Нарадзілася ў 1930 г. у вёсцы Малыя Амговічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці.
Працавала дырэктарам саўгаса "Завалочыцы". Працоўную дзейнасць пачала ў 15 гадоў. Вырасла да кіраўніка самай буйнай гаспадаркі ў Глускім раёне – саўгаса "Завалочыцы", вопыт якога пераймалі многія гаспадаркі раёна і вобласці. На базе саўгаса "Завалочыцы" праводзіліся рэспубліканскія, абласныя і раённыя семінары па жывёлагадоўлі і зерневодству.
Л.К. Карцель узначальвала саўгас 26 гадоў.
Лідзія Кірылаўна ўзнагароджана ордэнамі: Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1973 годзе, Працоўнага Чырвонага Сцяга двойчы – у 1966 і ў 1986 гадах, Знакам Пашаны, медалямі. Двойчы выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Некалькі гадоў з’яўлялася членам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета.
Была строгім, але справядлівым кіраўніком. Рабочыя саўгаса заўсёды маглі атрымаць у яе падтрымку ў любой справе. Паміж сабою рабочыя называлі яе "МАМА".
Пры Лідзіі Кірылаўне Карцель у саўгасе былі пабудаваны новыя сучасныя малочна-таварныя фермы, целятнікі, радзільныя адзяленні для жывёл.
Для рабочых саўгаса было пабудавана шмат кватэр, усе дарогі ў саўгасе былі асфальтаваны. Для адпачынку рабочых пабудаваны двухпавярховы Дом культуры. Чэргі на працаўладкаванне ў саўгасе ніколі не знікалі.
Зараз Лідзія Кірылаўна Карцель пенсіянерка. Жыве ў вёсцы Завалочыцы, карыстаецца павагай аднавяскоўцаў.