Ядвігін Ш., сапр. Антон Іванавіч Ляві́цкі нарадзіўся 4 студзеня 1869, маёнт. Добасна— беларускі празаік, публіцыст, фельетаніст, драматург, паэт, перакладчык, літаратуразнавец, палітык, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы.
Яго літаратурная творчасць шматжанравая. Ён вядомы як аўтар баек у прозе, лірычнага апавядання, сатырычнай замалёўкі, дарожных нататкаў, фельетона, мастацкай публіцыстыкі, мемуараў. Вялікае значэнне для станаўлення буйной празаічнай формы беларускай літаратуры меў яго раман «Золата». Творчасць Ядвігіна Ш. адыграла значную ролю ў фарміраванні норм беларускай літаратурнай мовы, удасканаленні сістэмы яе стылістычных сродкаў, пашырэнні выяўленчых магчымасцей.
Неўзабаве сям'я Лявіцкіх пераехала ў Карпілаўку пад Радашковічамі на Міншчыне. Тут у 1877—1878 гг. Антон Лявіцкі вучыўся ў нелегальнай школе ў Люцінцы, якую арганізавала дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Каміла.
Пасля паспяхова скончыў Мінскую губернскую гімназію і паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта.
8 сакавіка 1890 года за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях Ядвігін Ш. быў арыштаваны і зняволены на некалькі месяцаў у Бутырскую турму, за чым паследавала выключэнне з універсітэта. У турме ён пераклаў папулярнае на той час апавяданне У. Гаршына «Сігнал», выдадзенае ў Маскве ў 1891 годзе.
Па вызваленні з турмы Ядвігін Ш. не дамагаецца аднаўлення ва ўніверсітэце. Ён здае экзамен на аптэкарскага практыканта, праходзіць практыку ў адной з маскоўскіх аптэк і выяжджае на Беларусь, дадому ў фальварак Карпілаўку. Тут ад цяжкай хваробы памірае яго бацька, а неўзабаве здараецца пажар, які знішчыў бацькоўскі дом.
У 1894 годзе Антон Лявіцкі пабраўся шлюбам з радашковіцкай швачкай Люцыяй Аляксандраўнай Гнатоўскай, якая па сканчэнні віленскай школы крою і шыцця працавала ў мястэчку. Па ўспамінах дачкі, Ванды Лявіцкай, Люцыя была маладзейшая за свайго мужа на пяць гадоў. У шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей: Ванда, Лявон, Вацлаў і Казімір.
Першае апавяданне Ядвігіна Ш. на беларускай мове, якое мела назву «Суд», было надрукаванае ў трэцім нумары газеты «Наша доля» 20 верасня 1906 года, якое ў 1910 годзе было перакладзена на ўкраінскую мову з прыхільнымі водгукамі аб аўтары як аб арыгінальным беларускім празаіку.
У 1909—1910 г. жыў у Вільні, працаваў сакратаром, а затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». Шмат піша і друкуецца. У 1913 г. працаваў у
рэдакцыі газеты «Беларус». На гэты час прыпадае найбольш плённы ў жыцці пісьменніка перыяд 1906—1914 гадоў.
Адзін за адным — у 1912 годзе «Бярозкі», а ў 1914 годзе «Васількі» — выйшлі два зборніка апавяданняў пісьменніка. Апошні з іх быў выдадзены ў друкарні Марціна Кухты пры грашовай падтрымцы княгіні Магдалены Радзівіл
У часе вайны Ядвігін Ш. захварэў на сухоты горла. У 1918 годзе яго стан рэзка пагоршыўся, што вымусіла яго легчы на лячэнне ў Мінскі шпіталь, а потым выехаць на жыхарства ў Карпілаўку.
У пачатку 1922 года здароўе пісьменніка значна пагаршаецца і 24 лютага ў адным са шпіталяў Вільні ён памірае. Пахаваны на ў Вільні на могілках Росы на літарацкай горцы.