Нарадзіўся 10 лютага 1943 года ў п. Ленінскі Алданскага раёна Якуцкай АССР ў сям’і ссыльнага селяніна. Бацька Аляксандар Мітрафанавіч Тычына, ураджэнец в. Завалочыцы, ў 1930 годзе, як кулак, быў высланы ў Алданскі раён ЯАССР. Маці Алашкіна Кацярына Сцяпанаўна, як кулачка, таксама была выслана тады ж. У 1947 г. разам з бацькамі пераехаў на радзіму бацькі ў вёску Завалочыцы Глускага раёна. Пасля заканчэння Завалочыцкай сярэдняй школы паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. Закончыў інстытут у 1964 г. і пачаў сваю працу настаўнікам на Піншчыне.
Служыў у Савецкай Арміі (1964-1967). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР (1970) і працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. Доктар філалагічных навук.
Друкавацца пачаў у 1963 г. з вершаў (брэсцкая абласная газета "Заря"), як крытык і літаратуразнаўца – з 1969 г. (часопіс "Маладосць"). Аўтар манаграфій "Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення" (1973). У 1979 г. выдаў аповесць "Дажынкі жынкі". У 1983 г. выдаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў "Змена квадры", у 1984 г. – аповесць пра Кузьму Чорнага "Вяртанне". У 1985 г. выдаў кнігу "Народ і вайна", у 1988 г. – "Час прозы".
У 2010 г. з’явілася яго кніга "Чалавечае вымярэнне ў сучаснай беларускай літаратуры". А у 2011г. – кніга легенд і рэальнасці "Вялікія і малыя Тычыны". Часта наведваецца ў вёску Завалочыцы ў бацькоўскую хату.
На цяперашні момант Міхась Тычына даследуе праблемы тыпалогіі, вывучае працэсы і асаблівасці кардынальных змен у жыцці грамадства, якія закранаюць усе сферы, выяўляючы глыбінныя зрухі і вызначаючы напрамкі развіцця. Ён выдатны педагог, пад яго кіраўніцтвам абаранілася пяць кандыдатаў навук. Загадчык аддзела тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства Алена Васілевіч звярнула ўвагу на тое, што Міхась Аляксандравіч – цудоўны, пазітыўны, чалавек, заўсёды добра ставіцца да людзей, адгукаецца на просьбы калег.
Падчас працы з аспірантамі Міхась Аляксандравіч заўсёды падкрэслівае: для беларускага літаратуразнаўцы галоўнае – беларускі народ і яго спадчынная мова, менавіта ад гэтага трэба адштурхоўвацца пры вызначэнні тэмы даследавання, без гэтага немагчымы ўваход у сапраўдную навуку, сапраўднае беларусазнаўства, беларускае літаратуразнаўства.