Справа ўсяго жыцця
— У пачатку дзевяностых гадоў усе бібліятэкары раёна атрымалі наказ сабраць гісторыю сваёй мясцовасці, — расказвае Тамара Георгіеўна. — І спачатку, шчыра кажучы, мне не хацелася за гэта брацца. Але цяпер краязнаўства стала для мяне вельмі блізкай справай. Хочацца пакінуць памяць сваім нашчадкам, зберагчы і данесці да іх нашу агульную гісторыю.
Збіраць звесткі жанчына пачала з таго, што звярнулася да ініцыятара стварэння краязнаўчага музея ў Завалочыцах — Казіміра Аляксеевіча Красноўскага. Ён ведаў шмат дат, што тычацца гісторыі вёскі, і дапамог сабраць Тамары Георгіеўне інфармацыю дарэвалюцыйнага перыяду. А потым яна хадзіла па ўсіх мясцовых арганізацыях, шукала там старажылаў і занатоўвала іх ўспаміны. Прыйшліся да месца і сямейныя аповеды.
Сваю кнігу Тамара Георгіеўна піша ад рукі: падрабязна запісвае туды ўсе падзеі, што адбываюцца ў Завалочыцах. Адкрыццё метэаралагічнай станцыі (у вёсцы з насельніцтвам каля трох соцень чалавек!), кошт прагляду першых кінастужак, адносіны людзей адно да аднаго, зімовая тэмпература ў памяшканні амбулаторыі падчас рамонту, прозвішчы людзей, што працавалі і працуюць у вёсцы... Чаго там толькі не знойдзеш! У кнізе запісана і тое, што ў мясцовым магазіне падчас будаўніцтва аграгарадка дваццаць скрынак гарэлкі і віна расходзіліся за чатыры дні. Сабраныя звесткі дапамаглі Тамары Георгіеўне, калі ў 2002 годзе яна стала яшчэ і загадчыцай мясцовага краязнаўчага музея. Дарэчы, многія з яго экспанатаў ёй давялося шукаць самой: гліняныя гаршкі, чыгунныя прасы, качалкі для бялізны, вышыўкі, прыстасаванне для выціскання мёду з сотаў дзікіх пчол.
З усяго раёна да яе пачалі прыязджаць на экскурсіі школьнікі. А паказаць і расказаць жанчыне было што. Напрыклад, мясцовыя легенды пра тое, што ў пачатку мінулага стагоддзя Іосіф Жылінскі прайграў у карты свой маёнтак памешчыку Гатоўскаму. Там пераможца пасяліў сваю жонку, а яна падпаліла будынак, каб атрымаць страхоўку і разлічыцца з даўгамі свайго мужа. Аб памеры страхоўкі можна гаварыць па тым, што памешчыцы хапіла грошай не толькі на пагашэнне даўгоў, але і на пабудову новага маёнтка, які і сёння стаіць на адной з завалочыцкіх вуліц. На некалькіх падвор'ях яшчэ функцыянуюць дрэнажныя трубы, пакладзеныя Жылінскім у канцы ХІХ стагоддзя. А яго спіртзавод спыніў сваю работу толькі пяць гадоў таму.