Селиванов М.Т.

На Дубровеншчыне ў вёсцы Пятрыкі i навакольных населеных пунктах жывуць яшчэ людзі, якія ведалі нашага бацьку — Макара Тарасавіча Селіванава. Гэта быў мужчына, па-мойму, самы прыгожы ў вёсцы, з правільнымі рысамі твару, ветлівай усмешкай. Блакітныя вочы яго заўсёды свяціліся дабрынёй. Быў ён сярэдняга росту, падцягнуты, з ваеннай выпраўкай i вельмі гучным голасам. Усе называлі яго імем i iмем па бацьку — Maкар Тарасавіч, што нязвыкла для вёскі. У 1939 годзе яго прызвалі на фінскую вайну, быў паранены. Калі пачалася Вялікая Айчынная, пайшоў абараняць Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Развітаўся з намі i наказаў старэйшаму сыну Mіхaілy быць памочнікам маці. Maцi, Ганна Адамаўна Селіванава, родам з вёскі Судзілавічы, з шасцю дзецьмі засталася на акупіраванай тэрыторыі. Два яе браты былі на фронце. Іван Адамавіч Балдэсаў загінуў у Палескай вобласці ў 1944 годзе (веска Вялікі Бор Парыцкага р-на), а Васіль Адамавіч вайну закончыў у Берліне ў званні падпалкоўніка. Быў добрым матэматыкам-вылічальнікам у артылерыйскіх войсках, меў шмат баявых узнагарод. Наша сям’я мела сувязь з партызанамі, якія заходзілі ў гэтую зону. Maцi была добрай швачкай, сваю ручную швейную машынку ўсюды насіла з сабой. Партызанам шыла няхітрую вопратку, рукавіцы, маскхалаты. Mixaіл, які да вайны cкончыў на «выдатна» 7 класаў, нядрэнна ведаў нямецкую мову, быў у партызан за перакладчыка, хадзіў з імі на заданні, хоць камандзір атрада адгаварваў: «Не хадзі, сынок, можаш загінуць, а ты ж такі маладзенькі». Потым Mixaіл употай ад мaці ўцёк на фронт. Доўга не было вестак ад бацькі i брата, ніхто не ведаў, дзеяны i што з iмi. Толькі пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе мы атрымалі пісьмо-трохкутнік з Усходняй Пpycii. Mixaiл пicaў: «Мае дарагія, я жывы. Мама, прабач меняе за мае ўцёкі. Я паехаў на спадарожнай машыне з ваеннымі. Салдаты прывезлі ў свае пяхотнае падраздзяленне. Мне выдалі ваенную форму i аўтамат. Самае галоўнае, мы выпадкова сустрэліся з бацькам на фронце. Пры сустрэчы нашаму шчасцю не было мяжы. Мы знаходзімся з iм у адной пяхотнай часці. Дарагія мае, трымайцеся, перамога будзе за намі». Бацька i сын Дзень Перамогі сустрэлі ў Берліне. Міхаіла (з 1927 г.) пасля вайны прызвалі служыць у рады Чырвонай арміі ў горад Молатаў, на Урал. Бацьку накіравалі на Украіну, у г. Львоў. Трэба было аднаўляць ваенныя аб’екты, разбураныя вайной, а таксама вылаўліваць бандэраўцаў. Для бацькі вайна працягвалася. I толькі позняй восенню 1945 года ён вярнуўся ў сваю родную вёсачку, на папялішча... Бацька знайшоў нас у зямлянцы, змучаных i галодных, у лахманах. Палова з нас памерлі ад холаду i голаду. Мы глядзелі бацьку ў вочы i чакалі, калі ён будзе частаваць нас хлебам, а ён быў такі самы, як i мы: галодны, змораны i да таго ж яшчэ паранены. Maцi пытаецца ў бацькі: «А чаго ж ты прыехаў з Берліна з пустымі рукамі? Хоць бы ты, Макар, якую вопратку дзецям прывёз, а не скрынку з жалязякамі. Тут жалезам i так зямля начынена...». Бацька спакойна тлумачыць: «Ганна, дык гэта ж інструмент для цяслярскіх i сталярных работ — тое, што цяпер так неабходна. Я яго ледзь дацягнуў, але гэта апраўдаецца...». Бацька сняў свае медалі i аддаў мне, сваёй малодшай дачушцы, сказаўшы пры гэтым: «Яны твае». Я так радавалася, насіла i ўciм паказвала бацькоўскія ўзнагароды. У той час нашы бацькі не нaciлi свaix узнагарод. Не было касцюмаў, каб ix прымацаваць. А другое — перад кім красавацца? Як быць перад памяццю землякоў, якія не вярнуліся з вайны? А не вярнулася ix вельмі многа. Перад ix удовамі? Таму нярэдка станавіліся баявыя ўзнагароды цацкамі для дзяцей, гэта памятаюць многія, i я — таксама. Хоць цяпер для мяне тыя бацькавы ўзнагароды былі б самай дарагой рэліквіяй...

Артыкул з кнiгi «Белая бяроза» аўтар Тамара Макараўна Гайко.

Матэрыял даслала Iрына Думанава, натарыус Вiцебскай натарыяльнай акругi.