Нарадзілася ў 1922 годзе ў вёсцы Забалоцце. Свой працоўны шлях пачала з 1934 года паляводам у саўгасе "Харомцы ". У 1936 годзе пераехала ў вёску Завалочыцы, дзе Н.К. Невяроўская стала працаваць жывёлаводам. Выбраная прафесія даяркі стала адзінай на ўсё жыццё. Яна працавала даяркай з 1936 года па 1977 год. Першую сваю ўзнагароду – Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга – яна атрымала ў 1958 г. Крыху пазней Наталля Канстанцінаўна была ўзнагароджана ордэнам "Знак Пашаны". У 1960 годзе яе прозвішча становіцца вядомым ва ўсім раёне: Н.К. Невяроўская адной з першых сярод даярак пераўзышла 3-тысячны рубеж па надоі малака ад каровы. Потым яе працоўныя поспехі сталі яшчэ больш значныя. Яна неаднаразова ўдзельнічала ў Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Была ўзнагароджана залатым і двума бронзавымі медалямі выстаўкі.
У 1971 годзе Наталля Канстанцінаўна ўдастоена высокай узнагароды – ордэна Леніна, у 1973 годзе — ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі. У той жа 1973 год Н.К. Невяроўская надаіла па 5300 кг малака ад кожнай каровы.
Усё сваё жыццё Наталля Канстанцінаўна прысвяціла працы ў саўгасе, сваёй сям’і не стварыла, працавала шчыра, сумленна, была прыкладам для ўсіх даярак саўгаса "Завалочыцы".
Невяроўская Наталля Канстанцінаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глускага р-на. – Мн.: 1999. – с. 553-554.