Васіль Быкаў

Васіль Уладзіміравіч Бы́каў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924, в. Бычкі, Ушацкі раён — беларускі і савецкі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, капітан. Народны пісьменнік Беларусі.

Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.

У 1939 годзе скончыў 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Аднак увосень 1940 года ў сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый вымушаны быў пакінуць вучобу. Паступіў у Віцебскую школу ФЗН № 5, дзе вучыўся да мая 1941 года. У чэрвені 1941 года экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас.

Вайна заспела яго ва Украіне, дзе ён удзельнічаў у абаронных работах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны, пасля быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён. Быў мабілізаваны на абарончыя работы. Улетку 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча.

У пачатку 1944 года тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі.

Пасля дэмабілізацыі В. Быкаў жыў у Гродне (з 1947), працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда» (1947—1949). У 1949—1955 гадах зноў служыў у Савецкай Арміі. Канчаткова дэмабілізаваўшыся (маёр запаса), працаваў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам газеты «Гродзенская праўда» (1956—1972).

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1959 года. Выступаў як журналіст.

Быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення СП БССР (1972—1978). У 1978 годзе пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. 3 гэтага часу займаўся выключна творчай працай.

У 1988 годзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту.

Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра. У 1990 годзе абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», заставаўся на гэтай пасадзе да 1993 года.

У 2002 годзе апублікаваў кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому». У Чэхіі перанёс аперацыю, пасля пагаршэння здароўя вярнуўся на Беларусь. Памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20 гадзін 30 хвілін у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Мінскам.

Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Падчас пахавання быў адпеты ўніяцкімі святарамі, труну пісьменніка накрылі бел-чырвона-белым сцягам.