І паступіла! А калі ў аддзеле кадраў тэхнікума разгледзелі маю працоўную кніжку, то кажуць: "Дзяўчына, вы што? Такую працу прамянялі на бібліятэкара!" А працавала я загадчыцай склада гатовай прадукцыі пры Завалочыцкім спіртзаводзе”. Адвучыўшыся ў тэхнікуме, дзяўчына вярнулася назад у родную вёску. Канешне, маладому спецыялісту цікава было даведацца гісторыю сваёй бібліятэкі. Тамара Георгіеўна ўспамінае: "Калі ў 79-м я прыступіла да працы, у бібліятэцы было 6 інвентарных кніг, я адкрыла першую і ўбачыла дату: 20 сакавіка 1951. Напэўна, гэта і ёсць дзень нараджэння нашай бібліятэкі, бачыце, у яе даволі даўняя гісторыя. Летам у нас у вёсцы адпачывае шмат расіян, украінцаў, і яны дзівяцца, што ў нас — у вёсцы! — такая бібліятэка: і два камп’ютары, і новая мэбля, і багаты фонд, нядрэнныя перыядычныя выданні".
— Бачу, вам падабаецца ваша прафесія, — працягваем мы тым часам размову з Тамарай Георгіеўнай.
— Так. Я вельмі хацела, каб хоць адна з дачок стала бібліятэкарам, але яны абедзве пайшлі ў медыцыну. Хоць і выпадкова я трапіла ў бібліятэчную справу — гэта менавіта тое, што трэба было мне. А тое, што бібліятэка сельская… Мой брат жыве ў горадзе, дзеці ў горадзе, а я там ні за што не прыжылася б. Я вельмі стамляюся ад шуму, здаецца, нават паветра не такое на гарадскіх вуліцах.
— Ад 1 жніўня пайшоў ужо 35-ы год, як вы ўпершыню прыйшлі на працу. Ці можаце параўнаць работу бібліятэкі ранейшага часу і цяперашняга?
— Вядома, зараз зусім не тое, што было, напрыклад, у 80-я гады. Цяпер у нас і тэхніка іншая, і інтэрнэт з’явіўся. Але ў тыя часы ў дзень прывозу новых кніг я ішла на працу і баялася, што не паспею ўсё аформіць да наплыву людзей. Тады не было камп’ютараў, DVD, столькі каналаў тэлебачання, і вельмі хутка разносілася навіна, што ў бібліятэку прывезлі новыя кнігі. Як правіла, пасля абеду народ ішоў валам. Саўгас наш у той час быў на вышыні, вёска заможная, жыхароў шмат, і ў бібліятэцы людзей таксама было многа. Цяпер, канешне, не тое. А шкада, бо вёска вялікая, прыгожая. Але, ведаеце, і скардзіцца вельмі я не буду. Раней былі толькі кнігі і шмат чытачоў, зараз чытаюць менш, а наведвальнікаў усё роўна хапае. Каму ў інтэрнэт выйсці, ксеракопію зрабіць, на камп’ютары працаваць прыходзяць. Ёсць у нас чытальная зала, тут школьнікі працуюць з даведачнай літаратурай. Раней гісторыяй вёскі мала хто цікавіўся, а цяпер людзі і за гэтым прыходзяць — і школьнікі, і дарослыя, і тыя, хто выехаў ужо адсюль, а зараз прыязджае да сваіх бацькоў. Мы займаемся выдавецкай дзейнасцю, дык з мінулага года ўсе буклеты бібліятэка рыхтуе пад рубрыкай «Нашы знакамітыя землякі». Людзям хочацца ведаць свае карані.
— Мне здаецца, вы вельмі аптымістычны чалавек.
— Гэта праўда. Я разумею, што ёсць такія сітуацыі, у якіх нельга нічога змяніць, раз нешта здарылася — яно павінна было здарыцца, тады гэта трэба проста перажыць, і перажыць спакойна. Я і дзецям сваім кажу: усё, што ро-біцца, робіцца да лепшага. Ці б вы перажывалі, мітусіліся — усё роўна нічога б не змянілі, таму што зверху ўсё было вам прызначана, праз гэта вы павінны былі прайсці. А яшчэ я заўсёды імкнуся рабіць так, каб было добра сям’і. Некаторыя перажываюць: ой, людзі могуць не так зразумець, могуць нешта сказаць. А я думаю — у тых людзей свайго хапае і гора, і праблем, каб яшчэ думаць, што я так ці не так зрабіла. З другога боку, такая ўжо завядзёнка, што людзі любяць пагаварыць, папляткарыць, такая ўжо прырода чалавечая. Галоўнае, каб чалавек сам ведаў, што яго сумленне чыстае.
Васілеўская, А. Летапісец гісторыі Завалочыц / А. Васілеўская // Радзіма. - 2013. – 29 кастрычніка. – С. 3.