Аляксанава Алена Купрыянаўна

У час Вялікай Айчыннай вайны Алена Купрыянаўна была сувязной партызанскага атрада імя Катоўскага. Як успамінае Алена Купрыянаўна, аднойчы яна вярталася з лесу ад партызан і яе арыштавалі немцы. Спачатку допыты вяліся ў вёсцы Завалочыцы ў турме, якая знаходзілася ў падвале памешчыцкага дома. Потым яе завезлі ў Старыя Дарогі ў гестапа. Немцы дабіваліся ад Алены Купрыянаўны месца знаходжання партызанскага атрада, але яна нікога не выдала ворагу. Вельмі моцна гестапаўцы збівалі Алену Купрыянаўну 10, 11, 12, 13 і 14 красавіка 1944 года. Білі яе бярозавымі палкамі. Рукі былі страшныя, сінія, распухшыя. Потым гестапаўцы змясцілі Алену Купрыянаўну ў лагер для ваеннапалонных, дзе доктар шпрыцом выбіраў з яе хворых рук чорную кроў. Рукі страшэнна гнілі і ў наш час немагчыма было б глядзець на іх без жаху і жалю.
А выдаў немцам Алену Купрыянаўну здраднік, які быў засланы немцамі ў атрад і ўвайшоў у давер да партызанаў.