Міхась Стральцоў

Міхась Стральцоў сапр. Міхаіл Лявонавіч Стральцоў; нарадзіўся 14 лютага 1937, в. Сычын, Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць — беларускі празаік, паэт, перакладчык і літаратуразнавец.

Нарадзіўся ў сям'і настаўніка. У 1954 г. скончыў Нова-Ельненскую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954-59). Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (1959-61, 1969-72), часопісах «Полымя» (1961-62), «Маладосць» (1962-68), з 1984 г. — загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Нёман». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1962 г.

Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках.

Друкаваўся з 1952, першае апавяданне «Дома» надрукаваў у 1957 г. (часопіс «Маладосць»). У першым зборніку апавяданняў «Блакітны вецер» (1962) праявіў сябе тонкім псіхолагам, знаўцам побыту вёскі і горада. У зборніку «Сена на асфальце» (1966) раскрыў псіхалагічнае і эстэтычнае ўжыванне нядаўняга вяскоўца ў гарадскую стыхію, магчымасці гарманічнага спалучэння ў чалавеку эмацыянальнага і інтэлектуальнага пачаткаў. У аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) — фарміраванне характару падлетка ў цяжкія пасляваенныя гады. Пазней былі выдадзены кнігі прозы «Падарожжа за горад» (апавяданні, аповесць, 1986), кніг выбраных твораў «На ўспамін аб радасці» (1974), «Выбранае» (проза, паэзія, эсэ, 1987).

Акварэльнасць, тонкі псіхалагізм і лірычны роздум у зборніках вершаў «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны»

(1986). У вершах-споведзях, філасофскіх мініяцюрах, замалёўках і іранічных вершах-экспромтах выяўляецца душэўная чысціня і вернасць чалавечаму прызванню.

У зборніку літаратурна-крытычных артыкулаў «Жыццё ў слове» (1965) узнёсла і разважліва аналізаваў майстэрства Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, К. Чорнага, П. Пестрака, А. Русецкага, А. Зарыцкага. Аўтар кніг «У полі зроку» (1976), «Пячатка майстра» (1986) пра творчасць Я. Коласа, З. Бядулі, М. Гарэцкага, К. Чорнага, У. Дубоўкі, А. Куляшова, Я. Брыля, П. Панчанкі, А. Вялюгіна і інш., эсэ «Загадка Багдановіча» (1968).

Пераклаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, Я. Смелякова, М. Браўна, Н. Гільена, П. Неруды, сучасных італьянскіх паэтаў, раман Ч. Айтматава «Буранны паўстанак» (1987), прозу Б. Пастарнака, Л. Лявонава і інш.