Зубец Уладзімір Анатольевіч

Нарадзіўся ў вёсцы Сіманавічы. Маляваннем пачаў захапляцца з маленства. У 1979 годзе скончыў 10-ы клас і паехаў у Маскву паступаць у мастацкае вучылішча. Але не паступіў. Засмучаны тым, што не знайшоў сябе ў спісе, затрымаўся каля акна ў роздуме, што рабіць далей. І тут да яго падышоў стары сівы мужчына (напэўна, выкладчык), дакрануўся да пляча і сказаў: "Малады чалавек, не засмучайцеся, вы таленавіты". Валодзя застаўся ў Маскве, паступіў у ПТВ вучыцца на цесляра і закончыў яго на выдатна, што давала права на льготнае паступленне ў будаўнічы інстытут. Але Уладзімір адмовіўся, ён пайшоў у армію. Служыў у Карэліі, у пагранічных войсках. І тут зноў жа больш займаўся афарміцельскай справай. Пасля службы спрабаваў паступіць у тэкстыльны інстытут. І хоць дзве спробы былі няўдалымі, потым выкладчыкі здзіўляліся, як ён не мог прайсці адразу. Рэальную працу ў індустрыі моды Уладзімір Зубец пачаў, яшчэ вучачыся ў Маскоўскім тэкстыльным інстытуце, у 1987 годзе. Працу ў прыватнай фірме Уладзімір знайшоў па аб’яве ў метро. Гаспадыня фірмы не пашкадавала грошай на яго першую калекцыю ў стылі мадэрн (потым яна выгадна прадала яе ў Парыжы), з якой ён выступіў ў 1994 годзе на конкурсе маладых мадэльераў імя Надзеі Ламанавай, яго праводзіць Дом моды Вячаслава Зайцава, і заняў другое месца. У наступным годзе за калекцыю для дома моды "Eventail" канцэрна Paninter Уладзімір Зубец быў удастоены гран-пры конкурсу ў 1995 годзе і заваяваў права ўдзельнічаць у Тыдні высокай моды. Тут яго заўважыў французскі мадэльер Пако Рабан і нават запрасіў са сваёй калекцыяй прыехаць у Парыж.
Цяпер Уладзімір Зубец – член Саюза дызайнераў Расіі, старшыня журы ў шматлікіх конкурсах для юных дызайнераў, а таксама прамысловы дызайнер, за яго плячыма праца з такімі брэндамі, як Paninter, Ateliers, BosBison, Incity. Аўтар кнігі "Эскізы мужчынскага і жаночага адзення pret-a-porter".