Нарадзіўся Міхаіл Аляксандравіч ў вёсцы Жалвінец 3 мая 1929 года. Бацька быў трактарыстам, а маці – рабочай у калгасе. Пасля заканчэння Жалвінецкай школы вучыўся ў Бабруйскім дзяржаўным інстытуце і атрымаў кваліфікацыю настаўніка фізікі і матэматыкі 5-7-х класаў сярэдняй школы. У жніўні 1952 года пачаў працаваць настаўнікам матэматыкі ў Завалочыцкай сямігадовай школе, а ў жніўні 1954 года Міхаіла Аляксандравіча прызначылі дырэктарам школы. На гэтай пасадзе ён працаваў 35 год, да 1989-га, да выхаду на пенсію. У 1968 годзе Міхаіл Храпко скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага па спецыяльнасці "настаўнік матэматыкі сярэдняй школы". У гэтым жа годзе ён быў узнагароджаны нагрудным знакам "Выдатнік народнай асветы", а ў 1988-м — медалём "Ветеран труда".
З выхадам на пенсію не скончыўся працоўны шлях былога дырэктара: да 1991 года ён працаваў настаўнікам у сваёй школе.
Міхаіл Аляксандравіч – пачынальнік працоўнай дынастыі.
Старэйшая дачка Міхаіла Аляксандравіча – Наталля Міхайлаўна Шылава – працуе ў Завалочыцкай школе са студзеня 1985 года. Спачатку была старшай піянерважатай, потым арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а з лістапада 2000 года яна дырэктар школы.

Дачка Наталлі Міхайлаўны – Алена Сяргееўна Лісіца – скончыла ў 2008 годзе Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт. З 2008 па 2010 год яна працавала настаўнікам англійскай мовы ў СШ № 1 Глуска. Потым прыйшла ў аддзел адукацыі Бабруйскага райвыканкама метадыстам па выхаваўчай рабоце. З 2017 года працавала галоўным спецыялістам аддзела па адукацыі, спорце і турызме Бабруйскага гарвыканкама, а ў лютым 2020-га ўзначаліла аддзел.
Малодшая дачка Міхаіла Аляксандравіча Храпко – Таццяна Міхайлаўна Герман – таксама знайшла сябе ў прафесіі педагога. З 1993 года яна працуе ў Завалочыцкай школе, была выхавацелем групы падоўжанага дня, старшай важатай, настаўнікам пачатковых класаў, педагогам-арганізатарам, зараз яна настаўнік АБЖ і па сумяшчальніцтве педагог-арганізатар.
Дачка Таццяны Міхайлаўны – Наталля Уладзіміраўна Шымчык – скончыла Магілёўскі педагагічны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова і са жніўня 2016 года працуе ў Завалочыцкай школе настаўніцай інфарматыкі і замежнай мовы.

Міхаіл Аляксандравіч Храпко, дырэктар Завалочыцкай школы,
з жонкай Тамарай Парфіраўнай