Кандрат Крапіва

Кандра́т Крапіва́, сапраўднае імя Кандра́т Кандра́тавіч Атрахо́віч нарадзіўся 5 сакавіка 1896, в. Нізок — беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец.

Народны пісьменнік Беларусі (1956), Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій (1941, 1951) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1971). Акадэмік АН БССР (1950, чл.-кар. з 1940), доктар філалагічных навук (1953). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, уздзенскім народным вучылішчы, 4-класным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах, з якога перавёўся ў такое ж вучылішча ў Койданава. Пасля заканчэння ў 1913 здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Восенню 1914 атрымаў месца настаўніка ў земскім народным вучылішчы ў вёсцы Мнішаны Пяршайскай воласці Мінскага павета. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію для ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. У сакавіку 1916 года скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920—1923 — камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок.

У 1925 пераехаў у Мінск. Быў членам літаб’яднання «Маладняк», потым «Узвышша». Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ ў 1930. Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства

пры Інбелкуль, загадчыкам аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932—1936). Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінскай вайне (1939—1940). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавых газетах «За Савецкую Беларусь», «Красноармейская правда», у 1943—1945 рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945—1947 — рэдактар часопіса «Вожык», у 1947—1952 загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР, дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952—1956). Віцэ-прэзідэнт АН БССР (1956—1982). Са студзеня 1982 па сакавік 1989 — вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

У 1946 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947—1990), старшынёй ВС БССР.

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

Памёр 7 студзеня 1991, пахаваны на Усходніх могілках Мінска.