Міхась Зарэцкі

Міха́сь Зарэ́цкі, сапр.: Міхаі́л Яўхі́мавіч Касянко́ў нарадзіўся 20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец — беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам — адсюль псеўданім. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі. Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часці. Пасля вяртання ў родную вёску працаваў царкоўным вартаўніком.

З лютага 1919 настаўнічаў у пачатковай школе на Магілёўшчыне, потым прызначаны загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзела народнай асветы. У 1920 годзе ўдзельнічаў у II Усерасійскім з'ездзе саюза Работнікаў Асветы, быў абраны кандыдатам у сябры ЦК гэтага саюза.

У 1920—1927 гадах палітпрацаўнік Чырвонай Арміі. Публікавацца пачаў у 1922 годзе. З 1924 года сябра літаратурнага аб'яднання «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—1927 гадах рэдагаваў часопіс «Маладняк». У 1927 годзе стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб'яднання «Полымя». Выхад з «Маладняка» сведчыў пра значныя ўнутраныя зрухі ў светаадчуванні пісьменніка, пра пэўныя змены яго мастацкай, эстэтычнай арыентацыі.

Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 года. Выступленні Міхася Зарэцкага ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з Андрэем Александровічам і Алесем Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ. У 1929 годзе выключаны з ВКП(б). Сябра СП БССР (з 1934). Да лістапада 1936 года працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва БелАН.

Арыштаваны 3 лістапада 1936 года ў Менску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 года як «актыўны член нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7 снежня 1957 года.