Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914, в. Саматэвічы, Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці — беларускі пісьменнік. Народны паэт БССР (1968), заслужаны работнік культуры Украінскай ССР (1973).
Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. Маці — Кацярына Фамінічна Ратабыльская — была беларускай, а бацька — Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў — меў італьянскія карані. У восем гадоў хлопчык захапіўся творчасцю М. Лермантава. Ён прачытаў паэму «Мцыры», якая зрабіла на яго такое вялікае ўражанне, што А. Куляшоў вырашыў узяцца за пяро. Калі Аркадзю споўнілася дванаццаць гадоў, у клімавіцкай раённай газеце быў надрукаваны яго першы верш.
У 1928 годзе скончыў пяцігодку ў Саматэвічах і паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, у 1931 годзе перайшоў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 года. Уваходзіў у БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на Беларускім радыё (1934—1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1936—1937). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
У чэрвені 1941 года А. Куляшоў пакінуў разбураны фашысцкай бамбардзіроўкай, ахоплены пажарам Мінск. Пешшу ён дайшоў да Оршы, затым на цягніку дабраўся да Калініна і там уступіў у Чырвоную Армію. Пад Ноўгарадам закончыў ваенна-палітычнае вучылішча. У 1941—1943 — на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», у 1943—1945 — у Беларускім штабе партызанскага руху.
У 1945—1946 — рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958—1967 — начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1961 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947—1978).
Першы верш надрукаваў у 1926 годзе ў клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік». У рэспубліканскім друку першыя вершы з’явіліся ў 1927 годзе ў часопісе «Чырвоны сейбіт».
У 14-гадовым узросце Аркадзь Куляшоў напісаў свой хрэстаматыйны верш «Алеся» («Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая»), прысвечаны свайму першаму каханню. Рэальная Алеся была старэйшая за Аркадзя на два гады, іх шляхі разышліся, паэт сустрэўся з Алесяй толькі праз 50 гадоў. Кампазітар Ігар Лучанок напісаў музыку да песні, якая ўвайшла затым у рэпертуар ансамбля «Песняры»