Курс Васіль Уладзіміравіч

У 1940 годзе Васіля Уладзіміравіча Курса прызвалі ў Чырвоную Армію для праходжання тэрміновай службы. У чэрвені 1941 года маладому салдату давялося прымяніць усе атрыманыя ваенныя веды на практыцы – ён апынуўся на перадавой. Нямецкія войскі наступалі імкліва, і ў верасні 1941 года часці Чырвонай Арміі, у адной з якіх служыў Васіль Уладзіміравіч, сустрэліся з ворагам пад Палтавай. Горад быў узяты фашыстамі 18 верасня 1941 года. Шмат савецкіх салдат загінулі пры яго абароне, а некаторыя папалі ў палон. Сярод іх і радавы Васіль Курс. У маладога байца пачаліся гады найцяжэйшых выпрабаванняў: канцлагер, работа ў нямецкіх фермераў і катаржная праца ў шахтах Рурскага басейна. Асабліва цяжка давялося ваеннапалонным менавіта ў шахтах. Многія былі не ў стане вытрымаць жахлівыя ўмовы жыцця і нясцерпнай працы і загінулі прама на рабочых месцах. Пасля вызвалення Васіль Уладзіміравіч Курс да 1946 года яшчэ служыў у Чырвонай Арміі. Потым вярнуўся на радзіму. У саўгасе "Завалочыцы" працаваў у будаўнічай брыгадзе. Зараз у сувязі з узростам (1 студзеня 2021 года Васілю Уладзіміравічу споўнілася 100 гадоў) жыве ў дачкі ў Слоніме. Узнагароджаны юбілейнымі медалямі.