Піваварэвіч К.Я.

Векапомнае

Не патрэбна ніякаму часу вайна!

Краіны маёй абеліскі

Блішчаць, быццам зоркі ў цьме...

Чым большы “ўзрост” гістарычных дат, тым большая адлегласць аддзяляе нас ад падзей, якія сталі лёсавызначальнымі для маёй краіны і для яе кожнага жыхара. Але колькі часу не прайшло б, памяць не старэе і не сціраецца, як і боль у сэрцы. У сям’і Анатоля Мікалаевіча і Аляксандры Кузьмінічны Сеўруковых не толькі адна на дваіх юрыдычная адукацыя, але і гістарычная памяць пра бацькоў-пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны.

Дачка салдата Перамогі

Мой бацька Кузьма Якаўлевіч Піваварэвіч – карэнны паляшук: нарадзіўся ў вёсцы Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1922 годзе. Гэта цяпер Альшаны – аграгарадок, у якім пражывае каля васьмі тысяч чалавек, а тады была звычайная вёска з драўлянымі хатамі без усялякіх выгод, з зямельнымі надзеламі, на якіх мае землякі шчыравалі, не пакладаючы рук. Калі пачалася вайна, Кузьму было 19 гадоў. Разам з аднавяскоўцамі, у ліку якіх былі равеснікі, хлопец, як кажуць, “стаў пад ружжо”. Ён быў адчайны і смелы, не думаў пра тое, што можа загінуць. Трэба было абараняць радзіму – абараняў. Служыў Кузьма Якаўлевіч у артылерыйскіх вайсках, лёгка ўпраўляўся з цяжкавагавай гаўбіцай, якую пяшчотна называў “сяброўкай”. Гэтая сяброўка дапамагала салдатам вызваляць ад нямецкай навалы Беларусь, Польшчу, Германію… 2 мая 1945 года на подступах да Берліна ішлі цяжкія кровапралітныя баі. Нямецкі снарад трапіў у гаўбічны разлік, у складзе якога быў паляшук Кузьма. Салдат атрымаў цяжкае раненне і сустрэў доўгачаканую вестку аб Перамозе на бальнічным ложку. Бог даў, ён вылечыўся і героем, у гімнасцёрцы, упрыгожанай ордэнамі і медалямі, вярнуўся ў родныя Альшаны.

Тут ён ажаніўся, тут нарадзіліся пяцёра дзяцей. Сыны вывучыліся хто на будаўніка, хто на ветэрынарнага урача. Унук, якога ў гонар дзеда назвалі Кузьмой, таксама выбраў гэтую прафесію.

У кабінеце гісторыі Альшанскай СШ№1 Столінскага раёна вісіць партрэт майго бацькі. Для школьнікаў – ён герой вайны і салдат Перамогі, для нас, дзяцей, проста тата, шчыры і руплівы беларус, які стаў сведкам і ўдзельнікам вялікіх гістарычных падзей. Бацькі ўжо няма, але Дзень Перамогі для нас быў і застаецца самым дарагім і светлым святам.

Матэрыял падрыхтавала:

Аляксандра Сеўрукова,

загадчыца натарыяльнай канторы Глыбоцкага раёна