Змітрок Бядуля

Змітро́к Бяду́ля (сапр. Самуі́л Яфі́мавіч (Яўхі́мавіч) Пла́ўнік нарадзіўся в. Пасадзец — беларускі паэт і празаік, публіцыст, мовазнаўца яўрэйскага паходжання. Удзельнік беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX ст.

Самуілу з самага дзяцінства прыйшлося дапамагаць у гаспадарцы сваёй вялікай сям’і. На здольнасці і інтарэсы хлопчыка паўплываў бацька, які чытаў сваім дзецям кнігі. Будучы пісьменнік вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе — хедары, а пасля яе заканчэння — у школе рабінаў (ешыбоце), з якой быў выгнаны за вальнадумства. Ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і крыху польскую мовы. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам іўрыта.

Яшчэ хлопчыкам Плаўнік складаў вершы на старажытнаяўрэйскай мове, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасці лічыцца 1907 год, калі ён пачаў пісаць вершы на рускай мове і пасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі.

Першым надрукаваным творам Плаўніка стала імпрэсія на беларускай мове «Пяюць начлежнікі», надрукаваная з подпісам С. Плаўнік у 1910 газетай «Наша Ніва».

У 1911 годзе пад псеўданімам Змітрок Бядуля ў «Нашай ніве» быў надрукаваны верш «Мой спеў».

У 1912 годзе пераязджае ў Вільню, дзе на сталую працу ўладкоўваецца ў беларускія культурныя арганізацыі.

У 1913 годзе санкт-пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала яго першы зборнік вершаў «Абразкі». У 1914 годзе прызначаны сакратаром у «Нашай ніве», дзе працаваў разам з Янкам Купалам.

Летам 1915 г. з Вільні вярнуўся ў мястэчка Пасадзец, але калі фронт наблізіўся да родных мясцін літаратара, то сям’я яго была вымушана ратавацца ад яўрэйскіх пагромаў. С. Плаўнік пераехаў у Мінск, дзе працаваў у гарадскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Пасля ўсталявання ў Менску савецкай улады некалькі год працаваў у газеце «Савецкая Беларусь» і іншых газетах, быў рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі». У 1926 г. пачаў працу ў Інстытуце беларускай культуры, быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса «Наш край». Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Член Саюза пісьменнікаў СССР з моманту заснавання ў 1934 г.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў вымушаны пакінуць Беларусь; вярнуўся з Хойнікаў у Мінск, забраў маці і дабраўся з ёй да Барысава, дзе паспеў сесці на цягнік, які ішоў у Расію. Нейкі час жыў у Піжме Горкаўскай вобласці, потым злучыўся з жонкай і дзецьмі ў пасёлку Новыя Бурасы Саратаўскай вобласці, дзе яны жылі да канца кастрычніка 1941 года. Памёр ад інфаркту ў эвакуацыі каля Уральска (Казахстан), дзе і быў пахаваны.