Аляксей Дудараў

Аляксей Ануфрыевіч Дудараў нарадзіўся 6 чэрвеня 1950, в. Кляны, Дубровенскі раён, Віцебская вобласць — беларускі драматург.

Скончыў у 1968 годзе Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, працаваў слесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Скончыў у 1976 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «акцёр драмы і кіно». Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГа (1976—1979), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм» (Мінск, 1976—1983). З’яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў СССР (з 1979). З’яўляецца сакратаром Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1987). Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1991—2002 г. займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 г. з’яўляўся мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і інш. узнагародамі. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданняў «Святая птушка» і п’есу «Выбар», Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спектакль «Радавыя», прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).