Якуб Колас

Яку́б Ко́лас, Канстанці́н Міха́йлавіч Міцке́віч нарадзіўся 22 кастрычніка 1882, засценак Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні Псеўданімы: Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй «сацыяліст», Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і інш. — беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік АН Беларусі (1928). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1944).

На кошт скарбу ў 1898 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вучобы пісаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў беларускі этнаграфічны і фальклорны матэрыял, пачаў пісаць па-беларуску. Па сканчэнні семінарыі працаваў настаўнікам на Палессі ў вёсках Люсіна,Пінкавічы.

У 1907 годзе прыехаў у Вільню, пачаў працаваць загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы», але праз некалькі тыдняў паводле загаду паліцыі пакінуў горад. У студзені-красавіку 1908 г. працаваў у прыватнай беларускамоўнай школе ў вёсцы Сані. Неўзабаве быў арыштаваны і года асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення.

Па вызваленні (1911) з верасня Я. Колас без дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у Лунінцы, у 1912 годзе атрымаў Пасведчанне пра дабранадзейнасць і да 1914 года афіцыйна працаваў настаўнікам у Купяцічах паблізу Пінска, а затым у Пінскім 3-м прыходскім вучылішчы.

Падчас 1-й сусветнай вайны з 1915 года разам з сям’ёю ў бежанстве ў Маскоўскай губерні. Мабілізаваны, скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча і служыў у запасным палку ў Пермі.

У 1921 годзе Я. Колас выкліканы ўрадам БССР вярнуўся ў Мінск. Супрацоўнічаў з Навукова-тэрміналагічнай камісіяй Народнага камісарыята асветы, Літаратурнай камісіяй па збіранні вуснай народнай творчасці Інбелкульта, быў выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на Слуцкіх настаўніцкіх педагагічных курсах.

У 1920-я-1930-я гады Я. Колас актыўна ўдзельнічае ў навуковым і грамадска-палітычным жыцці БССР.

Нягледзячы на прызнанне заслуг Я. Коласа з боку савецкай дзяржавы — у 1926 годзе ён атрымаў званне Народнага паэта Беларусі і пажыццёвую пенсію — пісьменнік трапіў пад хвалю рэпрэсій 1920-х—1930-х гадоў. Гэтыя падзеі негатыўна адбіліся на псіхалагічным стане пісьменніка, адпаведна і на яго творчасці.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў у Клязьме паблізу Масквы, Ташкенце, Маскве. У 1944 годзе Я. Коласу прысвоена званне Заслужаны дзеяч навукі Беларусі. У канцы 1944 года вярнуўся ў Мінск.

У 1950-я гады Я. Колас быў навуковым рэдактарам і ўдзельнікам выдання «Руска-беларускага слоўніка» . Актыўна ўдзельнічаў і ў палітычна-грамадскім жыцці — быў дэпутатам ВС СССР і ВС БССР, членам ЦК на XX—XXII з’ездах КПБ, членам Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва СССР, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру.

Дзесяцігоддзі напружання адмоўна адбіліся на стане здароўя пісьменніка. Толькі за апошнія 10 гадоў свайго жыцця ён хварэў на запаленне лёгкіх 26 разоў. Памёр 13 жніўня 1956 года за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.