Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Яна ўварвалася на прасторы нашай Радзімы, як вогненны смерч, які панёс, закруціў у віхуры тысячы, мільёны людзей, ламаючы іх лёсы, адбіраючы жыцці. Але не жадаючы падпарадкоўвацца ворагу людзі ўсімі сіламі і спосабамі вялі барацьбу супраць захопнікаў.
Наступ нямецка-фашысцскіх захопнікаў быў імклівым. І ўжо праз тыдзень, 28 чэрвеня, вёска Завалочыцы была захоплена акупантамі. За такі кароткі тэрмін кіраўніцтва саўгаса "Завалочыцы" не здолела вывезці на ўсход краіны ні сельскагаспадарчую тэхніку, ні абсталяванне спіртзавода, ні саўгасную жывёлу, ні жыхароў вёскі Завалочыцы.
Успаміны Аляксанавай Алены Купрыянаўны, сувязной партызанскага атрада, сведчаць аб тым, што невялікую частку малака і масла, зробленага ў Завалочыцах, удавалася ўкрасці ў немцаў і пераправіць у партызанскі атрад імя Катоўскага. Невялікую частку пакідалі сабе, а астатняе вывозілі да чыгункі ў Старыя Дарогі.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Завалочыцы размяшчаўся нямецкі гарнізон. У былым памешчыцкім будынку была размешчана нямецкая камендатура. Камендантам быў немец па прозвішчу Фішар. Нямецкія салдаты жылі ў бараках па вуліцы Сабачай, зараз гэта вуліца носіць імя У.А. Рыбака – Героя Савецкага Саюза, нашага земляка.
У падвале памешчыцкага будынка размяшчалася турма, дзе немцы вялі допыты арыштаваных партызан і сувязных партызанскіх атрадаў.
24 чэрвеня 1944 года вёска Завалочыцы была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калі фронт стаў набліжацца да вёскі Завалочыцы, немцы вырашылі даць бой наступаючым часцям Савецкай Арміі за вёскай, на выгане, перад мастом праз раку Пціч. На выгане былі вырыты акопы і замаскіраваны артылерыйскія гарматы. Немцы чакалі падыходу нашых войск. Але нямецкая разведка спрацавала дрэнна. Нашы войскі не пайшлі па шашы Брэст – Масква, а дайшлі да вёскі Карчма, там звярнулі, прайшлі праз вёскі Гарадок, Дварэц, Заполле і з тылу ўдарылі па немцах.
Адразу пасля вызвалення вёскі Завалочыцы пачалося адраджэнне саўгаса "Завалочыцы".
Карта Заходняй часткі Савецкага Саюза, выдадзеная ў Германіі ў 1940 годзе (з архіву Заволочыцкай бібліятэкі)