Ніл Гілевіч

Ніл Сымо́навіч Гіле́віч нарадзіўся 30 верасня 1931, в. Слабада, Лагойскі раён, Мінская вобласць — беларускі паэт, перакладчык, празаік, драматург, літаратуразнавец, фалькларыст і грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980 г.). Народны паэт Беларусі (1991 г.). Пасля смерці Рыгора Барадуліна ў 2014 годзе Ніл Гілевіч быў апошнім жывым чалавекам, які меў званне Народнага паэта Беларусі.

Першыя гады пасля Другой сусветнай вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 годзе скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1954 года. Скончыў у 1956 годзе філалагічны факультэт БДУ.

З 1958 да 1963 г. працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда». З 1960 года выкладаў на кафедры беларускай літаратуры БДУ, з 1968 — дацэнт, у 1978 —1986 — прафесар. Кандыдат філалагічных навук (1963).

Быў рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды». З 1980 да 1989 года — першы сакратар праўлення СП БССР, у 1981—1991 гг. сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. У 1989—1997 гг. — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ «Наша слова».

Памёр 29 сакавіка 2016 года.

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач са сваёй жонкай Нінай Іванаўнай. 23 лістапада 2018 года быў урачыста адкрыты помнік на магіле паэта.