Летапіс адной вёскі, ці Як вынайсці рухавік часу?
У Глускім раёне ёсць вёска Завалочыцы. Жыхароў там няшмат. Але гісторыя вёскі вядома ад самых першых гадоў яе існавання, бо ў яе ёсць сапраўдны летапісец — Тамара Георгіеўна Кулік.
Усё жыццё жанчыны звязана з Завалочыцамі. Тут яна нарадзілася, вырасла, скончыла школу.
Пасля Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума пры размеркаванні папрасілася працаваць дадому. І вось ужо 32 гады працуе ў гэтым месцы.
— Мне пашанцавала, што я трапіла сюды, — упэўнена Тамара Георгіеўна. — Тут я ўсіх ведаю і мяне ўсе ведаюць. У горадзе мне цяжка было б жыць: там я не адчуваю сябе свабодна. Да таго ж я не люблю хадзіць па асфальце — мне трэба ісці па зямлі.
Яшчэ ў дзяцінстве, калі ўвечары ўся сям'я збіралася разам і бацькі пачыналі расказваць, што і калі адбывалася ў вёсцы, Тамара Георгіеўна ўсё запамінала, але і падумаць не магла, што калісьці толькі яна будзе ведаць гісторыю родных мясцін да дробязяў.
Завалочыцы з'явіліся на карце ў 1896 годзе дзякуючы таму, што інжынер Іосіф Жылінскі, вядомы сваімі экспедыцыямі па асушэнні балот, праводзіў у гэтых мясцінах меліяратыўныя работы. Таму і пабудаваў тут сабе палац, спіртзавод і прывёз на працу сваіх сялян. Адсюль і адна з назваў селішча: людзі прыйшлі з іншых валок. Але хлопцы не жаніліся з мясцовымі дзяўчатамі: лічылі, што тыя рабіць нічога не ўмеюць, таму і ехалі куды-небудзь шукаць нявест, а да завалочыцкіх дзяўчат прыязджалі іншыя жаніхі. Вось так і атрымалася, што карэнных жыхароў у вёсцы няма.