Іван Шамякін

Іва́н Пятро́віч Шамя́кін нарадзіўся 30 студзеня 1921, в. Карма, Добрушскі раён Гомельскай вобласці — беларускі пісьменнік.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Макаўскую сямігодку. Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940), працаваў у Беластоку. У 1940—1945 у Чырвонай Арміі — камандзір гарматы, затым камсорг дывізіёна. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры. У 1945—1948 настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага р-на. З 1946 вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1950). Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, быў галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». З 1954 — намеснік старшыні, з 1966 — сакратар, з 1968 — другі сакратар, з 1971 — першы намеснік старшыні, у 1976—1980 — першы сакратар праўлення Саюза Пісьменнікаў БССР. У 1980—1992 — галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971—1985).

У 1958 разам з шэрагам іншых літаратараў Беларусі выступіў з асуджэннем «здрадніцкіх паводзін» Барыса Пастарнака, адобрыўшы рашэнне аб пазбаўленні аўтара рамана «Доктар Жывага» «звання савецкага пісьменніка». У 1991 прызнаўся: «Я не ведаў Пастарнака асабіста… “Доктора Живаго” я, канешне, не чытаў… ішоў за ўсімі, я верыў ім, старым і мудрым».

У 1963 як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963—1985) і СССР (1980—1989).