Уладзімір Караткевіч

Уладзі́мір Сямё́навіч Каратке́віч нарадзіўся 26 лістапада 1930, Орша — беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.

Творчасць Уладзіміра Караткевіча вызначаецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», нарыс «Зямля пад белымі крыламі».

У 1938 годзе пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны паспеў скончыць 3 класы.

Вайна застала ў Маскве, куды пасля заканчэння школы паехаў да сястры, якая там вучылася. Трапіў у эвакуацыю ў Разанскую вобласць, потым на Урал у Молатаўскую (Пермскую) вобласць. Летам 1944 года пасля вызвалення савецкімі войскамі Кіева Уладзімір Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехалі у горад да сваякоў. Восенню 1944 года сям’я вярнулася ў Оршу.

У пасляваенныя гады Уладзімір, аршанскі школьнік, змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некалькі сваіх вершаў, а таксама першую сваю

прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці». Акрамя таго ім быў напісаны шэраг апавяданняў і артыкулаў. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы «Млын на Сініх Вірах» (пастаўленая ў 1959 годзе).

У 1949 годзе Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 годзе. Пазней у ім жа скончыў аспірантуру.

У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску.

Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1954—1956 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе, у вёсцы Лісавычы ў Кіеўскай вобласці Украіны. У 1956—1958 гадах працаваў настаўнікам у Оршы. Пазней вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958—1960), сцэнарных курсах (1962), у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве і стаў прафесійным пісьменнікам.

У пачатку 1963 года Уладзімір Караткевіч атрымаў у Мінску аднапакаёвую кватэру, Праз некаторы час з Оршы ў Мінск да яго пераехала маці.

Вясной 1973 года сужэнцы абмянялі кватэру на вул. Веры Харужай і пакой на трохпакаёвую кватэру на вул. Карла Маркса, 36, дзе далей і жылі разам з маці Уладзіміра Караткевіча.

Уладзімір Караткевіч прысвяціў жонцы Валянціне Браніславаўне верш «Таўры» і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979). Валянціна Браніславаўна стала высокакваліфікаваным гісторыкам, працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, узнагароджаная Дзяржаўнай прэміяй БССР.

У другой палове 1970-х гадоў Караткевіч пачаў працаваць на Беларускім тэлебачанні, дзе ён вёў праграму «Спадчына», прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі.

Апошнія дні лютага 1983 года былі вельмі трагічнымі для пісьменніка — у адзін дзень, 28 лютага, памерлі яго жонка і родная цётка па матчынай лініі — Яўгенія Васілеўна, у якой ён жыў у вызваленым у 1944 годзе Кіеве. Паводле слоў пісьменніка, ён у тыя дні «адчуваў сябе на мяжы нервовага надлому». У шлюбе з Валянцінай Браніславаўнай ён пражыў 12 гадоў, але дзяцей у іх не было.

Незадоўга да смерці Уладзімір Караткевіч наведаў блізкія і дарагія яму мясціны.

Памёр Уладзімір Караткевіч 25 ліпеня 1984 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Пісьменнік Анатоль Астапенка лічыць, што прычына заўчаснай смерці Караткевіча — гэта яго алкагольная залежнасць, іншая хвароба была ўжо як наступства. Пра алкагольную залежнасць Караткевіча пісалі таксама Янка Брыль і Адам Мальдзіс.