Маладзечна напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны быў невялікім па сучасных мерках гарадком, дзе жыло каля дзесяці тысяч чалавек. Аднак мужнасць і стойкасць, якую праявілі яго жыхары, былі адзначаны. 18 жніўня 2009 года вымпел «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» быў уручаны гораду на ўрачыстай цырымоніі. Вымпел стаў вялікім гонарам для ўсіх жыхароў.
Маладзечна фашысты акупіравалі 26 чэрвеня 1941 года.
У ліпені 1941 года на тэрыторыі былой Маладзечанскай
настаўніцкай семінарыі акупанты стварылі лагер для савецкіх ваеннапалонных шталаг 342. Праз які толькі да чэрвеня 1944-га прайшло звыш 80 тысяч чалавек, больш за 33 тысячы загінулі.
Але ўжо са жніўня 1941 года пачаўся актыўны партызанскі рух. Маладзечанскі і бліжнія раёны кантралявалі народныя мсціўцы, тут дзейнічала 8 партызанскіх брыгад. Вялікую ўзнагароду немцы прапаноўвалі за галаву Героя Савецкага Саюза, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Маладзечаншчыне Фёдара Маркава.
А Герой Савецкага Саюза Андрэй Валынец удзельнічаў у 74 баях і 59 дыверсіях. На яго асабістым рахунку 9 узарваных эшалонаў і 18 аўтамабіляў праціўніка.
Маладзечанцы вялі «рэйкавую вайну»: з 3 ліпеня 1943 года па чэрвень 1944-га на чыгунцы Маладзечна — Мінск пусцілі пад адхон больш за 200 эшалонаў. Падпольная група на чале з Даніілам Герновічам дзейнічала на чыгуначным вузле і правяла 30 буйных дыверсій, у тым ліку падарвала склад.
Пры вызваленні Маладзечна чатыры разы пераходзіў з рук у рукі. 3-м гвардзейскім Сталінградскім мехкорпусам, які вызваляў Маладзечанскі раён, камандаваў генерал-лейтэнант танкавых войск Віктар Абухоў. 4 ліпеня 1944 года, на наступны дзень пасля вызвалення Мінска, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР генерал-лейтэнанту танкавых войск прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза за ўмелае кіраўніцтва войскамі і прыняцце неардынарных рашэнняў.
У гонар вызвалення Маладзечна Масква салютавала 12 артылерыйскімі залпамі. Трынаццаць воінскіх часцей і аб'яднанняў атрымалі ганаровую назву «Маладзечанскія». 1730 жыхароў горада ўзнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй», 746 сталі кавалерамі баявых ордэнаў, медалямі адзначаны 373 чалавекі.