Нарадзілася ў 1930 годзе у в. Пятровічы Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Анастасія Кузьмінічна была старэйшай дачкой у вялікай сям’і. Закончыўшы школу ў пасляваенны час, большасць яе аднагодкаў ішлі працаваць, каб дапамагчы бацькам падгадаваць меньшых братоў і сясцёр. Тое, што Насця пойдзе вучыцца, было цвёрдым рашэннем яе бацькі.
Нягледзячы на цяжкасці, якія перажывала сям’я, ён адправіў дачку ў Мінск з цвёрдым намерам вывучыць яе на настаўніцу. Пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута маладая настаўніца па размеркаванні прыязджае ў Глускі раён. Тут яна працуе настаўніцай, завучам у Касарыцкай, а потым дырэктарам у Каткаўскай сярэдняй школе. Тут знаходзіць сваё асабістае шчасце. Малады настаўнік, таксама матэматыкі, Цыганкоў Мікалай Філіпавіч становіцца верным і надзейным спадарожнікам на ўсё жыццё.
Кампетэнтную, ініцыятыўную і працалюбівую настаўніцу не маглі не заўважыць у раённым аддзеле адукацыі. Некалькі гадоў Анастасія Кузьмінічна працуе інспектарам райана. У любое надвор’е, нягледзячы на адсутнасць транспарту, на папутных машынах, а то і пешшу, спяшаецца яна ў школы: заўсёды дапаможа, параіць, падтрымае.
У 1967 годзе адчыняецца новая школа ў Завалочыцах, і сям’я Цыганковых пераязджае сюды. З Завалочыцкай сярэдняй школай звязана ўся далейшая праца і жыццё Анастасіі Кузьмінічны і яе сям’і. Строгая і справядлівая на ўроках, яна вучыла думаць, разважаць, вучыла працаваць.
Яе вучні нязменна былі лепшымі на раённых і абласных прадметных алімпіядах, а выпускнікі бліскуча вытрымлівалі ўступныя экзамены ў ВНУ. Яна падрыхтавала сабе вялікую маладую змену — больш за 20 яе выпускнікоў сталі настаўнікамі матэматыкі.
Дзяржава па заслугах ацаніла працу настаўніцы: Анастасія Кузьмінічна Афанасенка была ўдастоена звання "Заслужаны настаўнік БССР" і ўзнагароджана ордэнам "Знак Пашаны". Але самай дарагой і важнай узнагародай для Анастасіі Кузьмінічны былі павага і любоў яе вучняў, іх бацькоў, калег.
Яна была незвычайна захопленым і ініцыятыўным чалавекам не толькі на рабоце. Анастасія Кузьмінічна выбіралася дэпутатам Завалочыцкага сельскага Савета. Была ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці: ні адзін канцэрт калектыву Завалочыцкага СДК не абыходзіўся без гумарэсак у яе выкананні. Прыгожы, светлы чалавек. Вучні Анастасіі Кузьмінічны і сёння настаўнічаюць у Завалочыцкай школе. І не толькі ў ёй. Памяць аб настаўніцы жыве ў іх сэрцах, у іх справах.
Афанасенка Анастасія Кузьмінічна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глускага р-на. – Мн.: 1999. – с. 559.