Балотны генерал
Іосіф Іпалітавіч Жылінскі

Ваенны інжэнер, вядомы геадэзіст, кіраўнік прац па асушэнні Палесся, уладальнік Завалочыцкіх зямель у 70-90-х гадах XIX ст.

Завалочыцы да сярэдзіны XIX стагоддзя належалі Якса-Быкоўскім, гербу Грыф. Тут на берагах Пцічы ў лясістай мясцовасці была прыгожая драўляная сядзіба, аранжэрэя, вялікія сады, млын, каталіцкая капліца. Прыкладна ў 1860 годзе Антаніна Быкоўская ўзяла шлюб з Іосіфам Іпалітавічам Мордас-Жылінскім гербу Яніна (1834-1921), будучым генералам ад інфантэрыі, інжэнерам, вядомым геадэзістам, кіраўніком прац па асушэнні Палесся ў 70-90-х гадах XIX ст. і арашэнні на поўдні Расіі. У яго сям’і выраслі трое дачок. Пані Антаніна памерла ў 1903 годзе, пахавана ў Мінску на Залатагорскіх могілках. Старэйшая дачка была замужам за доктарам Янам Якубам Оффенбергам, сярэдняя – за Каралям Малахоўскім, інжэнерам, які быў памочнікам Жылінскага ў працах па асушэнні Палесся. Генерал з дочкамі і зяцямі пасля рэвалюцыі з’ехалі ў Польшчу. Іосіф Жылінскі памёр 16 сакавіка 1921 года, пахаваны ў Варшаве на Павонзкаўскіх могілках. І.І. Жылінскі быў высокакваліфікаваным спецыялістам, навучаўся ў Пецярбургскім інстытуце корпуса інжэнераў і ў Акадэміі Генштаба на геадэзічным аддзяленні. Потым працягнуў навучанне на астрамічных курсах у Пулкаве, Боне і Грынвічы. Валодаў ведамі па біялогіі і батаніцы, кліматалогіі. З’яўляўся членам Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, археалогіі і этнаграфіі. Займаўся гэадэзічнай працай ў Еўропе. Аўтар прац "Кароткі агляд Палесся і яго каналізацыі" (1892), "Нарыс работ Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873–1898)" (1899), "Нарыс асушальных работ у Палессі да 1883 г." (1909) і інш.
Пачатак работы быў звязаны з так званай Заходняй экспедыцыяй па асушэнні балот Палесся. Перад непасрэдным выкананнем меліярацыйных прац былі праведзены дэтальныя даследаванні клімату, геаграфічных і гідралагічных умоў, тапаграфіі, расліннага свету, глеб Палесся. Атрымаўшы ў сваё распараджэнне грашовыя сродкі і сабраўшы адпаведны персанал, І.І. Жылінскі прыступіў да правядзення пошукавых работ на Палессі, у геаграфічнае паняцце якога ўключалася велізарная тэрыторыя (каля 8,7 млн га), якая мае ўмоўна выгляд трыкутніка з вяршынямі ў гарадах Брэсце, Магілёве, Кіеве. Экспедыцыяй былі закладзены асновы двухбаковага рэгулявання глебавай вільготнасці, арганізаваны пункты назірання за гідралагічным рэжымам Палесся. Па выніках даследаванняў Жылінскім быў распрацаваны Генеральны план асушэння Палесся. Гэты буйны праект па асушэнні зямель не меў аналагаў у свеце. Ён быў высока ацэнены ў Расіі і за мяжой, удастоены залатога медаля на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы ў 1878 годзе.
У 1873 годзе І.І. Жылінскі ўзначаліў Заходнюю экспедыцыю на Палессі. Ён меў намер, адхіліўшы прычыны, якія выклікаюць узнікненне балот, дасягнуць больш раўнамернага размеркавання вільгаці і такім чынам вызваліць забалочаныя абшары ад лішкаў вады. Работы па асушэнні Палесся пачаліся пад яго кіраўніцтвам ў 1874 годзе і працягваліся каля 20 гадоў. Работы вяліся па тэхнічных праектах, распрацаваных згодна з генеральным планам. Сеткі магістральных і бакавых каналаў капаліся ўручную.

Рэчышчы рэк чысціліся чарпакамі з плытоў, масты і драўляныя шлюзы сякліся сякерамі. Грунт вывозіўся на конях. У месцах перасячэння каналаў з дарогамі будаваліся драўляныя бэлечныя масты, а са сцяжынкамі – перакладзіны з бярвёнаў і поручняў на іх. На каналах акрамя мастоў будаваліся драўляныя шлюзы, якія рэгулявалі ўзровень вады. Акрамя пастаянных рэгулятараў практыкаваліся часовыя перамычкі з калкоў і дзярніны. У вусцях некаторых асушальных каналаў рабілі млынавыя плаціны, якія выконвалі ролю водападводных збудаванняў. Больш 2,5 млн. дзесяцін (2,73 млн.га) балот было пераўтворана ў культурныя землі, было пабудавана 4367 вёрст каналаў, 549 мастоў, 30 шлюзаў, ачышчана 127 вёрст рэчышчаў рэк. Створана сетка метэаралагічных станцый і вадамерных пастоў. Па даных І.І. Жылінскага, да 1897 года было каналізавана 450 тыс. дзесяцін балот. На ўсё гэта сышло за 2,8 млн рублёў. У 1883 годзе І.І. Жылінскім былі закладзеныя вопытныя пасевы на нізінным балоце ва ўрочышчы Васілевіцкага павета, дзе выпрабоўваўся метад вырошчвання змяшанай культуры з выкарыстаннем навезеннага мінеральнага грунту. Адначасова праводзіліся даследаванні па вырошчванню на меліяраваных землях азімых і яравых культур, кармавых траў і гародніны, «каб на справе паказаць палескаму селяніну спосабы і прыёмы распрацоўкі балот пад ворыва і агароды, добрым прыкладам выклікаць у яго ахоту да пераймання». Вялікую цікавасць уяўляюць доследы экспедыцыі па пескаванні асушанага балота. Асушальныя работы на Палессі станоўча адбіліся на росце лясных насаджэнняў і лугавых угоддзяў. Кошт зямлі ўзрос у 7–10 разоў. У выніку працы Заходняй экспедыцыі ў Беларусі аздаравіўся клімат, страцілі эпідэмічны характар хваробы, практычна знікла уласцівая дадзенай мясцовасці хвароба «каўтун». Падводзячы вынікі дзейнасці экспедыцыі на Палессі, якая цягнулася 30 гадоў, у 1903 годзе генерал І.І. Жылінскі пісаў: «Зробленыя да гэтага часу каналізацыйныя работы на Палессі можна лічыць дастатковымі пры цяперашніх эканамічных умовах краіны, па меры ж змены гэтых умоў, па меры павелічэння насельніцтва і культуры краіны, будзе з’яўляцца непазбежнай неабходнасць пашырэння сеткі каналаў. Нельга разглядаць працу цалкам завершанай – толькі пакладзены пачатак для такога роду працы ў будучыні».
На сваёй сядзібе ў в. Завалочыцы і ў навакольных вёсках, Жылінскі таксама займаўся асушеннем. Яго дрэнажы і каналы існуюць да цяперашняга часу.
У 1914 годзе каля старой драўлянай сядзібы ён пабудаваў мураваны сядзібны дом. Аднапавярховы, простакутны ў плане, пабудаваны ў класічным стылі, ён меў вось сіметрыі па цэнтры, парадны ўваход быў арыентаваны на паўночны захад да парка і сажалкі і ўяўляў сабой чатырохкалонны порцік з балконам, аздобленым каванымі парэнчамі. Бакавыя сцены ў тарцах аформлены ў стылі веж, у іх знаходзяцца вінтавыя сходы. Уваход з поўдня меў сходы, якія цяпер, нажаль амаль разбураны. Далей знаходзіліся алеі з бэзу і ліп, рэшткі якіх заставаліся да канца XX ст.
У 1888-1889 гадах непадалёку ад сядзібнага дома, на беразе ракі Пціч І.І. Жылінскі пабудаваў вінакурню, якая складаецца з комплексу будынкаў, у тым ліку спіртасховішча. Вінакурня працавала практычна безперапынна з 20-х гадоў XX ст. да пачатку 2000-х гадоў, цяпер закансервавана, ахоўваецца, належыць Бабруйскаму віна-гарэлачнаму заводу.
Каля сядзібы захаваліся, хоць і ў змененым выглядзе, сажалка і парк (на месцы старога парку). На гаспадарцы Жылінскіх у 1922 годзе быў арганізаваны саўгас "Завалочыцы". У мураваным доме ад стварэння саўгаса знаходзіліся кантора, сельсавет, радыёкропка, клуб, пякарня, жылыя пакоі, у скляпах захоўвалася гародніна. Дзякуючы знаходжанні ў доме розных устаноў, сядзібу ацаплялі і рамантавалі ў меру матэрыяльных магчымасцяў.
Комлекс гэтых будынкаў з’яўляецца адзіным у раёне такого кшталту помнікам, ніводная з шматлікіх іншых сядзіб не захавалася.

Артыкул з штотыднёвіка “Пжеглёнд тэхнічны”за 30.03.1921., выданага ў Варшаве.
(у нэце з польскай цыфравой бібліятэкі – FBC)

"Памёрлы 21 сакавіка ў Варшаве ў сівым узросце 87 гадоў, інжэнер камунікацыі, генерал броні былой арміі расійскай, Юзаф Жылінскі, нарадзіўся ў 1834 годзе ў Троках на зямлі Віленскай. Па сканчэнню ў 1858 годзе навучання інжэнернага ў Інстытуце Камунікацыі ў Пецярбургу паступіў у аддзел геадэзічны тамтэйшай Акадэміі Штабу Генеральнага, пасля чаго атрымліваў навучанне ў Пулкаве, Бонне і Грынвічу. Дэлегіраваны з рукі ўраду расійскага да вымярэння даўжыні паралелі 52 градуса паўночнай шырыні паміж Валенцыяй (Ірландыя) і Орскам (Урал), сутыкнуўся пан Жылінскі з Палессям, якое тая паралель перасякае. Вядомы творчым інстынктам інжэнера, не спыніўся на неадкладнай барацьбе з цяжкасцямі, якія яму сулілі багны палескія ў вымярэннях геадэзічных, таму замысліў даследаванне для акультурвання гэтай аграмаднай тэрыторыі пусташаў. Настойлівыя працяглыя захады ў колах навуковых і ўрадавых Пецярбургу далі мажлівасць пану Жылінскаму да стварэння дэлегацыі на вывучэнне Палесся. Давялі яны (делегацыя) там існаванне дастатковых нахілаў натуральных.

Памёршаму ўдалося здабыць вынікі такія пераканаўчыя, што яны спрыялі стварэнню ў 1873 годзе спецыяльнай структуры для выканання прац меліярацыйных "Заходняя Экспедыцыя да асушэння балот” і сам ён стаў на яе чале. Першым і галоўным заданнем той экспедыцыі было асушэнне Палесся, якому с таго часу ён аддаўся цалкам; 1700 км каналаў, выкапаных на тэрыторыі 1 400 000 га, 200 000 га багнаў, замененых на квітнеючыя лугі, 290 000 га куставых зараснікаў, ператвораных на карысныя лясы, перацятыя лініямі каналаў, прыдатных да сплаву, гэта плён 30 – гадовай нястомнай дзейнасці экспедыцыі на адным толькі Палессі. Працамі тымі здабывае сабе Жылінскі становішча гідратэхніка усесвятовай славы і атрымлівае чланкоўства Акадэміі Навук у Пецярбургу і старшынства на кангрэсах міжнародных. Мадэлі і табліцы палескія атрымалі вялікі залаты медаль на выставе Парыжскай у 1900 годзе…"

Частка артыкула з польскага штодыднёвіка "Пжеглёнд тэхнічны", якая пацвярджае дату смерці І.Жылінскага – 1921г.

Jósef Mordas- Żylinski Urodzony dnia 8 IV 1834 - Troki zmarł dnia 16 III 1921 - Warszawa Pochowany - Warszawa, cm. Powązkowski, kwatera 83, rząd 2, miejsce 27,28: Józef Żyliński inw. 24220 Wiek: 86 lat Ś.P. JÓZEF ŻYLIŃSKI JENERAŁ BRONI TWÓRCA OSUSZANIA POLESIA ŻYŁ LAT 87 ZMARŁ 16 MARCA 1921 R.

Нагробак І.І. Жылінскага ў Польшчы
(дата смерці - 16 сакавіка 1921 г.)