Іван Навуменка

Іван Якаўлевіч Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925, Васілевічы, Рэчыцкі павет, Гомельская губерня — беларускі пісьменнік і літаратуразнавец.

Са студзеня 1942 года — удзельнік камсамольскага падполля, пасля — партызан, удзельнічаў у вызваленні Васілевічаў. У снежні 1943 года прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Пасля дэмабілізацыі ў снежні 1945 года — карэспандэнт мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а з 1951 года — рэспубліканскай газеты «Звязда». Завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ (1950) і аспірантуру пры БДУ (1954). Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1953—58 гады), загадваў кафедрай беларускай літаратуры БДУ. У 1973—82 гадах — дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, з 1982 года — віцэ-прэзідэнт АН БССР. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1985—90 гг.). Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1957).

Памёр 17 снежня 2006 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1978). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967) за кнігу «Таполі юнацтва», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972) за кнігі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: Духоўны воблік героя».