Да слова, апошні двойчы ўдастоены гэтага высокага звання. Памяць пра іх увекавечана ў назвах вуліц Завалочыц і Глуска. Цікавая дэталь: Ульян Аляксандравіч быў стрыечным пляменнікам Сцяпана Фёдаравіча. І яшчэ. Некаторы час Рыбак лічыўся адзіным з 30 жывым Героем Савецкага Саюза Магілёўшчыны. Памёр у 2009 годзе. Аднавяскоўцы адзначаюць яго незвычайную сціпласць: жыў у сялянскай хаце, працаваў рабочым на спіртзаводзе.
…Многае іншае
У кнізе, якая пішацца ад рукі, падрабязна падаюцца ўсе падзеі, што адбываюцца ў Завалочыцах. Адкрыццё метэаралагічнай станцыі (у вёсцы з насельніцтвам каля 400 чалавек), кошт прагляду першых кінастужак, адносіны людзей адзін да аднаго, прозвішчы землякоў, якія тут працавалі і працуюць. Нават ёсць звесткі, што падчас рэканструкцыі мясцовага магазіна пры ўзвядзенні аграгарадка за 4 дні разышлося 20 скрынак гарэлкі і віна! А яшчэ пра тое, якой была зімовая тэмпература ў памяшканні амбулаторыі, калі яе рамантавалі.
Дарэчы, пра амбулаторыю
Не зайсці туды было немагчыма — прыцягвае ўвагу сучасным выглядам. І ўнутры выдатна аздоблена. Медыкі рады былі зносінам з суседзямі-журналістамі, так што пагутарылі пра многае. Парадаваў факт, што ў штаце ўстановы з 8 чалавек сямёра — жыхары аграгарадка, у тым ліку малады талковы ўрач-стаматолаг, да якога ездзяць лячыць зубы нават з Асіповіч.
"У 60-я гады медработнікі хадзілі на саўгасныя нарады, каб уладкавацца на тады самы хадавы транспарт — каня, каб дабрацца ў навакольныя вёскі, прыходзілася пад’язджаць з касірам, электрыкам, аграномам".
"З 1953 па 1960 гады на ўліку па развіцці ў патранажнай сястры Ганны Ермалайчык знаходзілася ад 50 да 80 дзяцей".
Гэта — вытрымкі з гісторыі Завалочыцкай амбулаторыі, напісанай Тамарай Кулік. Тэкст прэзентавалі журналістам работнікі медустановы.
Вікторчык, Н. Пра што расказвае рукапісная кніга / Н. Вікторчык // Асіповіцкі край. – 2015. – 8 чэрвеня. – С. 4.