/05/09 г. П.А. Піліпенка быў узнагароджаны ордэнам "Айчыннай вайны 2-ой ступені".
13 лістапада 1945 года ў Мядвежагорску, на падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 мая 1945 году, П.А.Піліпенка быў уручаны медаль "За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.".

Пры выкананні задання па суцэльным размініраванні Валынскай і Брэсцкай абласцей капітан адміністрацыйнай службы П.А. Піліпенка сваёй самаадданай працай ўзорна забяспечыў ўсе падраздзяленні атрада, як матэрыяльнай часткай, так і прадфуравым забеспячэннем. Нягледзячы на аддаленасць падраздзяленняў атрада ад базы забеспячэння, забеспячэнне байцоў было бесперабойным, а харчаванне байцоў – выдатным. Дзякуючы асабістай ініцыятыве капітана П.А. Піліпенка была ўзорна выканана работа па засяроджванню знятых мін з палявых штабялёў у прыстанцыённыя склады, дзе знаходзілася больш за 70 вагонаў мін.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны вярнуўся на радзіму. З 1946 года працаваў на Грудзінаўскім спіртзаводзе Быхаўскага раёна. У красавіку 1958 года быў пераведзены на пасаду намесніка дырэктара Завалочыцкага спіртзавода. Пазней – быў абраны сакратаром партыйнай арганізацыі саўгаса "Завалочыцы". З 1967 г. да выхаду на пенсію працаваў намеснікам дырэктара саўгаса па гаспадарчай частцы.
Памёр ў 1976 годзе.

Германія. Горад Берлін. 9 мая 1945 года. А.П. Піліпенка (першы злева ў другім радзе) у сцен звергнутага Рэйхстага